пратрубі́ць, ‑трублю, ‑трубіш, ‑трубіць; зак.

1. Утварыць гукі, дзьмучы ў трубу ці ў іншы падобны духавы інструмент. Пратрубіць у ражок. // Утварыць моцныя гукі, падобныя на гукі трубы. Лось пратрубіў перамогу над гаем, Аж па вадзе захадзілі кругі. Лось.

2. што. Гукам трубы (ці іншага падобнага духавога інструмента) даць сігнал аб чым‑н. Пратрубіць збор. Пратрубіць трывогу. □ Гарніст пратрубіў адбой, дзетдомаўскі двор апусцеў. Нядзведскі. Пратрубілі дружна ў лад Звонкі марш гарністы. Гілевіч.

3. Разм. Правесці час за якім‑н. нецікавым, бескарысным заняткам. [Дзед:] — Сядай, ды толькі барзджэй, і без гэтага палову дня задарма пратрубіў. Пянкрат.

4. што і без дап. Трубіць некаторы час. Пратрубіць увесь дзень на трубе.

•••

Пратрубіць (пракрычаць) вушы каму — надакучыць размовамі пра што‑н. — А то вось і мой большы [сын] вушы мне пратрубіў: паеду, памагае, паеду на завод, дый годзе... Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дабрысці́, ‑брыду, ‑брыдзеш, ‑брыдзе; ‑брыдзём, ‑брыдзяце; пр. дабрыў, ‑ла, ‑ло; зак.

Разм. З цяжкасцю дайсці, дабрацца да якога‑н. месца. Я ўставаў І ішоў па ваеннай дарозе. Верыў — дома мне быць, Дабрыду, дажыву... Броўка. Снегу, снегу — не праехаць, Снегу, снегу — не прайсці! Хоць бы стомленай, у сне хоць Да Лучосы дабрысці... Лось. // Павольна, не спяшаючыся, дайсці. Непрыметна дабрылі да вёскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заце́пліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць і зацяплі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Разм. Запаліць (агонь, свечку і пад.). Зацеплілі трубкі гуралі. Танк. Паўночных віхураў краіна Лагодна сустрэла яго: Паклікала ў дом між ялінак, Зацепліла ў лямпе агонь. Лось. // перан. Прымусіць узнікнуць, з’явіцца. [Ірына] прыціскала да сябе дзіця, хутала яго ў старую коўдрачку, сагравала сваім дыханнем, як бы збіраючыся зацяпліць жыццё ў гэтым маленькім.. цельцы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прабе́гчыся, ‑бягуся, ‑бяжышся, ‑бяжыцца; ‑бяжымся, ‑бежыцеся; зак.

1. Прабегчы нямнога. Дагура ўскочыў, прабегся па палянцы. Асіпенка.

2. Зрабіць прабег пры ўзлёце ці пасадцы (аб самалёце).

3. Хутка пранесціся (пра вецер, святло і пад.). Раптам зашумеў вецер, прабегся верхавінамі кустоў, маланка асвятліла цемень неба. Сапрыка.

4. Тое, што і прабегчы (у 5, 6 знач.). [Хлапчук] артыстычна ўскінуў рукі і прабегся пальцамі па клавішах. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

следапы́т, ‑а, М ‑пыце, м.

Той, хто добра распазнае сляды, хто высочвае каго‑н. па слядах. Паляўнічы-следапыт. Разведчык-следапыт. □ Што ж, следапыт, ідзі, выпытвай. Дзе лось пасецца ці каза! Калачынскі. // Пра чалавека, які шукае каго‑, што‑н. І па сённяшні дзень не выяўлены ўсе ўдзельнікі камсамольскага падполля Беларусі. Іх шукаюць вучоныя і чырвоныя следапыты, іх нечакана адкрываюць следчыя. Дзенісевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пасля́, пасле́, по́сля, посля́, по́слі, по́сле, пысьля́ ’потым, пазней некаторага тэрміну’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк., Ян., ТС). Укр. після́, ст.-укр. послі, опослі, рус. (о)после, (о)посля, пасля́, ст.-рус. послѣ, серб.-харв. послије, после, посли, макед. после. Прасл. poslě можна успрымаць як скарочаны варыянт слова poslědь, якое да след (гл.) (ESSJ SG, 1, 201–203). Іншыя версіі: з po‑sь‑lě (Сабалеўскі, РФВ, 66, 401) ці з pos‑lě, як pos‑dě ’пазней’ (Лось, RS, 4, 244), здаюцца менш імавернымі. Сюды ж по́слячы ’пазней’ (нясв., Сл. ПЗБ, Сцяшк.) з узмацняльнай часціцай ‑чы (Карскі 2-3, 71; ESSJ SG, 1, 306).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

млын, ‑а, м.

1. Машына для здрабнення розных матэрыялаў, якая выкарыстоўваецца ў горнай, хімічнай і інш. галінах прамысловасці.

2. Прадпрыемства, на якім мелюць збожжа; будынак з устаноўленымі ў ім прыстасаваннямі для размолу збожжа. Паравы млын. Ветраны млын. □ На беразе Марачанкі сярод поплаву відна была будыніна — вадзяны млын. Лобан. Рачулка чыстая з-за млына Цячэ праз травы і камлі. Лось.

•••

Ліць ваду на млын каго, чый гл. ліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мро́іцца, мроіцца; незак., каму і без дап.

1. Уяўляцца ў думках; здавацца. І мроіцца ў напаленым прасторы Усмешка з-пад пракураных вусоў. Лось. [Любе] мроіўся шчэбет і здавалася, што спявае ўвесь лес. Няхай. Аўгусту Эрнэставічу мроіцца, што вось-вось з-пад ядлоўцавага куста высунецца руля вінтоўкі. Навуменка.

2. З’яўляцца ў снах, сніцца. Прыемна і мякка цікае гадзіннік, і ў салодкай дрымоце мрояцца розныя сны. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скарахо́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Разм. Той, хто вельмі хутка ходзіць, бегае. — А я думаю: што гэта за скараходы наперадзе, дагнаць немагчыма! — адразу пажартаваў.. [лейтэнант]. Лось. / у перан. ужыв. Андрэй Завацкі спыніў на дарозе калгасную машыну і спытаў у вадзіцеля: — Куды ж гэта ты, скараход мой, ляціш? Ваданосаў. // Спартсмен, спецыяліст па скарасному бегу (на каньках, лыжах і пад.). // Даўней — пасыльны, ганец.

•••

Боты-скараходы гл. боты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счырване́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў чырвоным (у 1 знач.). Даўно ўсё гэта было; А ў памяці — сорак трэці: Дагарала сяло, І, глытаючы снег счырванелы, Я ўцякаў з-пад расстрэлу... Нядзведскі. // Які зрабіўся чырвоным ад прыліву крыві да скуры; пачырванелы. Ніхто дужа не плакаў, адна чарнявенькая нявестка выцірала насоўкай счырванелыя вочы. Лось. — Дождж сціхае? — спытаў Карпенка. — Сціх, — сказаў Аўсееў, выцяг[нуўшы] да агню счырванелыя рукі. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)