леў 1, льва (ільва), м.

1. Буйны драпежнік сямейства кашэчых з кароткай жаўтаватай поўсцю і пышнай грывай у самцоў. Дзесьці забрахала гіена, і здалёку пачуўся рык ільва. Маўр.

2. перан. Той (тое), хто (што) вызначаецца магутнай сілай, смеласцю, адвагай і пад. Не коні, а львы.

•••

Марскі леў — марская жывёліна сямейства вушатых цюленяў.

леў 2, лёва, м.

Грашовая адзінка Народнай Рэспублікі Балгарыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпільнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.

Падсцерагаючы, дачакацца з’яўлення каго‑, чаго‑н. Неяк цёмнай ноччу камсамольцы падпільнавалі на вуліцы двух нямецкіх патрулёў і знішчылі. Пятніцкі. — Не! — крыкнуў Віктар. — Хоць сам загіну, а падпільную, як .. [бабры] будуць валіць гэтае дрэва! Маўр. // Дачакацца зручнага моманту, каб ажыццявіць што‑н. [Міхаліна:] Роза Абрамаўна падпільнавала, калі я была адна, у баку ад людзей, падбегла са спалоханымі вачыма. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Выказаць або займець якое‑н. жаданне; захацець. [Манг] быў вольны, ён мог адлучацца, калі захоча, ехаць, куды пажадае! Маўр. [Міхась:] — Чалавек можа дабіцца вельмі многага. Варта яму толькі моцна пажадаць... Краўчанка.

2. чаго, каму і без дап. Выказаць пажаданне. [Стары] урачыста пажадаў сыну з нявесткай добрага здароўя. Брыль. На развітанне жанчына ад душы пажадала: — Спакойнай ночы! Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нізі́на, ‑ы, ж.

1. Нізкае месца. Цяпер пайшла ўжо нізіна; пад нагамі чвякала і пырскала вада. Маўр. Я бачу, як адным сваім краем сяло ўдаецца ў жыты. Другі канец яго ападае ў нізіну. Скрыган.

2. Раўніна, якая знаходзіцца не вышэй 200 м над узроўнем мора. Дождж грымеў над неабсяжнымі прасторамі дрыгвяной калхідскай нізіны. Самуйлёнак. Палеская нізіна — рэзервуар вільгаці для ўсёй Беларусі. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насме́рць, прысл.

1. Так, што падыходзіць смерць; да смерці. Раніць насмерць. Забіць насмерць. □ Урэшце [мужчыны] знайшлі некалькі выступаў і палезлі ўверх, рызыкуючы кожны момант паляцець уніз і разбіцца насмерць. Маўр. // Не шкадуючы жыцця, да канца. Біцца насмерць. □ Атака ішла за атакай. Але абаронцы горада стаялі насмерць. «Звязда».

2. перан. Разм. Вельмі моцна. Перапалоханыя насмерць бандыты, страціўшы свайго атамана, пакідаліся на падлогу. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смяртэ́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і смяротны. Смяртэльная небяспека. Смяртэльная агонія. Смяртэльная стома. □ Хоць і страшэнныя былі гэтыя раны, але для такой вялізнай таўстаскурай жывёліны [насарога] яны не былі яшчэ смяртэльныя, бо не папсавалі ўнутраных органаў. Маўр. Смяртэльная пагроза, што навісла над бацькаўшчынай, памнажала дужасць кожнага савецкага чалавека і яго імкненне адстаяць сваю краіну ад чужаземнай навалы. Кудраўцаў.

•••

Смяртэльны грэх гл. грэх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвёрдасць, ‑і, ж.

1. Спец. Супраціўленне цвёрдага цела змяненню формы або парушэнню цэласнасці яго паверхневага слон.

2. Уласцівасць і якасць цвёрдага (у 2–8 знач.). Цвёрдасць алоўка. Цвёрдасць характару. □ — Якія вострыя пачуцці можна перажыць, калі ведаеш, што ад цвёрдасці тваёй рукі і вернасці вока залежыць жыццё чалавека. Маўр. Але ж трэба і характар паказаць, і выявіць станоўчасць і цвёрдасць сваю. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калідо́р, ‑а, м.

Праход, які злучае асобныя часткі кватэры, будынка. Калідор гасцініцы. Калідор інтэрната. □ Павялі [салдаты Міколку з дзедам] з пакоя ўсё тымі ж доўгімі змрочнымі калідорамі. Лынькоў. З аднаго пакоя ў другі цераз калідор.. прабегла маленькая старая жанчына з прасам у руках. Арабей. // Вузкі доўгі праход, прастора, абмежаваная з абодвух бакоў. Наверсе свішча вецер,.. але тут, у гэтым калідоры між стромкіх скал, яшчэ больш-менш ціха. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

купча́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З пышнай густой кронай (пра дрэвы). Сасна расце на сухім грудку ля чыгуначнага пераезда. Купчастая, разгалістая, яна мала падобна да гонкіх сваіх сясцёр дзе-небудзь у бары. Навуменка. Садоўнік, відаць, падстрыгаў дрэвы для хараства, каб яны раслі не гонкія, а купчастыя. Пальчэўскі.

2. Пакрыты купінамі; куп’істы. Калі Віктар выбраўся на купчастую балоцістую палянку, дык убачыў, што Мірон схіліўся над журавінамі. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гру́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. груз і грузнуў, ‑ла; незак.

Апускацца ў што‑н. топкае, грузкае; вязнуць. Ногі ў гліне грузнуць і коўзаюцца па зямлі. Галавач. Некаторыя [бежанцы] завярнулі проста на поле і грузлі ў вясеннім балоце. Маўр. // перан. Знаходзіцца ва ўладзе чаго‑н. — Ты страціў не ўсё, — адказаў Тэафіл. — Але каб ты надалей грузнуў у клопат ах аб мізэрным жываце, ты страціў бы ўсё, Міха! Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)