по́ўдзень 1, ‑дня, м.
1. Адзін з чатырох напрамкаў свету, супрацьлеглы поўначы. Вецер з поўдня. □ Стаўшы тварам да сонца, ён лёгка вызначыў для сябе захад, поўнач і поўдзень. Якімовіч. // Мясцовасць, частка краіны, мацерыка, размешчаная ў гэтым напрамку. Адваката дома не аказалася: ён выехаў на неакрэслены час на поўдзень Украіны. Колас.
2. Мясцовасць, краіна з цёплым, гарачым кліматам.
по́ўдзень 2, ‑дня, м.
Сярэдзіна дня. Туравец вярнуўся ў штаб брыгады пасля поўдня. Мележ. // У астраноміі — момант, калі цэнтр Сонца праходзіць цераз мерыдыян дадзенай мясцовасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прынале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; зак.
Разм.
1. Націснуць, налегчы з вялікай сілай, энергіяй на што‑н., каб дасягнуць лепшага выніку працы. Данік павярнуў човен на рэчку, і я з усёй сілай прыналёг на вёслы. Краўчанка. Толькі Валока не выпускаў .. [немца], ямчэй прыналёг плячом. Быкаў.
2. перан. Пачаць працаваць, рабіць што‑н. больш старанна, энергічна. Пасля сустрэчы з настаўнікам Шурка прыналёг на рускую мову. Шыловіч. — Што першае ў нас — дык гэта клуб ... Сам ведаеш, што значыць раскалыхаць старых.. Але наш камсамол прыналёг — і гатова. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разва́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Якому ўласціва развага, роздум; разважлівы. Млынар Стэфан Вялічка, чалавек разважны, спачатку падумае, пасля скажа. «Маладосць».
2. Які змяшчае ў сабе павучанне, параду і пад. Перад ім [Рыгорам] быў малады, і яму карцела сказаць мне разважнае слова старэйшага чалавека. Адамчык.
3. Спакойны, размерны, паважны. Ішоў сваёй разважнай, нетаропкай хадой час. Васілёнак. Ідзе з вайны салдат. Ідзе разважным крокам Каторы дзень здалёк І бразгае пры боку Запасны кацялок. Вітка.
разважны́, ‑а́я, ‑о́е.
Такі, які прадаецца на вагу. Разважны тавар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распаўсю́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
1. Пашырыць сферу дзеяння на каго‑, што‑н. Маркс і Энгельс пераадолелі ідэалізм і метафізіку розных філасофскіх плыняў, злучылі матэрыялізм з дыялектыкай, распаўсюдзілі яго палажэнні на пазнанне грамадскіх працэсаў. «Звязда». Грамада распаўсюдзіла свой уплыў на тысячы беларускіх вёсак. «Полымя». // Перанесці, разнесці (заразу). // Зрабіць што‑н. вядомым, даступным многім. Распаўсюдзіць чутку. Распаўсюдзіць ілжывыя звесткі.
2. Раздаць, прадаць многім. Распаўсюдзіць латарэйныя білеты. □ Літаральна праз два тыдні пасля крывавых падзей 1905 года ў Пецярбургу таварыства распаўсюдзіла рэвалюцыйныя пракламацыі. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рашэ́нне, ‑я, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. рашаць — рашыць (у 1–3 знач.).
2. Заключэнне, вывад, намер зрабіць што‑н. і пад., да якога прыходзяць пасля абдумвання, абмеркавання. Камандзір прыняў смелае рашэнне... — Зняць аўтаматчыкаў! Ісці да вёскі лесам. Шамякін. Не маладушнічаць, а памерці з высока ўзнятай галавой, як і належыць савецкаму чалавеку, — прыйшло выразнае і канчатковае рашэнне. Шчарбатаў.
3. Пастанова. Рашэнне суда. Рашэнні з’езда.
4. Адказ да задачы, красворда і пад.
•••
Саламонава рашэнне — мудрае рашэнне якога‑н. спрэчнага, складанага пытання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спачы́ць, ‑чну, ‑чнеш, ‑чне; ‑чнём, ‑чняце; зак.
1. Правесці некаторы час адпачываючы, аднавіць свае сілы ў адпачынку. Я вярнуся спачыць пасля цяжкіх дарог... Таўбін. На аселіцы.. [сябры] ўгледзелі сцірту саломы. Тут і засталіся спачыць. Кухараў. // Разм. Паспаць; аднавіць сілы сном. А там горац, пакінуўшы [статак], Лёг на ўзвышшы спачыць да зары. Гурло.
2. перан. Высок. Памерці, супакоіцца. Не будуць дзеткі Знаць, дзе татка іх спачыў. Колас. Імёны, імёны, імёны... Хто ўчора спачыў, хто даўно... Чэрня.
•••
Спачыць на лаўрах — задаволіўшыся дасягнутым, спыніць работу, дзейнасць і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старгава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; зак.
Таргуючыся, дамовіцца пра цану чаго‑н., плату за што‑н. Бедную жанчыну моцна даняла галеча, і яна рашыла прадаць карову. Павяла ў Петрыкаў, старгавалася з купцамі, тыя ёй 70 рублёў, .. яна ім — вяроўку ў рукі, на тым і разышліся. Палтаран. Купіла хату .. [Годля] гады праз два пасля вайны, сама, казалі, напытала, сама старгавалася. Мележ. // Дамовіцца з кім‑н. адносна чаго‑н. па аснове ўзаемнай выгады. Нарэшце старгаваліся, што .. [Марцін Астаповіч] будзе мець права на дваццаць год арандаваць тую паўдзесяціну. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тало́н, ‑а, м.
1. Кантрольны лісток, які дае права атрымаць што‑н. Талон на харчаванне. Талоны на бензін. □ Дровы па талонах камунгаса разбіраліся жыхарамі Калінаўкі. М. Ткачоў.
2. Частка якога‑н. дакумента, якая аддзяляецца ад яго або, наадварот, застаецца пасля аддзялення. // Асноўная частка каштоўнай паперы (акцыі, акрэдытыва і пад.).
•••
Адмацавальны талон — дакумент, які пацвярджае, што хто‑н. зняты з партыйнага (камсамольскага) уліку ў партыйнай (камсамольскай) арганізацыі.
Прымацавальны талон — дакумент, які дае права стаць на ўлік у другой арганізацыі (партыйнай, камсамольскай).
[Фр. talon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уба́віць, убаўлю, убавіш, убавіць; зак.
1. што і чаго. Зменшыць, паменшыць што‑н. (памеры, аб’ём, колькасць і пад.). Убавіць выдаткі. Убавіць цану. Убавіць веку. □ І пасля вайны бярозы не ўбавілі соку. Грамовіч. // Зменшыць, аслабіць сілу чаго‑н. (дзеяння, стану і пад.). Убавіць крок. □ Ні акладу [Купчыну] не знізілі, ні гонару не ўбавілі, прызначыўшы майстрам. Мыслівец.
2. што і без дап. Устараніць, адкінуць што‑н., змяншаючы, скарачаючы (памеры, аб’ём, колькасць і пад.). [Мая:] Гісторыя, Васілій Паўловіч, што тая песня: не ўбавіш, не прыбавіш, як кажуць. Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шалупі́нне, ‑я, н., зб.
1. Шалупіны. Проста на стол была насыпана бульба ў шалупінні, ад якой ішла пара. Арабей. // Адходы пасля ачысткі пладоў, бульбы і пад. Кожную суботу на ішаку.. [гаспадар] прыязджаў па шалупінне да нашай кухні. Даніленка. Як і на вялікдзень, на Юр’я фарбуюць яйкі. У адным чыгунку Ганьчына маці парыць шалупінне ад цыбулі. Васілевіч.
2. перан.; чаго або якое. Што‑н. непатрэбнае, лішняе, што не мае ніякага значэння, з’яўляецца знешнім прыкрыццём чаго‑н. [Міцкевіч] адкідаў бруд і шалупінне папоўскіх нагавораў. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)