своекары́слівы, ‑ая, ‑ае.

Які клапоціцца толькі аб сабе, дбае пра ўласную выгаду; карыслівы. Своекарыслівы чалавек. □ У літаратуры нярэдка здаралася, што ў процівагу ідэальнаму герою паказваўся нядрэнны працаўнік, але не без заган: то своекарыслівы, то круты ў сям’і, то яшчэ з якой-небудзь хібай. «Полымя». // Заснаваны на асабістай выгадзе, карысці. Своекарыслівыя мэты. Своекарыслівы разлік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

серадо́льшы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Сярэдні (сын, дачка, дзіця) у сям’і па ўзросту. [Маціхвейчык:] — Цяпер у мяне ў хаце толькі серадольшая дачка асталася. Вітка. Горка плакала яна, Але быў яшчэ Онан — Сын Іуды серадольшы, Ён за Іра быў не горшы. Крапіва. Пражываў.. [стары] зіму і лета на печы ў свайго серадольшага сына — калгаснага аб’ездчыка. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Вельмі змерзнуць. Моцны мароз даваў сябе адчуваць: зусім скалелі ногі. Лынькоў. Усе скалелі, але ж трэба было сядзець у цесных і сырых акопах і чакаць. Новікаў.

2. Разм. груб. Памерці, сканаць. Карову не павядзеш па баразне, карова павінна малако даваць, каб самому з голаду не скалець. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скары́ць, скару, скорыш, скорыць; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і пакарыць ​1. Але парода вольны дух Скарыць не здолеў вораг прагны. Крапіва. А мяне перш, за ўсё скарыла душэўная прыгажосць гэтага чалавека. Васілевіч. [Артыст] сказаў два-тры кампліменты дзяўчатам і канчаткова скарыў іх сэрцы. Асіпенка. [Каваль:] — Скарыць Падунскія парогі — гэта справа нялёгкая. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скуль, прысл.

Разм. Тое, што і адкуль. Калі поезд праехаў мост, селянін паімкнуўся быў ісці, але Павел Андрэевіч прывітаўся з ім і запытаў, скуль ён. Галавач. Скуль жа ў такога малога гэтулькі сталасці і спрыту? Бажко. Стары падняўся і, відаць, усё ж усхваляваны, падыбаў па паляну, скуль можна было бачыць пажар. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спагадзя́, прысл.

Абл. Пазней, праз некаторы час. Я, а за мною, трошкі спагадзя, і Каця моўчкі падаліся да клумбы, дзе капала Агапа і дзе стаялі, уваткнутыя ў зямлю, жалезнякі... Сачанка. У той вечар мы, мабыць, так болей і не сказалі б ніводнага слова пра Велю, але крыху спагадзя прыйшоў Якімцаў, наш брыгадзір. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́рыць, ‑рыць; незак., каго-што.

Рабіць больш старым, падобным да старога. Гаспадар хаты — нізкі ростам, хударлявы, з паголенай барадой, але пышнымі рудаватымі вусамі. Вусы гэтыя, аднак, не старылі, а, наадварот, маладзілі яго. Шамякін. [Сівыя пасмы], як ні дзіўна, зусім не старылі нашага калегу, а надавалі яму выгляд чалавека маладога. Нядзведскі. Сур’ёзнасць старыць малады твар. Калюга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэнірава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад трэніраваць.

2. у знач. прым. Які прайшоў добрую трэніроўку. Вышыня была вялікая, але ж для трэніраванага і здаровага чалавека яна не небяспечная. Алешка. // Добра развіты сістэматычнай трэніроўкай. [Юткевічу] здавалася, што бацька прыходзіць сюды для таго толькі, каб выхваляцца перад ім сваім дужым і трэніраваным целам. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турча́ць, ‑чыць; незак.

Разм.

1. Утвараць характэрныя для жаб гукі. Недзе далёка ў балотцах турчалі жабы — гэта, кажуць, на цяпло. Адамчык.

2. Тарахцець, татахкаць (пра гукі машын у час работы). Грыні заснуць, каб спачыць пасля дня ў турботах, толькі адны трактары будуць турчаць праз усю ноч, — але гэта далёка, пад Закалюжжам. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэарэ́ма, ‑ы, ж.

Матэматычнае палажэнне, правільнасць якога ўстанаўліваецца доказам. Тэарэма Піфагора. □ Так здарылася, што якраз назаўтра настаўнік матэматыкі, Ілья Мікалаевіч, выклікаў Аліка да дошкі даказаць адну нейкую даволі складаную тэарэму. Краўчанка. [Баўтрукоў:] — Я думаю, што ўсе, хто тут ёсць, хоць трохі, але ведаюць з геаметрыі спосаб доказу тэарэм, які завецца спосабам ад адваротнага. Савіцкі.

[Грэч. theōrēma.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)