падму́рак, ‑рка, м.
1. Каменная або цагляная кладка пад што‑н.; фундамент. А вунь відзён і падмурак нейкай стадолы: значыць, і тут, у гэтай баравой глушэчы, распачалі нешта будаваць. Сабаленка. Домік стаіць на высокім, складзеным з камення падмурку і зухавата пазірае да бляску прамытымі акенцамі на пасёлак. Бяганская.
2. перан. Апора, аснова чаго‑н. Падмурак сацыялістычнай эканомікі. □ Магутнай партыі падмурак, Яе хрыбет і дыктатура, Яе граніт — рабочы клас. Бялевіч. Кірыла Тураўскі быў першы пасля Іларыёна сярод тых, хто закладваў падмурак старажытнай рускай эстэтыкі. Майхровіч.
•••
Закласці падмурак гл. закласці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
купа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Апусціўшыся ў ваду, абмывацца, плаваць, асвяжацца. Купацца ў рацэ. □ З тысяч і тысяч людзей на пляжы купаліся толькі рэдкія адзінкі. Лынькоў. // Апускацца ў што‑н. вадкае, сыпкае. Свінні купаюцца ў лужыне. □ Стаяла на пагодзе. Млелі і купаліся ў гарачым пяску куры. Адамчык.
2. перан.; у чым. Мець, скарыстоўваць чаго‑н. залішне многа. У малацэ купаецца. □ — Правільна... Яна вунь у грашах купаецца, не ведае, што на сябе апранаць, — столькі трантаў. Мыслівец. // Цешыцца, мець асалоду ад чаго‑н. Некалькі дзён думкі яе [Зоські] купаюцца ў сонечных хвалях радасці: Сымонка яе не забыў. Бядуля.
•••
Купацца ў крыві — учыняць масавыя забойствы, пакаранні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́яць, ба́ю, ба́еш, бае; незак.
Разм.
1. Расказваць байкі, казкі. Як пачне [дзед Нупрэй] баяць пра добрых мядзведзяў, хітрых лісіц ды злых ваўкоў, дык пра ўсё забудзеш. Рылько. [Алена:] — Спі, мой хлопчык, ноч малая, Ходзіць вецер, казкі бае. Глебка.
2. Гаварыць, паведамляць што‑н. [Сарафіма:] — Ці то праўду Цімохаў блазюк баяў, што да цябе [Тэклі] сынок ляціць у госці? Краўчанка. [Дзядзька Раман:] — А хто ж яго ведае, — даўно было гэта, але так баюць старыя людзі. Колас. — Хадзі, паслухай, што баюць вунь, — зашаптала суседка Пётрысе, — страх які... Галавач. // Весці пустыя размовы, балакаць. Прыйшоў [Шаманскі]. Бачыць, сядзяць сабе дзядзькі на прызбе, тытунь смаляць, байкі розныя баюць. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасялі́цца, ‑сялюся, ‑селішся, ‑селіцца; зак.
1. Заняць дзе‑н. месца для жылля. І вось гэты самы Янка Гукала стаяў цяпер каля гумна, дзе пасяліўся на лета Садовіч. Колас. Мы, вярнуўшыся на пагарэлішча, ..Пасяліліся ў маленькім трысцене. Барадулін. // Заснаваць сядзібу, пабудавацца. Антонава хата вунь, у самым канцы новай вуліцы.. Пасяліўся Антон на выгодзе. Ермаловіч. У Пятроўцы за мостам, дзе першы пасяліўся Мітрафан Лугавы, здаецца, нядаўна яшчэ ляжала пустка. Ракітны.
2. перан. Устанавіцца, з’явіцца, узнікнуць (пра якое‑н. пачуццё, адчуванне і пад.). Насцярожанасць пасялілася ў хаце Ігната Шылянка. Кавалёў. Добра, што сеецца, Хораша сеецца, — Будзе ў нас хлеб, шчасце ў хаты паселіцца. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
туды́, прысл.
У той бок, у тое месца; проціл. сюды. Вунь там, каля тых дубоў, і Просцінка. Цімох накіраваўся туды. Колас. Бягун выхапіў з кішэні наган, стрэліў у каноплі і ў той жа момант рынуўся туды сам. Кулакоўскі. [Вера] пайшла туды, дзе грыміраваліся дзяўчаты. Асіпенка.
•••
(І) туды і сюды — а) у той і ў другі бок; б) па-рознаму; і так і гэтак.
Ні туды ні сюды — ні ў які бок; ні з месца.
То туды, то сюды — то ў адзін, то ў другі бок; узад і ўперад; у розныя бакі.
Туды і дарога каму-чаму гл. дарога.
Туды і назад — у абодва канцы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго-што і без дап. Праведаць, наведаць каго‑, што‑н. Яму [Януку Сялібу] хацелася адведаць дом, Зноў паглядзець на роднае гняздо. Танк. [Рыгорыха:] — Прыязджае маці, Глафіра Парфіраўна, адведаць магілу сына, паглядзець наша жыццё. Гурскі. [Панна Рузя:] — Ваша ранейшая настаўніца колькі ўжо часу хварэе, а вы?.. Хоць бы разочак схадзілі адведаць! Ганьба!.. Брыль.
2. чаго. З’еўшы або выпіўшы трохі чаго‑н., вызначыць смак; пакаштаваць. — Просіць садоўнік Наведацца ў сад, Бабка Тадора Адведаць чарніц. Броўка. Пакаштуй, калі хочаш, адведай — Вунь — кубанскія кавуны! Прыходзька.
3. чаго. Спазнаць, зведаць, паспытаць. Гуляюць хмаркі ў небе сінім, І ледзь хвалюецца рака... Так моцна хочацца дзяўчыне Адведаць шчасце рыбака. Іверс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мільга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. З’яўляцца, паказвацца на кароткі час і знікаць; з’яўляцца час ад часу. Белая суседчына хустка мільгала за рэдкім плотам. Мікуліч. // перан. З’яўляцца, праносіцца ў памяці. Не раз мільгала думка — стаць ляснічым, садзіць бярозы і сосны. Навуменка. Нешта даўно забытае мільгала ў памяці. Чарнышэвіч.
2. Хутка праносіцца адно за другім, зменьваючы адно другім. Міма вокнаў вагона мільгаюць пералескі, злёгку кранутыя пазалотай восені. Шахавец. Міналася спусцелае поле і голыя гайкі, і мільгалі на спатканне тэлеграфныя слупы. Гарэцкі.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Свяціць коратка, з перарывамі; бліскаць. Насупраць мільгаюць зарніцы, Гудуць урачыста гудкі. Хведаровіч. — Глядзіце, глядзіце! Вунь там мільгае агеньчык! Скрыпка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аро́л, арла, м.
1. Буйная драпежная з загнутай дзюбай птушка, якая жыве пераважна ў гарыстых або стэпавых мясцовасцях. Стэпавы арол. Арол-беркут. Белы арол. □ За вагонам вагон Мчыцца змеем ліхім.. Так ні конь, ні алень, Ні арол не ляціць. Колас. Арлу з савою не па дарозе. Прымаўка. Над пешым арлом і сарока з калом. Прымаўка.
2. перан. Пра чалавека мужнай прыгажосці, адважнага, удалага, смелага. [Дзед:] — Зірні толькі, што за арол! Колас. — Ты вунь глянь на арлоў сваіх, — паказвае.. [Краўцоў] Ігнату на хлапцоў. Кавалёў.
•••
Двухгаловы арол — малюнак (фігура) арла з дзвюма галовамі на дзяржаўным гербе царскай Расіі.
Глядзець арлом гл. глядзець.
Ляцець арлом гл. ляцець.
Хадзіць арлом гл. хадзіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бадзя́га 1, ‑і, ДМ ‑дзязе, ж.
Прэснаводная губка, якая ў высушаным стане выкарыстоўваецца ў медыцыне для лячэння рэўматызму. Сёлета нага паправілася — дала жонка рады, націраючы бадзягай. Чыгрынаў.
бадзя́га 2, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзязе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Бяздомны, незаняты працай чалавек. Жаласць да самога сябе агарнула Пракопа. Хто ён цяпер? Бадзяга, жабрак, бяздомнік! Колас. Моўчкі глядзіць беспрацоўны бадзяга На белакрылыя чайкі над морам. Танк. / Пра жывёл. Вунь — галаву падняў, глядзіць: вазьмі! Бадзяга-конь! Няма куды падзецца. Бялевіч. Зімою воўк есць усё, што трапіць яму на зуб. Выбіраць галоднаму бадзягу не прыходзіцца. В. Вольскі. // Пра чалавека, які ўвесь час вандруе, мяняе месцажыхарства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рызыкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
1. Ісці, адважвацца на рызыку, рабіць рызыкоўны ўчынак. Рызыкаваць хлопцам не хацелася: у іх жа вунь колькі зброі, і яны павінны канешне знайсці партызан... Якімовіч.
2. кім-чым. Ставіць пад пагрозу, падвяргаць небяспецы. Ёсць у Сашы такія сябры, якія гатовы рызыкаваць сваім жыццём, каб выратаваць таварыша. Новікаў.
3. з інф. Ісці на ўчынак, звязаны з магчымымі непрыемнасцямі, непажаданымі вынікамі. Рызыкаваць заблудзіцца ў лесе. □ Я здабыў .. [беркута], хоць мне прыйшлося спусціцца ў цясніну, дзе было гняздо, на вяроўцы, і я рызыкаваў стаць кульгавым і на другую нагу. Васілевіч.
4. Абл. Ганарыцца, фанабэрыцца. Гэты чалавек [Жывіцкі] ніколі не вытыкаецца наперад, не хваліцца, не рызыкуе сваімі талентамі і поспехамі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)