непастая́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Няўстойлівы, зменлівы. Непастаяннае надвор’е. □ У Адама Ягоравіча было цяжкае дзяцінства. Бацька.. не меў надзелу, і сям’і даводзілася жыць з няпэўных і непастаянных заробкаў, на ўсім купленым. М. Стральцоў. Ды як паверыш ветру-ветрагону: Такі непастаянны — проста страх! То лісце разганяе па адхонах, То звоніць цэлы дзень у правадах. Свірка.
2. Які часта мяняе свае погляды, звычкі, адносіны да каго‑, чаго‑н. Непастаянны чалавек.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непрадба́чаны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога нельга было прадбачыць; нечаканы. Непрадбачаныя акалічнасці. □ План планам, а ў час працы — Шульга добра ведае гэта — абавязкова .. вынікне столькі нечаканасцей і розных непрадбачаных перашкод, што калі не праявіць кемлівасці, то можна моцна адстаць. Краўчанка. І імчыць зялёны легкавічок за вёску, у непрадбачаны рэйс... Ракітны. / у знач. наз. непрадба́чанае, ‑ага, н. І раптам, калі работа падыходзіла ўжо да канца, здарылася непрадбачанае. Данілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неўтаймава́ны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога цяжка, немагчыма ўтаймаваць, стрымаць, сцішыць. Светлае, ласкавае неба, неўтаймаваны.. акіян прыцягвалі да сябе позірк. Гамолка. Пасля вячэры неўтаймаваная моладзь сабралася на клубнай пляцоўцы зноў. Васілевіч. // Уласцівы такому чалавеку. Неўтаймаваная натура. // Надзвычайны ў сваім праяўленні, вельмі моцны. — Што, я ў цябе пытаюся? — .. [бацька] зноў кінуў на Міхася позірк, у якім было поўна неўтаймаванай лютасці. Дамашэвіч. Усе жылі адным неўтаймаваным жаданнем — наперад, наперад! Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нале́жны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які павінен быць; патрэбны, неабходны. Рабіць на належным узроўні. Прыняць належныя меры. Зрабіць належныя вывады. □ Мабыць, выгляд падарожнага не зрабіў на шафёра належнага ўражання. Шамякін. Можна верыць, што з цягам часу.. [Розаў] навядзе ў сваёй МТС належны парадак. Даніленка. // у знач. наз. нале́жнае, ‑ага, н. Тое, што павінна быць; патрэбнае, неабходнае. Успрыняць як належнае.
•••
Аддаць належнае гл. аддаць.
Узняць на належную вышыню гл. узняць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пра́дзед, ‑а, М ‑дзедзе, м.
1. Бацька дзеда або бабулі. Бацька, дзед і прадзед ўмелі іграць на скрыпцы і былі скамарохамі для ўсяе акругі. Гарэцкі.
2. звычайна мн. (пра́дзеды, ‑аў). Продкі. Ад прадзедаў спакон вякоў Мне засталася спадчына; Паміж сваіх і чужакоў Яна мне ласкай матчынай. Купала. На вялікдзень звычайна ў госці не запрашалі, хто хацеў, прыходзіў сам. Такі быў звычай, заведзены дзядамі і прадзедамі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спадру́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, які падыходзіць; зручны. З трывогай убачыў [Даніла], што хоць і сапраўдны тут лес, але дроў спадручных няма. Кулакоўскі. Ён [Сымон] са скрыпкай неразлучны, Не спускае яе з рук, А ў час вольны і спадручны Граў і цешыўся хлапчук. Колас.
2. у знач. наз. спадру́чны, ‑ага, м. Памагаты. Ні .. [гардэробшчык], ні яго спадручны ў такой жа форме,.. ніхто не звярнуў на нас увагі. Шыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сталава́цца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; незак.
Харчавацца, мець стол (у 2 знач.) дзе‑н. або ў каго‑н. [Сяргей:] — Знайшоў кватэру недалёка ад заводзіка. Каморка невялічкая. Дамовіўся з гаспадыняй наконт харчу. Буду ў яе сталавацца. Машара. [Саша] ішла злосная, з намерам рашуча заявіць Ані, што, калі яшчэ раз будзе такая бульба і такі боршч — яна больш сталавацца ў яе не будзе, за свае грошы знойдзе кватэру ў любым месцы. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
храніка́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да хронікі (у 1, 2 знач.). У паэме [«Грозная пушча» Куляшова] пераважаюць гутарковыя апавядальныя інтанацыі: яны адпавядаюць хранікальнай паслядоўнасці падзей. Гіст. бел. сав. літ.
2. Які змяшчае ў сабе хроніку (у 3, 4 знач.); з’яўляецца хронікай. Джані Пучыні ў мінулым дакументаліст. Таму ў яго фільме так яскрава бачны ўплыў хранікальнага кіно. «Маладосць». // Дакументальна дакладны; такі, як у хроніцы. Хранікальны паказ фактаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
храні́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Зацяжны або такі, які перыядычна ўзнаўляецца (пра хваробу). Усю зіму ледзь не ўсе палітвязні мелі хранічную прастуду і ўдушлівы кашаль. Машара. // Які хварэе на такую хваробу. Хранічны хворы.
2. перан. Працяглы, няспынны, пастаянны. Характэрнай рысай перыяду агульнага крызісу капіталізму з’яўляецца хранічная недагрузка вытворчых магутнасцей. «Звязда». Пісьменніка [Ф. Багушэвіча] хвалюе стан сельскай гаспадаркі, слабае развіццё прамысловасці і промыслаў, хранічны застой у развіцці эканомікі краіны. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цуке́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Салодкі кандытарскі выраб у выглядзе плітачкі, шарыка і пад. Шакаладныя цукеркі. Мятныя цукеркі. □ Сват хадзіў з рэшатам, абдзяляў гасцей цукеркамі і збіраў падарункі маладым. Васілевіч. // перан. Разм. Пра каго‑, што‑н., падобнае на такі выраб; пра нешта саладжавае. [Надзя:] — А хіба вы, Мірон Іванавіч, хацелі б бачыць мяне такой салодкай, як Любка? Тая сапраўды на цукерку ператварылася. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)