ты́кацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Мітусіцца, стараючыся пранікнуць куды‑н. Людзі тыкаліся ва ўсе бакі, як сляпыя шчаняты. Асіпенка. // Ударацца, стукацца аб што‑н., упірацца ў што‑н. Калі паляцелі качкі, закрычалі з неба, наша Шэрачка, — так мы яе звалі, — спачатку пачала бегаць па дварышчы, тыкаючыся ў плот, у сцены, а пасля ўзнялася на крылле .. і падалася да чарады. Дубоўка.

ты́кацца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. фам. Звяртацца да каго‑н. на «ты». Месяц назад гэты самы Лёшка не азваўся б, а цяпер глядзі — тыкаецца, як з роўным. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уры́цца, урыюся, урыешся, урыецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рыючы, пранікнуць у глыб чаго‑н. (пра жывёл).

2. Схавацца ў вырытым паглыбленні або ў чым‑н. сыпкім; зарыцца. «Салавей» урыўся ў вялізны стог сена і адпачываў. Бядуля.

3. З сілай, на хаду урэзацца ў што‑н. [Аляксей:] — Машына з ходу ўрыецца ў гразь, як свіння, узніме цэлы вал твані наперадзе, і сядзі. Мележ. [Косцік] шыўся далей, да гурбы каровак. Нехта штурхнуў яго так, што ён урыўся ў іх носам, яшчэ не ўспеўшы падняцца, пачаў адчыняць каробкі. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарэ́нь, ‑і, ж.

1. Ляжанка на рускай печы. Часам так хацелася ўзлезці на цёплую чарэнь бацькавай печы і моцна заснуць пад спеў цвыркуна і гоман ветру. Грахоўскі. Ну і смеху было з гэтым дзедам нядаўна! Мала таго, што ён цэлую зіму, дык і летам не злазіць з печы. І да таго ўжо даседзеўся, што праваліўся разам з чарэнню на чыгуны і гаршкі якраз тады, як палілася ў печы. Васілевіч.

2. Гарызантальная паверхня ўнутры рускай печы; под. Закіпела ў печы і бяжыць з чыгуна на гарачую чарэнь вада. На чарэні сіпіць. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкада́,

1. безас. у знач. вык., каго-чаго або з інф. Пра пачуццё жалю, спагады і пад. да каго‑, чаго‑н. Ай, танцоры! Ай, музыкі! Пашкадуйце чаравікаў, Пашкадуйце свае ногі, Калі не шкада падлогі! Танк. Шуру шкада падсякаць гонкія, прыгожыя бярозкі. Навуменка.

2. безас. у знач. вык., чаго або з інф. Пра нежаданне аддаць, страціць і пад. што‑н. [Іліко:] — Сімон казаў, што яму нічога не шкада для мяне. Так ён мяне любіць. Самуйлёнак. Кроў не вада, разліць шкада. Прымаўка.

3. у знач. пабочн. На жаль. Прыехаць, шкада, часу няма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паня́цце, ‑я, н.

1. Адна з форм адлюстравання свету ў мысленні чалавека, якая ўзнікае як вылучэнне і абагульненне прадметаў пэўнага класа. // Разуменне, якое адлюстроўвае найбольш агульныя істотныя ўласцівасці, сувязі і адносіны прадметаў і з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці. Паняцце трохвугольніка. Паняцце прыбавачнай вартасці. □ У паняцце «беларуская мова» ўваходзіць як беларуская літаратурная мова, так і народная мова ва ўсёй сукупнасці яе разнастайных гаворак. Юргелевіч.

2. Уяўленне аб чым‑н.; веданне чаго‑н. Кожная вышывальшчыца павінна мець паняцце аб колерах. Данілевіч. // звычайна мн. (паня́цці, ‑яў). Сукупнасць поглядаў на што‑н.; ўзровень разумення чаго‑н. Па вобразу жыцця і па паняццях земляробчы клас усёй Заходняй Еўропы прадстаўляе як бы адно цэлае. Лушчыцкі. // Разм. Здольнасць разабрацца ў чым‑н.; разуменне, меркаванне. [Дзед Сымон:] — Я вось так гляджу: павінен чалавек да ўсяго мець паняцце. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праці́ўнік, ‑а, м.

1. Чалавек, які адносіцца варожа ці адмоўна да каго‑, чаго‑н. Селянін Сцёпка Ляўшун смела выступаў супраць крыўд сельскай грамады, на сходах быў першым праціўнікам начальства. Пшыркоў. Сярод клінкоўскай беднаты знайшліся і праціўнікі калектывізацыі. Колас.

2. Чалавек, які імкнецца перамагчы другога (у спрэчцы, сутыкненні, бойцы); сапернік. Маім адкрытым праціўнікам стаў Васіль. Кавалёў. Праціўнікі ўжо сашчапіліся загрудкі, ужо адзін, хапаючыся за пісталет, паляцеў потырч праз крэсла. Лынькоў. // Удзельнік гульні, спартыўнага спаборніцтва (у адносінах да другога, другіх удзельнікаў). Мячык быў перахоплены праціўнікам. Гамолка.

3. зб. Варожыя ўзброеныя сілы; вораг. Вагонаў так сумеў паставіць свае гарматы і так спрытна мяняў іх месцы, што агонь праціўніка не рабіў ніякае шкоды. Колас. Брыгада несла цяжкія страты, адступаючы пад націскам у дзесяць разоў мацнейшага праціўніка. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́лент, ‑а і ‑у, М ‑нце, м.

1. ‑у. Надзвычайныя прыродныя здольнасці. Музыкальны талент. □ Канечне, звычайнаму чалавеку столькі ведаць немагчыма, тут патрэбен талент, а талент даецца чамусьці не кожнаму. Васілёнак. Сутнасць яго [Багдановіча] заключаецца ў тым, што талент дасягае вяршыні мастацтва іптэнсіўнай працай і сардэчнай самаадданасцю раз абранаму ідэалу паэзіі. Майхровіч. // Здольнасць, уменне. Так, так, — сказаў Сухавараў, — на гэта трэба мець асаблівы талент. — У пана Лабановіча і ёсць гэты асаблівы талент, — прамовіла Ядвіся. Колас. // Разм. Занятак. У канцы імперыялістычнай вайны Вэня Шпулькевіч знайшоў сабе талент: ён ад’ехаў з Мінска кіламетраў за сто і там астаўся на службу. Чорны.

2. ‑а. Чалавек з надзвычайнымі здольнасцямі. Маладыя таленты. □ [Валодзя:] — Стась — талент, ён выдатны мастак. Усе партрэты, усе лозунгі, усе плакаты, карціны і дыяграмы — усё гэта зроблена ім.. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; незак., што.

1. Ставіць плот, паркан і пад.; абгароджваць што‑н. Гарадзіць плот. □ [Ладымер] да поўдня быў у хаце, а тады выйшаў гарадзіць капуснікі. Чорны. Я выган плотам гарадзіў. Купала.

2. перан. Разм. Гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць. Старая Рындзіха хадзіла па вёсцы і гарадзіла на ўсіх Шамраёў за тое, што адбілі ад бацькоў роднага сына. Машара. Стары гаворыць — гародзіць, ды па праўду выходзіць. Прыказка.

•••

Агарод (гарод, плот) гарадзіць — а) пачынаць якую‑н. клапатлівую і безнадзейную справу. Не бачыць Грамабою гэтай зямлі. А калі так — дзеля чаго і гарод гарадзіць. Крапіва; б) гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць. Тут Саўка хмурыць свае бровы: — Ты, сын, гарод не гарадзі... Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

га́сіць, га́шу, га́сіш, га́сіць; незак.

Разм. З размаху біць, удараць па чым‑н. Мяняліся .. [рабочыя] ўсё часцей і часцей, малатабоец усё шпарчэй і мацней гасіў з-за вуха молатам. Чорны.

гасі́ць, гашу́, га́сіш, га́сіць; незак., што.

1. Спыняць гарэнне; тушыць. Гасіць агонь. □ Маці чакала сына і не гасіла лямпы. Каваль.

2. перан. Не даваць развівацца чаму‑н.; заглушаць (жаданні, пачуцці). Гасіць усмешку. □ [Аксіння] рашыла ісці напрамую і гаварыць так, каб Палікарпаўна не магла гасіць яе словы жартамі. Кулакоўскі.

3. Рабіць што‑н. несапраўдным; пагашаць. Гасіць доўг. Гасіць паштовыя маркі.

4. Памяншаць ці ліквідаваць што‑н., аслабляць дзеянне чаго‑н. Гасіць хістанні.

•••

Гасіць вапну — змешваць едкую (нягашаную) вапну з вадой, каб атрымаць будаўнічую вапну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заты́м, прысл.

1. Пасля гэтага; потым. Сяльчонак зрабіў невялікі даклад, адказаў на пытанні членаў бюро. Затым слова папрасіў Леў Раманавіч. Асіпенка.

2. Уст. Таму, па той (гэтай) прычыне. У кожнай муж быў, так сказаць, вяльможа, затым пра хлеб іх клопат не трывожыў. Дубоўка. / У складзе злучніка прычыны «затым што». Андрэй безнадзейна махнуў рукой і.. пайшоў з хаты. Зеленюка гэта бадай што ўзрадавала. Не толькі затым, што хацеў пабыць сам-насам з Таццянай, а і наогул была ў іх з Андрэем нейкая беспрычынная халаднаватасць. Зарэцкі.

3. Уст. З гэтай мэтай, для таго. / У складзе злучніка мэты «затым каб». — Я да цябе [сонца] затым прыйшоў, каб ты шляхі нам асвятліла. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)