Лента ’стужка’ (ТСБМ), пераноснае лента ’прылада для вымярэння даўжыні’ (Сцяшк.), ’вузкі плыт, які складаецца з некалькіх звенняў (на 10–12 бярвенняў)’ (басейн Дзвіны, Нар. сл.). Запазычанне з рус. мовы, дзе лента ’стужка’, а раней (XVII ст.) линта, калуж. линда, відавочна, запазычаны з н.-в.-ням. дыялектнага Linte ’тс’, с.-н.-ням., с.-гал., гал. linte ’стужка, павязка’ < лац. lintea, linteus ’з палатна’ (Фасмер, 2, 482).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гу́нсвот ’нягоднік’ (Нас.). Параўн. польск. huncwot, чэш. hundsvut, укр. гунцвот (сюды, відаць, і ўкр. гунство ’шальмоўства’). Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. форму слова, якая ўзята з ням. Hundsfott ’тс’ (літаральна ’cunnus canis’). Гл. Слаўскі, 1, 436–437; Брукнер, 173; Кюнэ, Poln., 59. Бясспрэчна, сюды адносіцца і бел. дыял. лаянкавае слова гунаво́та ’лянівае дзіця’ (Жд. 2), якое з’яўляецца сапсаваным гу́нсвот. Гл. яшчэ Кіпарскі, ScSl, 7, 62.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ны́некавых ’сёння’ (астрав., Сцяшк. Сл.). Да піня ’сёння’ (гл.), ускладненага партыкуламі і канчаткам -ых, які належаў форме род. скл. мн. л. (Карскі 2–3, 67): ніне‑ка‑ва > нінекавых як учорых ’учора’ (Мат. Маг.); ы пасля п сведчыць, магчыма, аб захаванні архаічнай формы ныне (звычайна ў беларускіх гаворках ы > і, гл. Карскі, 1, 236) або аб уплыве рускай мовы, параўн., аднак, нынёйшы (нынѣиший) ’цяперашні, сённяшні’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кампа́нія ’група блізка знаёмых людзей, якія разам праводзяць час’, ’аб’яднанне прадпрыемцаў, ваенны паход’ (ТСБМ, Яруш.), кампа́ня ’таварыства, кампанія’, кынпа́нія, кумпа́нія ’тс’ (Бяльк.). Ст.-бел. компания, конпания (XVII ст.), запазычанне са ст.-польск. kompania, якое з італ. compagnia < нар. лац. *campānia < compagno ’таварыш’ (Булыка, Запазыч., 164; Слаўскі, 2, 394–395). Пазней, у XIX–XX стст. на значэнне лексемы ўплывалі (праз рус. мову) ням. і франц. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капашы́цца ’шавяліцца, варушыцца’, ’бязладна, мітусліва рухацца’ (ТСБМ, Гарэц., Юрч., Растарг.), ’паволі рухацца, марудзіць’ (Растарг., Др.-Падб.), ’корпацца, важдацца, капацца’ (ТСБМ; брасл., пух., Сл. паўн.-зах.). Укр. копошитися, рус. копошиться, чэш. kopošiti se (якое аднак Махэк₂ (275) лічыць запазычаннем з рус. мовы). Паводле Трубачова (Эт. сл., 11, 23–24), прасл. kopošiti (), якое з’яўляецца этымалагічна тоесным да koposati//kopositi — дзеяслоўнага інтэнсіва на ‑s‑ ад kopati > капа́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ўкаць ’мяўкаць’ (Касп., Сцяшк. МГ), ’падаваць голас пра чалавека)’. Гл. Лаўчутэ, Сл., 113. Запазычанне з літ. мовы. Параўн. літ. kaũkti ’крычаць дзікім голасам, выць, плакаць’, лат. kaukt ’выць, крычаць’. Слова па сваёй прыродзе гукапераймальнага характару, але Лаўчутэ, там жа, мяркуе, што з лінгвагеаграфічных меркаванняў трэба прыняць уплыў балтыйскіх моў на беларускую. Параўн. таксама Сл. паўн.-зах., 2, 439–440. Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 9, 166–167.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Афэ́рма, ахвэ́рма, ахэ́рма ’неахайная жанчына, апушчаны чалавек’ (Цых.), оферма, офэрма (КСТ), укр. оферма, воферма ’нязгрэба, няздара’, польск. oferma. Запазычанне. У якасці крыніцы для польскага слова прыводзяць ням. ohne Forme (Дарашэўскі), што з семантычнага боку, здаецца, знаходзіць пацверджанне ў беларускіх гаворках, параўн. значэнне слоў хорма ’нікчэмны мужчына’, ’форма’ і нехорматны ’неахайны, неакуратны’ (КСТ), аднак з фармальнага боку выклікае пэўныя цяжкасці з-за няяснасці шляхоў адаптацыі (пасрэдніцтва мовы ідыш?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Басто́н ’назва тканіны; назва танца’. Рус., укр. босто́н. Запазычанне (у XX ст.) з англ. мовы. Слова паходзіць ад назвы мясцовасці Boston (у ЗША), дзе першапачаткова з’явіўся гэты танец і дзе першапачаткова рабілі тканіну бастон. Але басто́н ’гульня ў карты’, рус., укр. босто́н < франц. boston (рус. мовай запазычанае ўжо ў XVIII ст.), а гэта ад назвы той жа амерыканкай мясцовасці. Фасмер, 1, 199; Шанскі, 1, Б, 176.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мелодыя ’напеў, матыў’, ’музыкальнасць, меладычнасць’ (ТСБМ), ст.-бел. мелодийный (XVII ст.) ’меладычны’, меледия ’мелодыя’ (XVII ст.) запазычаны са ст.-польск. melodyja, якое з с.-лац. melōdia < ст.-грэч. μελῳδία ’спосаб спявання’ < μέλος ’песня’ + ᾠδή ’спяванне’ (Булыка, Лекс. запазыч., 165; Фасмер, 2, 596). Памылкова Крукоўскі (Уплыў, 77) выводзіць бел. лексему з рус. мелодия ’тс’, якое запазычана са ст.-бел. ці ст.-польск. мовы (Мольнар, SSlav., 6, 1966, 208).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́нне1, ме́ннье, ме́ня ’маёмасць’, ’маёнтак, багацце’ (Яруш., Шат., Дун.-Марц.), ст.-бел. менье, мене ’маёнтак’ (XVI ст.) запазычаны са ст.-польск. mienie ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 78), якое ўзыходзіць да прасл. jьměmьje ’тс’, ’скаціна’ (Копечны, Zákl. zásoba, 141). Шатэрнік (157) выводзіць бел. лексему з польск. мовы.

Менне2, ме́ньня, мэ́ньне, ймэ́ньне ’імя’ (докш., Янк. Мат., Сл. ПЗБ; стол., Нар. лекс.; Мат. Гом., Клім.). Да іме́нне (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)