празвіне́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

1. Утварыць звонкі, высокі гук. Ужо празвінеў першы званок, а Павел усё яшчэ не з’яўляўся. Шахавец. // Пачуцца, прагучаць (пра звонкі гук, голас). Танклявы галасок маленькай Верачкі празвінеў за сталом так нечакана, што ўсе сціхлі і павярнуліся да яе. Каршукоў.

2. перан. Стаць вядомым. [Аксіння:] — Глінчыха вунь, Наталька Чарнавус ды другія некаторыя гэтым летам на ўвесь раён празвіняць. Кулакоўскі. [Баяніст:] Наш ансамбль будуць запісваць для радыё. І пра цябе [Гэлю] запішуць. На ўвесь свет празвініш! Губарэвіч.

3. Звінець некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праклясці́, ‑кляну, ‑клянеш, ‑кляне; ‑клянём, ‑кленяце; пр. пракляў, ‑кляла, ‑ло; заг. пракляні; зак., каго-што.

1. Падвергнуць праклёну. Крымянец больш не бачыць той цёмнай жанчыны, якая некалі пракляла яго і пракляцце якой як бы здзейснілася. Кучар. [Ілька:] — І яшчэ я думаю, каб мы кінулі сваё валацужнае бруднае жыццё,.. і каб мы ўсе працавалі... [Марта:] — Калі ты зробіш так, цябе пракляне ўвесь род... Каваль.

2. Моцна вылаяць, выказваючы гнеў, злосць, абурэнне. Праклясці ўсё на свеце. □ Пракляў Лявон Нарбутовіч і малацьбу, і малатарню, і сваю дурноту. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разява́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑вацы, Т ‑вакай (‑аю), ж.

Разм.

1. Той, хто бяздумна прыглядаецца да каго‑, чаго‑н. Збягаліся цікаўныя да сенсацый разявакі, газетныя рэпарцёры і ўсякі іншы народ. Лынькоў. На тратуарах спыняліся разявакі, праводзячы вачыма салдат. Гурскі.

2. Тое, што і разява. — Няхай не будзе разявакам і кладзе грошы так, каб не губляць, — даводзіў Толя. Пальчэўскі. Азіраюся назад, на свае сляды, і бачу на тым месцы, дзе круціўся, раздушаны грыб. А-я-яй, разявака... Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фінансі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Спецыяліст па вядзенню фінансавых аперацый. Рахункавод у сельскагаспадарчай арцелі — люстра, фінансіст, кантроль! «Беларусь». // Спецыяліст у галіне фінансавых навук. І здзіўляўся стары фінансіст (ён так называў сваю прафесію), нават вельмі здзіўляўся, што гэты дзіўны юнак, гэты проста сялянскі сын.. смяецца з яго прапановы. Брыль.

2. Уладальнік фінансаў, капіталаў; капіталіст, банкір. Там у гасцінай сабралася невялікая кампанія: гаспадар дома,.. яго поўная млявая жонка,.. важны госць — амерыканскі палкоўнік, а больш правільна, — амерыканскі фінансіст у форме палкоўніка. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чапуры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Разм.

1. Прыхарошвацца, адмыслова прыбірацца, прыводзіць сябе ў парадак. Пакуль чапурыліся калгасныя артысты, пакуль падыходзілі да стагоў людзі, Уладзімір Іванавіч паспеў што-нішто расказаць. Кірэйчык. Варка такі сябе глядзела: як толькі прыходзіла з поля, чысценька вымывалася, круцілася перад люстрам, запляталася, чапурылася і станавілася такою, хоць ты яе ў тэлевізар паказвай. Сабаленка. Дзедка пагаліўся, Стаў ён чапурыцца — Маладзей зрабіўся Так гадкоў на трыццаць! Валасевіч.

2. Надзімацца, натапырвацца (пра птушак). На прасторным двары Сімона чапурыўся дурны ганарлівы індык. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шапаце́ць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; незак.

Абзывацца шолахам; шумець чым‑н. сухім. Толькі дробныя кроплі дажджу шапацелі ў маладых таполевых лістках. Шахавец. Ціха журчала ў лозах вада, шапацеў леташні сухі чарот. Краўчанка. Вось і ліпень настаў. Наліваўся ячмень за ракою, шапацелі абапал дарогі аўсы. Грахоўскі. // чым. Утвараць шолах, шум. Шапацелі маладой лістотай бярозы і таполі на школьным двары. Навуменка. Зірнеш, і не верыцца, што не так даўно тут шапацела ніва спелымі каласамі пшаніцы. Пальчэўскі. / у вобразным ужыв. Шапаціць зялёным шоўкам Беларуская вясна. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Галава́ч. У бел. мове гэта слова мае некалькі значэнняў: ’раскідзістае дрэва на адкрытым месцы’ (Сцяшк. МГ), ’вялікая сасна на полі; векавы лес’ (Яшкін), ’апалонік (паўзуны)’ (Сцяшк. МГ, Шатал., Жд. 3), ’галавень’ (Жд. 2). Таксама шмат вытворных з такой суфіксацыяй і рознымі значэннямі і ў іншых слав. мовах (падрабязны агляд матэрыялу дае Трубачоў, Эт. сл., 7, 7, але бел. мова прадстаўлена толькі прыкладам на ’апалонік’ з Жд. 3). Прасл. фармацыя *golvačь (ад *golva ’галава’ + суф. ‑(a)č‑ь). У аснове назвы ляжыць прыкмета ’вялікай галавы’ (сюды ’апалонік’ і ’галавень’). Далей метафарызацыяй узнікае ’раскідзістае дрэва’ (’з вялікай кронай’), ’вялікая сасна’ і, урэшце, ’векавы лес’. Можна ставіць пытанне: ці ўсе слав. словы, якія прыводзіць Трубачоў пад праформай *golvačь, праславянскага паходжання? Даная словаўтваральная мадэль ва ўсе часы была прадуктыўнай (і ў перыяд самастойнага існавання асобных слав. моў). Так што лепш гаварыць пра словаўтваральную мадэль *golvačь праславянскага характару.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Благі́ ’дрэнны, худы’. Рус. благо́й ’дрэнны’, укр. благи́й дрэнны, стары, бедны, слабы’, польск. błahy ’малы, нязначны’ (запазычанае з укр.; Слаўскі, 1, 35). Ёсць некалькі этымалогій: 1) усх.-слав. благъ ’дрэнны’ — запазычанне з ст.-слав. (ц.-слав.) благъ добры’. Значэнне ’дрэнны, бедны і г. д.’ развілося як вынік табуістычнага словаўжывання (Праабражэнскі, 1, 27–28; Фасмер, RS, 5, 125; Слаўскі, там жа, Зяленін, Табу, 2, 155); 2) усх.-слав. благъ дрэнны’ да прасл. blagъ ’дрэнны, слабы’, якое быццам роднаснае з лац. flaccus ’слабенькі’, грэч. βλάξ ’вялы, расслаблены’ (трэба адрозніваць прасл. bolgъ ’добры’ і blagъ дрэнны’). Так Бернекер, 58; Міклашыч, 13 і інш. Першая версія, здаецца, больш абгрунтаваная (паколькі значэнне ’дрэнны’ можа быць секундарным). Слаўскі, 1, 36; Фасмер, 1, 171; Рудніцкі, 140. Да благі́ адносіцца і дзеяслоў блажэ́ць ’худзець’. Фрэнкель (45–46) лічыць, што для благі́ ’дрэнны’ дакладная адпаведнасць — літ. blagnas.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што і без дап. Праведаць, наведаць каго‑, што‑н. Яму [Януку Сялібу] хацелася адведаць дом, Зноў паглядзець на роднае гняздо. Танк. [Рыгорыха:] — Прыязджае маці, Глафіра Парфіраўна, адведаць магілу сына, паглядзець наша жыццё. Гурскі. [Панна Рузя:] — Ваша ранейшая настаўніца колькі ўжо часу хварэе, а вы?.. Хоць бы разочак схадзілі адведаць! Ганьба!.. Брыль.

2. чаго. З’еўшы або выпіўшы трохі чаго‑н., вызначыць смак; пакаштаваць. — Просіць садоўнік Наведацца ў сад, Бабка Тадора Адведаць чарніц. Броўка. Пакаштуй, калі хочаш, адведай — Вунь — кубанскія кавуны! Прыходзька.

3. чаго. Спазнаць, зведаць, паспытаць. Гуляюць хмаркі ў небе сінім, І ледзь хвалюецца рака... Так моцна хочацца дзяўчыне Адведаць шчасце рыбака. Іверс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абдзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што.

1. Пры падзеле, размеркаванні не даць каму‑н. нічога або даць менш, чым іншым. Калі хлеба па картках сям’і неставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць, — так умелі апошні кавалак дзяліць, каб усіх падзяліць, а сябе — абдзяліць. А. Вольскі. [Варвара:] — Зіма, нябось, слязу пусціў: яго брыгаду абдзялілі, дзве касілкі далі ў Варварыну брыгаду, а яму толькі адну... Васілевіч. // Надзяліць у недастатковай меры якімі‑н. якасцямі, здольнасцямі і пад. або пазбавіць якіх‑н. якасцей, здольнасцей і пад. Прырода абдзяліла яго ростам і сілай.

2. Надзяліць усіх чым‑н., аддаючы кожнаму яго долю. Абдзяліць дзяцей гасцінцамі. □ — Мая воласць вялікая, — Белым сырам не абдзеліш. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)