распрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.
1. Падрыхтаваць глебу для пасеву, пасадкі, старанна апрацаваць. Дзед, каб атрымаць большы надзел, пераехаў на зарослыя хмызнякамі дзірваны ды пасекі, якія думаў з часам распрацаваць. Танк.
2. Стварыць што‑н. на аснове абагульнення пэўных звестак, вопыту, вывучэння і пад. Лёня паклікаў сяброў убок і распрацаваў план дзеянняў. Ваданосаў. // Усебакова вывучыць, даследаваць; апісаць; выпрацаваць. Распрацаваць тэрміналогію. □ За нейкіх дзесяць месяцаў Шчакаціхін распрацаваў самастойны курс гісторыі беларускага мастацтва. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассе́яны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад рассеяць.
2. у знач. прым. Раскіданы на вялікай прасторы. Рассеянае насельніцтва. □ Збіраліся салдаты з рассеяных часцей. Чорны.
3. у знач. прым. Аслаблены ў выніку распаўсюджання ў розных напрамках. Вялікая люстра пад столлю запалілася мяккім рассеяным святлом. Васілёнак.
4. у знач. прым. Такі, у якога рассейваецца ўвага; няўважлівы. — Са мной гэта часта здараецца, ды — нічога, я чуў, што і прафесары бываюць рассеяныя. «Полымя». // Які выказвае няўважлівасць. Рассеяны погляд.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассудзі́ць, ‑суджу, ‑судзіш, ‑судзіць; зак.
1. каго. Разабраўшы абставіны, факты, устанавіць, хто правы, хто вінаваты. [Кулагін:] — Ніхто не паверыць, што ўсё робіцца без майго ведама. Ну, добра. Няхай нас з табой праўленне рассудзіць. Гаўрылкін.
2. з дадан. сказам і без дап. Падумаўшы, прыйсці да якой‑н. пэўнай думкі, рашэння; разважыць, рашыць. А кім быц[ь], сам рассудзіш сваёй добрай воляй. Колас. — Ды будзе не будзе пагоды, а дзён праз дзесяць трэба збірацца на касавіцу, — рассудзіў Хведар. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раўнава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; незак.
1. Быць ці лічыць сябе роўным з кім‑н. [Мікалай:] — А хто з нас лепшы, ён ці я? Ці можна яму са мной раўнавацца? Я — каваль, у мяне як ні круці, то паўвалока зямлі, а ў яго толькі чвэрць.. Ды і так — і па сіле, і па ўсім ... Чарнышэвіч. Не табе, старой, сягоння раўнавацца з намі, Ты сваё ўжо адрабіла, Справімся і самі. Русак.
2. Зал. да раўнаваць 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́нак, ‑нку, м.
1. Месца рознічнага гандлю спажыўнымі прадуктамі і іншымі таварамі; базар. Усё лета вазілі гуркі, памідоры, капусту на калгасны рынак. Шамякін. Прыехаў пан у горад, пераначаваў, а назаўтра пайшоў на рынак шукаць аўса. Якімовіч. Пакуль [Маша] схадзіла на рынак, купіла свежай гародніны ды бялізну памыла, і дзень праляцеў. Гроднеў.
2. Спец. Сфера таварнага абарачэння, сістэма эканамічных сувязей паміж таваравытворцамі. Знешні рынак. Унутраны рынак. Сусветны рынак.
•••
Агульны рынак — міжнароднае дзяржаўна-манапалістычнае аб’яднанне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сквірчэ́ць, ‑чыць; незак.
Разм. Верашчаць, пішчаць, патрэскваць на гарачай скаварадзе (пра сала і пад.). [Андрэй:] — Неспакойны ж элемент гэта сала, да чаго сквірчыць, да чаго верашчыць. Лынькоў. У печы сквірчэла сала, і, удыхнуўшы пах смажаніны, Валянцін адчуў, які ён галодны. Сабаленка. З кухні чуваць было, як сквірчэла яешня, пах яе ўжо даносіўся сюды, у зальчык. Хадкевіч. / Пра падобныя гукі. У канторцы нікога не было. Толькі ўздыхалі маторы каларыфераў пад перакрыццямі ды сквірчэў за сцяною наждак. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скляпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і скляплю, склеплеш, склепле; зак., што.
1. Злучыць, змацаваць пры дапамозе кляпання. Трэснула тая дуга якраз пасярэдзіне, ды так, што ніяк яе не склеіш і не скляпаеш. Жычка. Цяпер скажу: тады назвалі былі мяне ў маёнтак дзеля таго, каб я скляпаў разарваны сабачы ланцуг і прымацаваў яго да будкі. Кулакоўскі.
2. перан. Разм. Сабраць, стварыць (гаспадарку або калектыў). [Тамаш:] — Я от усё пра алейню думаю, няўжо мы яе не скляпаем?.. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спаласну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Памыцца, змыць з сябе пыл, пот. — Вунь цэлы чыгун цёплай вады за заслонкай, вазьмі ды спаласніся ў ахвоту. Кулакоўскі. // Злёгку абмыцца. — Трохі спаласнёмся, — махнуў рукою Пецька. — Гэтыя дні мы папрацавалі. Мыслівец. // Абліць сябе вадою, акунуцца ў ваду. Нават пад соснамі сонца высушыла апошнюю расу на траве і так прыпякае, што хоць бягом бяжы на Мінскае мора, каб хоць адзін разок нырнуць ці спаласнуцца вадою. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спо́дак, ‑дка, м.
Невялікая талерка з паднятымі берагамі, на якую ставіцца кубак або шклянка. — Распранайцеся ж ды сядайце за стол, — звярнулася гаспадыня да госця, а сама расстаўляла шклянкі і сподкі, увіхаючыся каля стала. Колас. — Мы зробім яму з гэтых дошак будку і будзем карміць кожны дзень, — гаварыў Андрэй, тыцкаючы сабачку носам у сподак з малаком. Ваданосаў. Неўзабаве Ганна Карпаўна прынесла з кухні патэльню з яечняй, бохан хлеба і сунічнае варэнне на сподку. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спры́тнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць спрытнага. Спрытнасць конніка. / Пра рукі, пальцы. Наўмыснік здзівіўся спрытнасці рук гэтага чалавека. Чорны. // Хуткасць у рухах; лоўкасць, спрыт. Хлопец адчуў незвычайную спрытнасць, пераходзячы на польку. Кулакоўскі. Ён — каменшчык, праўда, не знатны яшчэ, Ды, думаю, слава яго не ўцячэ — Такая ўжо спрытнасць у дужых руках, Такая рашучасць у карых вачах. Гілевіч.
2. Тое, што і спрыт (у 3 знач.). [Пасажыр:] — Давялося і мне некалькі гадкоў займець за .. лішнюю спрытнасць у справаздачах. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)