наўцёкі, прысл.
Бягом, уцякаючы ад каго‑, чаго‑н. Калі Лабановіч паказаўся ў кухні, .. [вучні] кінуліся наўцёкі. Колас. Яшчэ хвіліна, і малады алень адскочыў убок, потым павярнуўся і кінуўся раптам наўцёкі. В. Вольскі. Дзяўчаткі зарагаталі і, падхапіўшы пад рукі сваю меншую сяброўку, пабеглі наўцёкі. Чорны. / у знач. вык. [Алеська:] — Не паспеў падысці да абгарэлай сасны.., а нехта як выскачыць з лесу ды як запляскае. Я — наўцёкі. Ігнаценка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нахапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.
1. Хапаючы, набраць у вялікай колькасці. — Чаму, дзед Рыгор, так рана разагнаў рынак? — паспрабаваў пажартаваць Мікола.. — Аблава была. Дзве машыны народу нахапалі... Якімовіч. // перан. Неадабр. Набыць, атрымаць у якой‑н. колькасці. Нахапаць чыноў. Нахапаць заказаў. □ — Чаго ты смяешся? — абурана кідае Толя. — Герой! Нахапаў двоек ды пасмейваецца сабе! Бяганская.
2. перан. Неадабр. Тое, што і нахапацца (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непастая́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Няўстойлівы, зменлівы. Непастаяннае надвор’е. □ У Адама Ягоравіча было цяжкае дзяцінства. Бацька.. не меў надзелу, і сям’і даводзілася жыць з няпэўных і непастаянных заробкаў, на ўсім купленым. М. Стральцоў. Ды як паверыш ветру-ветрагону: Такі непастаянны — проста страх! То лісце разганяе па адхонах, То звоніць цэлы дзень у правадах. Свірка.
2. Які часта мяняе свае погляды, звычкі, адносіны да каго‑, чаго‑н. Непастаянны чалавек.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ледзяні́ць, ‑ніць; незак., каго-што.
1. Ператвараць у лёд; замарожваць. Браўся і мароз — ды на суткі, не болей, ледзяніў толькі снег, не выйсці, не высунуцца на дарогу. Пташнікаў. // Пранізваць холадам. Холад настойліва забіраўся пад майкі і ледзяніў цела. Карпаў.
2. перан. (звычайна ў спалучэнні са словамі «кроў», «сэрца», «душу» і пад.). Даводзіць да стану здранцвення, жаху. Думкі, адна страшнейшая за другую, ледзянілі душу. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Прыціснуцца, прыпасці да каго‑, чаго‑н. Страпянуўся Міколка, удыхнуў паветра глыбей і, упаўшы на калені, прынік да маці. Лынькоў. За акном пачуліся крокі і зараз жа знаёмы Зосін тварык прынік да шыбы. Лупсякоў.
2. перан. Разм. Прыціхнуць, страціць бадзёрасць. [Ліпачка] яшчэ больш прынікла, сцішылася. Сабаленка. [Яўхім:] — Ды і Сафрон трохі прынік — прыглядваўся, ці па нораву жонцы яго разбойная жытка. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рахава́ць, рахую, рахуеш, рахуе; незак.
Разм.
1. Рабіць разлікі, падлікі. — Ну, як жа, рахубу ад свайго інтэрасу маеш? — запытаўся .. [Кірыла] у Красуцкага. — Ды як вам Сказаць, дзядзька Кірыла, не рахаваў яшчэ. Скрыган.
2. Узважваць, прыкідваць, разлічваць. — Я думаю, таварышы ўпаўнаважаныя, што сёння мы не пойдзем ужо нікуды, а размяркуем нашы сілы, прыкінем, як і што будзем рабіць заўтра, — рахаваў гарбузаваты старшыня Лапухоўскага сельсавета Свірыд Лопух. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэ́зчык, ‑а, м.
1. Рабочы, які займаецца рэзаннем чаго‑н. Рэзчык паперы. □ [Акцызнік:] — Возчыкам цябе не паставяць [у леспрамгасе], рэзчыкам таксама... Ды тут і сам не захочаш. Плечы дзіцячыя. А вось сукі церабіць... Пташнікаў.
2. Майстар мастацкай разьбы; разьбяр. — Давайце арганізуем выстаўку, — прапанаваў Толя. — І не ў дзетдоме, а ў раённым Доме культуры. На ёй пакажам самае лепшае, што зрабілі рэзчыкі, мастакі, вышывальшчыцы, словам, усе нашы ўмельцы. Рунец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самазва́л, ‑а, м.
1. Грузавы аўтамабіль з кузавам, які механічна перакульваецца, а таксама кузаў гэтага аўтамабіля. На платформах стаялі новенькія мінскія самазвалы і пад’ёмнікі «Піянеры», вагоны былі загружаны цэглаю і сухім тынкам. Грахоўскі. Экскаватар працуе з самае раніцы. Натужна пыхкае, чмыхае ды ўсё глыбей у зямлю ўгрызаецца, коўш за каўшом набірае пясок і ў самазвалы насыпае. Кавалёў.
2. Транспартны сродак, які механічна звальвае груз. Баржа-самазвал.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саспе́ць, ‑ее; зак.
Разм.
1. Паспець, стаць спелым (пра плады і пад.). Не сядзець жа, склаўшы рукі, на прызбе ды чакаць, пакуль жыта саспее. Хадановіч.
2. перан. Скласціся, набыць завершаную форму. У штабе саспеў новы план. Колас. У .. [Ганны] саспела рашэнне, якое яна не хацела прымаць адна. Кавалёў.
3. Спец. Набыць у працэсе вытрымкі найлепшыя для выкарыстання якасці. Як толькі саспелі сыры,.. [Пятрок] павёз іх прадаваць. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сатле́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які, гніючы, ператварыўся ў труху; струхлелы, спарахнелы. Сатлелая кара на бярвенні паабівалася, ногі коўзаліся, ды спрыту ў Ягора хапала на любым бервяне: хоць салам змаж — пройдзе, збоку зірнеш — танцуе на кругляшы, артыст. Карамазаў. Неўзабаве з-пад зямлі выцягнулі самазарадную вінтоўку, кулямётныя стужкі і сатлелую вопратку. «Беларусь».
2. Які, тлеючы, згарэў, ператварыўся ў попел. І вецер шустры сваё жніва Збіраў з сатлелых вугалёў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)