маскіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. маскіраваць і маскіравацца. Шафёры выціскалі з .. [машын] апошняе, каб хутчэй ўскочыць у вёску, а там дзе-небудзь прытуліцца, навесці маскіроўку. Кулакоўскі. [Вера і Рамір] глядзелі адзін аднаму ў вочы і добра разумелі, што далікатныя прабачэнні не што іншае, як маскіроўка збянтэжанасці. Асіпенка.

2. Тое, чым маскіруюць, маскіруюцца. Вечарамі на вокнах вісела яшчэ цубкая чорная маскіроўка з папяровых аркушаў. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

махры́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З махрамі. Карычневы шалік з .. какетлівай вясёлкай на махрыстых капцах атуляў .. [Людзін] твар. Брыль.

2. Падобны на шматкі, касмылі па краях чаго‑н. Снарады падалі ў Прыпяць па адзін і па другі бок пераправы, уздымаючы высокія махрыстыя фантаны. Колас.

3. З вялікай колькасцю пялёсткаў. Кветка была вялікая, махрыстая. Тамары здавалася, што і пахне яна не так, як іншыя. Сіняўскі. // З вялікай колькасцю тонкіх карэньчыкаў. Махрысты корань.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мацу́нак, ‑нку, м.

Разм.

1. Уласцівасць моцнага; моц, трываласць. — Гэта ж квас, як вада. У ім жа мацунку ўсяго, можа, адзін градус, — заспакоіў Косцік. Сабаленка. Дваццаць пяць год не кранулі перабродаўскіх будынкаў .. Яшчэ і да самай Айчыннай вайны яны захавалі свой мацунак і свежы колер гладка вычасанага бярвення. Чорны. Ядранымі зорнымі начамі набіраў мацунак мароз. Марціновіч.

2. Тое, чым можна падмацавацца, чаго можна пад’есці. Хлеб чорны, хлеб жытні, — Мацунак здаровы. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́за, ‑ы, ж.

Порцыя лякарства, прызначаная на адзін прыём. Сцяпан хутка ўліў у знясіленае цела дзіцяці дозу камф[о]ры. Шамякін. // Колькасць рэчыва, якое ўносіцца ў што‑н., уваходзіць у састаў якой‑н. сумесі. Палікарпаўна.. настойліва параіла звяну зменшыць дозу азоту. Кулакоўскі. // перан. Некаторая колькасць чаго‑н. Сама справа была з вялікай дозай прыгодніцтва. Чорны. Гаўляйтэр не разумее.. сэнсу гэтых слоў, прасякнутых добрай дозай іроніі і нават яўнай знявагі. Лынькоў.

[Грэч. dosis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каха́нак, ‑нка, м.

Разм.

1. Любы, каханы (у 2 знач.). Той вясною дзяўчына чакала, Што з паходу каханак прыйдзе, Вясну радасна так загукала, А каханка... забіў якісь злыдзень. Чарот.

2. Тое, што і палюбоўнік. — Мой адзін знаёмы вось так ажаніўся. А ў жонкі дружок патайны быў. Выпусцілі яго з турмы, ён адразу да яе. Ёй, вядома, ніякага сэнсу не было кідаць майго знаёмага, а каханак не адступаўся. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ды́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які дыміцца, дыміць, вылучае многа дыму. Дымная галавешка. □ У Камуне школа, Электрычнасць, яслі, Дымныя лучыны Назаўсёды згаслі. Купала. // Напоўнены, зацягнуты дымам. Дымная восець. Дымнае неба. // Які складаецца з дыму. Адзін з самалётаў, цягнучы за сабой доўгі дымны шлейф, раптам крута пайшоў уніз. Лынькоў.

2. перан. Падобны на дым. Яшчэ з вечара неба з паўднёвага боку засценьвалася дымнаю павалокаю лёгкіх воблакаў. Колас.

•••

Дымны порах гл. порах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навалачы́ся, ‑лачэцца; пр. навалокся, ‑лаклася, ‑лося; зак.

Разм.

1. Пагард. Прыйсці куды‑н. у вялікай колькасці. Рыгор з пагардай зірнуў на брата, нібы ён адзін быў вінаваты ў тым, што ў старую бацькаву хату навалакліся гэтыя паліцыянты. Сабаленка. Толькі зазелянеў [вінаград], як чорныя дні насталі: нямецка-фашысцкая нечысць навалаклася. Кавалёў.

2. Насунуўшыся, закрыць, засланіць сабою. Разам з ноччу навалакліся чорныя хмары, і пад раніцу ўліў гэтакі дождж, што.. [брызентавая накідка] не ратавала. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ная́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Энергічна, з запалам іграць (на музычным інструменце) або з азартам, з асаблівай стараннасцю рабіць што‑н. На вуліцы гарманіст наярваў вальсы, «каробачкі», «расходжага». Каваль. На ніжэйшых палатках парылася двое. Адзін ляжаў спінаю ўгору; другі хвастаў яго распараным венікам. А той варочаўся пад венікам, як япрук, і ўсё камандаваў: — А та-та-та! Д-давай, давай, давай! Каля лапатак наярвай, кажу табе! Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неўзаме́тку, прысл.

Разм. Так, што цяжка заўважыць; скрытна. Я неўзаметку шмыгнуў за хату і, пераскакваючы цераз рады бульбоўніку, пабег наперарэз Тані. Марціновіч. Першымі выступілі выпускнікі: спявалі, танцавалі, чыталі вершы. Потым, неўзаметку пераміргваючыся, яны адзін за адным павыходзілі з залы. Сабаленка. // Непрыкметна, незаўважна. Час бег неўзаметку. Скрыган. У 1926 годзе мне пашанцавала. Якуб Колас стаў маім суседам. На Вайсковым завулку неяк неўзаметку вырас двухпавярховы драўляны домік, у якім неўзабаве пасяліўся паэт. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нізашто́, прысл.

1. Ні ў якім разе, ні пры якіх абставінах. [У хаце] было свежа і чыста, як у лесе пасля дажджу. «Цяпер хоць сам не заходзь, каб не набрудзіць, — падумаў Шурка. — Паслязаўтра мама вернецца з бальніцы, а тут поўны парадак.. Хаця, праўда, адзін я нізашто не ўправіўся б». Шыловіч.

2. Дарма, без прычыны. Стары кальнуў .. [Ганну] злым, вострым позіркам. Гора горам, а трэба ведаць, што гаворыш! Такое страхоцце нізашто ўзвяла. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)