Леса1 ’тоўстая жэрдка ў хляве пад вышкамі, у каморы, дзе клалі лён’ (луп., жытк., Нар. сл.), лёска ’клінападобны папярочны драўляны брусок для замацоўвання і ўцягілення дзвярэй’ (бяроз., Шатал.), тонкія жэрдкі для агароджы’ (Ян.), ’агароджа з тонкіх пруткоў’ (Юрч., Бяльк.; светлаг., Мат. Гом., ТС), ’агароджа з тонкай ляшчыны, асінніка ці бярэзіна, пераплётнага ў станчым становішчы’ (Нас., Федар. Дад.), ц.-пал. ’плот’ (Нар. сл.), ’кій’ (бяроз., Сл. паўн.-зах.), ’насціл з дубцоў у санях’ (ТС), леса ’пляцень’ (паўдн.-усх., КЭС), леска ’агароджа’, ’сукі елкі для агароджы’ (Мат. Маг.). Укр. ліса, ліса, ліска, рус. леса, польск. łasa, laska, луж. lesa, leska, чэш. lisa, ст.-чэш. lesa, славац. lesa, ляш. Vaska, славен. lesa, серб.-харв. ље̏са, макед. леса, балг. леса, ласа, леса, ст.-слав. лѣса — з падобнымі ці блізкімі значэннямі. Прасл. lesa — ж. р. ад lesъ. Семантычнае напаўненне лексемы lesa ’будаўнічы матэрыял у выглядзе (гнуткіх) галін, тонкіх ствалоў, з якога рабіліся прымітыўныя буданы, хаціны, стрэхі’. Пазней канкрэтызаваўшыся, лексема ў адных гаворках стала называць ’галіны арэшніку, ляшчыны’ > ’ляшчыну’. З другога боку, розныя перапляценні, рашоткі пераўтварыліся ў прылады для лоўлі рыбы, канчатковым вынікам гэтага развіцця, прыкладам можа служыць віц., гом. лёска ’лёска’ (Касп., Мат. Гом.) або леска ’плот’ (І. Чыгрынаў. Ішоў чалавек…). Іншыя версіі гл. Фасмер, 2, 485, 486; Слаўскі, 4, 56–60. Тое ж і ў іншых славян: балг. леса ’рашотка’, серб.-харв. ље̏са ’нары’, чэш. lísa ’верша’, ’паліца з жэрдак’, польск. łasa ’рашотка’.

Ле́са2 ’лесвіца, па якой лазяць да коміна, да пчол на дрэве’ (ТС; браг., хойн., Мат. Гом.), лёска ’лесвіца’ (браг., Мат. Гом.; браг., Нар. словатв., Ян., ТС; ц.-палес., Нар. сл.; уздз., Жд. 2, Сцяшк. Сл., Шат.), лескі, ліёскі ’тс’ (ганц., бярэз., круп., Сл. паўн.-зах.), ’прыстаўная лесвіца’ (Мал.; ляхав., Янк. Мат.: круп., Жд. 2), ’лесвіца з шырокімі прыступкамі’ (Некр.), ’прыстасаванне, каб лазіць на дрэва’ (слуц., КЭС). Да ле́са 1 (гл.). Семантычна гэтыя лексемы можна звесці да ’астрова, лесвіца ў выглядзе ствала дрэва з адсечанымі галінамі’ — яе коса прыстаўлялі да дрэва і лазілі да борці на дрэве’. Генетычна узыходзіць да прасл. lesa. Іншыя версіі гл. Слаўскі, 4, 60–61.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стры́жань ‘асяродак, сарцавіна расліны’, ‘згустак гною ў нарыве’, ‘вось або апора чаго-небудзь’, ‘сярэдзіна ракі, быстрыня’ (ТСБМ, Варл.), ‘асяродак нарыва’, ‘сарцавіна смалістага дрэва або смалісты сук’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘сарцавіна’, ‘шчыльная драўніна’, ‘палена’, ‘асяродак (у морквы)’, ‘адросткі пяра пасля лінькі птушак’, ‘згустак малака’ (Сл. ПЗБ), ‘стрыжань дрэва’, ‘асяродак скулы’, ‘быстрыня; незамерзлае месца ў рацэ’ (Бяльк., Сцяшк.), ‘асяродак у хвоі’, ‘бруд, гной у нарыве’ (Янк. 1, Сл. Брэс.), ‘самае глыбокае месца ў возеры, рацэ’, ‘згустак гною ў нарыве’ (Растарг.), ‘стрыжань скулы’ (кіраў., нараўл., Шатал.; Юрч. Вытв.), ‘стрыжань дрэва, нарыва’ (ТС, Шымк. Собр., Касп.), стры́жэнь ‘моцны струмень у цячэнні ракі’ (ТС), ‘агрэх’ (ПСл), стрыжэ́нь ‘галоўны корань дрэва’ (Сцяшк.), стрыжі́нь ‘смалістае дрэва’ (кам., Ск. нар. мовы), стрыжо́нак ‘стрыжань (дрэва, нарыва)’ (Мат. Гом.), стрыжэ́ністый ‘з тонкім слоем абалоні (пра дровы)’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.). Параўн. укр. стри́жень ‘стрыжань (дрэва, скулы, ракі)’, рус. сте́ржень ‘тс’, ‘стрыжань у механізмах’, стре́жень ‘быстрыня ў рацэ’, рус.-ц.-слав. стрьжень ‘сарцавіна’, ц.-слав. стържьнь ‘тс’, польск. rdzeń, zdrżeń, чэш. stržeň ‘стрыжань нарыва’, славац. stržeň ‘сарцавіна дрэва; мядовы сот’, серб.-харв. стр̏ж ‘сарцавіна’, харв. старое stržen ‘тс’, славен. stržên ‘стрыжань дрэва, нарыва, ракі’, макед. срж ‘касцявы мозг; сарцавіна’. Прасл. *strьženь або *strьžьnь (рэканструкцыя Фасмера, 3, 757–758), роднаснае ст.-прус. strigeno ‘мозг’, далей, швед. streke ‘стрыжань цячэння’ (*strikan‑); гл. Траўтман, 290; Мее, Études, 432. Фасмер (там жа) першасным значэннем слова лічыць ‘сарцавіна’. Бязлай (Eseji, 138) фармальныя адрозненні тыпу рус. стержень ‘асяродак’ і стрежень ‘быстрыня’ лічыць неістотнымі, паколькі яны ўзаемазамяняльныя і адлюстроўваюць старыя (мажліва, яшчэ даславянскія) адрозненні ў даўжыні. Сной (у Бязлай, 3, 336–337) рэканструюе прасл. *strьžę, Р. скл. *strьžene, В. скл. *strьženь ‘сярэдзіна рачнога патока’, якое, на яго думку, узыходзіць да прасл. *strigti ‘стрыгчы’, з семантычным развіццём ‘нешта адрэзанае’ > ‘стужка, паласа’ > ‘рачны паток’. Значэнні ‘стрыжань дрэва, нарыва’ ён тлумачыць як метанімічны перанос ‘сярэдзіна рачнога патока’ > ‘сярэдзіна ствала дрэва, нарыва і да т. п.’. Гл. яшчэ Сной₁, 617; ЕСУМ, 5, 441 (разглядаюцца як амонімы стрижень1, 2 ‘асяродак’, ‘быстрыня ў рацэ’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саха́ ’саха, земляробчая прылада’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк., Янк. 2; пруж., КЭС; Мат. Гом.; Янк., Бес.), ’акучнік’ (Сл. ПЗБ), ’слуп з развілінай наверсе, які служыць апорай чаму-небудзь’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Некр., Выг., Шушк., Мат. Гом., Янк., Янк. 2), ’частка калодзежнага жураўля, слуп’ (Сл. ПЗБ, Шат., Янк. 2, Мат. Гом., Сцяшк. Сл., Бір., Жд. 1, Тарн.), ’частка ствала дрэва, ад якой адыходзіць некалькі макушак’ (Інстр. 3), ’завостраны кол, прыстасаванне для тармажэння плыта’ (Сл. ПЗБ, Нар. сл.), старое ’мера зямельнага падаткаабкладання’ (ТСБМ), ’зямельная мера’ (Выг.), ’частка сахі ў выглядзе доўгай жардзіны, да якой збоку прыпрагаўся конь’ (Сл. рэг. лекс.), мн. сахі́ ’рогі лася’ (ТСБМ), сахо́та ’саха’ (Сцяшк. Сл.), со́хі мн. л. ’накрыж укопаныя падпоркі’ (Касп.), ’слупы ў гаспадарскім будынку’ (Сцяшк.), ’даўнейшы ткацкі станок, прасцейшы за кросны’ (бялын., Нар. сл.), со́шкі ’столбікі ткацкага станка’ (Шат.), ’вілаватыя палкі, якія ставяць па баках воза, калі кладуць сена’ (Бяльк.). Рус. соха́ ’земляробчая прылада; падпорка, слуп, частка калодзежнага жураўля’, ’мера зямлі’, укр. соха́ ’падпорка’, стараж.-рус. соха ’кол, дубіна, падпорка, саха’, ’мера плошчы’, польск. socha ’развілак’, в.-луж., н.-луж. socha ’кол з развілкамі’, чэш. socha ’статуя’, дыял. ’кол з развілкай, падпора; частка калодзежнага жураўля і да т. п.’, славац. socha ’калона’, серб.-харв. со̀ха ’палка, кій з развілкай’, серб.-ц.-слав. соха ’тс’, славен. sóha ’слуп з папярочкай’, балг., макед. соха́ ’кій з развілкай’. Прасл. *soxa ’кол, дрэва з развілкай’; з гэтага значэння выцякаюць усе астатнія. Слова лічыцца спрадвечна славянскім, запазычанне выключаецца. Бліжэйшыя адпаведнікі бачаць у літ. šakà ’галузка, сук, развіліна’, лат. saka ’разгалінаванае дрэва’, sakas ’хамут, ярмо’, ст.-інд. çā́khā ’галінка, сук’, перс. šāx ’галінка, сук, рог’, гоц. hôha ’плуг’ і г. д. (Траўтман, 297; Фасмер, 3, 729–730), усе да і.-е. *k̑ak‑ ’галузка’ (Покарны, 523; Шустэр–Шэўц, 1331); ‑x‑слав. чакалася б *soka, як бачым з параўнанняў) тлумачыцца як новы суфікс, як у чэш., польск. brach, bracha < brat(r) (Махэк₂, 565–566); спірантызацыя ‑к‑ (Брукнер, 505–506), або ў Борыся, 566 як суф. ‑sā: *kʼăk‑sā (як страха). Трубачоў, Ремесл. терм., 160–161, падкрэсліваючы, што прасл. *soxa датычыцца толькі адсечанай часткі дрэва, звычайна вызначанай формы, узводзіць прасл. слова да больш старажытнага *soka, дэрывата ад *sěkti (гл. сячы), а ‑x‑ тлумачыць, услед за Брукнерам, як спірантызацыю ‑к‑ па семантычных матывах. Аналагічна Страхаў, Palaeoslavica, 13/2, 6.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́ла1 ’адгалінаванне ствала дрэва’, ’тоўсты сук’, ’вілападобны ствол дрэва’, ’дрэва з адным коранем і двума стваламі’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ра́ло ’адгалінаванне, пасынак (у дрэве і інш.)’ (ТС), ’раздвоены ствол дрэва’ (ПСл, ТС, ЛА, 1; пін., лунін., Шатал.), ра́ла мн. л. ’калкі для падвешвання калыскі ў полі’, ’раздвоены ўверсе слуп у студні з жоравам’ (ганц., лях., Сл. ПЗБ), ’рагаціна, рагуліна’ (Нар. Гом.), ралі́на ’галіна, сук’ (Сцяшк. Сл.), ра́лья ’тоўстыя разгалістыя сукі’ (капыл., Сл. ПЗБ), ра́лы мн. л. ’вілкі ў рагатцы’ (ПСл), рала́чыкі ’тс’ (пін., Сл. ПЗБ). Насуперак прынятай этымалогіі, як і для рала2 (гл.), *ra + dlo < *or + dlo, хутчэй за ўсё да *ork‑ > *rak‑ > *raklo, параўн. славен. rakla/rahla ’апорны кіёк для фасолі на агародзе’, серб. ра̏кље ’вілы’, ’зубцы’, серб., харв. ра̏кља ’развілка’, ’вілы’, ра̏кљаст ’раздвоены, з развілінай, вілападобны’, балг. ра́кля ’сукаватая дзеравіна, уторкнутая ў зямлю, на якую вешаюць сякеры’ (большасць без надзейнай этымалогіі, гл. Бязлай, 3, 148; БЕР, 6, 171; Скок, 3, 103; апошні адносіць сюды rȁšlje ’вілкі, якімі ставяць гаршчок у печ’, якое разам з rȁklja узводзіць да rak ’рак’ або да крак ’нага’ (гл. там жа, 94), параўн. таксама літ. arklas ’рала, саха, плуг’, лат. arkls ’тс’, якія разглядаюцца як аддзеяслоўныя ўтварэнні з суфіксам *‑tlo (гл. БЕР, 6, 173, з літ-рай). Узыходзіць да і.-е. асновы *er‑/*or‑/*ar‑, прадстаўленай у прасл. *oriti (гл. разарыць), з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’, і захоўвае першасную семантыку ’нешта раздвоенае’. Гл. таксама рак1; хутчэй за ўсё пераформленае пад уплывам рала2 (гл.) або ў выніку атаясамлівання фіналі ‑klo з ‑tlo.

Ра́ла2 ’частка прыстасавання для арання, што вырабляецца з хвойных дрэў, на яе накладаецца сашнік’ (Выг., Шатал.), ра́ло ’старажытная саха’: рало ораць землю было ўсе дзерэўянэ (ТС), сюды ж ’калок, якім утрымліваюць плыт з берага’ (там жа), ст.-бел. радлица ’сашнік, лямеш’ (Сл. Скар.). Параўн. укр., рус. ра́ло ’саха і лямеш’, ст.-рус. орало ’тс’, польск. radło ’плуг’, палабск. rådlü ’тс’, в.-, н.-луж. radło, чэш. rádlo ’плуг’, славац. radlo, славен. rálo, харв. rȁlo, серб. ра̏ло ’тс’, балг. ра́ло ’сошка’, макед. рало ’тс’, ст.-слав. рало ’плуг’. Традыцыйна ўзводзіцца да прасл. *ordlo (з суфіксам ‑dlo ад *orati ’араць’ (гл. араць) і значыла ’прылада для арання’, што да і.-е. *ar‑ ’апрацоўваць зямлю’, роднаснае літ. árklas ’саха’ (< і.-е. *arə‑tlo‑m, параўн. *arə‑dlo‑m > прасл. *ordlo > рала) (Фасмер, 3, 439; Бязлай, 3, 149; БЕР, 6, 173; Глухак, 456; Шустар-Шэўц, 2, 1201). Адзначаецца, што рала ў выглядзе раздвоенай галіны было балта-славяна-германскім прыстасаваннем для апрацоўкі зямлі (Бенвяніст, Словарь, 13). Па назіраннях Смулковай, беларускія гаворкі рэдка захоўваюць рала ў значэнні ’плуг’, яно часцей выступае ў значэнні ’тоўсты расахаты кій’ ці як сінонім слова ’саха’ ў яго першасным значэнні (Смул.). Можна казаць пра захаванне ў беларускіх гаворках старэйшай семантыкі рала ’раздвоеная галіна’, што магла выконваць функцыю не толькі прыстасавання для арання, але і іншай гаспадарчай прылады, параўн. ра́ла4 ’ткацкі станок’ (гл.), польск. жарг. rodło/radło ’вілы’. Адсюль у першасным значэнні рала — ’раздвоеная галіна’, што пазней развіваецца ў ’прылада, зробленная з раздвоенай галіны’, і толькі варыятыўна як ’прылада для апрацоўкі зямлі, арання’. У якасці версіі, што тлумачыць такое развіццё, можна дапусціць рэканструкцыю прасл. *ork‑, параўн. літ. arklas ’плуг, саха’, лат. arkls ’тс’, імаверна, з варыянтам *ort‑, што магло азванчыцца да *ord‑, параўн. літ. ardýti ’раздзяляць’. Тады роднаснае з рак1 (гл.). Прышлая і.-е. база: *ar‑ ’араць’ суадносіцца з і.-е. *er‑/*or‑/*ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць, прарэзваць’.

Ра́ла3 ’прамежнасць між капытоў каровы’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1). Форма пацвярджае: рала нясе перш за ўсё семантыку ’пэўнай рэчы раздвоенага кшталту’ і магло ўтварыцца ад *raklo/*ratlo — з зыходным коранем *rak‑, (гл.) рак1, параўн. рала1 (гл.), што не пярэчыць роднасці з араць ’праразаць зямлю пад засеў’. Тут рала даслоўна азначае ’прарэз ’.

*Ра́ла4, ра́ло ’ткацкі станок’, ’прымітыўныя кросны’: колісь поўкотваюць у хаты ра́ла, а ето ўжэ цепер <…> поробілі ста́ва (ПСл). Не зусім ясна. Відавочна, дадзенае выкарыстанне слова пацвярджае, што з вілападобнай галіны рабіліся розныя гаспадарчыя прыстасаванні. Гл. рала1.

*Ра́ла5, ра́ло ’прамежнасць, ніжняя частка тулава’: угразнеш [у балоце] по рала (пін., Сл. ПЗБ). Выкарыстанне слова пацвярджае, што слова рала ў асноўнай семантыцы мела семантыку ’раздвоенасці’. Раздвоенае рала, ў дадзеным выпадку, уяўляюць сабой дзве нагі чалавека і прамежнасць. Гл. рала1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скруці́ць, скручу, скруціш, скруціць; зак., каго-што.

1. Круцячы, туга звіць што‑н. Скруціць вяроўку. // Зрабіць што‑н. шляхам скручвання, згортвання. Ігнат Андрэевіч адчыніў скрыначку, адарваў ражок газеты і скруціў цыгарку. Шамякін. [Валодзя] заўважыў, як Геня Шыдлоўскі ў час урока фізікі скруціў з паперы галку і закінуў за каўнер Аліку Рагачэўскаму. Якімовіч. З пяску пугі не скруціш. Прыказка. // Скачаць трубкай; скласці, загінаючы ўсярэдзіну краі чаго‑н. Маці ўзяла блін, скруціла, памачыла ў смятану ды .. Эдзіку проста ў рот. Дубоўка. — Падумаю, — сказала .. [Ева]. Хуценька скруціла малюнак і паклала яго на палічку над сталом. Маеўская. Грыбоўскі скруціў і запхнуў у кішэню пустую торбу, устаў. Курто.

2. Зматаць, навіць на што‑н. Скруціць вуду. Скруціць спінінг.

3. Згінаючы, заломваючы што‑н., пераблытаць, сплесці. Навальніца з градам Каласы скруціла, Ветрам паламала, Дожджыкам прыбіла. Колас. // Моцным павевам сарваць. Нечакана вырваўся з поўначы халодны вецер, скруціў не апаўшае яшчэ з дрэў лісце. Васілевіч. / у паэт. ужыв. Скруціла бура дубу чуб, Гняздо зімой сарвала ветрам. Свірка.

4. Звязаць, пазбавіўшы каго‑н. мажлівасці прымяняць фізічную сілу. Камсамольцы-дружыннікі адабралі зброю, скруцілі забіяку і перадалі ў міліцыю. Дуброўскі.

5. перан. Перамагчы, скарыць. [Якуб Колас:] — Я проста быў упэўнены, што мы скруцім Гітлеру рогі, і дачакаўся гэтага. Рамановіч. // Прымусіць падпарадкавацца, узяць верх над кім‑н. Скруцілі нашага старшыню з яго характарам у дзве столкі. Навуменка. // Паставіць каго‑н. у цяжкія ўмовы. Жыццё цябе часам так скруціць, што не думаеш нават, як і навошта жывеш. Асіпенка.

6. перан. Адолець, прыкаваць да пасцелі (пра хваробу). Есіф Голанд не спаў: яго скруціла задышка. Кашаль падымаў яго ноччу з пасцелі многа-многа разоў. Чарнышэвіч. Скруціў старую маці раматус, зароблены на працы ў чужых гаспадарках. Корбан. / у безас. ужыв. [Бабуля:] — А я от тут нядаўна чуць не памерла. Як ўзяло мяне, як скруціла, насілу і вылузнулася. Палтаран.

7. перан. Не выплаціць грашовы доўг, не аддаць належнае. Сухавеі не толькі скруцілі і не аддалі ім грошы, што пазычалі на зямлю, але і на кожным кроку стараліся ашукаць Раманоўскіх. С. Александровіч. [Андрэй:] — Сёмы год [Хвядос] газеты носіць і яшчэ ніводнай не скруціў. Скрыпка. // Паабяцаць, а потым не выканаць абяцанага (пра вяселле, уваходзіны і пад.). [Жанчына:] — Напэўна абодва хочаце вяселле скруціць... Васілевіч. Сямён .. пажартаваў: — Пагуляем на ўлазінах, таварыш старшыня? Ён нас запэўніў: — Ды ўжо ж, не скручу, не бойся. Савіцкі. // Змахляваць; недадаць, аблічыць. [Радзівоніха:] — Падлетка не пашлеш у мястэчка, бо там яго кругом ашукаюць: і налічаць больш чым трэба, і на вазе скруцяць... Чарнышэвіч. [Максім:] — Праўда, пры канчатковым разліку ўсё ж скруціў той скупеча залатовак пяцьдзесят. Машара.

8. Зняць што‑н., пакручваючы. Скруціць з пальца пярсцёнак. □ Дзед з ахвотаю даў Язэпку ножык. І нават сам зацікавіўся дудкаю, даваў парады, як лепш скруціць кару. Якімовіч. // Сашрубаваць. Скруціць гайку з шрубы.

9. Сапсаваць, неасцярожна ці доўга круцячы. [Прыбіральшчыца:] — Аркадзька, а даражэнькі, дзеці скруцілі кран. Вада свішча, ратуй. Пальчэўскі. Дзед .. даверыў мне заводзіць грамафон і даглядаць яго, а да гэтага ён нікога не падпускаў і блізка, каб не скруцілі спружыну. Рамановіч. // перан. Зглуміць, сапсаваць (жыццё і пад.). [Дарота:] Адну дачку я маю і скруціць жыццё ёй не дазволю. Клімковіч. // перан. Перайначыць былы парадак, арганізацыю працы. Тыя гады ўзімку ўжо кожны трактарыст ведаў сваё месца. А гэта зламалі ўсё, скруцілі. Ермаловіч.

10. Выкруціўшы стрыжань, з тонкага ствала вярбы, лазы і пад. зрабіць дудку, свісток. Скруціць свісток. □ [Лявонка:] І дудку скруцім, іграць будзем!.. Чарот.

•••

Скруціць дулю (кукіш, фігу) — зрабіць жэст, склаўшы тры пальцы ў выглядзе кукіша, у знак пагардлівай адмовы.

Скруціць (зламаць) сабе галаву (шыю) — загінуць; пакалечыцца.

Скруціць у бараноў (казіны) рог — тое, што і сагнуць у бараноў (казіны) рог (гл. сагнуць).

Скруціць чорту рогі — аказацца надзвычай дасціпным, спрытным, дужым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сэ́рца 1, ‑а, н.

1. Цэнтральны орган кровазвароту, які мае выгляд мускульнага мяшка (у чалавека — у левым баку грудной поласці). Міхаленя выстукваў граніцы сэрца, уважліва слухаў яго тоны. Алешка. Навакол было так ціха, што .. [Сцяпан] чуў стук уласнага сэрца. Чарнышэвіч. // Месца ў левым баку, дзе знаходзіцца гэты орган. Чалавек з перавязанай рукой прыціснуў руку да сэрца, увесь узгарэўся, расплыўся ўдзячнай усмешкай. Лынькоў. — Ён! — схапілася сакратарка за сэрца і адразу хуценька паглядзелася ў люстэрка. Вірня.

2. перан. Гэты орган як сімвал перажыванняў, настрояў, пачуццяў. Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу. Колас. Не, .. [Яніна] нічога благога не лічыць за сабою, яна зрабіла так, як падказала ёй сэрца. Мурашка. Мы ведалі сэрцам І ўсёй глыбінёй душы Суровы вайны закон І сваю баявую задачу. Хведаровіч. Быццам прадчувала Васева сэрца няшчасце. Пальчэўскі. // Гэты орган як сімвал сардэчнасці, шчырасці, спагадлівасці. Шчыраму сэрцу і чужая волька баліць. Прыказка. // Гэты орган як сімвал любоўнай схільнасці, любоўных пачуццяў. Мне сэрца сваё аддала ты На беразе Чорнага мора. А. Александровіч.

3. перан. Душэўны свет чалавека, яго перажыванні, пачуцці. Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, Міхаіл Сярмяжка ўмее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў. Ён [лесаруб] слухаў звон і пошум гэты І толькі сэрцам разумеў: Вятры тут гукі ўсяго свету Схавалі ў голлі гонкіх дрэў. Кляўко. // з азначэннем. Душэўныя якасці, характар чалавека. [Пытляваны:] Дзякую, свацейка! Выручыла ты нас. Сэрца ў цябе залатое. Крапіва. Не ўзнімайце дарэмна шуміхі, Што лісты да дзяўчыны пішу. Паважаю я працу ткачыхі І лагоднае сэрца, душу. Смагаровіч. У .. [Эльзы] былі не толькі халодныя вочы. У яе было халоднае сэрца. Чарнышэвіч. // з азначэннем. Чалавек як носьбіт пэўных душэўных якасцей. Доўга маўчалі абое. [Мікола] глядзеў на яе ўпаўшымі, зашклёнымі ад слёз вачыма. — У мяне быў таксама сынок, — пачала, памаўчаўшы, старая. — Таксама добрае сэрца. Няхай яму бог даруе. Брыль.

4. перан. Разм. Гнеў, злосць. — Што ты так непакоішся за .. [Марынку]? — з сэрцам гаварыла маці. Хадкевіч.

5. перан.; чаго. Цэнтр, самая важная частка чаго‑н. Плошча Свабоды? Яе ўжо даўно пачало абмінаць жыццё, хоць яна і з яўлялася сэрцам горада на працягу стагоддзяў. Карпаў. Сэрца кожнай буравой устаноўкі — рухавік. Чаркасаў.

6. Унутраная, цэнтральная частка сцябла (ствала) расліны; асяродак. Піла ўсё глыбей ды глыбей уядаецца ў сэрца хвоі. Бядуля.

•••

Парок сэрца гл. парок.

Разрыў сэрца гл. разрыў.

Адкрыць (раскрыць) сэрца гл. адкрыць.

Адлегчы ад сэрца гл. адлегчы (у 1 знач.).

Ад (усяго) сэрца — шчыра, адкрыта, чыстасардэчна; непасрэдна. Падсунулася [маці] бліжэй да дзяўчыны, пытаецца, ці не вучылася дзе Валя на спявачку — хораша вельмі, з душы гучыць, ад сэрца... Мыслівец.

Ад шчырага (чыстага) сэрца — а) шчыра, чыстасардэчна. — Праўда? — чамусьці перапытаў Алесь і .. дадаў: — Віншую! Ад шчырага сэрца. Шыцік; б) з найлепшых пабуджэнняў. [Гаспадар крамы:] — Я табе [Булыгу] ад чыстага сэрца раю: сядзі і не рыпайся. Бажко.

Браць (блізка) да сэрца гл. браць.

Браць (узяць) за сэрца гл. браць.

Выкінуць з сэрца гл. выкінуць.

Выкрасліць з сэрца гл. выкрасліць.

Вырваць з сэрца гл. вырваць.

Да глыбіні сэрца гл. глыбіня.

З адкрытым сэрцам — шчыра, даверліва.

З заміраннем сэрца гл. заміранне.

З лёгкім сэрцам (з лёгкай душой) — без роздуму, без трывог.

Знайсці дарогу к чыйму сэрцу гл. знайсці.

Камень з сэрца спаў (зваліўся) — тое, што і гара з плячэй звалілася (гл. гара).

Камень на сэрцы гл. камень (у 3 знач.).

Кроўю сэрца гл. кроў.

Мець сэрца гл. мець.

Надарваць сэрца гл. надарваць.

На сэрцы кошкі скрабуць гл. кошка.

Не мець сэрца гл. мець.

Няма сэрца ў каго гл. няма.

Паклаўшы руку на сэрца гл. паклаўшы.

Па сэрцу — да густу, падабаецца што‑н.

Прапанаваць руку і сэрца гл. прапанаваць.

Прымаць блізка да сэрца гл. прымаць.

Прыняць да сэрца (сэрцам) гл. прыняць.

Разбіць сэрца каму гл. разбіць.

Сэрца абарвалася (адарвалася, упала) — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.

Сэрца ад’есці гл. ад’есці.

Сэрца ад’ядаць гл. ад’ядаць.

Сэрца (душа) апала — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.

Сэрца баліць (ные) — тое, што і душа баліць (ные) (гл. душа).

Сэрца кроўю абліваецца — каму‑н. невыносна цяжка ад душэўнага болю, пачуцця спагады, жалю і пад.

Сэрца ледзянее — тое, што і кроў ледзянее (гл. кроў).

Сэрца не ляжыць да каго-чаго — тое, што і душа не ляжыць да каго-чаго (гл. душа).

Сэрца не на месцы — тое, што і душа не на месцы (гл. душа).

Сэрца разрываецца — пра пачуцці вострай жаласці, шкадавання.

Увайсці ў сэрца гл. увайсці.

У глыбіні сэрца гл. глыбіня.

Усім сэрцам — усёй істотай.

Як маслам па сэрцы гл. масла.

(Як) нож у сэрца гл. нож.

сэ́рца 2, ‑а, н.

Засаўка ў замку, якая высоўваецца пры павароце ключа.

сэ́рца 3, ‑а, н.

У зване — падвешаны ўсярэдзіне для ўдараў металічны стрыжань; біла, язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)