гі́льдыя, ‑і, ж.
1. У сярэдневяковай Еўропе — аб’яднанне купцоў або рамеснікаў, якое абараняла інтарэсы або цэхавыя прывілеі сваіх членаў.
2. У царскай Расіі — адзін з трох саслоўнападатковых разрадаў, на якія падзялялася купецтва ў залежнасці ад велічыні капіталу. Купец першай гільдыі.
•••
Першай гільдыі — пра чалавека з крайнім праяўленнем якіх‑н. якасцей. Штукар першай гільдыі.
[Ад ням. Gilde — таварыства.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
метафі́зіка, ‑і, ДМ ‑зіцы, ж.
1. Процілеглы дыялектыцы філасофскі спосаб мышлення і метад пазнання, які разглядае прадметы і з’явы прыроды ў адрыве адзін ад аднаго.
2. Ідэалістычнае філасофскае вучэнне аб нязменных першаасновах свету, якія выходзяць за межы вопыту (бог, душа і інш.).
3. перан. Абстрактнае, туманнае разважанне; што‑н. малазразумелае, туманнае.
[Ад грэч. meta ta physika — пасля фізікі (такую назву мелі філасофскія творы Арыстоцеля, якія былі змешчаны пасля яго трактата па фізіцы).]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
міжво́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не залежыць ад волі, свядомасці. Толькі яшчэ аднаго не мог пераадолець у сабе каваль — гэта пачуцця нейкай міжвольнай гідлівасці да нямецкіх вінтовак і пісталетаў, хоць імі ўжо карысталіся партызаны. Паслядовіч.
2. Выпадковы, ненаўмысны. Асабліва помніцца мне адзін дзень, у які нам давялося быць міжвольнымі памочнікамі дзядзькі Сымона. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
міну́ўшчына, ‑ы, ж.
Тое, што было раней, што даўно прайшло; мінулае; былое. Як жывы сведка мінуўшчыны, адзін стары дзед Лявон астаўся тут. Бядуля. Думкі не пакідаюць мяне. Можа і не варта каламуціць тую палыновую горыч далёкай мінуўшчыны. Асіпенка. // Старажытнасць, старадаўнасць. Сівая мінуўшчына. □ І ў суме адвечным, ссутуліўшы плечы, Мінуўшчына ў замчышчы спіць. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
архітэкту́ра, ‑ы, ж.
Майстэрства праектавання, будавання і мастацкага афармлення пабудоў; дойлідства. Архітэктура старажытных грэкаў. // Навука пра ўзвядзенне будынкаў. Курс архітэктуры. // Характар, стыль пабудовы. Гатычная архітэктура. Беларуская народная архітэктура.
•••
Арганічная архітэктура — адзін з кірункаў архітэктуры, які ўзнік у 30‑я гг. 20 ст. ў ЗША і атрымаў пашырэнне ў Італіі, Бразіліі і іншых краінах.
[Лац. architectura.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
псяю́ха, ‑і, м. і ж.
Разм. лаянк. Пра таго, хто выклікае агіду, нянавісць. Няхай адно кране за вуха: Як выйдзе ён на двор, псяюха, Адзін без нас, як цёмна стане, Тады што скажаш нам, Іване? Колас. Глядзіць сабачым вокам злым, Бурчыць, здаецца, глуха. Ды раптам... Што такое з ім? Пачаў брахаць псяюха. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пужа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Адчуваць страх, палохацца. [Васілёк:] — Мама! Страшна мне тут, Я баюся адзін: Унь варушыцца жмут на ашэстку аўчын .. — Не пужайся, дурны. То аўчынкі вісяць, Нежывыя яны І не могуць чапаць. Колас. Барада ў мяне сапраўды страшная вырасла: раней я сам сябе пужаўся, калі часамі заглядваў у ваду замест люстэрка. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбе́жка, ‑і, ДМ ‑жцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. разбягацца — разбегчыся (у 7 знач.).
2. Р мн. ‑жак. Размінка бегам перад спартыўнымі выступленнямі.
3. Р мн. ‑жак. Разыходжанне, несупадзенне ў чым‑н.; супярэчнасць. Разбежка ў адзін міліметр. □ Тэхнічная памяць і спрактыкаванасць дапамаглі [Пракапенку] намнога скараціць разбежку паміж машынным і дапаможным часам. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пажада́нне, ‑я, н.
1. Выказанае словамі жаданне, часцей чаго‑н. добрага, адрасаванае каму‑н. Пажаданне поспеху. □ Для кожнага ў.. [італьянкі] было напагатове слова падзякі ці проста пажаданне ўсяго добрага ў жыцці і працы. Лынькоў.
2. Прапанова, патрабаванне. Выказаць свае пажаданні. □ Адзін за адным .. [наведвальнікі] заходзілі ў кабінет, выкладвалі свае просьбы, меркаванні, пажаданні. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пратапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., што.
1. Пракласці частай хадзьбой (дарожку, сцежку і пад.). — [Рысь] ведала, што сцежку пратапталі алені і што тут яны адзін за адным на вадапой ходзяць. В. Вольскі. [Васіль:] — Я многа, брат, тут сцежак пратаптаў. За вайну ўсё было зарасло. Шамякін.
2. Працерці, пранасіць хадзьбой. Пратаптаць боты.
3. Таптаць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)