падлі́ць, падалью, падальеш, падалье; падальём, падальяце і падлію, падліеш, падліе; падліем, падліяце; заг. падлі; зак., што і чаго.
1. Дадаць чаго‑н. вадкага; наліць яшчэ крыху. Падліць кавы ў шклянку. □ Як выйдуць паліваць тыя пасадкі, Васілінка абавязкова падалье пабольш вады пад той «свой» куст. Ус. А з’еўшы адно, паглядаю, Ці хто больш чаго падліе. Купала. Мужчыны вылезлі з-за стала, а Саламея падліла сабе стравы і канчала вячэраць. Гартны.
2. Наліць пад што‑н. Падліць вядро вады пад куст.
•••
Падліць масла ў агонь — абвастрыць якія‑н. непрыязныя адносіны, пачуцці і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́спіс, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. распісваць — распісаць (у 4 знач.).
2. Мастацкае ўпрыгожанне каляровымі фарбамі сцен, столі і пад.; насценны жывапіс. Фрэскавыя роспісы. □ Унутры .. [царквы], пад пазнейшымі слаямі фарбы, вучонымі выяўлены ўзоры першапачатковага мастацкага роспісу сцен. Хадкевіч. // Такое ж упрыгожанне сценак якіх‑н. начынняў, пасудзін і пад. Шырока за межамі Палесся вядомая і прадукцыя огаўскіх (в. Огава Іванаўскага р-на) майстроў, якія рабілі скрыні з характэрным менавіта для Палесся народным роспісам. «Помнікі».
3. Тое, што і подпіс. Пад паведамленнем стаяў уласнаручны подпіс дырэктара, стацкага саветніка Акаронкі, і выкрутасты роспіс дзелавода Давідзіка. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лю́стра¹, -а, мн. -ы, -аў, н.
1. Адшліфаваная паверхня (шкла, металу), здольная даваць адбіткі тых прадметаў, якія знаходзяцца перад ёю, а таксама спецыяльна зроблены прадмет з такой паверхняй.
Стаяць перад люстрам.
2. перан. Спакойная, гладкая паверхня вады.
Л. возера.
3. перан. Аб тым, што з’яўляецца адлюстраваннем якіх-н. з’яў, працэсаў і пад.
Паэзія — л. жыцця.
|| прым. люстра́ны, -ая, -ае і люстраны́, -а́я, -о́е.
Люстраная фабрыка.
Люстраная вытворчасць.
Л. карп (карп з рэдкай блішчастай луской); наз. люстра́насць, -і, ж. (да 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
шыць, шыю, шыеш, шые; незак.
1. што і без дап. Змацоўваць, злучаць ніткай краі тканіны, скуры і пад. пры вырабе адзення, абутку і пад.; вырабляць што‑н. такім чынам. Шыць на машыне. □ Таня .. сядзела каля акна, шыла сарочку. Шамякін. [Гірня] ўмеў цяслярыць, сталярыць, трохі слясарыць і нават шыць боты. Кулакоўскі. // Займацца вырабам адзення, абутку і пад. як прафесіяй, рамяством. Вось гэты самы «брат Міша» згадзіўся вучыцца .. шыць і шые ўжо другую зіму. Брыль. // Спец. Змацоўваючы лісты паперы дротам, ніткамі і пад., вырабляць што‑н. Шыць сшыткі. Шыць кнігу.
2. Разм. Заказваць, вырабляць адзенне ў каго‑н., дзе‑н. Шыць у атэлье. □ [Варанец:] — Шылі мы раз вунь аж у Міждуб’і. Крапіва.
3. Вышываць, расшываць. Шыць гладдзю. Шыць шоўкам.
4. што. Спец. Прымацоўваючы рэйкі да шпал, пракладваць чыгунку. Шыць чыгунку.
5. што. Спец. Прымацоўваць, змацоўваць дошкі цвікамі, шпонамі і пад. Шыць плыты.
•••
Шыць на жывую нітку — а) ненадзейна, не замацоўваючы ніткі, шыць, сшываць і пад. што‑н.; б) наспех, як папала.
Шыць нападрост — шыць з запасам, з разлікам на рост.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апо́лак, ‑лка, м.
Крайняя дошка, выпуклая з аднаго боку, якая атрымліваецца пры апілоўцы бярвенняў. Ля дзвярэй прыбудоўка з аполкаў, нешта накшталт сянец, два акны, з аднаго боку і другога. Чорны. А дзядзька моўчкі стаў збірацца: Дастаў сякерку і свярдзёлак, Пад паху сунуў ён аполак На латакі і на падстаўкі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акура́т, прысл.
Зусім дакладна; якраз. Пад нагамі ў Косціка апынулася пара дзіцячых чаравічкаў, звязаных шнуркамі. Косцік падхапіў іх — акурат будуць Людмілцы ці Наташцы. Арабей. [Эмілія] трапляла акурат на такіх людзей, з якімі можна было дагаварыцца. Маўр. Занёсшы ў кладовую вупраж і выходзячы з канюшні.., [Марцін] акурат убачыў Вольгу, што вярталася з поля. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падко́рнік, ‑а, м.
Плоскае бурае ці чорнае насякомае, якое жыве на кары, пад карой дрэў. З поспехам вудзіць на чарвякоў, лічынак, розных падкорнікаў можна вясной або ўвосень. Матрунёнак. — На паспеў падысці да абгарэлай сасны, памятаеце, дзе мы з вамі падкорнікаў шукалі, а нехта як выскачыць з лесу ды як запляскае. Ігнаценка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэмінісцэ́нцыя, ‑і, ж.
1. Няясныя ўспаміны; з’ява, якая наводзіць на ўспаміны, на супастаўленне з чым‑н.
2. Адбітак уплыву чыёй‑н. творчасці ў літаратурным, музычным і пад. творы. Ніхто з даследчыкаў спецыяльна пакуль што не вылучаў у самой тканіне паэзіі Багдановіча вобразаў, матываў, нават рэмінісцэнцый з паасобных фетаўскіх вершаў. Лойка.
[Ад лац. reminiscentia — успаміны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цары́зм, ‑у, м.
Дзяржаўны лад, пры якім вярхоўная неабмежаваная ўлада належыць цару; царскі рэжым. Частка думскіх дэпутатаў.. прапанавала звярнуцца з думскай трыбуны да ўсіх сялян з заклікам аказаць дапамогу думе ў барацьбе з царызмам. Колас. Таксама, як і ўкраінскі народ, стагнаў наш народ пад ярмом польскіх паноў і царызму. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.
1. Зрабіць копію якога‑н. малюнка, чарцяжа і пад. // Намаляваць з натуры. Змаляваць бярозу.
2. Пакрыць што‑н. скрозь малюнкамі і пад. Змаляваць увесь альбом. □ На сцяне, паміж вокнамі, вісела карта, уся змаляваная стрэлкамі і кружкамі. Шахавец.
3. Зрасходаваць на маляванне. Змаляваць аловак. Змаляваць усю фарбу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)