западо́зрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
1. у чым. Пачаць падазраваць, лічыць вінаватым у чым‑н. На твары матроса было столькі ветлівасці і гасціннасці, што яго ніяк нельга было западозрыць у благім. Асіпенка. Вучні разышліся па класе, і Лемяшэвіч, каб яго не ўбачылі і — чаго добрага! — не западозрылі ў падслухоўванні, паспяшаўся выйсці з калідора. Шамякін.
2. таксама са злучн. «што». Пачаць здагадвацца аб чым‑н. Малы парабчук, які ў гэты час быў у доме, неўзабаве западозрыў, што нешта тут адбылося, і.. сказаў людзям. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здра́да, ‑ы, М ‑дзе, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. здраджваць — здрадзіць (у 1 знач.); вераломства. А калі б я парушыў прысягу, Гнеў сяброў хай мяне не міне, Хай ад рук партызанаў я лягу, Пакарайце за здраду мяне. Астрэйка.
2. Дзеянне паводле дзеясл. здраджваць — здрадзіць (у 2 знач.). Здрада ідэалам. □ Як самае нікчэмнае падзенне, народная мудрасць асуджае здраду звычаям свайго народа. Шкраба. // Парушэнне сямейнай вернасці, вернасці ў каханні. Урэшце рэшт скончылася тым, што дзяўчына знайшла больш уважлівага хлопца і вышла замуж. Андрэй балюча перажываў здраду. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зя́па, ‑ы, ж.
Разм. Рот звера, рыбы; пашча. [Мядзведзь] толькі шчэрыў чорную зяпу ды круціў тоўстым хібам. Даніленка. Аўчарка набліжалася.., ужо стала відаць яе разяўленая зяпа з высунутым языком. Быкаў. // Груб. Рот чалавека. — Мы гарантуем табе жыццё. Звяжам, заткнём зяпу і ціха паедзем да сваіх. Шамякін. // перан.; якая або чаго. Пра шырока адкрытае паглыбленне ў чым‑н. Чыгунка выгіналася дугой і гублялася ў чорнай зяпе тунеля. Ставер. Хлопчык.. туліўся да бацькі, калі яны заходзілі ў качагарку, дзе замурзаныя ў сажу людзі падкідалі дровы ў вогненную зяпу. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лепята́ць, лепячу, ляпечаш, ляпеча; заг. лепячы; незак., што, аб чым і без дап.
1. Гаварыць невыразна, нязвязна (пра мову дзяцей). — Дзед ... бух-бух... ва-ва, — заклапочаны нечым, лепятаў малы і цягнуў маці ў зямлянку-шпіталь. Шамякін. // Гаварыць невыразна; мармытаць. Стась Вілюевіч дагнаў дзяўчыну пры ўваходзе і пачаў лепятаць аб каханні. Грамовіч. // Весці лёгкую несур’ёзную размову; балбатаць. Жэня лепятала з нейкім унутраным задавальненнем, быццам дзіця, якое расказвала маці пра свае прыгоды. Сіўцоў.
2. перан. Утвараць ціхі шум, шолах і пад. Асінавы кусток тросся і лепятаў. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
любава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; заг. любуйся; незак., кім-чым і на каго-што.
Разглядваць каго‑, што‑н. з захапленнем, задавальненнем. Маша часта ў апошні час любавалася .. [Алесяй] і думала: «Якая яна раптам стала прыгожая!». Шамякін. Мы часта любуемся Месяцам, падоўгу ў ясныя ночы назіраем за ім. Гамолка. // Адчуваць задавальненне, захапленне, наглядаючы чыю‑н. дзейнасць, учынкі. І каб толькі не ворагі — жыць бы нам ды пажываць, на працу сваю любавацца. Лынькоў. Я захапляўся спрытнымі людзьмі, якія баранілі слабых, любаваўся мужчынскай сілай, адвагай і сумленнасцю людзей прэрый. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зваро́т, ‑у, М ‑роце, м.
1. Вяртанне адкуль‑н. назад, на ранейшае месца. Зварот на радзіму. □ Я толькі магу адно сказаць, што па звароце ў Мінск.. — мае самыя лепшыя думкі будуць аб пралетарскім чырвоным Полацку. Купала.
2. Просьба, заклік, выступленне, звернутыя, накіраваныя да каго‑, чаго‑н. Зварот партыі да народа. □ У кішэні ў .. [Бінке] ляжала лістоўка са зваротам рускага камандавання да нямецкіх салдат. Шамякін.
3. Група слоў, якія ўтвараюць пэўнае адзінства; слоўны выраз. І калі ўдаецца .. [ксяндзу Пацяйкоўскаму] які-небудзь надзвычай трапны сказ, зварот, ён паўтарае яго ўголас. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звяры́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да звера (у 1 знач.). Звярыныя сляды. Звярыны рык. □ А воўк, як бы насміхаецца з мяне, стаіць, пазірае, зачароўвае мяне сваім звярыным поглядам. Колас. // Такі, як у звера, уласцівы зверу. Твар яго быў жудасны: скрыўлены, зубы сціснутыя, у вачах — нейкія звярыныя іскры. Шамякін.
2. перан. Жорсткі, бязлітасны. Звярыная сутнасць фашызму. □ — Я добра ведаю, што да той пары, пакуль ты вырасцеш, не будзе на свеце звярынай улады багатых і ты шчасліва і спакойна пражывеш свой век. Самуйлёнак. // Надзвычай моцны. Звярыны страх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
матэрыя́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да матэрыі (у 1, 2 знач.); рэчыўны, рэальны. Матэрыяльны свет.
2. Які мае адносіны да матэрыялу (у 1 знач.). [Вагуцкі] зайшоў на матэрыяльны склад. Ля стэлажоў корпаўся Чычын. Лынькоў.
3. Звязаны з валоданнем маёмасцю, сродкамі для існавання, даходамі, грашамі. Матэрыяльнае становішча. Матэрыяльная дапамога. □ Чалавек адмаўляецца ад павышэння, ад значна большага заробку і іншых матэрыяльных выгод, ад пераезду ў горад, каб працаваць у далёкім раёне, у гушчы народа, — што ж можна сказаць пра яго, акрамя пахвалы? Шамякін.
•••
Матэрыяльная забяспечанасць гл. забяспечанасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́ткі, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны беспамылкова пападаць у цэль. Сярод дваровай чэлядзі быў зухаваты хлапец Максім, майстра на ўсе рукі, надзвычай меткі стралок. Машара. // Дакладна накіраваны ў цэль. Меткі выстрал. Меткі ўдар. □ Група маладых партызан.. навучалася меткай стральбе з вінтовак і аўтаматаў. Шамякін. // Якім без промаху пападаюць у цэль. Меткая вінтоўка. □ Не было таго дня і ночы, каб пад адкос не ляцелі воінскія эшалоны ворага, каб не знішчаліся забітыя меткай партызанскай куляй нямецкія захопнікі. «Беларусь».
2. перан. Тое, што і трапны (у 2 знач.). Меткі фельетон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дво́рнік, ‑а, м.
1. Работнік, які падтрымлівае чысціню і парадак на двары і на вуліцы каля дома. На тратуары з саўком і мятлою завіхаўся запознены дворнік. Карпаў. А калі Дзіма ішоў са школы, — на вуліцах высіліся цэлыя гурбы, і барадатыя дворнікі ў аўчынных кажухах і валёнках шырокімі драўлянымі лапатамі рассоўвалі іх з сярэдзіны вуліцы да рышткоў. Якімовіч.
2. Разм. Прыстасаванне ў выглядзе стрэлкі, якое служыць для ачышчэння ветравога шкла аўтамашыны ад снегу, вільгаці, пылу. [Снег] залепліваў ветравое шкло машыны. Старанна матляліся «дворнікі», зграбаючы снег. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)