дына́міка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.

1. Раздзел механікі, які вывучае рух цел, выкліканы ўздзеяннем на іх знешніх сіл. Законы дынамікі.

2. Стан руху, ход развіцця, змянення чаго‑н. Дынаміка гістарычных падзей. Дынаміка росту прадукцыйнасці працы. // перан. Рух, дзеянне. Багацце дынамікі ў драматычным творы. □ Маці аладкі пячэ. Бабка кароўку доіць. Тата хамут ладзіць. Цюцька брэша. Поўная дынаміка жыцця. Бядуля.

3. У музыцы — сіла гучання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здараве́нны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Высокага росту, моцнага целаскладу; дужа здаровы (пра чалавека). Першы сусед, які прыйшоў пабачыцца з .. [Антосем] быў Яўхім Мядзведзь, дужы, здаравенны мужчына, заядлы паляўнічы. Чарнышэвіч. Тарпак быў здаравенны, грудасты, шыракаплечы, і яго «пярэпалахі» выклікалі агульны смех. Колас.

2. Вельмі вялікі; велізарны (пра рэчы, прадметы). Гумно здаравеннае. Зірнеш на ніз — ледзь не закружыцца ў вачах. Брыль. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касці́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З шырокай, буйной косцю, касцямі. Касцістая фігура. □ На пні прымасціўся Гарвада, Сярэдняга росту, худы, Касцісты і ёмкага складу. Колас. — А мне вы ўяўляліся зусім не такім — сказаў я, паціскаючы касцістую руку Эдуарда Людвігавіча. Хведаровіч.

2. Кастлявы, кашчавы. Была .. [паненка] кволая, бледная, мела тонкія касцістыя рукі і круглы кірпаносы твар. Лупсякоў.

3. З вялікай колькасцю дробных касцей. Касцісты лешч.

•••

Касцістыя рыбы гл. рыба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Банду́ра1. Рус. банду́ра, укр. банду́ра (з XVIII ст.). Запазычанне з польск. bandura ’тс’ < італ. pandura < лац. padūra < грэч. πανδοῦρα ’цытра, кіфара’. Фасмер, 1, 120; Брукнер, 14; Бернекер, 42; Міклашыч, 7; Рыхардт, Poln., 33; Кюнэ, Poln., 43; Рудніцкі, 72. Параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 33.

Бандура2 ’занадта вялікая рэч’ (Яўс.). Мабыць, метафарычнае ўжыванне слова банду́ра, ’музычны інструмент (гл.). Рус. банду́ра ’тс’ і ’тоўстая нехлямяжая жанчына высокага росту’. Параўн. значэнні слова басэ́тля ’музычны інструмент’, вялікая дзяжа’, ’мажная жанчына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Курду́пель ’чалавек малога росту’ (Мат. Гом., З нар. сл., КЭС, лаг., Нар. лекс., ТС, Касп., Сцяшк. Сл.). Укр. курдупель ’тс’, польск. kurdupel ’тс’ хутчэй за ўсё запазычаны з беларускай або ўкраінскай мовы. Бел. курдупель ад курдупы (гл.). Складанае слова рэканструюецца як kъrno‑dupъ (параўн. kъrno‑nosъ ’курносы’). Падрабязна гл. Лабко, Бел.-польск. ізал., 72–73 з картай на с. 71. Гіпотэза аб балтыйскім паходжанні неверагодная. Літ. kurdùpelis само запазычана з бел. курдупель (параўн. Лаўчутэ. Балтизмы, 116).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыса́дзісты ’невысокага росту, але шыракаплечы, моцнага складу; нізкі, але шырокі, тоўсты’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Стан.; астрав., Сл. ПЗБ; ТС), прыся́дзісты, прыся́дзістый ’каржакаваты, каранасты’ (смарг., брасл., Сл. ПЗБ), пріся́дзістый ’прыземісты, але шыракаплечы, моцны’ (Бяльк.). Укр. приса́дистий ’тс’, рус. приса́дистый ’тс’, польск. przysadzisty ’нізкі і тоўсты’. Ад прысадзіць ’пасадзіць бліжэй да каго- ці чаго-небудзь’, тут, відаць, ’бліжэй да зямлі’ (гл.) з суф. ‑істы. Банькоўскі (2, 948) звязвае з przysada ’дадатак’ і ’адклады тлушчу на клубах’, што малаверагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пла́цце, ‑я, н.

1. Тое, што і сукенка. Як толькі падняліся ў паветра, танклявая сцюардэса ў чорным плацці з белым каўнерыкам абвясціла, што ляцець мы будзем высока. Скрыган. Вышэй сярэдняга росту, статная, яна была ў просценькім, але з добрым густам пашытым плацці. Васілевіч.

2. зб. Разм. Бялізна. [Бацька] пайшоў у званары за паўтраця рубля на месяц, званіў і вартаваў царкву.. Маці плацце людзям мыла і гароднае насенне прадавала. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стамбу́лка ‘турэцкая люлька з доўгім цыбуком’ (Нас.), ‘палка (для апоры пры хадзьбе); указка’ (Нас., Шпіл.). Параўн. польск. stambułka ‘турэцкая люлька’, ‘пукатая бутэлечка’, рус. стамбу́лка ‘турэцкая люлька’. Вытворнае ад Стамбул; назва горада паходзіць з новагрэч. Στημπόλι ад выразу εἰς τήν Πόλιν ‘у горад’, г. зн. Канстанцінопаль. Гл. Фасмер, 3, 744 з літ-рай. На падставе прызнака ‘доўгі’ ўтвораны стамбо́ль ‘мужчына высокага росту’ (слонім., Сл. рэг. лекс.), стамбулі́кі ‘кветкі на высокай сцябліне’ (Арх. Федар.), што не выключае ўплыву літ. stámbas ‘кветканоснае сцябло’, параўн. стамбы́ ‘кветаносныя сцяблы’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

во́лат, ‑а, М ‑лаце, м.

1. Казачны герой незвычайнай сілы, удаласці і мужнасці; асілак. // Чалавек вялікага росту і сілы; велікан, гігант. [Багданёнак] быў волат гадоў трыццаці. Чарнышэвіч. Волатам выглядае цельшынскі дзед Мікіта. Пшыркоў. // перан. Што‑н. надта вялікіх памераў. На зямлі гніюць пакрытыя мохам камлі лясных волатаў. В. Вольскі.

2. перан. Чалавек выдатных здольнасцей, геній; тытан. У гэтай сялянскай хаце адбылася першая сустрэча волатаў нашай літаратуры — Янкі Купалы і Якуба Коласа. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыса́дзісты, ‑ая, ‑ае.

1. Невысокага росту, але шыракаплечы, моцнага складу. На вуліцу выйшаў Рыгор. Прысадзістая ў змроку постаць яго шырылася ва ўсе бакі. Чорны. [Харчаў] быў шырокі ў плячах, .. прысадзісты, падобны на каржакаваты палескі дуб. Мележ.

2. Нізкі, але шырокі, тоўсты. Там над абрывістым берагам Нёмана стаяў стары, прысадзісты, т[о]ўсты дуб. Колас. Лушчыцкі нічога не сказаў і выйшаў. Прынёс з кухні два кілішкі і прысадзістую зялёную бутэльку, потым талеркі з салам, хлебам і відэльцы. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)