эмпірэ́й, ‑я, м.

1. Ва ўяўленні старажытных грэкаў і ранніх хрысціян — самая высокая частка неба, напоўненая агнём і святлом, дзе жывуць багі (у грэкаў) ці святыя (у хрысціян).

2. толькі мн. (эмпірэ́і, ‑яў); перан. Іран. Сфера летуценнасці, мар, незямнога існавання. — А ты ж таксама не ведаеш, — не прыняла папроку Гаранскага Вера Іванаўна. [Гаранскі:] — Я — іншая справа. Я ўвесь у эмпірэях, і не да плошчаў мне. Сабаленка.

•••

Лунаць у эмпірэях — аддавацца далёкім ад жыцця марам, летуценням.

[Ад грэч. émpyros — вогненны, ахоплены агнём.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

меркава́нне, ‑я, н.

1. Думка, погляд. Відаць, думка была слушная, бо таварышы падтрымалі меркаванне радыста. Шыцік. — Чалавек як прывыкне да дамашняй стравы, дык яго хоць у рэстараны завядзі — не наесца, — выказаў сваё меркаванне Казлюк. Няхай. // Вынік роздуму. Вера Антонаўка коратка пазнаёміла выпускніцу з двума меркаваннямі камісіі. Васілевіч.

2. Разлік, дапушчэнне. Ішоў дзед Талаш з такім меркаваннем, каб на сядзібу папасці ў сутонне. Колас. Партызаны выказвалі свае меркаванні пра тое, што магло здарыцца з Мікалаем Мікалаевічам. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непадзе́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не паддаецца падзелу, драбленню, распаду на часткі. Непадзельная часцінка матэрыі. Непадзельныя словазлучэнні.

2. Які не падлягае падзелу; які знаходзіцца ў агульным валоданні. Непадзельная маёмасць. Непадзельны фонд калгаса. // Які складае адзінае цэлае з кім‑, чым‑н. — Зразумей, для Косці яго работа — яго жыццё, — усхвалявана сказала Вера. — Гэтыя паняцці для яго непадзельныя. Шыцік.

3. Якога не дзеляць ні з кім; поўны, абсалютны. Непадзельнае панаванне. Непадзельная ўлада.

4. У матэматыцы — які не дзеліцца без астачы. Непадзельны лік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбудзі́ць, ‑буджу, ‑будзіш, ‑будзіць; зак., каго-што.

1. Прымусіць каго‑н. прачнуцца. Раніцай Вера разбудзіла мужа пасля таго, як падаіла карову. Пальчэўскі. [Хрысцюк] сабе спакойненька падрэмваў увесь вечар на ложку, пакуль жонка не разбудзіла піць чай. Дуброўскі. / у перан. ужыв. Ідзём мы вышукваць напрамкі дарог, Каб стэп разбудзіць, Каб ажыў ён і мог Раджаць для краіны хлеб. Кірэенка.

2. перан. Выклікаць да жыцця, абудзіць, актывізаваць. Антон глядзеў у .. [Алініны] блакітныя вочы. Яны разбудзілі ў яго сэрцы былыя пачуцці. Прокша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расстро́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расстроіць.

2. у знач. прым. У якога парушаны музычны строй, лад. Расстроены раяль.

3. у знач. прым. Выведзены чым‑н. з добрага настрою; засмучаны. Вера Антонаўка пасля размовы з мужам выйшла да Юркі расстроеная і заплаканая. Карпаў. // Які суправаджае расстройства (у 5 знач.), засмучанасць. — Гэта ўсё вы нарабілі! — разгневаным і расстроеным голасам упікнула Раечка салдата. Лобан. Нават яснага вобраза Аўгіньчынага не мог .. [Віктар] адрадзіць у сваім расстроеным уяўленні. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тае́мнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць таемнага. Таемнасць становішча. □ Спярша яму было крыху смешна, але па меры таго, як сама апавядальніца ўсё больш і больш захоплівалася таемнасцю здарэння, Лабановіча зацікавіла іншае, а іменна — непасрэдная і цвёрдая вера людзей у існаванне ўсяго гэтага цёмнага спляцення нядобрай сілы. Колас.

2. Нешта загадкавае, невядомае, незразумелае. Нейкай таемнасцю веяла ад постацей святых, павыразаных з дрэва. Броўка. [Дзяўчаты] былі ўсе маладыя, маладосць любіць таемнасць, сакрэты і сюрпрызы. Чорны. Гарыце, сузор’і, гарыце У гэты таемнасці час! Грамыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Мераючы, аддзяліць або адзначыць пэўную колькасць чаго‑н. Адмераць тры літры малака. □ Участак, які адмерала Вера, запісалі на яе імя. Галавач. Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Прыказка. // Разм. Прайсці, праехаць пэўную адлегласць. Толькі надвячоркам сябры прыйшлі ў Панямонь, адмераўшы дзесяткі лішніх вёрст, каб замесці свае сляды. Колас. // Разм. Лічачы, панесці каму‑н. пэўную колькасць удараў бізуном, шомпалам і пад. Дарэмна.. [Лявон] ляжаў пластом на зямлі і лічыў, колькі ўдараў адмерае яму гэты баязлівец Юзік. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; заг. гатуй; незак., што.

1. Варыць, рыхтаваць ежу. Вячэра, якую гатавала Вера, яшчэ не зварылася. Мікуліч. А маці старалася і яду гатаваць госцю лепшую, не зважаючы на яго пратэсты. Колас. // Кіпяціць (ваду, чай).

2. Разм. Рыхтаваць, прыводзіць што‑н. у прыгодны для выкарыстання стан. Гатаваць насенне да пасеву. □ Я па вуліцы крочу. Калгаснік-сусед Воз вязе, поўна збожжам нагружаны. Расчыняйце вароты, гатуйце засек, Сустракайце вясёлымі ружамі! Панчанка. // Рабіць запас чаго‑н.; нарыхтоўваць. Гатаваць дровы на зіму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нязло́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога нельга перамагчы, знішчыць; вельмі моцны. Няхай грыміць па белым свеце слава Пра шчасце мірнае, пра Новы год, Пра родную савецкую дзяржаву, Пра мужны і нязломны наш народ. Астрэйка. Ішлі мы ў маршах агнявых Нязломнай грознай сілай. Хведаровіч.

2. перан. Стойкі, цвёрды ў перакананнях, намерах і пад. Фучык сціснуў карандаш да болю, Ён маўчыць, нязломны камуніст. Ляпёшкін. // Які выражае цвёрдасць, стойкасць. Нязломная вера. □ [Вольга:] — А пра Буралома я табе дам знаць. Гэта — правакатар. Такое маё нязломнае перакананне. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпява́ла, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.

1. Той, хто спявае, падпяваючы каму‑, чаму‑н. Вольга Сцяпанаўна зацвіла, як ружа. Яна падышла да запявалы і падпявалы і пацалавалася з імі, астатнім нізка пакланілася. Колас.

2. перан. Разм. Той, хто падтрымлівае каго‑н. з карыслівых меркаванняў. — Ах ты, падпявала мамін! — сказаў Зыбін, беручы на руку сына. Мележ. — Слухай ты, кулацкая падпявала, на Салаўкі захацела, контра? — Вера гаварыла праз зубы, ціха, але пагрозліва. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)