жы́та, ‑а, М жыце, н.

1. Аднагадовая расліна сямейства злакавых, зерне якой скарыстоўваецца для прыгатавання хлеба. Зжаць жыта. Звезці жыта ў гумны. Абмалаціць жыта. □ З каласоў завязалі Бараду, як вялося, Каб трубою, казалі, Штогод жыта вілася. Калачынскі.

2. Зерне гэтай расліны. Мяшок жыта ляжаў на зямлі каля самага ганку. Бядуля. Затым пад жарты і смех гасцей маладога і маладую абсыпалі жытам, каб былі добрымі гаспадарамі. Васілевіч.

3. толькі мн. (жыты́, ‑оў). Жытнія палі. Дзівіўся: гэтакіх ніколі Не бачыў у жыцці жытоў. Прануза. На многа вёрст было відаць з гары Адсюль палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заго́н 1, ‑а, м.

1. Паласа, участак ворнай зямлі, поля. На полі ветла, самавіта У рад стаялі копкі жыта, Так аздабляючы загоны. Колас. З левага боку .. кусцілася жыта, а па правую руку ляжалі старанна забаранаваныя вагоны. Алешка.

2. Агароджанае пад адкрытым небам месца для жывёлы. Егеры выпусцілі з загонаў гадавальніка адзін зубрыны статак. Краўчанка.

заго́н 2, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. заганяць ​1 — загнаць (у 1 знач.).

2. ‑а. Ланцуг загоншчыкаў на паляванні. Воўк зразумеў, што загоншчыкі, якія крычалі наперадзе, значна больш бяспечныя, чым стрэлы ззаду, і прарваўся праз загон. «Беларусь».

•••

У загоне — у закінутым стане, пад уціскам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грані́ца, ‑ы, ж.

1. Прыродная або ўмоўная лінія, якая раздзяляе два сумежныя ўчасткі зямлі, дзве адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі і пад.; мяжа. Рэчка паўставала перада мной не толькі як граніца сенажацей двух калгасаў, а як нейкая своеасаблівая мяжа паміж двума светамі: цяжкім мінулым і шчаслівым сённяшнім днём. Шуцько. // Лінія, якая раздзяляе тэрыторыі дзвюх дзяржаў. Дзяржаўная граніца. □ Цяпер мяне кліча Радзіма, І я на граніцу іду. Панчанка.

2. Мера дазволенага; край, рубеж. Аўгіння жартаваць жартавала, але граніц у сваіх дурасцях не пераступала. Колас.

•••

За граніцай — у замежных дзяржавах.

За граніцу — у замежныя дзяржавы.

З-за граніцы — з замежных дзяржаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грэ́бціся і грабці́ся, грабуся, грабешся, грабецца; грабёмся, грабяцеся; пр. гробся, граблася і граблася, грэблася і граблося; незак.

1. Капацца, разграбаць што‑н. лапамі, пальцамі. Пасярод вуліцы заклапочана грабецца вялізны певень з чарадою кур — шукаюць спажывы. Палтаран. [Мацевіха] была на полі. Юрка гробся ў зямлі побач з ёю. Чорны.

2. Разм. Плысці, пасоўвацца, грабучы чым‑н. Грэбціся да берага. □ Павольна адзінокі параходзік Грабецца супраць круталобых хваль. Блатун. // перан. Імкнуцца да чаго‑н., пераадольваючы цяжкасці. — Не ў мае пяцьдзесят пяць год такую прамудрасць засвойваць, няхай ужо сыны мае.. на гэту справу грабуцца. Лынькоў.

3. Зал. да грэбці (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

немалы́, ‑ая, ‑ое.

1. Даволі вялікі, значны па велічыні, памерах, колькасці. Немалыя грошы. □ Немалую дарогу прайшлі мы Па чужой і па роднай зямлі. Колас. — Колькі сёння атрымана патронаў? — запытаўся камандуючы. І хоць начальнік тыла назваў немалую лічбу, камандуючы быў незадаволены. Мележ. // Даволі працяглы (пра тэрмін, час і пад.). Чатыры гады — немалы час. Чарнышэвіч.

2. Значны па сіле, інтэнсіўнасці, глыбіні праяўлення. Немалая радасць. □ Рух узняўся за лесам І лязгат, і гром немалы. Куляшоў.

3. Які мае даволі вялікае значэнне, аўтарытэт у грамадстве; значны, важны. Сярэдні чыноўнік губернскіх канцылярый або немалы чын на чыгунцы заўсёды будаваў сабе пад старасць такі дом. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паві́нен, ‑нна, у знач. вык. (часцей з інф., з дзеясл. «быць» або без апошняга).

Абавязан, вымушан што‑н. рабіць, або мець якую‑н. якасць. Мы павінны змагацца за мір. □ Чалавек! Ён павінен быць варты свайго месца на зямлі. Карпаў. // Аб тым, што абавязкова здарыцца. Зацменне месяца павінна быць у 11 гадзін вечара. □ [Васіль:] — Мінут праз дзесяць тут па графіку павінен прайсці наступны поезд... Васілёнак. // Ужываецца для вырашэння магчымасці, непазбежнасці чаго‑н. Ён павінен хутка з’явіцца. □ [Муляры] павінны будуць сабрацца неўзабаве, перад закладкаю галоўнага будынка. Чорны. Не мае права жартаваць .. [Марына сваім] лёсам. Яна маладая, яна павінна быць шчаслівая па-сапраўднаму. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назе́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, размешчаны на паверхні зямлі. Наземны вестыбюль метро. Наземны аб’ект. □ Узвесці наземныя збудаванні сучаснай магутнай цеплавой станцыі не так проста. Шыцік. Чутны былі гудкі, снавалі ў цемені аганькі. У вялікіх наземных будынках грукаталі і сіпелі машыны. Лупсякоў.

2. Які дзейнічае на зямной паверхні. Наземныя машыны. □ Тым часам партызаны.. быццам расталі дзе, [іх].. не магла знайсці ў зімовых лясах ні наземная разведка, ні нават паветраная. Чыгрынаў. // Які праводзіцца, робіцца на зямной паверхні. Наземныя вымярэнні. □ З белых пустэльняў поўначы, дзе разгараліся жорсткія паветраныя сутычкі, лепш былі відаць жорсткія наземныя баі на другіх франтах. Кучар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насці́л, ‑у, м.

1. Тое, што і насціланне. У цэху праводзіцца насціл падлогі. «Беларусь».

2. Паверхня з дошак або іншага матэрыялу, насланага на што‑н. Дошкі насцілу гулі — на мост уз’ехала машына. Савіцкі. Стараючыся не збіцца з жардзян[о]га насцілу, асцярожна ступаючы, Бондар пайшоў на ўскраек балаціны. Навуменка. // Пласт чаго‑н. насланага. Жолуд падае з дуба, правальваецца да самай зямлі праз гнілы пласт лісцвянага насцілу. Чорны. // Пласт снегу на чым‑н. Конь, адчуўшы цяжар, мякка заганцаваў на месцы, б’ючы пярэднімі капытамі па прамёрзлым снегавыя, насціле. Мікуліч. На пляцоўку прывезлі насціл не такога памеру, як трэба было па праекту. Лукша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каля́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Чатырохколы экіпаж на рысорах, з адкідным верхам. Паны ў калясцы пад’язджаюць. Фурман тут лейцы падцінае, Стаенных пару прыпыняе. Колас. А за грамадой, на калясцы, Рассеўшыся вяльможай, Пан Скрыцкі ехаў сам. Бядуля.

2. Лёгкія калёскі, звычайна крытыя, для катання дзяцей. Дзіцячая каляска. □ Маладая жанчына сядзела на лаўцы і гойдала каляску. Шамякін.

3. Невялікі ручны возік, магчыма і двухколы, для перавозкі грузаў. Прывезці галлё на калясцы.

4. Невялікая павозка спецыяльнага прызначэння. Матацыкл з каляскай. □ Асабліва страшна было глядзець на бязногіх, калі яны на падвязаных да бёдраў калясках, адштурхваючыся ад зямлі рукамі, рухаліся па бруку... Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бурлі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. Бурна цячы, пералівацца з шумам; кіпець, клекатаць (пра ваду і інш. вадкасці). Унізе вада бурліць, пеніцца, нясе з сабою кускі лёду, нейкае ламачча, леташнюю траву. Кулакоўскі. Бурліць чыгун гарачы, Расплаўлены ў вагранках. Аўрамчык.

2. перан. Праяўляцца з вялікай сілай (пра падзеі, пачуцці і пад.); шумець, хвалявацца. [Ігнась] сеў на месца, і злосць бурліла ў ім, як кіпень. Чарнышэвіч. І бурліла ў людскіх пачуццях жаданне як бы крыкнуць усёй зямлі, сказаць усяму, што ёсць, — аб радасці дзён, аб песнях і звонах жыцця. Чорны. Скрозь бурліла людское мора, а ў ім — кветкі, лісце, усцешаныя твары. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)