прадба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Убачыць наперад, угадаць тое, што павінна адбыцца. Менавіта такую гаворку Антон і прадбачыў: Шыбасаў не будзе віляць, шукаць нейкія адгаворкі, не будзе апраўдвацца. Савіцкі. Я пытаю, ці дома Шайпак. — Як?.. Няма яго дома? Не прадбачыў я гэта ніяк. Куляшоў. // Вывучаючы, аналізуючы факты, даныя і пад., зрабіць правільны вывад аб далейшым развіцці чаго‑н. — Але і самы геніяльны камандуючы не можа ўсё прадбачыць, усё разлічыць, кожны ход ажно да перамогі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́кладны, ‑ая, ‑ае.

1. Прыблізны. Прыкладны тэрмін. □ «Заўтра вышлю дзве разведкі, дальнюю і бліжнюю», — вырашыў .. [Міхееў], прачарціўшы на карце прыкладны маршрут. Шамякін.

2. Выдатны, узорны. Прыкладныя паводзіны. □ Першага верасня Дзёмка пайшоў у школу і хутка стаў прыкладным вучнем. Сіняўскі. Ён [Мірон] жа змагаўся, Упарта свайго дамагаўся. Прыкладным, лепшым калгасам калгас яго зваўся. Куляшоў.

прыкла́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Звязны, складны (пра мову).

прыкладны́, а́я, ‑о́е.

Які мае чыста практычнае значэнне, прымяняецца на практыцы. Прыкладныя навукі. Прыкладная электратэхніка. Прыкладное мастацтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рып, ‑у, м.

Рэзкі гук, які ўтвараецца пры трэнні, сцісканні і пад. Рып колаў. Рып палазоў. □ Ступаю на хісткія сходцы старой драўлянай лесвіцы. Яны рыпяць пад нагамі, і гэты рып быццам б’е мне ў вушы нечым цяжкім. Сабаленка. Вуліца не спіць: даносяцца прыглушаныя галасы, рып калодзежнага жураўля. Навуменка. У хаце ніхто не абзываўся, нібы не чулі прарэзлівага рыпу дзвярэй і Надзінага тупату ля парога. Бураўкін. / Пра гукі гармоніка. Чутны рып гармоніка, Бубна ранні гром. Узыходзіць сонейка. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апаяса́ць, апаяшу, апаяшаш, апаяша; зак., каго-што.

1. Надзець на каго‑н. пояс, падперазаць каго‑, што‑н.

2. перан. Працягнуцца вакол чаго‑н., абкружыць, ахапіць сабой што‑н. Праз агнявую заслону, што апаясала аэрадром, здавалася, нельга было прабіцца ні жалезу, ні сталі. Шахавец. Праходзячы ў той дом [маўзалей] бясконцаю чаргою, яго [Ільіча] не стужкай мы жалобнай абвілі, Апаясалі мы яго жывой ракою, Жывы людскі вянок навек яму сплялі. Куляшоў. Сто вежаў Прагі залатой, Каменных дзіў яго [Яна Жыжкі] радзімы, Апаясаў фабрычны строй З узвіхранай чупрынай дыму. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́сціся 1, крадзецца; незак.

Зал. да красці (у 1 знач.).

кра́сціся 2, крадуся, крадзешся, крадзецца; пр. краўся, кралася; незак.

Употай прабірацца куды‑н., стараючыся быць незаўважаным. Ціха, асцярожна краўся ўраднік са стражнікам да вёскі Галадранкі. Колас. Саша крадзецца на пальчыках, стараючыся ступаць як мага цішэй. Шамякін. // Асцярожна падбірацца да здабычы (пра драпежнікаў). У малінніку піснула спалоханая птушка: мабыць, пачула, што па паркане, асцярожна перабіраючы лапамі, крадзецца кот. Навуменка. / у перан. ужыв. Мы выходзілі дружна насустрач пагрозе, Што патаемнымі сцежкамі кралася ў дом. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закаха́ны, ‑ая, ‑ае.

Які адчувае каханне да каго‑н.; улюбёны. Ліпа добра разумела настрой Чапідзе, ведала, што ён закаханы ў яе. Хомчанка. Як закаханыя людзі на час не зважаюць, Так падарожныя календароў не чытаюць. Куляшоў. / у знач. наз. закаха́ны, ‑ага, м.; закаха́ная, ‑ай, ж. [Нара] кахала [Якіма] і сама не ведала за што, як звычайна не ведаюць усе закаханыя, за што кахаюць сваіх абраных. Дуброўскі. // Які выражае закаханасць, захапленне. Закаханы позірк. □ Зося ўсё яшчэ ўсхліпвала і не зводзіла з сяброўкі радасных закаханых вачэй. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паграні́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца каля граніцы, уздоўж граніцы. Пагранічная зона. □ Тут ляжала калісьці прасека Пагранічнай лясной паласы. Калачынскі. Пагранічная пушча вакол загула. Куляшоў. // Які адбываецца на граніцы. Пагранічны інцыдэнт. Пагранічная служба. // Які паказвае граніцу. На бурым .. фоне прыемна вылучаюцца паласатыя пары пагранічных слупоў. Брыль.

2. Які мяжуецца з кім‑, чым‑н. Пагранічная рэспубліка. Пагранічныя горы.

3. Які мае адносіны да аховы граніцы. Пагранічная варта. Пагранічная застава. Пагранічны гарнізон. □ Прыдзвінне ад Полацка да граніцы з Латвіяй было краем насцярожанай пагранічнай цішыні. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасве́дчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. што, аб чым і з дадан. сказам. Сцвердзіць, пацвердзіць, засведчыць што‑н. Малання .. таксама пасведчыла, што свята сёння. Колас. Ёсць старыя прычыны для новай размовы, Зоры гэта пасведчаць нам лепей, чым словы. Куляшоў. Не сохі і не ветракі пасведчылі аб сіле — мы спадарожніка з рукі, як голуба, пусцілі. Вялюгін.

2. Выступіць у ролі сведкі. — Дык мяне ж вёска ведае, чый я і калі радзіўся... [Настуля] можа пасведчыць, — гаварыў хлапец, не разумеючы і сам, што казаць далей... Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад шыць.

2. у знач. прым. Зроблены, выраблены шыццём; сшыты. Ты вострым плугам Рэзаў дзірваны. Насіў з дзяругі Шытыя штаны. Куляшоў. З гэтай простай прапановай нельга было не згадзіцца, асабліва калі прыняць пад увагу лёгкасць шытых чоўнаў. Маўр.

•••

Не лыкам шыты — пра чалавека, не пазбаўленага здольнасцей, ведаў, умення трымаць сябе і пад.

Шыта белымі ніткамі — няўмела, няўдала, дрэнна скрыта, схавана што‑н.

Шыта-крыта — скрытна, патаемна ад іншых, у поўнай тайне (застаецца, робіцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́рдасць, ‑і, ж.

1. Пачуццё ўласнай годнасці, павагі да сябе. — Г-э-э-э, панічок: з-пад самага Пінска прыходзяць і прыязджаюць да старой Мар’і, — з гордасцю прамовіла бабка. Колас. // Пачуццё задавальнення ад сваіх або чыіх‑н. поспехаў. Юрка адчуваў даверлівую Лёдзіну адданасць і поўніўся.. гордасцю за сябе. Карпаў.

2. Тое, чым (або той, кім) ганарацца. Гордасць і слава зямлі нашай — Простыя людзі. Куляшоў. Родная партыя — наша сумленне, Нашая гордасць і наша любоў. Бачыла.

3. Ганарыстасць, напышлівасць, фанабэрыстасць. Гордасці многа, а розуму не хапае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)