звяры́нец, ‑нца, м.

Спецыяльна абсталяванае памяшканне, прыстасаванае месца, дзе трымаюць дзікіх жывёл для паказу. І сам звярынец быў цікавы: Высокі, зложаны з бярвення, І такі моцны — на здзіўленне! Каб воўк да коз не мог дабрацца Ні праз той верх, ні падкапацца. Колас. Вясной у горад, дзе жылі нашы сябры, прывезлі ў звярынец з Маскоўскага заапарка двух маладых мядзведзяў і шэсць лебедзяў. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абыва́цель, ‑я, м.

1. Уст. Сталы жыхар якой‑н. мясцовасці. Так Сяргей Пятровіч зрабіўся абывацелем горада Сярдзечанска. Сяргейчык.

2. Чалавек, які жыве дробнымі, вузкаасабістымі інтарэсамі. Ёсць ціхае шчасце абывацеля і эгаіста, калі ён плюе на ўсё на свеце, абы яму добра было. Хадкевіч. Пакутных думак чарвякі Мазгі расточваюць парой: Ды хто ж, урэшце, я такі? Ці абывацель, ці герой? Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адме́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Не такі, як усе; своеасаблівы, адметны. Як і штогод, для кожнага чалавека вясна прынесла нешта новае, адменнае, непаўторнае. Хадкевіч. — Форма! — весела выкрыкваў .. [Пракоп], падаючы гэтаму слову адменны, аднаму яму зразумелы сэнс. Вітка.

2. Самы лепшы, надзвычайны. Адменных вуліц, плошчаў тут нямала, І кветнікаў, і вечна свежых рос. Панчанка. Боцікі і сапраўды былі адменныя — новенькія, бліскучыя, на высокіх абцасах. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрывыка́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак., да каго-чаго і з інф.

Прывыкнуць — пра ўсіх, многіх. Дзеці папрывыкалі да незнаёмых. □ — Спаць папрывыкалі доўга, — досыць строга прамовіў Марцін і кінуў погляд у той куток, дзе ляжалі ў пасцелях яго пляменніцы. Колас. Дзялендзік сварыўся, палохаў, што паліцыя можа спаліць усю вёску, калі знойдзе такі лісток у каго-небудзь дома. Але людзі да пагроз папрывыкалі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

межавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які ўстанаўлівае, абазначае мяжу паміж чым‑н. Межавы знак. Межавы капец. □ Паўз дарогу бялелі каморніцкія тычкі і межавыя слупы. Чорны. // Такі, у якім вызначаны межы, граніцы якіх‑н. зямельных ўчасткаў. Межавыя кнігі.

2. Які мае адносіны да межавання, прызначаны для межавання. Межавая інструкцыя. Межавы ланцуг.

3. у знач. наз. межавы́, ‑ога, м. Спецыяліст па межаванню; межавік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́рза, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Неахайны або мурзаты чалавек. — Хадзем памыю хоць, мурза ты, — усміхнулася маці сыну. Арабей. Хлопцы на хаду скідалі камбінезоны і неяк адразу ператвараліся з нязграбных мурзаў у франтаватых маладых людзей. Асіпенка.

мурза́, ы́, м.

Тытул татарскай феадальнай знаці ў 15 ст. // Асоба, якая носіць такі тытул.

[Ад перс. mīrza.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ніштава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Досыць добры, нядрэнны. Чалавеку гадоў было на выгляд за трыццаць. Такі сабе русявы, ніштаваты мужчынка. Брыль. Я пайшоў у прамтаварны магазін, купіў ніштаваты гарнітур, туфлі. Лупсякоў.

2. Значны, немалы (па велічыні, колькасці). Ніштаватая сума грошай. □ Нам часцей пачалі пападацца ніштаватыя шчупачкі. Хведаровіч. У нашых скураных торбачках ёсць дабраваты кусок сала і ніштаваты акраец хлеба. Сташэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нязно́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што перавышае сілы, цярпенне, які пераносіцца з цяжкасцю. Нязносная гарачыня. □ Праўду кажуць, што з часам усё праходзіць, нават самы нязносны боль забываецца. Сабаленка. // Вельмі надакучлівы. Нязносны сусед.

2. Які доўга не зношваецца; вельмі моцны. [Марцін:] — Нейкі незнаёмы дзядзька прыйшоў і дае мне мае два кавалкі скуры з трансмісійнага паса.. Гэта ж нязносныя былі б падэшвы... Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неадо́льны, ‑ая, ‑ае.

Які цяжка, немагчыма пераадолець, перасіліць. Неадольны сон прычапіўся да хлопца. Колас. Сцёпка мог бы не ісці праз цэнтр горада, але неадольнае жаданне зірнуць на рэўком прымусіла яго павярнуць на галоўную вуліцу. Хомчанка. // Такі, якога цяжка, немагчыма адолець, перамагчы; магутны. Пошчак нарастаў і нарастаў, блізіўся. Неадольны, магутны. Зямля стагнала. Караткевіч. Правядзенне ленінскай нацыянальнай палітыкі згуртавала.. народы ў магутную неадольную сілу. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ненасы́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога цяжка накарміць; пражэрлівы. Ненасытны звер.

2. перан. Які не можа здаволіцца дасягнутым, тым, што мае; прагны. Я быў ненасытны ў сваёй творчасці і захапляўся адначасова стварэннем у адной п’есе некалькіх характараў, не падобных адзін на аднаго і процілеглых адзін аднаму. Сяргейчык. Багацелі год ад году Ненасытныя паны, Бо схавалі ад народа Шчасце з Праўдаю яны. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)