стрэ́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
1. Вострая, тонкая трэска, востры асколак шкла, металу, які залез пад скуру. У пяце была стрэмка, хлопец паспрабаваў выцягнуць яе, ды мізэрны кончык ніяк не даваўся ў пальцы. Быкаў. Дома маці лае, што сукенку падрала, што ўсе ногі ў стрэмках і смале. Грахоўскі.
2. перан. Разм. Пра надакучлівага і прыдзірлівага чалавека. «Ах, і стрэмка ж ты, дзядзька Яўтух! — думаў я, слухаючы ўсё гэта. — Перац!» Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бязду́мны, ‑ая, ‑ае.
Які не задумваецца; не здольны на роздум. Бяздумны, да ўсяго абыякавы, я нерухома стаяў каля акна, учапіўшыся рукамі ў вушакі. Ракітны. [Ганна] раптам забылася пра грыбы, стала дзіўна бяздумная. Мележ. // Які выяўляе бяздумнасць. Па сухой сцяблінцы.. ўзбіралася нейкая казюрка... Ігнат правёў яе бяздумным позіркам, нічога не бачачы перад сабой. Лынькоў. // Які не суправаджаецца роздумам; легкадумны. Гэтыя вельмі асабістыя вершы пазбаўлены бяздумнага замілавання. Грахоўскі. [Дзяўчынкі] крычалі, спатыкаліся і ніяк не хацелі пакідаць свайго бяздумнага занятку. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лячы́ць, лячу, лечыш, лечыць; незак., каго-што.
Імкнуцца паправіць, вярнуць здароўе пры дапамозе лекаў і іншых медыцынскіх сродкаў. Лячыць хворага. □ Цэлы год лечаць .. [Сасакі] дактары і ніяк не могуць вылечыць, не могуць перамагчы лютай, няўмольнай хваробы. Арабей. // Прымяняць лекі і іншыя медыцынскія сродкі для вылечвання якога‑н. хворага органа. Лячыць сэрца. Лячыць лёгкія. // Прымаць захады для спынення якой‑н. хваробы. Лячыць грып. // перан. Разм. Адбудоўваць, аднаўляць. Край ажывае, Лечыць свае раны, Будуе дбайна Свой шчаслівы лёс. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прадба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.
Убачыць наперад, угадаць тое, што павінна адбыцца. Менавіта такую гаворку Антон і прадбачыў: Шыбасаў не будзе віляць, шукаць нейкія адгаворкі, не будзе апраўдвацца. Савіцкі. Я пытаю, ці дома Шайпак. — Як?.. Няма яго дома? Не прадбачыў я гэта ніяк. Куляшоў. // Вывучаючы, аналізуючы факты, даныя і пад., зрабіць правільны вывад аб далейшым развіцці чаго‑н. — Але і самы геніяльны камандуючы не можа ўсё прадбачыць, усё разлічыць, кожны ход ажно да перамогі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
практыкава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. практыкаваць і практыкавацца.
2. часцей мн. (практыкава́нні, ‑яў). Шэраг спецыяльных прыёмаў для агульнага фізічнага развіцця ці для набыцця якіх‑н. навыкаў (карыстанне зброяй, спартыўным снарадам і пад.). Практыкаванні па стральбе. □ [Сяльчонак] асцярожна вылез з-пад коўдры, выйшаў у калідор, зрабіў некалькі нескладаных гімнастычных практыкаванняў. Асіпенка.
3. Вучэбнае пісьмовае або іншае заданне для замацавання ведаў, навыкаў і пад. Пасля бяссоннай і трывожнай ночы .. [Галя] ніяк не магла пачаць свае практыкаванні на скрыпцы. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Казяле́ц ’расліна Ranunculus acer’ (БРС, ТСБМ, Дэмб.; маг., Кіс.; Шат.). Укр. козелець ’тс’. Для рус. гаворак СРНГ падае памету «валагодскае»; козеле́ц і козе́лец для ’Ranunculus’ ведаюць таксама смал. і валаг. гаворкі. У якасці іншаславянскай паралелі можна прывесці польск. kozielec ’Anemone ranunculoides’. Відавочна, усх.-слав. козелец (акцэнтуацыя ў асобных мовах у гэтым слове не зусім зразумелая), якое да прасл. kozьlьcь ’казляня’. Матывацыя няясная. Магчыма, як аб гэтым сведчаць падобныя назвы ў слав. мовах для Pimpinnella, Valeriana, назву расліна атрымала паводле спецыфічнага паху; на гэта ўскосна ўказвае звестка аб тым, што казялец курылі ў хатах, каб пазбавіцца клапоў (рус. смал., СРНГ, 14, 60). Гэта, аднак, здагадка; у назвах для Ranunculus з паказальнай для Беларусі ўкр. або рус. тэрыторыі такая ўласцівасць (пах) ніяк не адзначаецца. Вельмі часта ў назвах раслін дэрываты ад каза, казёл ужываюцца для характарыстыкі розных зааморфных прыкмет. Сапраўды, у казяльца лісткі ўтвараюць штосьці накшталт казліных рожак, аднак гэта не дае падстаў меркаваць аб пераносе назвы па знешняму падабенству.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
задаво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; заг. задаволь; зак., каго-што.
1. Выканаць, ажыццявіць чыё‑н. патрабаванне, жаданне і пад. Задаволіць попыт спажыўцоў. □ Нікіфаровіч ахвотна задаволіў .. просьбу [Шавейкі]. Броўка. // Заспакоіць, наталіць. Хлопцы ж, сярод іх і Барыс, мелі добры апетыт, але не заўсёды мелі чым яго задаволіць. Лось. Я застаюся адна. І ніяк не магу задаволіць сваю прафесійную цікавасць: з кім я еду, хто мой сусед... Васілевіч.
2. Даць, прынесці каму‑н. задавальненне чым‑н. Адказ зусім задаволіў маладую жанчыну, а Пракоп адчуў некаторую палёгку. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зала́дзіць 1, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
Закласці, закрыць чым‑н. дзірку, адтуліну. Заладзіць дзірку ў плоце.
зала́дзіць 2, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
Разм.
1. што, са злучн. «што» і без дап. Пачаць настойліва гаварыць, паўтараць адно і тое ж. — Заладзіў.. адно: «Не паеду, не паеду», — злавалася Насця. Пальчэўскі.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць зацяжна ісці (пра дождж), дзьмуць (пра вецер). Бывала, вясной ці ў глыбокую восень як заладзяць дажджы, дык вуліцу так размесіць жывёла, што прайсці ніяк нельга. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгразі́ць, ‑гражу, ‑грозіш, ‑грозіць; зак.
З пагрозай папярэдзіць аб чым‑н., паабяцаць зрабіць што‑н. непрыемнае. Прыгразіць судом. □ Косцік ніяк не хацеў абуваць важкіх чаравікаў — прывык бегаць босыя. Ды сястра прыгразіла, што не возьме яго, і хлопчык паслухмяна абуўся. Даніленка. Лявонка ад страху замірае, бо маці толькі што прыгразіла яму дзедам Запрудам, які можа яго забраць. Асіпенка. // Зрабіць пагражальны жэст, рух. — Падлогу запэцкаеш, хіба не бачыш, толькі што памылі, — Паліна Антонаўка прыгразіла яму пальцам і зачыніла дзверы на зашчапку. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тае́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Скрыты, невядомы, непрыкметны для іншых. Таемнае жаданне. □ А цёплымі вечарамі ля Ручайкі [назва рэчкі] шмат таемных мясцін для закаханых. Марціновіч.
2. Загадкавы, невядомы, акружаны тайнаю. Ніяк не мог зразумець .. [Міколка], што гэта за такая таемная асоба, якой баяцца людзі, якой баіцца маці. Лынькоў.
3. Які сведчыць пра наяўнасць якой‑н. тайны. На твары .. [Кастуся] ляжаў таемны выраз вялікага змоўшчыка. Чорны. Сяргей паслухаўся гэтага таемнага голасу, азірнуўся. Тое, што ён убачыў, яго вельмі здзівіла. На просецы мільгалі агеньчыкі: адзін, другі, трэці... Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)