сцерагчы́, -рагу́, -ражэ́ш, -ражэ́; -ражо́м, -ражаце́, -рагу́ць; сцяро́г, сцерагла́, -ло́; -ражы́; -ражо́ны; незак., каго-што.

1. Вартаваць што-н.

С. коней.

С. пасевы ад птушак.

2. і з дадан. Уважліва назіраць, наглядаць за кім-, чым-н.

С., каб хто не парушыў парадку ў класе.

3. Высочваць каго-, што-н., падпільноўваць.

Паляўнічы сцеражэ звера.

4. перан. Не даваць парушыць, сачыць за захаванасцю чаго-н.

С. сон дзіцяці.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сяро́д, прыназ. з Р.

1. У прамежку паміж краямі якой-н. прасторы, пераважна пасярод яе.

Палянка с. лесу.

2. У акружэнні каго-, чаго-н. (якіх-н. аднародных прадметаў, з’яў, асоб); паміж кім-, чым-н.

Карабель с. ільдоў.

3. Між канцом і пачаткам якога-н. часавага перыяду, у сярэдзіне.

Прачнуцца с. ночы.

4. У асяроддзі каго-н., у складзе якога-н. мноства.

Агітацыйная работа с. выбаршчыкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

увяза́цца, увяжу́ся, увя́жашся, увя́жацца; увяжы́ся; зак.

1. Стаць увязаным, завязаным.

Рэчы добра ўвязаліся.

2. перан. Прыйсці ў адпаведнасць з чым-н.

Планы добра ўвязаліся з мясцовымі ўмовамі.

3. перан. Без дазволу накіравацца ўслед за кім-н., далучыцца да каго-н., хто ідзе, едзе (разм.).

За намі ўвязаўся сабака.

4. перан. Уключыцца, умяшацца ў што-н. (разм.).

У. ў бойку.

|| незак. увя́звацца, -аюся, -аешся, -аецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

е́здзіць, езджу, ездзіш, ездзіць; незак.

1. Тое, што і ехаць (у 1 знач.), з той розніцай што «ездзіць» азначае дзеянне, якое паўтараецца ў розных напрамках. Ездзіць у горад. Ездзіць на машыне. □ Дзед Астап ездзіў часам з другімі партызанамі на разведку. Лынькоў. Костусь ездзіў, хадзіў, клапаціўся: жніво ішло, а рукамі, відаць было, нічога зрабіць нельга будзе. Чорны. // Бываць дзе‑н., наведваць каго‑, што‑н. (карыстаючыся транспартам). Яшчэ казаў мой прадзед у свой час, Што будуць ездзіць к нам не за пянькою, А каб вучыцца мудрасці у нас. Прыходзька. — Я так марыў увесь час, што мы будзем жыць суседзямі. У нядзелю мы ездзілі б адзін да аднаго ў госці... Шамякін.

2. Умець карыстацца якім‑н. сродкам перамяшчэння. Умела ездзіць на матацыкле. // Разм. Катацца на каньках, лыжах.

3. перан. Разм. Рухацца, соўгацца па чым‑н. Стары сядзеў неспакойна, круціўся, ездзіў па лаве. Мележ.

4. Разм. Быць, працаваць кім‑н. (пра некаторыя прафесіі). Вася ў дальніх паяздах ездзіць правадніком. Ракітны.

•••

Ездзіць вярхом на кім — мець уладу над кім‑н.

Ездзіць на чыёй спіне, на чыім карку — выкарыстоўваць каго‑н. у сваіх інтарэсах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зго́дны, ‑ая, ‑ае; ‑дзён, ‑дна.

1. Які выражае, дае згоду (у 1 знач.) на што‑н. — А яны ўсе згодны? — перабіў Рыгора Мілоўскі. — Вядома, што згодны, а то чаго б яны пайшлі сюды? Галавач.

2. з кім-чым. Які прытрымліваецца з кім‑н. адной думкі, адных поглядаў; салідарны з кім‑, чым‑н. Праўда, з дзеверам дружаць — У іх доля адна, Згодзен ён быць за мужа. Ды не згодна яна. Непачаловіч. І хоць абодва хлапчукі былі ў душы згодны з Зінай, але ім не хацелася, каб гэтае дзеўчанё думала, што яны слухаюцца яе. Скрыпка.

3. Які супадае з чым‑н.; падобны, аднолькавы. Сведкі далі згодныя паказанні.

4. Дружны; аднадушны. Так абое яны [Іван і Джулія], зноў згодныя і прыхільныя, памалу пайшлі краем лугу. Быкаў. Не выстаяць бомбе ў змаганні з сям’ёю братэрскай, згоднай. Куляшоў.

5. Узгоднены, зладжаны. Патрэбна згодная, па выпрацаванаму плану, работа тысяч людзей, якая біла б у адзін пункт, а для гэтага трэба арганізацыя, у дадзеным выпадку настаўніцкая арганізацыя. Колас.

6. Стройны, гарманічны (пра музыку, спевы). — І крыжы на дол прыпалі І схінуўся верх лясоў І граць дзеду памагалі Хорам згодных галасоў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зраўня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. Зрабіцца роўным, гладкім; выраўняцца. Пасля такога здарэння [узрыву карабля] на зямлі застаўся б след на многа гадоў, а на вадзе ў тую ж хвіліну ўсё зраўнялася. Кулакоўскі.

2. Зрабіцца аднолькавым з кім‑, чым‑н. па вышыні, узроўню і пад. Курганок, прысыпаны рудой ігліцай, асеў і амаль зраўняўся з зямлёй. Б. Стральцоў. Як толькі дрэвы абедзвюх народ зраўняюцца па вышыні, паміж імі ўзнікае «барацьба». Гавеман.

3. Рухаючыся, апынуцца побач, на адной лініі з кім‑, чым‑н. Трактарыст, які ўжо зраўняўся з нампалітам, заўважыў яго ссунутыя ў суцэльную лінію калматыя бровы. Паслядовіч. Калі вазы зраўняліся, семінарыст пазнаў.., што жанчына ў чорнай капоце, якая сядзела побач з Адасем Камароўскім, гэта Алеся. С. Александровіч.

4. Стаць роўным каму‑, чаму‑н. у якіх‑н. адносінах; параўняцца. Стараючыся хоць як-небудзь зраўняцца з хлопцамі, якія абагналі яго ў вучобе, Сяргей чытаў кнігу за кнігай. Навуменка. // Аказацца пастаўленым нароўні з кім‑, чым‑н. У джунглях жыў вялізны Слон, І быў бязмерна моцны ён, — З ім сілаю ніхто не мог зраўняцца. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́красліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

Закасаваўшы, апусціць што‑н. напісанае, надрукаванае. Выкрасліць слова. Выкрасліць радок верша. □ Настаўнік выкрасліў прозвішча Мініча са спісу другой групы і запісаў яго ў трэцюю. Колас.

•••

Выкрасліць з жыцця — лічыць каго‑, што‑н. неіснуючым.

Выкрасліць з памяці (сэрца) — забыць, перастаць думаць аб кім‑, чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апастыля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак., з кім і без дап.

Разм. Лаяцца, сварыцца. [Таццяна:] — Вунь.. [мужыкі] стаяць, маўчаць, як вады ў рот набраўшы. Хай дурныя бабы крычаць, хай апастыляюцца, а мы, разумненькія, памаўчым, паглядзім, як яно куды. Зарэцкі. // Задзірацца, трымаць сябе задзірліва. [Сымон:] — Нам апастыляцца з немцам з-за якога глупства няварта. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ахо́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Управіцца, справіцца, пакончыць з кім‑, чым‑н., завяршыць якую‑н. работу. — Цяжкавата такую прастору касой аходаць, — гаварыў Антось Жыгалка. Дуброўскі. Як толькі Андрэйка ўзняўся на ногі гэтак, што без старэйшага брата мог аходаць зямлю, Броня пайшоў у старую кузню вучыцца за каваля. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ду́шна, безас. у знач. вык.

Пра наяўнасць духаты дзе‑н. У падвале стала яшчэ больш горача і душна. Карпаў. У паветры пахла гарэлымі анучамі, гаркаватым дымам. Было душна, як у печы. Бядуля. // каму. Пра адчуванне духаты кім‑н. Пасля чаю зрабілася душна. Валатовіч зняў пінжак, павесіў яго на спінку крэсла. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)