быццё, ‑я, н.
1. Спец. Аб’ектыўная рэальнасць, якая існуе незалежна ад нашай свядомасці; матэрыя, прырода. Быццё па-за часам, заключае [Пляханаў], з’яўляецца такім жа вялікім абсурдам, як і быццё па-за прасторай. «Весці».
2. Сукупнасць умоў матэрыяльнага жыцця грамадства. Быццё вызначае свядомасць.
3. Жыццё, існаванне. Ад роднае зямлі, Ад гоману бароў, Ад казак вечароў, Ад песень дудароў, Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей, Ад шолаху начэй, Ад тысячы ніцей, З якіх аснована і выткана жыццё І злучана быццё і небыццё, — Збіраўся скарб. Колас.
4. Разм. Прабыванне дзе‑н. [Карызна] сказаў возніку ехаць далей і ўпершыню за ўвесь час быцця свайго ў гэтым раёне спыніўся ў заезным двары. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
меркава́цца, мяркуюся, мяркуешся, мяркуецца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець у якасці намеру, разліку на будучае; намячацца. Верамейчык расказаў, якім чынам калгас дасягнуў высокіх ураджаяў і як далей мяркуецца развіваць гаспадарку. Дуброўскі. Сельскі савет перайшоў у новы будынак — меншы — на сярэдзіну вёскі, а стары, вялікі, меркаваўся пад клуб. Пестрак.
2. Жыць у згодзе, мірыцца. — Вядома, бацькаўшчыны шкода, — Сказаў Антось у тоне згоды: — Але ж і трэба меркавацца І аднаго чаго трымацца. Колас.
3. Раіцца. Тут .. [хлопцы] зноў пачалі меркавацца, каму лезці, а каму збіраць яблыкі. Шахавец. — Я табе, сынку, скажу. Я меркаваўся з маткаю.. Мы з маткаю дамо рады і даўгам і зямлі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
металі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены з металу. Металічныя канструкцыі. □ Пагарэльскі здымае з рамы цяжкую накрыўку і ў зямлі відно, як ляжаць металічныя мадэлі. Скрыган. Рэч хутчэй нагадвала ружжо, са ствала якога выглядала вострая металічная страла. Шашкоў.
2. Які мае адносіны да металу, звязаны з апрацоўкай металу. Дзіўна выглядалі тады белыя, надзвычайна чыстыя кветкі.. на яго [Захарыя] шырокай далоні, цёмнай ад металічнага пылу, ад машыннага масла. Самуйлёнак.
3. Уласцівы металу, падобны на метал. [Хвалі] былі сінява-чорныя з глухім металічным бляскам. Зарэцкі. // перан. Які нагадвае гукі ўдару аб метал. Металічны голас. □ Рыжая асака, не кранутая ў свой час касой, стаяла напаўроста ў вадзе і пазвоньвала пад ветрам металічным звонам. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мёрзлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які зацвярдзеў ад марозу. Чалавек пад бярозай кашлянуў і пайшоў прэч, загрукатаўшы ботамі па мёрзлай зямлі. Шамякін. Сухі вецер гнаў па мёрзлай раллі пясок. Ваданосаў. // Пакрыты лёдам, абледзянелы. Сонейка зірнула У мерзлае акно — І заззяла пышна Іскрамі яно. Журба. Як толькі Сцёпка параўняўся з адною хатай у сяле і зірнуў на яе мёрзлыя шыбы, ён адразу заўважыў гэта прагрэтае акеначка ў аконцы. Колас.
2. Сапсаваны ад холаду, ад марозу. Мёрзлая бульба.
3. Разм. Вельмі халодны, выстуджаны — аб памяшканні. [Чарноў:] — Дай .. [каню] на месяц аўса ды пастаў яго ў сапраўдную канюшню, а не ў гэту мёрзлую яму — .. і ты яго не пазнаеш. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
навярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.
1. каго-што чым. Палажыць што‑н. цяжкае паверх чаго‑н. Навярнуць камень на дошкі. Навярнуць ламачча бервяном.
2. чаго. Налажыць, накідаць многа чаго‑н.; наваліць. Навярнуць гару камення. □ Здорава фрыцы партызан баяліся — зямлі болей як у два метры навярнулі [да сцяны хаты]. Савіцкі.
3. пераважна безас. чаго. Намесці, нагнаць у вялікай колькасці. За ноч навярнула гурбы снегу.
4. што. Нахіліць, схіліць у які‑н. бок. Навярнуць слупы.
5. перан.; каго на што. Разм. Прыахвоціць да чаго‑н. Навярнуць на рыбалоўства.
6. чаго і без дап. Разм. Нагаварыць на каго‑н. няпраўды; наплесці. [Матка:] — Навярнуў [нехта] такога, што страх слухаць! На хлопца, які век птушаняці не зачапіў! Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няста́ча, ‑ы, ж.
1. Адсутнасць каго‑, чаго‑н. у неабходнай колькасці, недахоп. Нястача рабочых. Нястача грошай. □ Баец пачаў задыхацца. Грудзі распірала ад нястачы паветра, — здавалася, вось-вось хрусне горла. Быкаў. Шмат гора давялося перажыць.. [Анастасіі Фамінічне] у першыя гады замужжа. Зямлі мелі мала, і заўсёды ў чым-небудзь была нястача. Сіняўскі.
2. Недастача грошай, тавараў, выяўленая пры праверцы магазіна, установы і пад. Калі ў краме ёсць нястача, Дык «усушка» там няйначай. Крапіва. Правяраючы касу, Зіна выявіла нястачу. Васілёнак.
3. Адсутнасць дастатковых сродкаў для існавання; беднасць. Васіль .. чакаў, што Аўгіня, прыціснутая нястачаю, засмуткуе па куску хлеба і прыйдзе да яго. Колас. Мой край па царскаму закону Быў краем гора і нястач. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; пр. павалок, ‑лакла, ‑ло; зак., каго-што.
1. Пацягнуць волакам, не адрываючы ад паверхні чаго‑н. Віктар ухапіў Мірона за ногі і павалок па зямлі. Маўр. Выплыў Сенька з затока, пераехаў Прыпяць, потым, спусціўшыся крыху ніжэй, прыстаў да берага і павалок лодку ў кусты. Краўчанка.
2. Панесці што‑н. цяжкае, з цяжкасцю. Праца закіпела дружна. Хлопцы, дзяўчаты павалаклі дошкі, цэглу, жалеза. Карпюк. Завішнюк узяў свае мяшкі, трыножнік і павалок на двор, як нешта зусім чужое. Пташнікаў.
3. Разм. Павесці сілком, прымусіць пайсці куды‑н. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок са двара. Брыль. Паліцыянты схапілі высокага .. харыста Паўла Моніча і павалаклі. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падка́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
Разм. Накапаць дадаткова. Падкапаць лякарства.
падкапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што.
1. Раскапаць зямлю пад чым‑н. Падкапаць слуп. □ Іван Навумавіч падняў каля плота трэску, асцярожна падкапаў ёю збоку сушэйшы куст. Якімовіч. У маладой прыгажуні сасонкі дзік падкапаў карэнне, і яны апынуліся на паверхні зямлі. Мяжэвіч. // Зрабіць падкоп пад чым‑н. Падкапаць плот.
2. Зрабіць глыбейшым, паглыбіць. [На Палессі] сёлета, напрыклад, пасля таго, як асушылі балоты, у маёй роднай вёсцы ўзровень вады так упаў, што давялося падкапаць амаль усе калодзежы. Сачанка.
3. і чаго. Разм. Накапаць, выкапаць у дадатак да чаго‑н. Маці ўстала, узяла ў сенцах кош і рыдлёўку. — Пойдзем бульбы падкапаем. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памі́ма, прыназ. з Р.
Разм. Спалучэнне з прыназоўнікам «паміма» выражае аб’ектныя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, без ўдзелу якіх ці незалежна ад якіх што‑н. праходзіць, адбываецца; не прымаючы каго‑, што‑н. пад увагу. І раптам адчуў сябе Ігнась адрэзаным, асобным ад усяго, як бы ў другім свеце, на другой зямлі; усё стала як бы па-за яго істотаю: вось робіцца ўсё на свеце паміма яго, далёка ад яго. Чорны. Спачатку слова «наша» ішло неяк паміма яго думак, адскоквала ад сялянскага сэрца, як гарох ад сцяны — нешта нязвычнае, новае. Бядуля. І зноў цэлы рад вобразаў выплывае ў памяці паміма яго [Лабановіча] волі, і сэрца шчыміць болем утраты. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
піке́т 1, ‑а, М ‑кеце, м.
Невялікі ваенны вартаўнічы атрад; застава. На палове квартала .. [Васіль Пятровіч] убачыў пікет мінёраў. Карпаў. // У капіталістычных краінах — група бастуючых рабочых, выдзеленая для нагляду за парадкам у часе забастоўкі, а таксама група дэманстрантаў, якая ахоўвае дэманстрацыю ад нападу. [Навічкі] не ўдзельнічалі нават у пікетах, якія рабочыя выставілі ля фабрычных варот. Лынькоў.
[Фр. piquet.]
піке́т 2, ‑а, М ‑кеце, м.
Спец.
1. Пункт мясцовасці, які знаходзіцца на адпаведнай адлегласці ад другога пункта і адзначаны пры нівеліраванні колікам, забітым роўна з паверхняй зямлі. // Калон з нумарам, забіты ў зямлю пры нівеліраванні.
2. Адзінка вымярэння даўжыні чыгуначных ліній, роўная ў СССР 100 м.
[Фр. piquet.]
піке́т 3, ‑а, М ‑кеце, м.
Старадаўняя гульня ў карты.
[Фр. piquet.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)