акрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Дакладна вызначыць межы чаго‑н. (тэрыторыю распаўсюджання, кола пытанняў ці абавязкаў, аб’ём матэрыялу і пад.). Тут жа гуртам акрэслілі круг Саўкавых абавязкаў, а таксама дамовіліся і аб плаце. Колас. Сябры! У будаўнічых рашучых паходах, Дзе сэрцы палаюць любімай зарой, На карце вялікіх жывых пяцігодак Мы творчыя справы акрэслім мяжой. Куляшоў. У новай гаспадарцы трэба было нанава перагледзець планы, вызначыць напрамак развіцця, акрэсліць задачы на бягучы год. Дуброўскі. // Вызначыць месцазнаходжанне чаго‑н. Карэкціроўшчык.. сядзеў на зрубе адрынкі, стараючыся праз бінокль.. дакладна акрэсліць месцазнаходжанне браневіка. Брыль.
2. Даць азначэнне чаму‑н., вызначыць якое‑н. паняцце. [Галіна:] — Ці здолеў бы ты, Лявоне, акрэсліць, што такое чалавечае шчасце? Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адасла́ць, адашлю, адашлеш, адашле; адашлём, адашляце; зак., каго-што.
1. Адправіць, паслаць што‑н. каму‑н. Адаслаць дакументы, пасылку. // Адправіць назад, вярнуць. [Саханюк:] — Адаслалі б вы сваю падводу дамоў, а самі тут паначавалі б. Колас.
2. Выслаць каго‑н. з якой‑н. мэтай, па якой‑н. прычыне. З першага ж дня пасля суда, як толькі .. [Міхала Тварыцкага] адаслалі на месца, ён узяўся за работу. Чорны. // Адправіць, пераслаць куды‑н. часова. Усе ведалі, усе адчувалі, што.. будзе моцны бой. Ведаў пра гэта і Іваноў. Таму ён цвёрда вырашыў адаслаць у тыл сям’ю. Кавалёў.
3. Указаць, дзе можна знайсці падрабязную даведку; зрабіць спасылку на каго‑, што‑н. Адаслаць чытача да першага выдання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
корч, карча, м.
1. Пень, вывернуты з зямлі з карэннем. Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя да невядомых звяроў. Бядуля. // Паліва, нарыхтаванае з такіх пнёў. У падпаветцы не было парадку, валяліся карчы, якіх жаночыя рукі не маглі рассекчы. Гурскі. Ярка на камінку Смольны корч палае. Колас.
2. Абл. Куст бульбы, цыбулі, вывернуты з зямлі. А бульбоўнік сплёўся густа, Што ні корч — то бульбы кош. Бялевіч. Каля лямпы стаяла на сподку соль і ляжаў недаедзены корч цыбулі. Чорны.
3. у знач. прысл. карчо́м. Скурчыўшыся, сагнуўшыся. Цела Сашкі было скурчана. Смерць і мароз скруцілі яго ногі і рукі так моцна, што давялося пахаваць яго карчом. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́ска 1, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
Памянш.-ласк. да каса 1; невялікая каса. Вось сядзіць насупраць Дубовіка дзяўчына з акуратна заплеценымі коскамі і банцікамі. Сергіевіч.
ко́ска 2, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
Памянш.-ласк. да каса 2; невялікая каса 2. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Колас.
ко́ска 3, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
Знак прыпынку (,), які раздзяляе словы, групы слоў і сказы. Узяў [Віктар Аляксеевіч] ручку, старанна выцер кавалачкам паперы пяро і вельмі акуратна выправіў адну памылку і паставіў дзве коскі. Шамякін.
•••
Кропка з коскай гл. кропка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змрок, ‑у, м.
1. Адсутнасць святла; цемра. Зусім цёмна. Змрок атуліў .. прасторы. Каваль. Непраглядны змрок і сыры туман спляліся густа-густа і як бы глынулі гэтую закінутую між балот і лесу невялічкую вёску. Колас.
2. Няпоўная цемната, прыцемак, пры якім можна яшчэ распазнаваць прадметы. У хаце гусцеў змрок, але .. [Пятро] бачыў .. любыя вочы [Сашы], цяпер яны глядзелі ласкава і закахана. Шамякін. // Прыцемак у слаба асветленым месцы, памяшканні.
3. Прыцемак паміж заходам сонца і наступленнем ночы, а таксама перадсвітальны прыцемак. У густым вячэрнім змроку патанула вёска. Анісаў. Станцыя хавалася ў п[е]радранішнім змроку. Лынькоў.
4. перан. Пра атмасферу насілля, беспрасветнасці, безнадзейнасці. У тваім жыцці [рабочага] ранейшым Змрок стаяў кругом. Журба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зна́чыцца 1, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.
1. Быць запісаным дзе‑н., занесеным у які‑н. спіс. У запісцы значылася такая вуліца, якой хлопец ніколі і не чуў. Кулакоўскі. У спіску лепшых работнікаў падполля на адным з першых месц значыцца сям’я.. Яркіна. Брыль. // Лічыцца, называцца. Палеская, або Мазырская група Чырвонай Арміі, як значылася яна афіцы[й]на, абрала ўчастак контрудару на лініі Крыўцы — Высокае. Колас.
2. Быць бачным; вылучацца, віднецца. У цемры постаць .. [Ганны] ледзь значыцца, а твару і зусім не відаць. Мележ. Дарогу замяло. Ледзь значыўся свежы след. Гроднеў.
зна́чыцца 2, пабочн.
Разм. Такім чынам, выходзіць. — Значыцца, вы толькі ўступілі ў Чырвоную Армію? Машара. Носік дэманстратыўна пакінуў сход. За жывое ўзяло, значыцца. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., каго-што.
1. Праяўляць пяшчотнасць, любоў, ласку. [Чэсік] глядзеў, як пані старшыніха карміла грудзьмі малое дзіця, як яна лашчыла і пяшчотна цалавала Колю. Васілевіч. Бацька націснуў адной рукой на паравозны рычаг, другой лашчыў сына. Лынькоў. // Пяшчотна дакранацца да каго‑, чаго‑н., гладзіць. Мне б сказаць табе той ноччу Нешта шчырае да мукі; Цалаваць да болю вочы, Вусны піць і лашчыць рукі. Панчанка. — Негрусь, мілы мой Негрусь! — казала .. [Ядвіся] і лашчыла сабаку, прытуліўшы да яго сваю шчаку. Колас.
2. перан. Песціць, выклікаць прыемнае адчуванне. Сонца лашчыць твар. □ А калі дарога нырне ў доўгі лес, густое, прыветнае зацішша лашчыць душу, гоіць яе раны... Пестрак.
•••
Лашчыць вока — мець прывабны выгляд.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
до́каз, ‑у, м.
1. Довад або факт, які з’яўляецца падставай для сцверджання чаго‑н.; сведчанне чаго‑н. Людзі кінуцца ў лес, а гэта і будзе доказам іх партызанскай прыналежнасць. Шчарбатаў. Даўно ўжо так не абедаў Пракоп, і лепшым доказам гэтага багатага абеду служылі засеўшыя ў зубах кавалачкі гавядзіны. Колас. Шмат каго будуць судзіць за зносіны з паўстанцамі, хаця ніякага доказу на гэта.. не маецца. Чарот.
2. Сістэма вывадаў, якая служыць для устанаўлення новага палажэння на падставе іншых, раней вядомых. Складанасць.. [тэарэмы] была ў тым, што, каб даказаць яе, трэба было ведаць заадно доказ і яшчэ адной тэарэмы. Краўчанка.
•••
Рэчавы доказ — прадмет, які мае дачыненне да злачынства і спрыяе яго раскрыццю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мёрзлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які зацвярдзеў ад марозу. Чалавек пад бярозай кашлянуў і пайшоў прэч, загрукатаўшы ботамі па мёрзлай зямлі. Шамякін. Сухі вецер гнаў па мёрзлай раллі пясок. Ваданосаў. // Пакрыты лёдам, абледзянелы. Сонейка зірнула У мерзлае акно — І заззяла пышна Іскрамі яно. Журба. Як толькі Сцёпка параўняўся з адною хатай у сяле і зірнуў на яе мёрзлыя шыбы, ён адразу заўважыў гэта прагрэтае акеначка ў аконцы. Колас.
2. Сапсаваны ад холаду, ад марозу. Мёрзлая бульба.
3. Разм. Вельмі халодны, выстуджаны — аб памяшканні. [Чарноў:] — Дай .. [каню] на месяц аўса ды пастаў яго ў сапраўдную канюшню, а не ў гэту мёрзлую яму — .. і ты яго не пазнаеш. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́нач, прысл.
1. З наступленнем, пачаткам ночы. Учора нанач вецер сціх, заружавелася на захадзе неба, памацнеў холад, паказвала на мароз. Пташнікаў. [Лабановіч:] — Дык нават, бабка, не ў нядзельку, а ў суботу нанач надумаўся я паехаць у госці да таго паніча! Колас. // На начны час, на ўсю ноч. Кветкі, якія згортвалі нанач свае пялёсткі, распусціліся, і вакол іх звінелі пчолы, бомкалі чмялі. Дайліда. // Перад начным сном. Памыцца нанач. □ З-за дзвярэй Балеслаў чуў, як [маці] малілася нанач. Чорны.
2. На начлег, каб пераспаць ноч. Застацца нанач. □ Чалавек адказаў, што ён жабрак і просіцца нанач. Галавач. Дайшоў [Іван] да таго горада, дзе жыў цар, і папрасіўся ў аднае бабулі нанач. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)