стапта́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стаптаць.

2. у знач. прым. Збіты, зношаны (пра абутак). Стаптаныя каблукі. □ [Соня] нагнулася і камічна паказала на свае стаптаныя парусінавыя туфлі. Ракітны.

3. у знач. прым. Вытаптаны, здратаваны, прыбіты да зямлі (пра расліны). Няшчадна паліла чэрвеньскае сонца, раз-поразу прыходзілася кідацца з шашы ў стаптанае жыта, у хмызняк і, прыціснуўшыся да зямлі, слухаць, як са страшным свістам праносяцца над спіной «месершміты». Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стылісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стылю (у 1, 2 знач.), звязаны з ім. Стылістычныя памылкі. □ Амаль кожная праўка ў рукапісе — вынік карпатлівай работы над словам, сведчанне незвычайна тонкага стылістычнага пачуцця і літаратурнага майстэрства У.І. Леніна. «Полымя». // Які мае адносіны да стылю расказвання. Стылістычныя асаблівасці рамана. □ Варта, аднак, зазначыць, што інверсія гэта не просты стылістычны прыём, а глыбокае творчае пранікненне ў сутнасць арыгінала. Палітыка.

•••

Стылістычная памета гл. памета.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сусе́дства, ‑а, н.

1. Блізкасць з кім‑, чым‑н. па месцу жыхарства. Камсамолкі з інтэрната № 2 узялі шэфства над хлопцамі, што пасяліліся па суседству з імі. Грахоўскі. [Некрашэвічы і Нарбутовічы] жылі па суседству, але ў хату адзін да аднаго не заходзілі. Чарнышэвіч. // Блізкасць, сумежнасць з кім‑, чым‑н. па месцу знаходжання, размяшчэння. Стаіць .. [хата] наводшыбе і ў блізкім суседстве з хмызняком ускрай балота. Колас. Суседства з рынкам прыносіла і нямала забаў. Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцямне́ць, ‑ее; зак.

1. безас. Пра надыход цемнаты, змроку, прыцемку. На дварэ ўжо сцямнела, і над сталом запалілі вялікую вісячую лямпу. Лобан. [Шафёр:] — Вечарам, калі зусім сцямнее, падыдзіце да крайняй хаты ад Слуцка і пастукайце тры разы ў акно. Шчарбатаў. Сцямнела. Зоры высыпаліся на небе, дробныя як мак. Чарнышэвіч.

2. Разм. Стаць цёмным ці больш цёмным. — Уявіце сабе, — [Габінаў] развёў рукамі і самотна ўсміхнуўся, і яго блакітныя вочы неяк раптоўна сцямнелі. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тарахце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.

Разм.

1. Утвараць рэзкія раскацістыя гукі. У Петрыкаве пяюць пеўні, гаўкаюць сабакі, тарахціць, лапоча матор матацыкла. Сачанка. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Брыль. Па бруку тарахцелі падводы і зварочвалі ў браму рынку. С. Александровіч.

2. перан. Хутка, гучна, несупынна гаварыць; балбатаць. Не пераставаў .. [Тарас Іванавіч] тарахцець і тады, калі селі за стол. Колас. — Мы з Чэрыкава. А вы здалёку? — тарахцела .. [Юля]. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэадалі́т, ‑а, М ‑ліце, м.

Геадэзічны інструмент, які выкарыстоўваецца для вымярэння на мясцовасці гарызантальных і вертыкальных вуглоў. Перастаўляючы тэадаліт з месца на месца, .. [Васіль], як фатограф, нагінаўся над сваім апаратам, глядзеў у манакуляр, нешта запісваў у свой блакнот. Дуброўскі. Дзялілі на дваіх Салдацкі хлеб, З тэадалітам і сталёвай лентай Вымерваючы казахстанскі стэп. Аўрамчык. / у вобразным ужыв. Першую сцежку прасеклі, І па імшарах пакрочыў З намі, як чапля балотная, Тэадаліт. Танк.

[Грэч. theaomai — разглядаю і dilochos — доўгі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэмпера́ментны, ‑ая, ‑ае.

Які адрозніваецца жывой, гарачай энергіяй. Хаця ўнутраныя маналогі маюць ідэалагічны змест, праз іх выступае і псіхалогія Каліноўскага, яго магутная тэмпераментная натура. Калеснік. // Выкананы з тэмпераментам; жвавы, палкі. Тэмпераментная прамова. □ Цяпер Язэп думаў над тым, як часта да вайны і на першым часе адступлення ён чуў шмат прыгожых, тэмпераментных слоў, а па-сапраўднаму яны сталі ваяваць тады, калі пад раніцу ў іх траншэю прыйшоў камісар. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узды́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.

1. Узняць на дыбкі. [Ельскі] сустрэўся са Сцяпанам. Па момант нібы зжахнуўся ад яго фігуры волата, а пасля ўздыбіў каня. Пестрак.

2. Падняць угору, падняць дыбам. Над сажалкай, уздыбіўшы ваду, імкліва пранёсся віхор і затрашчаў у каноплях. Ракітны. Міхалькоў з групаю адважных і ўжо вопытных падрыўнікоў так уздыбіў сваімі ўзрывамі шлях, што прывесці яго да ладу гітлераўцам будзе не так лёгка. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уце́рці, утру, утрэш, утрэ; утром, утраце; пр. уцёр, уцерла; заг. утры; зак.

1. што. Праціраючы, заставіць якое‑н. рэчыва пранікнуць у скуру і пад. Уцерці мазь. Уцерці пасту.

2. каго-што. Выцерці, абцерці каго‑, што‑н. Адыходзіў мой бацька ў паход, — Слёзы ўцёр мне далоняй гарачаю. Нядзведскі.

•••

Уцерці (падцерці) нос каму — атрымаць верх над кім‑н., паказаць яўную перавагу ў чым‑н.

Уцерці слёзы каму — уцешыць, заспакоіць у горы каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шархо́ткі 1, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які ўтварае шорхат, шуміць, шапаціць. Вецер .. гнаў цераз чыгунку ў шэрую далеч шархоткія статкі лісцяў. Быкаў. Дым імпэтна, нібы хто цягне яго, узвіваецца над гнуткімі шархоткімі лазнякамі і знікае бясследна ў блізкай зусім цемры. Савіцкі.

шархо́ткі 2, ‑так; адз. шархотка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Абл. Бомы, шамкі. Жарты, відаць, цягнуліся б і далей, каб раптоўны бразгат шархотак на двары не ўзбударажыў усіх. — Маладыя прыехалі!.. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)