уссадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак.

1. каго. Падняўшы, пасадзіць, паставіць на што‑н. [Боганчык:] — Я вам не Янук. Янука ўссадзілі на калёсы, дык яму... усё роўна, ці ў камендатуру, ці на могілкі пад Сушкава... Пташнікаў. // Дапамагчы каму‑н. узабрацца на што‑н. высокае. Уссадзіць на стог сена.

2. што. Шчыльна пасадзіць, надзець на што‑н. Уссадзіць сякеру па тапарышча. // Разм. З цяжкасцю адзець што‑н. цеснае, вузкае. Наперадзе.. смешна скакала на адной назе маленькая дзяўчынка — ніяк не магла ўссадзіць скінуты чаравік. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

западо́зрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. у чым. Пачаць падазраваць, лічыць вінаватым у чым‑н. На твары матроса было столькі ветлівасці і гасціннасці, што яго ніяк нельга было западозрыць у благім. Асіпенка. Вучні разышліся па класе, і Лемяшэвіч, каб яго не ўбачылі і — чаго добрага! — не западозрылі ў падслухоўванні, паспяшаўся выйсці з калідора. Шамякін.

2. таксама са злучн. «што». Пачаць здагадвацца аб чым‑н. Малы парабчук, які ў гэты час быў у доме, неўзабаве западозрыў, што нешта тут адбылося, і.. сказаў людзям. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кату́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Штурхаць, разварушваць каго‑н., прымушаючы ачнуцца, прыйсці да памяці. Галя катурхала Вадзімку і не магла ніяк узбудзіць, здаецца, ён і прачынаўся ўжо, але адразу ж, як Галя адымала рукі, ён зноў падаў. Сабаленка. Дзед, здаецца, нічога не чуў і не цяміў. Ён толькі катурхаў сына, будзіў, зваў яго. Колас. // перан. Разм. Узбуджаць, узрушаць, актывізаваць. Умела і паспяхова вёў агітацыю Татарынчык не толькі сярод старэйшых капылянцаў, ён знаходзіў дарогу і да сэрцаў іх дзяцей, асцярожна катурхаў іх думкі. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маракава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм.

1. на каго, без дап. і з дадан. сказам. Крыўдаваць, злавацца. [Андрэй:] — Кароўка, відаць, у цябе добрая на малако? [Насця:] — Не маракую. Літраў дзесяць дае. А пасля ацёлу да пятнаццаці. Пальчэўскі. Цяпер .. [Цымбал] ходзіць і раскайваецца і маракуе, што яму ніхто не верыць. Скрыган.

2. над кім-чым і без дап. Разбірацца ў якой‑н. складанай справе, абдумваць што‑н. Зноў.. [Мірановіча] павялі ў аперацыйную, зноў доўга маракаваў над ім хірург, стараючыся намацаць іголкай асколкі і выдаліць, але гэта ніяк не ўдавалася. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намётка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тое, што і наметка. Прыгнятала Максіма Сцяпанавіча і тое, што многіх намётак і вынашаных планаў ніяк нельга было ажыццявіць — перашкаджала .. цякучка. Карпаў.

намётка 2, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тое, што і намітка (у 2 знач.). Царква была поўная, як ніколі. Пахнула кажухамі і ботамі. Світкі, мужчынскія і жаночыя, кажухі, белыя мужыцкія галовы і снежныя палеткі жанчын. Караткевіч.

намётка 3, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так, ж.

Тое, што і фастрыга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́зваліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

1. Атрымаць незалежнасць, стаць свабодным. Вызваліцца з-пад сацыяльнага і нацыянальнага ўціску.

2. Зняць з сябе што‑н., пазбавіцца ад чаго‑н., што сціскае, абмяжоўвае. Вера Антонаўка нецярпліва вызвалілася з абдымкаў і скоранька пабегла назад на дарогу. Карпаў. / у перан. ужыв. Галынскі сеў за стол. Ён пазіраў на прысутных і ніяк не мог вызваліцца ад дум. Галавач.

3. Стаць свабодным ад спраў, абавязкаў і пад. Вызваліцца ад работы. □ [Начальнік:] — Перадай пракурору, няхай пачакае — вызвалюся, паедзем разам. Карпаў.

4. Стаць пустым, незанятым (пра памяшканне). [Гаспадыня:] — Вызваліцца тая кватэра, зноў зоймеце, калі захочаце. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэклара́цыя, ‑і, ж.

1. Афіцыйная заява аб чым‑н.; урачыстае абвяшчэнне ўрадам або партыяй якіх‑н. прынцыпаў сваёй палітыкі, а таксама дакумент, у якім яны выкладзены. Выступіць з дэкларацыяй. Урадавая дэкларацыя. Дэкларацыя аб утварэнні СССР.

2. Назва некаторых афіцыйных дакументаў з паведамленнем якіх‑н. патрэбных звестак. Гандлёвая дэкларацыя.

3. перан. Немастацкае, абстрактнае апісанне, якое не выклікае эмоцый, або чыё‑н. выказванне такога характару. Некаторыя.. паэты павярхоўна падыходзілі да з’яў жыцця, мастацкае адлюстраванне жыцця падмянялі дылетанцкімі, верхаглядскімі дэкларацыямі. Навуменка. Дэкларацыя, якая б яна ні была.., ніяк не можа замяніць актыўнасць уласна-мастацкай, актыўнасць вобразнага пазнання. Бярозкін.

[Ад лац. declaratio — заява, аб’ява.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нама́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Абмацваючы, адчуць наяўнасць чаго‑н. Намацаць запалкі ў кішэні. Намацаць цвёрдую глебу пад нагамі. Намацаць пульс. □ Грыбок ўпоцемку намацаў конаўку, зачарпнуў вады. Мележ. У вушах у Мішкі ўсё звінела, рукі калаціліся і ніяк не маглі намацаць аўтамата. Паслядовіч. Кладкі аселі на балотнае дно, зараслі мохам, і цяпер не ўсякі ўмее намацаць іх пад вадой. Галавач.

2. перан. Знайсці, адшукаць у выніку пошукаў. На самым краі лесу фары намацалі воз скіданага абы-як бераваку. Лобан. Штаб вырашыў намацаць.. найбольш слабае месца ў варожым кальцы. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насла́нне, ‑я, і насланнё, ‑я, н.

Напасць, няшчасце. [Рыгору] успомнілася, як адзін год яшчэ пры нябожчыку-бацьку гэтакае насланнё на іх было: з пушчы панадзіўся воўк і ўсіх авечак перацягаў. Сабаленка. [Маці:] — І вось скажы, дачушка, насланнё на нашу хату. Ніяк хвароба нас не пакідае. Я ўстала — хлопец злёг. Пташнікаў. Дзецям Ганна нічога не сказала, а сама затужыла. За што на яе такое пасланне? Лобан. // Паводле забабонных уяўленняў: тое, што наслана нібы «нячыстай сілай»; прывід. [Алесь:] А калі апамятаўся, то нічога не знайшоў... Не ведаю, братачка, што і падумаць, быццам насланнё нейкае, д’ябальская праява, не іначай... Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няло́ўка,

1. Прысл. да нялоўкі.

2. безас. у знач. вык., каму. Пра пачуццё ніякаватасці, сораму, якое перажывае хто‑н. [Лабановіч:] — Я ніяк не думаў спаткаць вас там, і мне стала нялоўка. Колас. Шмат разоў я калісь на начлезе, Прызнавацца сягоння нялоўка, Нібы бачыў: лясун з дрэва лезе. Чарот. // з інф. Пра ўсведамленне нялоўкасці зрабіць што‑н. [Лазавы:] — А чаго чырванееце..? Нялоўка казаць нядобрае пра свайго калегу ды яшчэ начальства? Васілевіч. Рыгору трэба было збочыць, але Рымар вёў яго з сабою, і яму нялоўка было сказаць, што ім далей не па дарозе. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)