нада, прыназ. з Т.
Ужываецца толькі ў спалучэнні «нада мною (мной)». Тое, што і над (у 1, 2 і 3 знач.). Ой вы, думкі, думкі, Сэрца майго раны! Ці вы мае дзеці, Ці вы кім пасланы? Што ж вы забіліся Віхрам нада мною, І няма ніколі Мне ад вас спакою? Колас. Адшумелі буры нада мной. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надрыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да надарвацца (у 1 знач.).
2. перан. Рабіць што‑н. праз меру; старацца з усіх сіл. На рабоце.. [Антон] не надрываўся, са станцыі прыходзіў рана. Ракітны. // Крычаць з усіх сіл. Ля тэлефоннага апарата надрываўся карэктар. Мехаў. // Гучаць з вялікай сілай. Над гарадком гула, надрывалася сірэна супроцьпаветранай трывогі. Лынькоў.
3. Зал. да надрываць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагу́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Гулянне пехатой на свежым паветры або паездка на невялікую адлегласць для адпачынку. Пасля снедання і да самага абеду Уладзімір Ільіч, не адрываючыся, працаваў над кнігай, а пасля з хлопчыкам пайшоў на прагулку. Гурскі. Прагулка на гэты раз пачалася пасля абеду. На невялікай яхце было поўна народу. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кро́ква, ‑ы, ж.
Два брусы, верхнімі канцамі злучэння пад вуглом, а ніжнімі прымацаваныя да бэлек або да верхняга вянца падоўжных сцен. // толькі мн. (кро́квы, ‑аў) Аснова для страхі, утвораная з раду злучаных такім чынам брусоў. [Зруб] пакрыўся сеткай крокваў і лат. Брыль. Калгасныя цесляры паспелі паставіць толькі зруб і кроквы ды пакласці столь над адным пакоем. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пра́льня, ‑і, ж.
Установа бытавога абслугоўвання для мыцця і далейшай апрацоўкі бялізны. У калгасах будуць дзіцячыя яслі, сады, пляцоўкі, там з часам можа ўстановяцца пральні, кравецкія майстэрні, хлебапякарні, а можа нават і грамадскія кухні. Дуброўскі. // Памяшканне для мыцця бялізны. Грубэр толькі за дваццаць сем марак у месяц здаў .. [беларусам] адзін з двух пакойчыкаў у флігелі над пральняй. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рабі́на, ‑ы, ж.
1. Дрэва сямейства ружакветных, на якім гронкамі растуць аранжава-чырвоныя ягады. Рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі. Кавалёў.
2. часцей мн. (рабі́ны, ‑ін). Ягады гэтага дрэва. За платамі ў садах падалі спелыя яблыкі, і над намі спелі рабіны. Чорны.
•••
Чарнаплодная рабіна — куст сямейства ружакветных, які дае плады ў выглядзе вялікіх чорных ягад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разня́цца, ‑німецца; зак.
1. Аддзяліцца, адарвацца адзін ад другога; раз’яднацца. Пальцы Лёдзіны неўзабаве разняліся. Яна выпусціла Юркавы валасы. Карпаў. Гаспадыня перавяла позірк на акно, за якім ліў дождж, і вусны яе разняліся. — Добры дзень! Лупсякоў.
2. Раскінуцца дзе‑н., заняўшы сабой вялікую прастору; распасцерціся. Дарога вывела іх .. пад самую хату Канцавенькага, над якой разнялася выносістая ралаватая старадрэвіна. Арочка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раз’ядна́насць, ‑і, ж.
Стан раз’яднанага; адсутнасць еднасці, агульнасці. Гэтая хвілінная іх раз’яднанасць зноў застарэлай варожасцю захліснула Валокава нутро. Быкаў. Янка Купала працаваў над «Словам аб палку Ігаравым», калі ў асяроддзі старой пісьменніцкай інтэлігенцыі назіраўся разброд, ідэйная раз’яднанасць. Палітыка. Адзінства гартаваць людзей павінна, Каб раз’яднанасць не магла ў бацькоў Бацькоўства адабраць, пазбавіць сына На хлеб і сонца спадчынных правоў. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассціла́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да разаслацца.
2. Размяшчацца на вялікай прасторы. Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку сінеў лубін. Шамякін. Абапал дарогі рассцілаліся зялёныя лугі. Мядзёлка.
3. Слацца нізка над паверхняй чаго‑н. Дым ішоў у глыбіню лесу і рассцілаўся там па зямлі. Кулакоўскі.
4. Зал. да рассцілаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́туша, ‑ы, ж.
1. Орган самакіравання ў гарадах феадальнай Заходняй Еўропы, а таксама будынак, дзе ён размяшчаўся. З мноства будынкаў вылучаецца сваёй архітэктурай ратуша: з чырвонай цэглы, з высокай строгай вежаю, над якой блішчыць купал з трыма залатымі каронамі. Мележ.
2. Орган гарадскога самакіравання ў Расіі ў 18 — пачатку 19 ст., а таксама будынак, дзе ён размяшчаўся.
[Польск. ratusz.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)