уну́к, ‑а, м.

1. Сын дачкі або сына. Вестка — унук нарадзіўся — прыйшла. От жа сэрца і рвецца: Як там? Што там у іх? Каб магла, Паляцела б, здаецца... Гілевіч.

2. толькі мн. (уну́кі, ‑аў). Нашчадкі. Хто высаджваў ля бруку Сотні дрэўцаў густых? — Мы, Мічурына ўнукі, Тут вырошчваем іх. Нядзведскі. — Трэба, .. каб гэтую казку [пра прыгажуню-Алёну] заўсёды памяталі нашы дзеці і ўнукі, каб яны мацней любілі і бераглі тое, што ёсць у іх, — нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што і без дап.

1. Зашываць дзірку ў якой‑н. тканіне, вырабе, не сцягваючы краі ў рубец, а пераплятаючы ніткі тым або іншым спосабам. [Маці] падняла Алесевы шкарпэткі з падлогі і .. пачала іх цыраваць. Броўка. Колькі год рукі зналі адно: Жалі, есці варылі, Бульбу чысцілі, ткалі радно, Цыравалі ды шылі. Гілевіч. / у перан. ужыв. У смутку Марыля штоноч цыравала Нядоляй працёртыя дні. А. Александровіч.

2. Рамантаваць сетку (у 1 знач.), звязваючы разарваныя канцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэх, ‑а, м.

1. Уст. У сярэднія вякі ў Заходняй Еўропе — гарадская арганізацыя рамеснікаў адной прафесіі. Да нашых часоў дайшлі статуты цэхаў металістаў, краўцоў, шаўцоў, муляраў. «Полымя».

2. Асноўнае вытворчае падраздзяленне прамысловага прадпрыемства. Друкарскі цэх. Кацельны цэх. □ На заводзе закрылі ўсе цэхі, дзе вырабляліся электрапрыборы для ўжытку. Шамякін. Павіншавалі мы яго І па-ранейшаму, папросту. Калегі цэха аднаго, Дзялілі радасць, боль і роздум. Гілевіч. // Памяшканне, дзе размяшчаецца такое падраздзяленне. Для ўліку расходу электраэнергіі ў цэхах устаноўлены лічыльнікі. «Звязда».

[Ням. Zeche.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яскра́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Выразны, ясны; яркі. Выйду, выйду, дзе горада грукат, дзе афішы ў фарбах яскравых. Дубоўка. Шчодра ліло цяпло яскравае красавіцкае сонца. Шамякін. Лагодны летні дзень сеяў сонечныя, яскравыя зярняты на поле і лес. Бядуля.

2. перан. Пераканаўчы; яркі. Сам зборнік «Дзень паэзіі» ёсць дастаткова яскравае сведчанне таго, што нашы паэты жывуць вельмі разнастайным і ў той жа час багатым і змястоўным жыццём. Гілевіч. Яскравым прыкладам бурнага росквіту эканомікі і культуры з’яўляецца наша рэспубліка. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́ранка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм.

1. Запраўленая паранай бульбай ці мукой і завараная кіпнем сечка або мякіна на корм жывёле. [Гаспадар:] — Трэба карове паранкі ў апошні раз зрабіць,.. дык я мякіну бяру... Галавач. Гарэла газнічка, трашчаў за печчу цвыркун, пахла паранкаю і падгарэлаю бульбай. Грахоўскі.

2. Параная бульба ў лушпінах. Бацька мой служыў калісьці У пана за парабка. Век галодны, рад быў лыжцы Саладухі з паранкай. Гілевіч. Увайшлі [Галя і Васіль] у цёмныя сенцы — запахла бульбай-паранкай, нечым кіслым, але прыемным. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запа́л 1, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Прыстасаванне і сродак для запальвання выбуховага рэчыва. [Коля] узяў гранаты, хутка ўставіў запалы і папоўз. Мележ.

2. ‑у. Гарачнасць, парыў. Ці росцім сад мы на пясках пустыні, Ці ў стэп асмужаны вядзём канал — Ніколі ў сэрцах маладых не стыне Свяшчэнны той кастрычніцкі запал. Гілевіч. Баявы настрой, што панаваў у пачатку сходу, хутка апаў, загаварылі пра дробязі, і то без запалу, абы не маўчаць. Хадкевіч.

запа́л 2, ‑у, м.

Пашкоджанне раслін ад засухі, сухавею.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засто́лле, ‑я, н.

1. Разм. Месца за сталом, вакол стала. Чачык кіўнуў ад парога ў знак прывітання, накіраваўся да застолля і сеў на другі край лавы, на якой сядзеў і Нетра. Пташнікаў. Гаспадыня падняла на ногі ўсіх сваіх кватарантаў. Людзей набралася поўнае застолле. Гаўрылкін. // Усе тыя, хто сядзіць за сталом. Агрыпіна, седзячы побач з Малашкіным, адчувала настроі свайго застолля. Пестрак. Гамоніць застолле, Мацнее гаворка. Гілевіч.

2. Святочнае частаванне, бяседа. Застолле было не вельмі раскошнае, але шчырае, па-сапраўднаму вясёлае. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазва́ць, ‑заву, ‑завеш, ‑заве; ‑завём, ‑завяце; зак., каго.

Словамі, жэстамі папрасіць, прымусіць падысці, адазвацца; паклікаць. — Пазаві сюды хлопцаў! — сказаў Нічыпар свайму напарніку. Кулакоўскі. — Галаска, цюцік! На, цю, на! На, цю, на! — пазваў я.. [сабаку]. Колас. // і без дап. Звярнуць на сябе чыю‑н. увагу. — Панічыку! — пазвала бабка, толькі што ўвайшоўшы на парог пакойчыка. Мусіць вы, панічок, нядобрае пісьмо атрымалі? Колас. // перан. Заклікаць да чаго‑н. Ды, на шчасце, быў я аднагодак Тых, каго пазваў пярэдні край. Гілевіч. // Запрасіць куды‑н. Пазваць у кіно. Пазваць на вячэру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імпэ́т, ‑у, М ‑пэце, м.

1. Разгон, парывістасць, імклівасць. [Калёсы] коцяцца самі пасля вялікага разгону, і імпэт іх слабее з кожнай хвіляй. Бядуля. — Зірні на ручайкі — з якім імпэтам Яны свідруюць снег, туманах сточаны! Гілевіч. // Гарачы парыў, запал. Працоўны імпэт. □ [Таможнік і жандар] завіхаліся сярод багажу з такой рашучасцю, з такім імпэтам, што нам аж шкада стала: трэба ж нарабіць такога клопату людзям. Лынькоў.

2. Абл. Пах, дух. Калі дзьмуў вецер з поўначы, тут заўсёды пахла смалою, ішоў здаровы лясны імпэт. Чорны. Па хаце расплыўся цяжкі ўдушлівы імпэт атрутлівага самасею. Гартны.

[Ад лац. impetus — парыў, разбег, напор.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гро́зны, ‑ая, ‑ае; ‑зен, ‑зна.

1. Суровы, жорсткі ў абыходжанні з другімі. Грозны начальнік. □ Ля турэмнай брамы Грозны вартаўнік. Бядуля. Раптам з’явіўся грозны камандзір. — Што гэта? Хто вам дазволіў? Ніякіх сабак у лагеры! Няхай.

2. Які тоіць у сабе пагрозу; небяспечны, страшны. Грозная зброя. □ Фронт бліжэй і бліжэй, Грозны грукат плыве па барах. Панчанка. За грозным валам Коціць грозны вал, І пырскі — Вышай узбярэжных скал. Гілевіч.

3. Які выражае пагрозу. Грозны пагляд. Грозны голас. □ Пачуліся грозныя выкрыкі стражнікаў: «Шырэй дарогу! Шырэй! Убок! Убок!» Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)