корч, карча, м.

1. Пень, вывернуты з зямлі з карэннем. Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя да невядомых звяроў. Бядуля. // Паліва, нарыхтаванае з такіх пнёў. У падпаветцы не было парадку, валяліся карчы, якіх жаночыя рукі не маглі рассекчы. Гурскі. Ярка на камінку Смольны корч палае. Колас.

2. Абл. Куст бульбы, цыбулі, вывернуты з зямлі. А бульбоўнік сплёўся густа, Што ні корч — то бульбы кош. Бялевіч. Каля лямпы стаяла на сподку соль і ляжаў недаедзены корч цыбулі. Чорны.

3. у знач. прысл. карчо́м. Скурчыўшыся, сагнуўшыся. Цела Сашкі было скурчана. Смерць і мароз скруцілі яго ногі і рукі так моцна, што давялося пахаваць яго карчом. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закульга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Пайсці, пабегчы кульгаючы. Салдат закульгаў шпарчэй. Чорны.

2. Стаць кульгавым; закульгавець. — Кашаварам я не быў, а што нага ў мяне крывая, то гэта праўда, толькі ж закульгаў я ад ранення, а не так сабе ад чаго. Кулакоўскі. / перан. Перастаць дзейнічаць, развівацца правільна. Настойліва паэт, старанна працаваў: За кніжкай кніжку выдаваў. Не дзіва, што і грошы завяліся. І раптам хлопец закульгаў... У творах змены адбыліся, Якіх ніхто ніколі не чакаў. Корбан.

3. Разм. Кульгаючы, дайсці куды‑н., да якога‑н. месца. — А дзе прыстанішча, далёка да яго? — Спытаўся фельчар: — Можа і за год Старому мне туды не закульгаць? Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злосць, ‑і, ж.

1. Пачуццё варожасці, нядобразычлівасці ў адносінах да каго‑н.; жаданне прычыняць зло. Прыгадвалася, як Аніс накінуўся на яго, але злосці ў Макара на Аніса не было. Дуброўскі. У поглядзе Карнейчыка адчувалася ўнутраная злосць да гэтага чалавека. Барашка.

2. Пачуццё гневу, незадаволенасці, раздражнення. Іншы раз Рамана брала злосць, але не надоўга. Так было, калі ён аднойчы прыехаў з лесу стомлены і знямоглы. Чарнышэвіч. Максім адчуваў, як закіпае ў глыбіні грудзей злосць і намагаўся задушыць яе. Шамякін.

•••

Лопнуць ад злосці гл. лопнуць.

На злосць каму — тое, што і на зло (гл. зло).

Як на злосць — тое, што і як на зло (гл. зло).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́на 1, ‑ы, ж.

1. Снарад з выбуховым рэчывам, які закладваецца ў зямлю, пад ваду і інш. Неўзабаве загрымелі выбухі на чыгунцы, запалалі паліцэйскія ўчасткі, пачалі падрывацца на мінах нямецкія машыны. Асіпенка. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Мележ.

2. Снарад для стральбы з мінамёта. Праз хвіліну мінамёт пачаў сыпаць міны на мірныя хаты. Шамякін.

3. Тое, што і тарпеда.

•••

Падлажыць міну гл. падлажыць.

[Фр. mine.]

мі́на 2, ‑ы, ж.

Выраз твару. Хлопцы пераглянуліся і зрабілі сур’ёзныя міны. Гартны. Кандрат так перадражніў Данькаву інтанацыю і міну, што ўсе зарагаталі. Караткевіч.

•••

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.

Рабіць (строіць) міну гл. рабіць.

[Фр. mine.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наадваро́т, прысл.

1. У адваротным напрамку. Прачытаць слова наадварот.

2. Зусім інакш, не так, як трэба. Зрабіць усё наадварот. □ Я хацеў выклікаць жаласць у сэрцы Барыса, а выйшла наадварот... Бядуля. Лена адчыніла акно. Ад гэтага ў пакоі не стала халадней. Хутчэй наадварот: ноч была цёплая. Ваданосаў.

3. у знач. пабочн. У процілегласць таму, што сказана. Старыя злаваліся, а мы, наадварот, радаваліся. Якімовіч. Аксану больш за ўсё на свеце цікавіла свая сям’я, гаспадарка.. Люба, наадварот, цікавілася больш тым, што рабілася вакол. Васілевіч.

4. у знач. супраціўнай часціцы (у пачатку рэплікі). Зусім не. — Гэты ваш.. [знаёмы] не вельмі дасціпны чалавек, — сказаў Канстанцін Пятровіч. [Аляксандра Сцяпанаўна:] — Наадварот, ён меў рацыю. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навако́лле, ‑я, н.

1. Мясцовасць, якая прылягае, прымыкае да чаго‑н. Наваколле горада. Наваколле лесу. □ Ціхая, рахманая Свіслач калі-нікалі бурна разлівалася вясной і затапляла ўсё наваколле. Новікаў. Дырэктар здзівіўся, што я так ведаю наваколле далёкай Пятроўкі. Шамякін.

2. Тое, што знаходзіцца навокал каго‑, чаго‑н., акаляючая прастора. З паравоза белай птушкай выпырхнула воблачка пары, і адразу ж над наваколлем залунаў басісты гудок. Васілёнак. Ракеты адна за адной ўзляталі ў неба, асвятляючы наваколле бледным святлом. Сіняўскі.

3. перан. Акружаючае асяроддзе. Лявон з маленства цягу меў да тэхнікі, і ў наваколлі.. ён славу дзівака займеў. Гаўрусёў. Аб магутнай сіле Яўхіма ў наваколлі складаліся казкі. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

невіду́шчы, ‑ая, ‑ае.

Які страціў зрок; сляпы. Навошта рэкі і моры, Навошта хмары і зоры, Навошта палі і пушчы, Калі чалавек невідушчы? Дайнека. Сівабароды стары ў сівым армяку, у лапцях, з торбай, стаяў ля пераезду, паклаўшы рукі на доўгі кій і праводзячы цягнік невідушчымі вачыма. Хадкевіч. / у знач. наз. невіду́шчы, ‑ага, м.; невіду́шчая, ‑ай, ж. Нязручна было ісці невідушчаму: здавалася, вось-вось за што-небудзь зачэпішся і пляснешся. Марціновіч. // Які не заўважае, не бачыць таго, што адбываецца навокал. — Табе добра так гаварыць! — адкінулася на спінку крэсла Лёдзя і ўтаропіла перад сабою невідушчы позірк. Карпаў. Дзед Павел рынуўся ў гушчар, чапляючыся за карчы, налягаючы невідушчымі ад страху вачамі на кусты. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўхі́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае адхіленняў ад чаго‑н., пастаянны; нязменны. Няўхільны рост прадукцыйнасці працы. Няўхільны ўздым матэрыяльнага дабрабыту. // Цвёрды, непахісны. Галадай заўжды ведаў, чаго хацеў, і быў няўхільны ў сваіх намерах. Быкаў. Без прынук мы імкнём, няўхільныя, да мэты, прыгажэем, як і горад гэты, што ўзнялі яднаннем душ і рук. Русецкі.

2. Такі, што нельга парушыць, які не падлягае змяненню; абавязковы. Няўхільны закон.

3. Які непазбежна вынікае з абставін; немінучы. І чуе Цімох — і пад ім Звісае няўхільная кара. Колас. А здаралася ўсё гэта, калі ўспамінаць па парадку, не так сабе, .. а, як напэўна сказаў бы інжынер Лось, у выніку няўхільнага і заканамернага развіцця падзей. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак.

1. каго. Навучыць чаму‑н. іншаму, даць магчымасць авалодаць новай прафесіяй; перападрыхтаваць. Перавучыць трактарыстаў на шафёраў. // Навучыць іначай, па-новаму. Перавучыць дрэсіраванага сабаку. □ — Я яго перавучу, пакажу яму ўсе літары, як іх трэба чытаць, каб не дагары нагамі, а так, як трэба. Арабей. // Разм. Настаўляючы, накіроўваючы, перайначыць. Быў у аднаго чалавека сын. Вялікі ўжо вырас, а ніколі бацьку бацькам не назваў.. Крыўдна бацьку, ды што зробіш: малога не перавучыў, а цяпер і рады не дасі. Якімовіч.

2. каго. Навучыць, падрыхтаваць усіх, многіх.

3. каго-што. Разм. Праявіць якую‑н. празмернасць у навучанні, падрыхтоўцы каго‑, чаго‑н. — Перавучыў я цябе, браце, ці не ў паны пойдзеш? Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пракі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Кідацца некаторы час. Пракідацца ўсю ноч у гарачцы.

2. Разм. З цяжкасцю, як-небудзь пражыць. — Ведаеце што, — нарэшце рашыла.. [Ганна Сяргееўна]. — Вазьміце мой гадзіннік.. Прадайце.. — Што вы? Не трэба, — адступіла Марыя Цімафееўна. — Мы і так пракідаемся. Няхай.

пракіда́цца, а́ецца; незак.

Пападацца, трапляцца паміж чым‑н. Лес неўпрыкмет гусцеў — пачалі пракідацца бярозы, сосны, ясені... Сачанка. Бацька.. насыпаў сыну жменю духмяных сакаўных суніц, сярод якіх пракідаліся і чарніцы. С. Александровіч. У русых валасах, зачэсаных угору, пракідалася па адной сівай валасінцы. Пестрак. // перан. Разм. Праяўляцца (пра пачуцці, перажыванні). Шмат у чым пракідалася яго [настаўніка] слабая вера ці і зусім нявера на погляд тутэйшых людзей. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)