лічы́ць, лічу, лічыш, лічыць; незак.

1. Называць лікі ў паслядоўным парадку. Лічыць да дзесяці. // Адмяраць такт (у музыцы, танцы, пры хадзе і пад.), называючы такты ці долі такта лікамі. «Раз-два, раз-два», — раздаваўся голас настаўніка фізкультуры.

2. Ведаць назвы і паслядоўнасць лікаў да пэўнай мяжы. Умець лічыць да ста. // Умець выконваць арыфметычныя дзеянні. Я ў школе вучуся, Я гальштук нашу, Чытаю, малюю, Лічу і пішу. Астрэйка.

3. што. Вызначаць колькасць, суму чаго‑н. Лічыць грошы. Лічыць пульс. □ Аднастайна гадзіннік Лічыць час на сцяне. Нядзведскі. // што і без дап. Рабіць якія‑н. падлікі, разліку адлікі. Ціха ён ідзе дарогай, Нібы лічыць кожны крок. Прыходзька. На стале ляжала куча срэбных рублёў. Усю ноч [дзядзька і цётка] лічылі і пералічвалі. Бядуля.

4. што і без дап. Зыходзіць у падліку з якой‑н. меры, нормы. [Калгаснікі] грошы лічаць тысячамі, а дабро — тонамі. А такіх у калгасе большасць, і за прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Палтаран. // Прымаць што‑н. за пачатак адліку, вымярэння, вызначэння. Другое акно, калі лічыць ад вугла. □ Ад Лядцаў да Дабрадзееўкі каля чатырох кіламетраў, калі лічыць ад цэнтра да цэнтра. Шамякін.

5. каго-што. Прымаць у разлік пры вылічэнні, вызначэнні колькасці, велічыні каго‑, чаго‑н. Зарплата 100 рублёў у месяц, калі не лічыць прэміяльных. □ Аж пасля відаць — стаяць каровы! І нешта штук з пятнаццаць. Гэта калі не лічыць двух кароў Ванадысёвых. Чорны. // Прымаць пад увагу. Хто не хварэў душою за .. Савецкую ўладу? Няма такіх людзей! Няма, калі не лічыць гэтага п’яніцу і злодзея Міцьку Зайца. Шамякін.

6. каго-што. Расцэньваць якім‑н. чынам, успрымаць як‑н. Марынка разумела добрыя намеры бацькі і ўсё ж прычыну пераходу [на трактарны завод] лічыла не грунтоўнай. Хадкевіч. // Рабіць якія‑н. заключэнні; прызнаваць. Маці лічылі лепшай гаспадыняй. Гурскі. Раманенка правёў танкі праз балота, якое немцы лічылі непраходным для танкаў і гармат. Шамякін. // звычайна з дадан. сказамі. Думаць, меркаваць, мець думку наконт чаго‑н. Я лічыў, што ўвосень рыба ўжо не ловіцца. Ляўданскі. Лідзія лічыла, што тут, на выстаўцы, у гэтай цудоўнай лабараторыі чалавечага розуму, славы і вопыту, яна павінна не вучыць, а вучыцца. Дадзіёмаў.

•••

Варон лічыць — тое, што і варон страляць (гл. страляць).

Лічыць ні за што — зусім не лічыцца з кім‑н., не паважаць каго‑н., адносіцца з пагардай да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перане́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. перанёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. перанясі; зак.

1. каго-што. Забраўшы з аднаго месца, перамясціць у другое, даставіць куды‑н. Перанесці дровы пад павець. Перанесці лямпу ў другі пакой. □ У той вечар .. дзеду зрабілася холадна, і ён папрасіў, каб перанеслі яго на печ. Сачанка. Пакінуўшы бацькоўскую хату, Лена ўсё, што ёй было патрэбна, перанесла і перавезла ў клуб, пасялілася там у невялічкім пакойчыку. Ваданосаў. // Несучы, перамясціць цераз што‑н., на другі бок чаго‑н. Перанесці хлапчука цераз ручай. // перан. Пераключыць увагу, думкі на што‑н. іншае. Грукат колаў Марыну з высокіх нябёс Зноў на дрогкую нашу зямлю перанёс. Куляшоў.

2. што. Змяніць месцазнаходжанне чаго‑н., размясціць у іншым месцы. Перанесці сталіцу ў іншы горад. □ Нарада па сваёй люднасці атрымалася значна большая, чым думалі, і яе прыйшлося перанесці ў памяшканне канторы. Ермаловіч. // Перамясціць, пераставіць які‑н. будынак у другое месца. Дома бацька вельмі часта.. меркаваў сам сабе, колькі спатрэбіцца новага дрэва, каб перанесці на новае месца хату. Чорны.

3. што. Пераключыць з аднаго на другое, накіраваць на што‑н. іншае. Калі артылерысты перанеслі агонь углыбіню, у бой пайшлі танкі і пяхота. Мележ. // Распаўсюдзіць, пашырыць што‑н. на каго‑н. другога, на што‑н. другое. Перанесці перадавы вопыт на ўсе прадпрыемствы. □ [Віктар] зразумеў, што гэта Карызна перанёс на яго ўвесь комплекс пачуццяў, якія раней меў да Зеленюка. Зарэцкі.

4. што. Адкласці на другі час. Перанесці пасяджэнне на вечар.

5. што. Размясціць, падаць частку якога‑н. тэксту ў другім месцы. Перанесці працяг рамана ў наступны нумар часопіса. // Аддзяліць частку слова для пераносу ў наступны радок згодна з правіламі правапісу. Перанесці апошні склад слова.

6. што. Адлюстроўваючы што‑н. графічным спосабам, падаць, абазначыць у іншым месцы. Перанесці задуму на чарцёжны ліст. Перанесці ўмоўныя знакі на карту. □ — Каб я ўмеў маляваць, — сказаў Лабановіч, — я перанёс бы яе [каплічку] на паперу. Колас.

7. што. Зазнаць, перажыць што‑н. непрыемнае, цяжкае; перацярпець. Жаўтаваты твар з прамяністымі маршчынамі вакол вачэй гаварыў, што нямала гора перанесла кабета. Васілевіч. За дзень .. [жанчыны] так стаміліся і перанеслі столькі хваляванняў, што іх адразу пацягнула да сну. Няхай. // Пераадолець, вынесці. Расліны перанеслі засуху. Перанесці запаленне лёгкіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Казлы́1 ’прыстасаванне для распілоўкі дроў’ (Жд. 2; слуц., Жыв. сл.; Мат. Гом.; Сцяшк., Шат., Янк. 2, Сл. паўн.-зах.), ’сталюга’ (в.-дзвін, Шатал.). Звычайна ў слав. мовах сустракаюцца формы з іншай акцэнтуацыяй: бел. козлы, балг. козли і інш. Гэта вымушае думаць аб бел. інавацыйным утварэнні формы мн. ліку на базе казёл ’козлы’, якое да казёл1 — традыцыйны перанос паводле падабенства.

Казлы́2 ’збітыя накрыж дручкі, якія кладуцца на грэбень страхі для таго, каб вецер не здзіраў саломы і не знёс дошак, якімі прыкрыты канёк страхі’ (Мат. Маг.; Сцяшк.), казлэ́ ’дошкі, якія прымацоўваюцца па краях саламянай страхі, каб не раскідалася салома’ (Сцяшк., Тарн.), сюды ж козлы ў першым значэнні (Кор.-Шушк., Харузін), без націску, таму меркаваць аб фанетыцы нельга, магчыма з ‑о‑, тое ж і ў Шэйна, 3. Яўна другаснае козлі ’канёк даху’ (Тарн.), хоць яго можна разглядаць як канёк, г. зн. самастойнае ўтварэнне ад казёл з пазнейшай трансфармацыяй; матывацыя — з хрыбтом жывёлы параўноўваецца форма часткі даху. Паралелямі да бел. казёл, польск. kozieł ’кроква’, укр. гуц. кізла ’тс’, аднак дакладны адпаведнік — укр. усх.-палес. козли ’тс’. Рэгулярны характар пераносу назвы ад казёл1 не дазваляе меркаваць аб уплыве польск. Хутчэй гэта інавацыя; трэба ўлічыць наяўнасць пераносаў з назвы гэтай рэаліі з зааморфнымі прыметамі на іншыя дэталі даху. Укр. слова нельга аддзяляць ад бел. усх.-палес. Параўн. яшчэ казёл2.

Казлы́3 ’сажань’ (Мат. Гом.). Да казёл ’тс’, трансфармацыя — пад уплывам іншых тэрмінаў у форме мн. ліку.

Казлы́4 ’прыстасаванне для сушкі травы’ (Сл. паўн.-зах.). Няма дакладнага апісання рэаліі, таму цяжка меркаваць: ці гэта незалежны наватвор, рэалізацыя тэрміна казлы1, ці дэрыват ад казёл? Матывацыя зразумелая, магчымыя паралелі ёсць у суседніх рус. гаворках: смал. козёл ’кол, жэрдка (звычайна з перакладзінамі) для сушкі гароху, сена і інш.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з сукамі гарох’.

Казлы́5 ’прыстасаванне для ляжання на дрэвах’ (Мат. Гом.). Адсутнічае апісанне рэаліі. Матывацыя зразумелая, аднак утваральнае слова цяжка ўказаць дакладна. Магчыма, непасрэдна да казлы1, аднак не выключана, што лексема ўтворана на базе назвы казёл падобнай рэаліі.

*Казлы́6, козлэ, кузлэ ’металічныя вілы’ (малар., Нар. лекс.). Празрысты перанос ад казёл1, аднак звяртае на сябе ўвагу форма мн. ліку і акцэнтуацыя; гэта, магчыма, тлумачыцца ўплывам паралельных тэрмінаў, або, што больш верагодна, тут рэалізацыя тэрміна казлы з дыфузным значэннем, калі розныя прадметы, дэталі прыстасаванняў і інш. з больш або менш відавочнымі зааморфнымі прыкметамі або проста падобныя атрымліваюць такую назву. Множны лік можна вытлумачыць уплывам формы вілы.

Казлы́7, казлэ́ ’прылада для наматвання пражы’ (карэліц., Шатал.). Магчыма, тут семантычнае ўтварэнне ад казёл1, ці рэалізацыя тэрміна казлы, якім называюць розныя прыстасаванні, падрабязней гл. папярэдняе слова.

Казлы́8, казлэ́ ’перакрыжаваныя кроквы, якія падтрымліваюць страху ў гаспадарчым будынку’ (навагр., Нар. сл.; брасл., Сл. паўн.-зах.), укр. гуц. кізли, польск. kozieł (дыял. форма — паўдн.-зах. па геаграфіі), в.-луж., н.-луж. kozoł ’кроква’. Магчыма, стары (паўн.-слав.) перанос ад казёл1 (матывацыя празрыстая), аднак можа быць тэрмін з дыфузным значэннем. Геаграфія слова сведчыць аб верагоднасці даўняй спецыялізацыі значэння. Пярэчыць такой спробе храналагізацыі відавочны рэгулярны тып пераносу. Статус бел. слова, нягледзячы на фіксацыю ў заходніх раёнах, здаецца незалежным.

Казлы́9 ’агульная назва ядомых грыбоў’ (касцюк., Жыв. сл.), ’род грыбоў’ (Грыг.), ’грыбы казлякі’ (Мат. Гом.). Усё гэта да казёл1, дзе меркаванні аб матывацыі. Два апошнія значэнні можна аддзяліць ад першага, паколькі ў іх суадносіны з утваральным словам празрыстыя. Казлы ’агульная назва ядомых грыбоў’ можа быць рэалізацыяй іншага варыянта ўтварэння: не ад назвы канкрэтнага грыба, а ў межах супрацьпастаўлення — добры для чалавека — добры для жывёлы — грыбы ’баравікі’ — казлы — ’не баравікі’.

Казлы́10 ’грубая балотная асака, не прыгодная на корм жывёле’ (ушац., Нар. лекс.). Да казёл1; адносна матывацыі параўн. казёл, казіная барада ’Nardus stricta’. У канкрэтным выпадку магчымы не столькі перанос на аснове падабенства, колькі рэалізацыя адмоўнай семантыкі тэрміна казёл у значэнні ’не чалавечы: дрэнны, шкодны, бескарысны’.

Казлы́11 ’казялец едкі, Ranunculus acer’ (міёр., Жыв. сл.; Касп.; чэрв., Нар. лекс.). Можна разглядаць як аўтаномнае ўтварэнне (па зааморфнай прыкмеце), аднак хутчэй за ўсё гэта не паралельная назва да іншых, а адваротная дэрывацыя ад казелец і пад., ці проста лексема з фонду тэрмінаў для «казліных» раслін. Падобныя трансфармацыі могуць быць абумоўлены традыцыяй, уплывамі суседніх гаворак, зменамі ў сістэме тэрміналогіі і інш. Субстытуцыя ў назвах раслін — з’ява вядомая, параўн. казінае масла (гл.).

Казлы́12 ў выразе казлы драць ’ванітаваць’ (БРС, ТСБМ, Касп.; КЭС, лаг.; Мядзв., Нас., Шат.). На жаль, крыніцы не дазваляюць дакладна акрэсліць геаграфію гэтага выразу. Апрача бел. мовы яго ведаюць рус. (асташ., цвяр., пск., калуж., смал., варонеж.) козла драть (содрать), козлы, козлов драть ’тс’ (гжатск., смал.) ’валяцца п’янаму ў балоце’. Даль прыводзіць яшчэ лисиц драть ’ванітаваць з перапою’, гэта можна разумець як субстытут. Рус. гаворкі ведаюць тое самае значэнне для слова драць: пакр., пор., уладз. драть ’ванітаваць’. Традыцыйна (Блесэ, SB, 1935–1936) лічыцца калькай лат. або іншага балт. выразу. Кіпарскі (Балтызмы, 15) адзначаў: «…бел. козлы драць ’ванітаваць’, якое мае дакладны адпаведнік у латышскай (āžus kaut, durt, dīrāt, plēst, āžu ādas spīlēt, ar ažu adam branktʼ ’блевать’), здаецца, не мае адпаведнікаў ні ў польскай, ні ў рускай. Чэкман (Baltistica, VIII, 1972, 147) дапаўняе літ. óžius káuti, ráuti, biẽlyti, nérti. Ці маглі такія выразы, ужытыя ў прамым значэнні, з’явіцца эўфемізмамі для паняцця ’ванітаваць’? Відаць, маглі, калі разумець іх як ’рабіць дрэнную (смярдзючую) справу; смярдзець’, параўн. да гэтага рус. пошел собак драть (аб непрыемнай справе). Такое натуральнае тлумачэнне, відавочна, мела месца пры народнаэтымалагічных спробах разумення выразу; ва ўсякім разе лат. матэрыял дазваляе так меркаваць, паколькі, нягледзячы, што літ. і слав. прыклады двухсэнсоўныя, значэнне ’абдзіраць скуру’ ўяўляецца для іх асноўным. Такая спроба этымалогіі не ўлічвае шэрагу фактаў, аднак, на нашу думку, правільна адлюстроўвае (як гэта відна з лат. прыкладаў) пэўныя этапы моўнага працэсу адносна разглядаемага слова, калі першасная матывацыя стала губляцца або не была зразумелай шэрагу гаворак. На нашу думку, з’яўленне заоніма ў структуры выразу можна разумець і як першаснае, і як другаснае, што тлумачыцца надзейнымі паўдн.-слав. паралелямі: серб.-харв. kozláti ’ванітаваць’ і славен. kozláti ’тс’. Геаграфія апошняга невядомая, аднак, відаць, з таго ж арэала, што і папярэдняе: на славенска-харвацкім паграніччы. Фармальная сувязь з асновай заоніма kozьlъ відавочная. Пра сувязь з назвай казла сведчаць некаторыя літ. прыклады. У прыватнасці, звяртае на сябе ўвагу паралелізм як канструкцый, так і асобных лексем, этымалагічна больш празрыстых, якія характарызуюць семемы ’ванітаваць’ і ’крычаць прарэзлівым голасам’. У абодвух значэннях адзначана рус. дыял. драть. Магчыма, менавіта з такога пункту погляду неабходна разглядаць бел. маг. дзёргаць ’ванітаваць’ (Падлужны, вусн. паведамл.). Захаванне архаічнага славен.-харв. kozláti сведчыць або пра агульны (балта-славянскі) працэс, або пра старажытныя кантакты славян і балтаў. Пры гэтым неабходна падкрэсліць верагодны арэальны характар кантактаў, на што ўказваюць ускосна як змены ў семантыцы канструкцыі, так і відавочныя супадзенні розных слав. і літ. фактаў. Што датычыцца лат. матэрыялу, мы лічым, што адзначаныя выразы — вынік уплыву або слав., або літ. мовы, пра што сведчыць як фармальнае супадзенне дзеяслоўнай часткі выразу āžus dīrāt з адпаведнай славянскай структурай, так і паслядоўнае, другаснае, на базе народнай этымалогіі асэнсаванне выразу, гл. вышэй пералік лат. прыкладаў. Больш цяжка акрэсліць статус літ. і слав. канструкцый. Супраць моўнага кантакту ўзаемаўплыву, магчымага калькавання нельга запярэчыць: меркаваць аб тым, што тут наглядаецца семантычная універсалія і ўтварэнні незалежныя, як быццам няма падстаў. Той факт, што ўласна выраз сустракаецца па сумеснай балт. і слав. тэрыторыі, яшчэ нічога не азначае: зах.-палес. гаворкі зберагаюць фактычна архетып, які не прадстаўлен дакладна ў балт. мовах, і наяўнасць выразу казлы драць можна разумець або як спецыфічнае яго захаванне (субстратны ўплыў і да т. п.), або як кальку, але абгрунтаваць гэта цяжка. Нічога не даказвае параўнанне са слав. прыкладамі, большая варыятыўнасць літ. выразаў — гэта, на сутнасці, адлюстраванне дыялектнай сітуацыі. Верагодна, што наяўнасць выразу ў літ., бел. і некаторых рус. гаворках сведчыць аб цэнтры інавацыі ў межах гэтай тэрыторыі; між іншым, вялікая актыўнасць прыведзенай вышэй спецыфічнай мадэлі ўтварэння назваў жабінай ікры адзначана на бел.-рус. паграніччы (поўначы і ўсходзе Беларусі), хоць сама з’ява вядома больш шырока. Калі і дапускаць экспансію выразу ў выніку моўных кантактаў, з пэўнай верагоднасцю можна сцвярджаць, што было гэта падчас асіміляцыі славянамі балтыйскага насельніцтва, а не ва ўмовах пагранічнага двухмоўя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́тка1 ’невялікія дзверы для праходу ў варотах, плоце, агароджы; фортка’ (БРС, ТСБМ, Касп.; гарад., Сл. паўн.-зах.). Суадносіцца з рус. калитка ’тс’, якое зафіксавана ў пісьмовых помніках параўнальна позна — з другой палавіны XVII ст. У гаворках адзначаецца таксама калін. ’вароты’, цвяр. ’пярэднія вароты для ўваходу на ганак’, ярасл., кастр., маск. ’дзверы сялянскай хаты, якія вядуць з ганку ў сені’, тульск. ’драўляная крышка, якая зачыняе ўваход у падполле’, ’навес’. Характар сувязі бел. і рус. лексем няясны — на поўначы гэта, магчыма, спрадвечнае слова, на іншай бел. тэрыторыі — культурнае запазычанне з рус. мовы. Калитка як быццам выключна рус. слова, этымалогіі фактычна няма. Бернекер (1, 474) уводзіць слова ў артыкул kalita ’кашалёк’, паводле Праабражэнскага, 1, 286, рус. калита суадносіцца з коло, колесо. Паводле Фасмера, 2, 168, абедзве версіі памылковыя; неабходна рэканструяваць архетып колита ’дзверы’ ад колъ. Словаўтваральны тып, аднак, застаецца незразумелым. Не выключана, што бліжэй да ісціны быў Бернекер. На жаль, у нас няма непасрэдных доказаў таго, што каліта ’фортка’ і калита, калітка ’кашалёк’ непасрэдна суадносяцца ў выніку падабенства. Можна толькі меркаваць, што немалую ролю тут магла адыграць не столькі чатырохвугольная форма, колькі падобнасць упрыгожанага чатырохвугольніка кашалька да дзвярэй, форткі, верагодна, замацаваных перакрыжаванымі рэйкамі. Нашы меркаванні заснаваны, галоўным чынам, на ўскосных доказах. Так, параўн. каліта2, дзе назіраецца імаверны перанос па форме. Можна прывесці і полац. у калітачку скласці (хустку) ’скласці роўненька, квадрацікам’, якое, на нашу думку, непасрэдна суадносіцца з шырока засведчаным на рус. моўн. тэрыторыі калитка ’пірог, піражок з начынкай, звычайна адкрыты’. Цікава адзначыць, што на магчымую першасную сувязь указвае яўная адідэацыя ў рус. дыял. калитка ’піражок з узорам з гарызантальных палосак (у выглядзе «калитки»). Відаць, няма патрэбы ў пераносе назвы з каліткі ’кашалёк’ на іншыя рэаліі, не выключана, што тут рэалізуецца разгалінаваная семантыка запазычанага слова. Што датычыць лінгвагеаграфіі, то рус. калитка ’фортка’ ў значнай меры супадае з арэалам адпаведнай назвы для кашалька, аднак на бел. тэрыторыі гэта русізм.

Калі́тка2, звычайна мн. ліку, ’чатырохвугольныя ласкуты ў безрукаўцы’ (лун. Малч.). Паралелі да бел. слова ў польск. мове: kalita, kalitka (у мн. ліку) ’ласкуты ў кафтанах’, ’«зубы», прышытыя да нізу гарсэту’ і да т. п. Этымалагічна суадносіцца з каліта як ’чатырохвугольнае (скураное?) упрыгожанне на вопратцы’. Шырока прадстаўлена ў польск. гаворках, што, магчыма, сведчыць аб запазычанні бел. слова з польск. мовы.

Калі́тка3 ’лагчына, зарослая кустамі’ (Касп.). Адпаведнікаў у бел. мове да гэтага слова няма. Ілюстрацыя ў слоўніку не выключае магчымасці, што тут зафіксаваны мікратапонім: «Зьвядзі каня ў калітку пасьціць» (Касп., с. 151). Рус. наўг. калита ’частка ворыўнага поля’, валаг. ’лес, які знаходзіцца блізка ад вёскі’, арханг. калитка, паводле СРНГ, 12, 359: «Небольшой земельный участок, выгороженный особо среди одного обода — земельного владения, принадлежащего нескольким хозяевам». Гэтыя факты таксама няпэўныя (мікратапанімія?), але дастаткова аднародны арэал, дзе адзначана слова, сведчыць, магчыма, пра агульную інавацыю. Няясна, на базе якой лексемы ўтвораны слова, паколькі магчымая ідэя «чатырохвугольнасці» адносіцца і да каліта і да калітка. Можна думаць пра сувязь слова з праслав. kalъ; дэрыват у такім выпадку павінен быў азначаць спачатку ’вільготнае, балоцістае месца’. Пярэчаць гэтаму відавочныя рус. паралелі (семантычныя цяжкасці) і словаўтваральны крытэрый.

Калі́тка4 расліна гарлачык, Nuphar luteum; Nymphaea alba’ (лельч., стол., лун., Бсил.). Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю неабходна аднесці сюды і каліты, адзначанае ў Сержпутоўскага, 63: «Падплыла дошка к берагу, заплуталася паміж калітак і стала». Далей сюды ж калітнік ’гарлачыкі жоўтыя’ (саліг., Нар. словатв.). Бейліна (Лекс. Пол., 422) як адпаведнік прыводзіць укр. калитник ’расліна Capsella bursa pastoris’, што наўрад ці правамерна. Укр. назва — празрыстае ўтварэнне ад калита ’кашалёк, сумка’, тое ж і ст.-польск. kaleta pasterska, kaletki, літ. kolytä ’расліна Thlaspi arvense’. матывацыя зразумелая, паколькі насенныя каробачкі вельмі нагадваюць сумкі рознага тыпу, параўн. лац. назву і рус. кальку пастушья сумка. Семантыка тэрмінаў для Nuphar, Nymphaea з’яўляецца іншай, параўн. бел. сінонімы: глечыкі, кушынкі. жбанкі, палес. банка, гладышечки, укр. кубишка, збанок, банька і інш. Думаецца, што ўкр. назву для Capsella можна разглядаць асобна ад бел. Апошнія ў такім выпадку — відавочна беларуская рэгіянальная інавацыя. Фармальная сувязь з вышэй прыведзенай лексікай відавочная; цяжка, аднак, аддаць перавагу збліжэнню з каліта. паколькі нельга цалкам выключыць магчымай сувязі з каліт‑ ксч. Думаем, што слова неабходна ўсё ж такі лічыць роднасным да каліта, аднак не ’кашалёк чатырохвугольнай формы і да т. п.’, а ў значэнні ’мяшочак, капшук і інш.’ Падставы для такога меркавання ёсць, паколькі шэраг слав. сінонімаў для Nuphar, Nymphaea сведчыць аб тым, што кветкі або насенныя органы параўноўваліся з галоўкамі маку і называліся тэрмінамі з семантыкай «выпукласці». Параўн. бел. булдоўка для Nuphar, макаўка, макоўка ’Nymphaea’, палес. болбуткі, бубенчики ’Nuphar’, болбутки ’Nymphaea’, магчыма, укр. бабка ’Nuphar’, мак. водяний бамбулька ’плод гарлачыка’ і інш. Не выкліочана таксама, што бел. назва — вынік канкрэтнай рэалізацыі больш шырокавядомай мадэлі, паводле якой утвораны і ўкр. і інш. назвы; у такім выпадку можна думаць аб існаванні універсаліі ў межах народнай тэрміналагічнай сістэмы намінацыя. У любым выпадку інавацыйны характар назвы відавочны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пакі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Адпраўляючыся куды‑н., не ўзяць з сабой. У воласці пакінулі мы цэлую звязку кніг і газет. Чорны. Жаль.. [Марыны Паўлаўны] змяніўся на турботнае ваганне, ці пакінуць тут д[а]ччыну картку, ці ўзяць з сабой. Зарэцкі. // Часова змясціць куды‑н. [Марыся:] — Ідзём адгэтуль... Я пакінула ў сенцах свае рэчы і хачу без сведак пагаварыць з бацькам. Бажко.

2. Адпраўляючыся куды‑н., аддаць, перадаць каму‑н. Ад’язджаючы зноў у Данбас, брат пакінуў Васілю гармонік. Кавалёў. // Перадаць у спадчыну. — Тата, калі паміраў, то пакінуў усё мне, — сказаў Андрэй як мага спакайней.. — Я цяпер гаспадар у хаце. Чарнышэвіч.

3. Прыберагчы, адкласці, схаваць для каго‑, чаго‑н., з якой‑н. мэтай. Пакінуць агурок на насенне. □ Дзяўчаты трошкі паелі і пакінулі яшчэ на раз. Няхай. Грошы .. [Марына Паўлаўна] падзяліла на дзве роўныя часткі і адну пакінула сабе, а другую паслала дачцэ. Зарэцкі.

4. Выйсці, пайсці адкуль‑н. (часова або назаўсёды). У канцы сакавіка, калі сонца пачало прыграваць і снег паступова сышоў, мядзведзіца пакінула сваю бярлогу. В. Вольскі. // Адказацца ад чаго‑н., звольніцца, пайсці з якой‑н. работы, пасады і пад. Казлоўскі паходзіў з прыгонных сялян. Пасля паўстання пакінуў духоўны сан і стаў настаўнікам. Г. Кісялёў. За тыдзень да заняткаў.. Аляксей пакінуў працу ў МТС. Шамякін. // Перастаць удзяляць увагу каму‑, чаму‑н. Пакінуць чалавека аднаго з яго невясёлымі думамі.. [хлопцы] не маглі. Шахавец. Міхал Шарупіч якраз браў пробу і не мог пакінуць электрапечы. Карпаў. // Пайсці ад каго‑, чаго‑н., расстацца з кім‑, чым‑н. Прыйшла дачка. Пакінуў муж — Свавольніца яна. Непачаловіч. // перан. Перастаць існаваць у кім‑н., знікнуць (пра думкі, пачуцці і пад.). Сышоўшы на перон, Рыта разгубілася. Рашучасць пакінула яе. Навуменка. Таго ніколі не пакіне Юнацкі, Вечна весні ўздым, — Хто аддае, Як дар краіне, Жыццё дарэшты — маладым! Гілевіч.

5. Прымусіць або прапанаваць застацца дзе‑н., працягваць знаходзіцца ў якім‑н. месцы. Цяпер толькі зразумеў хлапчук, навошта яго пакінулі дома. Пальчэўскі. Тарас здаў дзяржаўныя экзамены на выдатна, яго пакінулі ў аспірантуры. Гурскі.

6. Захаваць у якім‑н. стане, не змяніць чыйго‑н. стану, становішча. Дворнік пакінуў браму адпёртаю і пайшоў спачываць пасля бяссоннай ночы. Гартны. Платон разгарнуў пакунак і так пакінуў. Чарнышэвіч.

7. Прызначыць кім‑н., у якасці каго‑н. Купрыянчыка пакінуў дзед Талаш за правадніка, каб паказаць дарогу вартавым чырвонаармейцам. Колас. Карла парашылі пакінуць тут за гаспадара. Маўр.

8. (ужываецца з адмоўем). Абмінуць, абысці, не крануць. [Максім:] — Ні хаты, ні кусціка, ні дрэўца не пакінула ў.. [сяле] вайна. Кудравец. Сілівону Лагуцьку было больш за семдзесят, але здавалася, што гады прайшлі пад ім, не пакінуўшы ні следу, ні знаку. Лынькоў.

9. з інф. Спыніць якое‑н. дзеянне, занятак. Пабліжэнне восені ўжо адчувалася ў прыродзе. Зніклі жаўранкі, пакінулі стракатаць конікі. Чарнышэвіч. Гадоў васемнаццаці.. [Лешак] пакінуў вучыцца і ўзяўся за гаспадарку. Брыль. [Леў Раманавіч:] — Пакінем пра гэта гаварыць. Усё ў свой час... Асіпенка.

10. Выклікаць што‑н. пасля сябе, паслужыць прычынай з’яўлення чаго‑н. Першая паездка па возеры пакінула непрыемнае ўражанне. Самусенка.

11. Не даць чаго‑н., пазбавіць чаго‑н. Пакінуць ліст без адказу. Пакінуць без абеду. □ [Зыгмусь:] — Ніяк няможна пакінуць нашу зямлю без вільгаці. В. Вольскі.

12. заг. пакі́нь(це). Ужываецца для выражэння нязгоды з чым‑н., патрабавання спыніць размову пра што‑н. [Мікола:] — Э, пакінь! Нашла каго ўгаворваць. Гэта ж яшчэ дзіця... Гартны. // Ужываецца для выражэння просьбы, патрабавання не чапаць каго‑, чаго‑н., не турбаваць каго‑н. — Пакінь кпіць, — перапыніў.. [Надзю] Вошкін і на хвілінку насупіўся. М. Ткачоў.

•••

Каменя на камені не пакінуць — а) ушчэнт разбурыць; б) бязлітасна раскрытыкаваць.

Пакінуць гэты свет — памерці.

Пакінуць з носам — абдурыць, падмануць каго‑н.

Пакінуць у дурнях — падмануць, паставіць у смешнае, няёмкае становішча каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

святы́, ‑ая, ‑ое.

1. Паводле рэлігійных вераванняў — надзелены абсалютнай дасканаласцю і чыстатой, боскай сілай. Святая тройца. Святая вада. □ — Схадзі, сірацінка, пакліч Сымона-кантычніка. Няхай над нябожчыкам святыя словы чытае. Бядуля. // Ужываецца як пастаянны эпітэт да слоў, якія абазначаюць прадметы і месцы рэлігійнага пакланення. Святая царква. □ Святая пасцель небасхіла Крывавай імглой заплывала, Пасад заручальны магілай Пуціна сляпая хавала. Купала. Вунь там, за какосавым гаем, руіны старажытнага храма. Месца лічыцца святым. Б. Стральцоў.

2. У хрысціянскім кульце — чалавек, які ўсё жыццё служыў богу ў царкве, а пасля смерці прызнаны нябесным заступнікам веруючых. Святы Ілля сядзеў задумна, Самотна тоячы аб разу. Гаўрусёў. / у знач. наз. святы́, ‑ога, м.; свята́я, ‑ой, ж. З палотнішчаў старых абразоў на яго глянулі строгія, хоць і выцвіўшыя, твары святых. Колас. Там [у Вільні] ёсць каму кланяцца, гнуць спіну, ёсць перад кім поўзаць на каленях і ў сваёй слепаце ліць слязу за слязою перад абразамі святых, якім і ліку няма. Пестрак. / у іран. ужыв. Пелагея.. з крыкам кінулася да.. [Маеўскага і Тацяны]: — Што? Што вы седзіцё тут, як святыя? А там кароўку павялі... Шамякін.

3. перан. Высокай маралі, бездакорны ў сваім жыцці, паводзінах. Ты спяшала туды, Маладая, святая. І пасоўваўся бераг насустрач табе. Чэрня. // Не вінаваты перад кім‑н. у чым‑н.; бязгрэшны. [Галіна:] — От бачыш, і я саграшыла перад табою, і я не святая, як думала сама сабе. Скрыган.

4. Высакародны, чысты, узвышаны. Я перадам святую праўду века, Што ў промнях сонца, з дыму і крыві Да новых зор узнёсла чалавека Для шчасця і вялікае любві! Грахоўскі. І зведаў пераможаны Берлін Святы наш гнеў, святую нашу літасць; Не толькі помсціць за сяброў забітых — Жывых сяброў мы ратаваць ішлі. Жычка. // Высокі, пачэсны. Святы абавязак. □ Гэта дзіця загінуўшай маці; яе [Тацяны] святы доўг захаваць і вырасціць яго... Шамякін. // Шчыры, сапраўдны. Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў. Глебка.

5. Паважаны, дарагі, любімы. Ты [Мінск] — наша сталасць, Нашае юнацтва І наш святы двухкаляровы сцяг. Прыходзька. Сню цябе, Беларусь, па начах, Адзіную ў свеце, святую. Астрэйка. / у знач. наз. святы́, ‑ога, м. І ўсё, што ў нас святога ёсць — Радзіма, воля, слава, чэсць, — Мы пранясём праз гром, агонь, Варожых сіл раскрышым бронь. Колас. Здрадзіць [дадзенаму слову] для.. [Ніны] — значыць адрачыся ад усяго святога. «Маладосць».

6. перан. Якім даражаць, якога шануюць. Часу не хапала, ён [Лоўгач] затрымліваўся позна, рэдка прыходзіў абедаць, і толькі ранішнім гадзіны былі для яго святыя. Савіцкі. Даўно мінулі дні атак. На ўзбярэжжы Нёмна Стаіць падбіты грозны танк — Святы суровы помнік. Панчанка. З братамі дзяліліся хлебам, Што вырас у стэпах данецкіх Пад зорным, апаленым небам, Святым нашым хлебам савецкім. Танк.

7. Непахісны, непарушны. Наш святы жыцця закон Мы ў кнігу дружбы запісалі. Колас.

•••

Святы айцец гл. айцец.

Скокі святога Віта гл. скокі.

Адправіцца да святых на чай (чай піць) гл. адправіцца.

Бог святы ведае гл. бог.

На святыя ніколі — ніколі, аніколі.

Не святыя гаршкі лепяць — кожнаму пад сілу, усякі чалавек гэта можа зрабіць.

Святая прастата — пра наіўнага, прастадушнага, няхітрага чалавека. Тады малады дзесятнік пачаў заляцацца. Нічога ж пра яе не ведае, шчабеча ўвесь вечар — святая прастата. Мыслівец.

Святая праўда (ісціна) — бясспрэчная, безумоўная праўда, ісціна. Усё, што гаворыць Антон сваім слухачам, беларускім сялянам, ацэньваецца імі як святая праўда. Ларчанка.

Святая святых — а) пра што‑н. тайнае, недаступнае. [Штрыпке:] — Тонкасці гэтай справы, святая святых яе, для мяне недаступны. Лынькоў; б) пра што‑н. самае дарагое, запаветнае. [Прэзідэнт:] Мне шчыра шкада.. [Андрэя], але стрэлам у судзе злачынца зрабіў замах на святая святых нашай дзяржавы, на яе фундамент, на закон. Кучар.

Святы дух гл. дух.

Святым духам гл. дух.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прайсці́, прайду, пройдзеш, пройдзе; пр. прайшоў, ‑шла, ‑ло; заг. прайдзі; зак.

1. Ступаючы, перамясціцца. Праз гэты двор прайсці прыемна: тут відзён клопат, ёсць і план. Колас. Вырашылі даехаць да праспекта і прайсці пехатою. Шыцік. // што. Хадзьбой пераадолець якую‑н. адлегласць. — Засталося прайсці не больш як кіламетры два. Анісаў. Старанна абмацваючы шлях разведкай, [салдаты] прайшлі яшчэ кіламетраў 20. Брыль. Нямала ёсць дарог. Я кожную прайсці Як найхутчэй імкнуся. Танк. // у перан. ужыв. Не доўгі век маіх герояў, Але калі зірнуць назад, То ён падзеямі багат, Не лёгкі шлях прайшлі абое. Колас. // Перамясціцца ў якім‑н. напрамку пехатою з мэтай трапіць куды‑н. Заранік разгублена і крыху спалохана глянуў у глыбіню залы, правёў рукой па непакорных валасах і, утуліўшы галаву ў плечы, прайшоў за стол прэзідыума. Хадкевіч. // што і без дап. Пратанцаваць. Прайсці адзін тур вальса. □ Эх, чаму б з дзяўчынай тою, Што з касою залатою, Не прайсці па крузе мне! Ляпёшкін. // Перамясціцца па якім‑н. шляху (пра які‑н. від транспарту). Цераз мост прайшоў грузавік. Шамякін. На рассвітанні.. [Крамарэвіч] бачыў, як прайшло палявой дарогай многа нямецкіх танкаў. Чорны. // Распаўсюдзіцца (пра чуткі, весткі і пад.). Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры. Колас. // Прабегчы, пракаціцца (пра шум, крык і пад.). Па зале, як лёгкі павёў ветрыку, прайшоў смяшок. Сабаленка. // перан. Успомніцца, пранесціся перад вачыма. Як часта бывае ў такіх выпадках, перад.. [дзяўчынай] прайшло ўсё яе жыццё. Маўр. // перан. З’явіцца і хутка знікнуць (пра ўсмешку, мімічны рух і пад.). Па твары ў Ганны прайшла вельмі рухавая рыса і знікла. Чорны.

2. што і без дап. Прамінуць каго‑, што‑н. (не затрымліваючыся або празяваўшы). Прайсці паваротку дарогі. □ Хіба ж можна прайсці міма, каб у прыскрынак не зірнуць. Колас. Нічыпар прайшоў міма, так і не адважыўшыся прызнацца, хто ён такі. Асіпенка. // што. Перамяшчаючыся куды‑н., пакінуць за сабой каго‑, што‑н. Ішоў [Ілья] хутка. Стараўся да ночы прайсці хвойнік, дзялянкі, бо далей поле, — смялей... Галавач.

3. Выпасці (пра ападкі). Раніцай прайшоў спорны дождж, і дрэвы абапал дарогі яшчэ не абсохлі. Ваданосаў.

4. Пралезці, прасунуцца праз што‑н. Сухі корань прарваў шынель і прайшоў навылёт. Чорны. // Прасачыцца, выступіць (пра вадкасць). Гімнасцёрку можна было б вывернуць, але гэта нічога не дасць: фарба прайшла наскрозь. С. Александровіч. // што. Рухаючыся наперад, апрацаваць, зрабіць. Я мог араць поле, калоць дровы, прайсці добры пракос, нават мог жаць, малаціць цэпам, але работа ў рэдакцыі мяне палохала і бянтэжыла. Сабаленка. // што. Спец. Рухаючыся ў якім‑н. напрамку ў тоўшчы чаго‑н., прабіць (шлях) або вырубіць, распрацаваць (участак якой‑н. пароды). Прайсці вугальны пласт.

5. Пралегчы, працягнуцца ў якім‑н. напрамку (пра дарогу, тунель і пад.). Чыгунка, што перасякае галоўную вуліцу, мусіць, пройдзе пад ёй або пераступіць цераз яе па віядуку. Карпаў.

6. Аказацца прынятым, залічаным у выніку галасавання, адбору і пад. Прайсці па конкурсу.

7. што або праз што. Падвергнуцца чаму‑н., вынесці што‑н. Краіна мая! Ты прайшла праз агонь, Праз буры, Руіны І росквіт... Глебка. // Перажыць, зведаць, перанесці (які‑н. стан, стадыю). Прайсці загартоўку. □ Паводле дакладных звестак, — Марс старэйшы за нашу планету. Таму ён даўно павінен быў прайсці гэтую фазу развіцця. Шыцік. // Падвергнуцца (разгляду, рэгістрацыі, кантролю і пад.). Паўгода вучыліся дзяўчаты, затым прайшлі самы строгі экзамен. «Звязда».

8. што. Пазнаёміцца з чым‑н., вывучыць што‑н. Першакласнікі прайшлі буквар у першым паўгоддзі. □ [Вучні] паспелі прайсці толькі палову курса. Брыль.

9. што. Выканаць, завяршыць які‑н. курс, тэрмін (вучобы, лячэння і пад.). — Ты ж, як той казаў, чалавек вучоны, рабфак прайшоў. Сабаленка. Практыку прыехалі прайсці Два студэнты, два хлапца з В’етнама. Аўрамчык.

10. Адбыцца, закончыцца з якім‑н. вынікам. Спектакль прайшоў з вялікім поспехам. □ Уборка сена прайшла неўзаметку — і ў гаспадароў, і ў калгаснікаў. Чорны.

11. Мінуць, адысці ў мінулае (пра час, падзеі і пад.). Прайшлі бурлівыя гады, Уціхла бура-навальніца, І ніва жытам маладым Пад вольным ветрам каласіцца. Крапіва. Дажджлівая, шэрая ноч прайшла без трывогі. Брыль. Дзяцінства.. [Андрэя] і першая маладосць прайшлі бесклапотна ў багатых бацькоў. Чорны. // Знікнуць, прапасці. Мацей падняўся, і пакуль улазіў рукамі ў цёплы кажушок і ногі шукалі каля ложка валёнкі, сон прайшоў. М. Стральцоў. // Разм. Перастаць балець. Галава прайшла. / у безас. ужыв. — Калі не ломіць у нагах, можа і пройдзе, не зляжаце... Пташнікаў.

•••

Мароз па скуры (па спіне) прайшоў гл. мароз.

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы — шмат зведаць у жыцці; з поспехам пераадолець цяжкасці.

Прайсці з аншлагам — прайсці з вялікім поспехам (пра спектакль).

Прайсці праз рукі каго, чые — быць некаторы час у распараджэнні, у рабоце і інш. у каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чорт, ‑а, М ‑рце, м.

1. Паводле забабонных уяўленняў — злы дух, які мае выгляд істоты, пакрытай чорнай поўсцю, з рагамі, капытамі і хвастом; д’ябал. Хто супроць нас? Прэч з дарогі! Бачыш нашу грамаду? Мы [камсамольцы] саб’ём і чорту рогі, Богу вырвем бараду. Крапіва. Хацеў чорт балота запаліць, але гарэць не хоча. Прыказка.

2. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — Стойце, чэрці! — зноў крыкнулі салдаты. Маўр. [Афіцэр] гнеўна крыкнуў старому: — Ты, стары чорт... Табе хлеб даю, што ты робіш? Лынькоў. [Камандзір:] — А ты [Рома], чорт, не зяваў бы на сонцы, а сеў ды чытаў. Брыль. // Разм. Ужываецца як пабочнае слова і ў значэнні выклічніка для выражэння прыкрасці, незадаволенасці, раззлаванасці. [Апанас:] — От чорт! Акурат такі самы, як Параска. Чарнышэвіч. [Боткін:] — Прыязджаю — пляменнікі скігочуць... От чорт! Ламі цяпер галаву, як вярнуць.. [цётку] з дарогі. М. Ткачоў.

3. перан. Разм. Пра каго‑н. вельмі спрытнага, смелага, дужага і пад. Прыборны засмяяўся. — Вось чэрці, гэтыя жаўноўцы. Хвіліны супакою фрыцам не даюць. Шамякін. Васіль Гайдук, цябе мы, чорт, усе, Гарачы палкавы наш агітатар, Прамоў і песень баявых аматар, Любілі ў прыфрантавой паласе. Панчанка.

•••

Аддаць (прадаць) чорту душу гл. аддаць.

Адзін чорт — тое, што і адна трасца (гл. трасца).

Да чорта — пра вялікую колькасць, мноства каго‑, чаго‑н.

Куды яго чэрці ўхапілі — куды ён дзеўся, знік.

К чорту — а) на кавалкі, ушчэнт. А потым, брат, калі рвануўся, — Усё к чорту — вуда і кручок, Пайшоў гуляць мой шчупачок! Колас; б) прэч, вон; выражае злосць на каго‑, што‑н., жаданне пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н. К чорту касцёлы, капліцы, Цэрквы, званіцы, званы! Досыць працоўным маліцца Рэчам папоўскай маны. Крапіва.

К чорту на рогі — вельмі далёка, у глухія мясціны (ехаць, адпраўляцца і пад.).

К чорту ў зубы — у небяспечнае месца, на рызыкоўную справу (ісці, лезці, трапіць і пад.).

На чорта (груб.) — навошта, дзеля чаго?

Ні богу свечка ні чорту качарга гл. свечка.

Ні к чорту (не варты) — ні на што не прыгодны.

Ніякага чорта — нічога.

(Сам) чорт галаву (нагу) зломіць — аб вялікім беспарадку дзе‑н.; пра непраходнае месца, дарогу.

Сам чорт не брат каму — пра таго, хто нічога не баіцца, ні ад кога не залежыць, якому ўсё лёгка, даступна.

Скруціць чорту рогі гл. скруціць.

Чарцям млосна (будзе, стане) гл. млосна.

Чорта лысага — абазначае поўнае адмаўленне чаго‑н. — Кінь званіць! — у абурэнні крыкнуў .. [Петрусю] а. Ціт і ціха дадаў: — Ні чорта лысага не вызваніш там. Колас.

Чортам падшыты гл. падшыты.

Чортам свістаць гл. свістаць.

Чорт ведае (хто, што, які, куды, дзе і пад.) — невядома (хто, што, які, куды, дзе і пад.).

Чорт ведае што! — а) нешта неймавернае, такое, што цяжка ўявіць; б) усё, што хочаш.

Чорт (кадук, ліха, пярун, халера) з ім (з табой, з ёй, з вамі, з імі) — хай, няхай будзе так.

Чорт лазаты — пра таго, хто з’яўляецца ўвасабленнем зла, несправядлівасці. Ён [Богут] там здохне, чорт лазаты, І захлынуцца ўсе паны. Колас.

Чорт не бярэ (не возьме) — нічога не здараецца (не здарыцца), не шкодзіць (не пашкодзіць).

Чорт падаткнуў — аб якім‑н. дзеянні, якое робіцца без патрэбы, невядома для чаго.

Чорт пацягнуў каго за язык — навошта было гаварыць што‑н. (як шкадаванне з прычыны сказанага недарэчы, не па сутнасці).

Чорт прынёс (паднёс, прыгнаў) каго — пра таго, хто прыйшоў, з’явіўся не ў пару, недарэчы, не тады, калі трэба.

Чорт сеў (уссеў) на каго — пачаць нервавацца, раптоўна праявіць раздражненне, злосць.

Чорт сядзіць у кім — пра злоснага, свавольнага чалавека з дрэнным характарам.

Чорту лысаму — некаму, невядома каму (аддаць, пакінуць і пад.).

Чорт што — а) нешта недарэчнае, незразумелае, што выклікае злосць, раздражненне. — Чорт што, — раптам вырвалася ў .. [Мароза], і ён хапіўся за кішэні. — Ты [Шэмет] разумееш? Вот ключ не магу знайсці. Лобан; б) вельмі многа. [Базылькевіч:] — То вы ж, пане Бірыла, чорт што збожжа прадалі! Чорны.

Чорт яго бяры — добра, няхай будзе так; згода.

Чорт яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).

Чэрці носяць каго — аб тым, хто ходзіць невядома дзе, невядома нашто.

Што за чорт! — як выражэнне здзіўлення, незадаволенасці.

Якога чорта — выражэнне негатыўных адносін да каго‑н., зласлівасці, незадавальнення.

Як чорт ад ладану — усімі сіламі, любымі сродкамі, імкнучыся пазбавіцца (бегчы, адмахвацца і пад.) ад каго‑, чаго‑н.

Як чорт крыжа (ладану) — вельмі, надта моцна (баяцца каго‑, чаго‑н.).

Як чорт пад крыжам — вельмі моцна (дрыжаць, калаціцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)