спецыя́льнасць, ‑і, ж.
1. Асобная галіна навукі, тэхнікі, мастацтва; сфера чыёй‑н. дзейнасці або вывучэння чаго‑н. [Гарлахвацкі:] І спецыяльнасць такую ўдружылі, з якой нікуды не паткнешся — палеанталогія. Крапіва. // Прафесія, асноўная кваліфікацыя. Механік па спецыяльнасці, Гнядкоў хутка пазнаў сакрэт мін і снарадаў і стаў камандзірам групы падрыўнікоў. Шамякін. Там жа, на Урале, Сцяпан займеў спецыяльнасць шахцёра. І працаваў не абы-як. Гроднеў. / у іран. ужыв. [Гаспадыня:] — Ён [Бычкавіцкі] мае спецыяльнасць выслужвацца ў начальства. Бядуля.
2. Уласцівасць спецыяльнага (у 2 знач.). Спецыяльнасць тэрміна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаў 1, става, м.
Абл. Сажалка; запруда (у 2 знач.). Дарога праз высокі вішняк, кусты бэзу, язміну павяла да мосціка цераз шырокі стаў. Пестрак. Забялелі на ставах снягі, Ціха журацца ў шэрані клёны. Трус.
стаў 2, става, м.
1. Разм. Тое, што і запруда (у 1 знач.). Непадалёк стаяў шэры, пасівелы млын, цераз ставы якога з нейкім глухім, таямнічым гулам спадала вада. Броўка.
2. Спец. Назва сцецыяльных прыстасаванне ў розных галінах тэхнікі для ўмацавання, замацоўвання чаго‑н. Стаў для ўмацавання пароды ў шахтах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панастаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.
1. і чаго. Наставіць, паставіць вялікую колькасць чаго‑н. [Трактарыст:] — А ці не лішне мы навазілі таго торфу?.. Гэта ж штабялёў панастаўлялі, што на поле не ўз’едзеш... Палтаран. // Набудаваць многа чаго‑н. Тым часам кончыліся цагляныя будынкі, якіх тут панастаўлялі за апошнія гады, і зноў пачаліся драўляныя хаты. Чыгрынаў.
2. Нацэліць куды‑н. усё, многае. Мы ўсе.. панастаўлялі рулі ўверх і стралялі па самалётах. Марціновіч.
3. Зрабіць стаячым усё, многае. Лётчыкі і тэхнікі селі на два прычэпы, затуліліся, панастаўлялі каўняры. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няхва́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
1. Адсутнасць каго‑, чаго‑н. у неабходнай колькасці; недахоп чаго‑н. [Віхура:] Справа такая: няхватка рабочых, некаторае спазненне будаўнічай часткі не павінна спыніць работы па мантажу... Гурскі. Красніцкі спаслаўся на няхватку часу, і, падзякаваўшы яшчэ раз за шчырую гасціннасць, мы выйшлі на вуліцу. Пальчэўскі.
2. Адсутнасць дастатковых сродкаў для існавання; нястача. Была не лёгкая пара, часамі не хапала тэхнікі, .. былі няхваткі і з харчамі. Сташэўскі. Пратасевічы, жывучы сям’ёй у Мінску, не ведалі няхваткі ні ў чым неабходным. Аднак запасаў.. не мелі. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
некрану́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога не краналі, да якога не дакраналіся. Некрануты абед. □ У маім некранутым куфлі апала пена, і піва зрабілася светлае, празрыстае. Васілёнак. Жыта зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ. // Цэлы, не разбураны. У Магілёў калона прыехала па світанні. Горад быў цэлы, нават мост цераз Дняпро некрануты. Сабаленка.
2. Які не падпадаў пад уздзеянне чалавека; першабытны. Перада мной стаяў некрануты дрымучы лес. Чарнышэвіч. Тут [на будаўніцтве] — гарманічнае спалучэнне некрапутай прыроды і самай дасканалай тэхнікі. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ажыві́цца, ажыўлюся, ажывішся, ажывіцца; зак.
1. Ажыць, прачнуцца. Прырода ажывілася.
2. Зрабіцца больш ажыўленым, вясёлым, жыццярадасным. Заўважыўшы людзей, Раман ажывіўся і значна павесялеў. Колас. Людзі, высыпаўшы з душнага памяшкання, ажывіліся, абудзілі вуліцу смехам і гоманам. Дуброўскі.
3. Зрабіцца шумным, поўным руху, дзейнасці. Пасекі ажывіліся... Зусім новыя людзі насялілі іх. Чарот. Празвінеў лясны званок, І адразу ажывіўся, І на ўсе лады заліўся З краю ў край зялёны бор. Бачыла.
4. Зрабіцца больш актыўным; пайсці жывей, хутчэй. Работа гуртка адразу ажывілася, колькасць аматараў тэхнікі падвоілася. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спецыя́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Прызначаны выключна для каго‑, чаго‑н., які мае асобае прызначэнне; асобы. Спецыяльны рэйс. Спецыяльнае заданне. □ Спецыяльнымі машынамі хмызнякі калгаснікі рэжуць. Бялевіч. Ён [Хама] сябрука свайго Кузьму ўласна сам вязе ў сталіцу, у спецыяльную бальніцу. Корбан. Спецыяльная кухарка гатавала .. [катам] ежу. Бядуля. У .. [Міхала] не было спецыяльных дзён, калі ён як дэпутат прымаў бы наведвальнікаў. Карпаў.
2. Які мае адносіны да якой‑н. галіны навукі, тэхнікі, мастацтва. Спецыяльная тэрміналогія. Спецыяльная адукацыя. // Які патрабуе прафесійных ведаў у якой‑н. галіне. Гэтае пытанне вельмі спецыяльнае.
•••
Спецыяльны карэспандэнт гл. карэспандэнт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́каўка, ‑і, ДМ ‑каўцы; Р мн. ‑кавак; ж.
1. Плод маку — каробачка, дзе знаходзіцца насенне.
2. Разм. Купал царквы. У Навагранах камяніцы, а касцёл такі, што як захочаш зірнуць на яго макаўку, дык шапка падае з галавы. Сабаленка.
3. Верхняя частка, вяршыня чаго‑н. Удалечыні цямнілася макаўка вадакачкі. Алешка. Звярнулі браты на лясную сцежачку, мінулі дуб з сухой макаўкай. С. Александровіч.
4. Верхняя частка галавы. Уладзімір Верамейчык, пасунуўшы вушанку на самую макаўку галавы, разам з механікам дзелавіта, па-гаспадарску правярае спраўнасць тэхнікі. Дуброўскі.
5. Канец кораня конскага хваста.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
манеўрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. Рабіць манеўр, манеўры (у 1, 3 і 4 знач.). Манеўраваць у гэтым лесе не было як, і Андрэю прыйшлося адыходзіць проста да Дняпра па .. прырэчнай нізіне. Няхай. На станцыі манеўруе паравоз, перацягвае вагоны. Шамякін.
2. Лавіраваць, абыходзіць перашкоду. Шафёр пачаў манеўраваць, каб зручней пад’ехаць да месца. Хадкевіч. Людзей было столькі, што, каб прайсці, неяк трэба было абходзіць, манеўраваць, выкручвацца. Сабаленка.
3. перан. Дзейнічаць так, каб ашукаць каго‑н.; хітрыць.
4. перан.; чым. Перасоўваць, пераразмяркоўваць што‑н. для лепшага выкарыстання. Веданне тэхнікі, уменне правільна ёю манеўраваць забяспечылі.. механізатару поспех. «Звязда».
[Ад фр. manoeuvrer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спецыялі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Чалавек, які валодае якой‑н. спецыяльнасцю, мае спецыяльныя веды ў якой‑н. галіне навукі, тэхнікі, мастацтва. Спецыяліст сельскай, гаспадаркі. □ Сахор — вельмі добры электразваршчык, а спецыялісту заўсёды работы хапае. Кулакоўскі. Сямёна Львовіча запрасілі на прыём да кансультанта, вядомага спецыяліста па захворваннях сэрца. Гарбук. [Шарлап:] — Дзед быў спецыялістам па ядзерных рухавіках. Шыцік. // Разм. Добры знаўца чаго‑н., майстар у якой‑н. справе. Найболей грунтоўную дапамогу дзеду аказаў Нявідны, бо ён быў спецыяліст у гэтай справе [мабілізацыі людзей на змаганне з акупантамі]. Колас. З апошнімі словамі Азарчук з майстэрствам спецыяліста ўдарыў Змітрака. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)