скача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Надаць круглую форму чаму‑н.; зляпіць, зрабіць з чаго‑н. што‑н. круглае. Скачаць сцежку. □ Скачаў Валька першы ком і добра-такі запыхкаўся. Курто. Калі шэрсць паліваць патрошку цёплаю вадою, качаць у руках, то і скачаеш мячык. Місько.

2. Качаючы, скруціць у трубку, валік і пад. Скачаць дыван у трубку.

3. Разм. Качаючыся, прыціснуць да зямлі, змяць (траву і пад.). Коні скачалі траву на лузе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́таргавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікаецца сутаргай, з’яўляецца ёю. Дыхнуўшы цёплага паветра,.. [Сотнікаў] пачаў кашляць, як заўжды, да сутаргавых спазмаў у грудзях, да болю ў галаве. Быкаў. // Які суправаджаецца сутаргамі, неадвольны і моцны. Сутаргавы кашаль. □ Лейтэнант зрабіў некалькі сутаргавых глыткоў і перарывіста задыхаў. Курто. Пачулася ўсхліпванне — прыдушанае, сутаргавае. Місько.

2. перан. Парывісты, напружаны, рэзкі. Сутаргава парыў ветру быў моцны і нечаканы. Савіцкі.

3. перан. Хваравіта-неспакойны, ліхаманкавы. Паступова крыкі .. [Рывы] слабеюць, глухнуць, пераходзяць у сутаргавы шэпт. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

травяні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца травою, складаецца з травы. Травяністыя расліны. □ Жыта ўрадзіла рэдкае і травяністае. Сяркоў.

2. Які зарос травою. Крокаў за сто трапіўся травяністы грудок. Місько. Позірк .. [Сабіны] прабягае па травяністых дарожках — то да хлява, да павеці, то да закінутага ля плота старога паграбка з чорным, праселым падстрэшкам. Ракітны.

3. Па выгляду, па будове падобны да травы. Травяністая папараць.

4. перан. Па смаку падобны да травы; нясмачны. Травяністы чай.

5. Састаўная частка некаторых батанічных назваў. Травяністая бягонія.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́ста,

1. Прысл. да чысты.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць чысціні, адсутнасць пылу, бруду дзе‑н. У хаце было чыста і акуратна. Колас. У зале чыста і ўтульна. Аркестр з акардэона, скрыпкі і флейты іграе венгерскія мелодыі. В. Вольскі.

3. у знач. параўнальнага злучн. Разм. Зусім як, быццам. [Параска:] — Ну чыста дзеці малыя! Да старасці будуць у забаўкі гуляць. Місько. Чыста звярыны рык разлёгся па двары. Гэта ўзбунтаваўся Гвація. Самуйлёнак.

•••

Увесь (уся, усё, усе) чыста гл. увесь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экзаты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы асобным, малавядомым, далёкім краінам; незвычайны для гэтай мясцовасці. Экзатычныя расліны. □ Стаяла моладзь каля гэтай сахі, нібы каля якой экзатычнай жывёліны ў заапарку, усё не давала веры — няўжо ёю можна было абрабляць зямлю? Місько. Крымскія санеты [А. Міцкевіча] ў перакладзе М. Танка раскрываюць іх ідэйную сутнасць, удала перадаюць велічную экзатычную прыроду Крыма. Лойка.

2. перан. Дзівосны, вычварны, які здзіўляе сваёй незвычайнасцю. Экзатычная музыка. □ Экзатычнае адзенне сароміла Кузьму, таму ён нібы прыклеіўся да зэдліка ў парозе. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разява́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑вацы, Т ‑вакай (‑аю), ж.

Разм.

1. Той, хто бяздумна прыглядаецца да каго‑, чаго‑н. Збягаліся цікаўныя да сенсацый разявакі, газетныя рэпарцёры і ўсякі іншы народ. Лынькоў. На тратуарах спыняліся разявакі, праводзячы вачыма салдат. Гурскі.

2. Тое, што і разява. — Няхай не будзе разявакам і кладзе грошы так, каб не губляць, — даводзіў Толя. Пальчэўскі. Азіраюся назад, на свае сляды, і бачу на тым месцы, дзе круціўся, раздушаны грыб. А-я-яй, разявака... Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэлевізі́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для прыёму або перадачы відарысаў з дапамогай сродкаў тэлебачання. Тэлевізійная станцыя. Тэлевізійная студыя. □ Як гасцінны гаспадар і як гід адначасова, шафёр паказвае мне новыя дамы ў Століне — і жылыя, і адміністрацыйныя, на рэтрансляцыйную тэлевізійную вышку, на першакласны бальнічны гарадок. Місько. Хмары над горадам плылі нізка, ахіналі нават шпіль тэлевізійнай вежы. Карпаў.

2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлебачання. Тэлевізійнае вяшчанне. Тэлевізійная перадача. Тэлевізійны фільм. □ Першы тэлевізійны музычны спектакль для маленькіх гледачоў адбыўся. «ЛіМ».

•••

Тэлевізійны цэнтр гл. цэнтр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

матля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

Разм.

1. чым. Тое, што і матаць ​1 (у 2 знач.). Жэнька сядзіць у дваровым садку на лавачцы, есць .. хлеб і матляе нагамі. Лужанін. Ззаду фыркалі і матлялі галовамі, адбіваючыся ад камароў, коні. Новікаў.

2. што. Часта рухаць з боку ў бок; хістаць. Вецер матляў мокрыя, цяжкія ад дажджу крысы паліто, зрываў шапкі. Васілеўская. Плуг выскокваў з баразны, матляў.. [Марыйчына] худзенькае цельца, нібы былінку. Місько. / у безас. ужыв. Коні ўсё набіралі бег, усё ляцелі, калёсы кідала, матляла так, што сэрца як не разрывалася. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

безнадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

Які не пакідае надзеі, не дазваляе разлічваць на добры канец або паляпшэнне чаго‑н. Людзям ўласціва змагацца і перамагаць нават там, дзе справа здаецца безнадзейнай. Місько. І паўстаюць з руінаў безнадзейных Кварталы новых гмахаў-камяніц. Танк. // Які страціў сілы і здольнасці перамяніцца; прапашчы. Пісьменнік ніколі не закрэслівае чалавека як істоту цалкам адмоўную, безнадзейную, знаходзячы і ў характарах намаляваных ім адмоўных герояў штосьці добрае, чалавечае. Навуменка. // Які вырашае адсутнасць надзеі. Шафёр пабег, пазвоньваючы бляшанкай, і ўсе тыя байцы, што сядзелі на бартах, праводзілі яго сумнымі безнадзейнымі позіркамі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасо́к, ‑ска, м.

1. Знешняя частка малочнай залозы млекакормячых і чалавека ў выглядзе шышачкі, з якой дзіцяня ссе малако. Усхваляваная,.. [цётка Зося] хуценька памыла рукі, спаласнула вядро, працерла мокрым ручніком саскі ў каровы. Бялевіч. [Саша] ўзяла малую на рукі, расшпіліла халат, і тая адразу ж знайшла ружовы тугі сасок, смешна зацмокала. Шамякін. На ружовым, нібы кветка-агеньчык, саску блакітнай іскрынкай бліснула кропля малака. Місько.

2. Спец. Дэталь, частка прадмета або прыстасавання ў выглядзе шышачкі, выступу і пад. Сасок баявой лічынкі затвора вінтоўкі.

3. Спец. Месца ўваходжання зрокавага нерва ў вочны яблык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)