ро́стань 1, ‑і, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расставацца — расстацца; расставанне. Пры ростані не гаварылі, дзе сустрэнуцца, бо ведалі — заўтра абавязкова ўбачацца на гэтым жа самым месцы. Адамчык.
2. Час, праведзены далёка ад блізкіх. І ростань доўгая здаецца хвіляю. Каму сказаць мне слова, што табе бярог? Барадулін. Толькі ў прыгодніцкіх раманах праз дзесяць год ростані маці не пазнае роднага сына, брат — брата. Шамякін.
ро́стань 2, ‑і, ж.
Месца перакрыжавання дзвюх або некалькіх дарог. А ўнук яго з вінтоўкаю залёг За вадакачкаю, на ростані дарог. Панчанка.
•••
На ростанях — у стане вагання, няўпэўненасці пры выбары далейшага шляху.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свярбе́ць, ‑біць; незак.
1. Выклікаць адчуванне казытлівага болю. Я помню, як яна [крапіва] апякае рукі: як агнём, на целе потым чырванеюць пухіры, яны пякуць і свярбяць, іх потым раздзіраеш да крыві і слініш — робіцца трохі лягчэй. Адамчык. // Адчуваць казытлівы боль (пра цела і яго часткі). Цела так свярбела ад поту і тырсы, што хацелася драць абедзвюма рукамі. Місько. Узмакрэла ад поту шыя, правае вока, быццам што трапіла туды, непрыемна свярбела. Савіцкі.
2. безас. перан. Разм. Пра неадольнае жаданне зрабіць што‑н. — Ну ж і свярбела стрэльнуць, — прызнаўся Амяллян. Грахоўскі.
•••
Рукі свярбяць у каго гл. рука.
Скура свярбіць гл. скура.
Язык свярбіць гл. язык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́ні, ‑яў; адз. чуня, ‑і, ж.
Абл.
1. Пяньковыя, вяровачныя і пад. лапці. Каля варот стаяла паласатая будка, і там хадзіў немец у доўгім белым кажусе, у плеценых саламяных чунях на ботах. Адамчык. Да Іванова зноў падышоў Арсен, цяпер ужо разам з пажылыя селянінам у шэрай даматканай світцы, у чунях. Кавалёў.
2. Гумавы ці скураны абутак у выглядзе галёшаў, які надзяваецца пры рабоце ў шахтах, рудніках і пад. // Самаробныя галеты; бахілы. Самаробныя чуні былі злеплены са старых аўтамабільных пакрышак. «Маладосць». Ступаючы ў стылых чунях, збіваючы з траў расу, аднымі губамі, ледзь чутна матуля прасіла касу. Макарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аслабе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Зрабіцца фізічна слабым, нядужым. [Алесь:] — Мяне ранілі, я аслабеў, не магу ісці. Адамчык. У .. [Макса Вэла] аслабелі рукі і ногі, ён дрыжаў. Гамолка. // Страціць ранейшую душэўную сілу. Аслабець духам. Воля аслабела. // Страціць ранейшую палітычную і эканамічную магутнасць. // Стаць менш вострым на ўспрыманне, прытупіцца. Мне нават падумалася, ці не аслабелі ад пажылога ўжо ўзросту яго [Ціхона] заўсёды неспакойныя вочы? Паслядовіч.
2. Зменшыцца ў сіле свайго выяўлення. Парадзела група, у якой быў Каляда, аслабеў агонь супраціўлення. Гурскі. [Пракоп:] — Апошнія паведамленні зараз будуць. Можа што пра марсіянскую касмічную лабараторыю скажуць. Нешта сігналы ў апошні час аслабелі. Шыцік. Шпарка трацячы свядомасць, .. [Кастусь] прабег колькі крокаў, і хада яго адразу аслабела. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзі́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае здзіўленне; незвычайны. Дзіўным здавалася Лабановічу, што такое вялікае сяло, як Мікуцічы, не можа справіцца з грэбляю. Колас. Малым прысніўся дзіўны сон, Што нехта ў шынялі паходным Прыйшоў, як бацька, сеў на ўслон І стаў пытаць пра ўсё лагодна. Танк. «Чу, фыр-р-р!» — пачуўся нейкі дзіўны гук, які нават цяжка перадаць. Ляўданскі.
2. Чароўны, дзівосны. Чуецца музыка дзіўная У повесцях сонных імшараў... Цешыцца явар з калінаю, Скінуўшы зімнія чары. Купала. Косцю думалася, як было б добра, каб Валя была разам з ім у гэту дзіўную месячную ноч, што так мякка ляжала над стэпам. Адамчык.
•••
Дзіва дзіўнае гл. дзіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раздушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак., каго-што.
1. Сціснуўшы, націснуўшы, змяць, расплюшчыць. [Алесь], не аглядаючыся, пасунуўся ад нас, неяк усё націскаючы на правую нагу, нібы пад яе трапляла што і ён мусіць яго раздушыць, прыціснуць. Адамчык. Але вось бяда — як яго [вужынае яйка] несці, каб не раздушыць. Ваданосаў. // Націснуўшы, задушыць (пра насякомых). [Ціхан] ляпнуў сябе далоняй па шчацэ і раздушыў пчалу. Дуброўскі.
2. Прыціснуўшы чым‑н. цяжкім, душачы, забіць або скалечыць. Людзі, якія бачылі нашу сустрэчу, аж кінуліся да нас. Можа, баяліся, што я раздушу старую ў абдымках. Сабаленка. / у безас. ужыв. — Ну, аднаго чалавека засыпала зусім, але нічога, адкапалі мяккі пясок. Другому паламала рэбры, раздушыла грудзі. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.
1. Станавіцца цяжкім (у 1–3 знач.) або больш цяжкім. Чым далей адыходзілі ад маёнтка, тым болей цяжэў мяшок з кнігамі. Каваленка.
2. Станавіцца цяжкім, рухацца, паднімацца, працаваць з цяжкасцю (пра часткі цела, галаву і пад.). Адчуўшы, як цяжэюць ногі, як калючым болем заходзіцца сэрца, .. [Косця] зразумеў, што яму не дагнаць .. [Надзю]. Лынькоў. Слесарэнка адчуваў, што яго хіліць у сон, што цела цяжэе, становіцца чужым. Бураўкін.
3. Набрыньваць, абвісаць. Пакрысе набрыньвалі вільгаццю і цяжэлі каляныя шынялі. Быкаў. // Налівацца сокам; спець. Прыязджайце, як маці-зямля Малаком сваю ніву напоіць — І колас цяжэе. Арочка. Была.. пара, блізкая да восені, калі ў садах пачынаюць цяжэць яблыкі. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
будзі́ць, буджу, будзіш, будзіць; незак., каго-што.
1. Перабіваць чый‑н. сон, спакой, прымушаць прачнуцца. Звонкія, маладыя галасы будзілі спакой гэтага ціхага вечара. Колас. Ужо дзед яго [Сашку] будзіць. Бабка ж Вікця нездаволена бурчыць на дзеда: куды гэта ён у такую рань малога ўскатурхвае. Даніленка. Умела .. [Рагіна] слаць пасцель, умела яна і будзіць — голас у яе ветлы і чысты. Адамчык. // Абуджаць што‑н. у каго‑н. Жалейка! Тоненькі галасочак яе з рознымі адценнямі гучыць у прасторы, будзіць .. нейкія патаемныя струны душы. С. Александровіч. Зямля.. — шырокая, бяскрайняя, здольная будзіць вялікія імкненні пачуццяў і думак. Чорны.
2. перан. Выклікаць да жыцця, дзейнасці. Ці ёсць сіла, каб зацьміла Сонца яснага прамені, Што краіну будзяць мілую Да жыцця, да адраджэння. Васілёк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палягчэ́ць, ‑эе; зак.
1. Стаць лягчэйшым па вазе. Ісці было не цяжка: ліпавыя лапці не абцяжарвалі ног, і клункі за плячыма даўно палягчэлі. Пальчэўскі. [Антось:] — А што, калі палову ўсяго гэтага зараз з’есці? Рукзак адразу палягчэе, і я доўга есці не буду хацець. Бяганская.
2. безас. Стаць, зрабіцца лягчэй у матэрыяльных адносінах. І дзед бабульцы гаварыў, Зрабіўшы выгляд строгі: — Нам палягчэе жыць старым: Кандрат наш стаў на ногі... Смагаровіч. // Стаць лягчэй, лепш (пра паляпшэнне самаадчування, настрою і пад.). Мне не толькі не палягчэла, стала яшчэ горш: дранцвелі ногі, рукі, шчымеў увесь бок. Адамчык. Пакуль Сонцаў вёў машыну па платформе, яму здавалася, нібы ён вісіць у паветры.., таму, калі танк сеў на трывалы непадатны грунт, на душы адразу палягчэла. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патрусі́ць, ‑трушу, ‑трусіш, ‑трусіць; зак.
Разм.
1. што і чым. Патрэсці. [Франц:] — Добра жыву, Макс. А ты як? Госць махнуў рукой. — Гэта бачна па мне. Бачыш? — ён патрусіў калашыной сваіх старэнькіх штаноў. Шамякін.
2. што, чаго і чым. Трасучы, насыпаць чым‑н., пацерушыць; рассыпаць што‑н. Патрусіць пяском дарожку. Патрусіць саломы. □ — Прастудзішся, дзівачок мой! — І [Ніна] патрусіла недзе на голае яго плячо пякуча-халодным снегам. Адамчык.
3. Пабегчы, пайсці дробнымі крокамі. — Міласці просім, міласці просім, — прамовіў а. Кірыл і борздымі крокамі патрусіў да дзвярэй насустрач гасцям і стаў памагаць ім раздзявацца. Колас. На паляну выбегла чорная вёрткая куніца.. Зіркнула ў адзін бок, у другі і, нечым спалоханая, патрусіла да тоўстага дуба-волата, што стаяў трохі ўбаку, ля самых выгараў. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)