неасцяро́жнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неасцярожнага, недахоп асцярожнасці. Начальства эшалона і камендатура прыйшлі да згоды, што прычынай выбуху магла стацца неасцярожнасць саміх салдат. Лынькоў. // Неасцярожны ўчынак, паводзіны і пад. Адна хоць самая маленькая неасцярожнасць, адзін недастаткова вывераны крок — і ўсё гіне, сотні людзей ахвяруюць сваім жыццём. Кулакоўскі.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
салда́цік, ‑а, м.
1. Памянш.-ласк. да салдат. Бабулька, відаць, мела добрае сэрца, пашкадавала салдацікаў: з цыбуляй вынесла і па агурку, і па кубку малака. Машара.
2. Дзіцячая цацка ў выглядзе салдата. Алавяны салдацік.
3. у знач. прысл. салда́цікам. У стаячым становішчы, стоячы. Скакаць у ваду салдацікам.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
гаваркі́, ‑ая, ‑ое.
Схільны да размоў, ахвочы пагаварыць; проціл. маўклівы. Вясёлы, гаваркі, востры на слова, .. [Аляксей Іванавіч] цэлымі днямі частаваў сваіх слухачоў.. новымі цікавымі гісторыямі. Новікаў. [Яфрэйтар] быў жвавы, гаваркі, ветлівы, зусім не падобны да сваіх маўклівых і хмурых салдат. Мележ. // перан. Шумны, ажыўлены. Я палюбіў юначай душой гаваркія гарадскія вуліцы. Сабаленка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
жме́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.
Памянш. да жменя; невялікая жменя. Аднойчы Ліпка нават не вытрымала: заўзята паплявала ў малыя жменькі, як гэта робяць хлопчыкі, разагналася і пабегла. Брыль. Тут жменька нас — салдат марской пяхоты. Ляжым. Не спіцца. Ноч. Імжыць імжа. Налева мора, ўперадзе мяжа. Зарыцкі.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
маршырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Хадзіць, ісці маршам. Удзень афіцэры выводзілі салдат на выган за вёску і вучылі іх маршыраваць. Галавач. Насустрач Карніцкаму маршыраваў партызанскі ўзвод. Паслядовіч. // Хадзіць, ісці мерным шагам, па-ваеннаму. Пад вечар .. [Зыгмусь] выходзіў палявой дарогай з маёнтка на гасцінец і .. важна маршыраваў .. у мястэчка. Брыль.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
прына́мсі, пабочн.
Ва ўсякім разе. Лабановіч мінае выганы, выходзіць у поле. Тут прастарней і як бы вальней трохі, прынамсі, нікога не відаць. Колас. Нарадчыца зарачанскага дэпо Ліда Падбярэзская была дзяўчына незвычайная. Гэтак, прынамсі, думаў Міхась. Васілёнак. Салдат зычным голасам закрычаў да камандзіра батальёна так, быццам быў, прынамсі, палкоўнікам. Карпюк.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
тры́зніцца, ‑ніцца; незак.
Здавацца, уяўляцца; вярзціся. [Пранук:] — Адчапіся! Відаць, не выспалася як след, дык табе [Палашка] і трызніцца нешта ўваччу. Лынькоў. [Курту] трызніцца, што ён зусім і не цывільны, а салдат, што на ім не чорны ў белую палоску гарнітур, а мышынага колеру з вузкімі пагончыкамі на плячах салдацкі мундзір. Сабаленка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
Ас лётчык вышэйшага класа; у апошні час наогул спецыяліст вышэйшага класа’. З рус. ас (Крукоўскі, Уплыў, 82), дзе з 1910 (Успенскі, ЯиМ, 6–7, 198) з франц. as, якое ў значэнні ’добры салдат, лепшы спартсмен’ фіксуецца з XX ст.; лац. assiṡ няяснага паходжання абазначала адзінку вагі грашовую адзінку, у французскай з XII ст. азначала грашовую адзінку, адзінку на касцях, а потым на картах (на выкарыстанне ас як картачнага тэрміна ў беларускай мове ўказваў Карскі Чарнышову, Избр. тр., 2, 444), адкуль і перайшло ў спартыўнае і вайсковае арго.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
прагаласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак.
Прыняць удзел у галасаванні; аддаць свой голас за каго‑, што‑н. Позна ўночы заракітнянцы прагаласавалі за новага старшыню і разышліся па хатах. Краўчанка. // Разм. Падняць угору руку з мэтай спыніць які‑н. транспарт. На дарозе «прагаласаваў» салдат, і мы ўзялі яго да сябе ў кузаў. Хомчанка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
прату́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Прайсці тупаючы. У суседнім пакоі пратупалі мяккія матчыны панто[ф]лі. Галавач. // Прайсці. Па насыпу блізка пратупаў абходчык, потым вярнуўся. Мележ. Я салдат Айчыны. Сотні вёрст пратупаў пехатой. Прыходзька.
2. Тупаючы, прахадзіць некаторы час. [Кравец] абуў на ногі лямцавыя туфлі, .. пратупаў па пакоі аж да самага вечара. Чорны.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)