даара́цца, ‑аруся, ‑арэшся, ‑арэцца; ‑аромся, ‑арацеся; зак.
Разм.
1. Аручы, дасягнуць якога‑н. месца. Даарацца да дарогі. Даарацца да лужка.
2. Працуючы на ворыве, змарыцца, знясіліцца. Даараўся да таго, што ног не чуе.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказацца поўнасцю ўзараным. Хлеб запах суха і кісла — так, як і пахне ён, паляжаўшы ў торбе паўдня на полі, пакуль не даарэцца загон і не падыдзе пара есці. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каардына́ты, ‑нат; адз. каардыната, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
1. Спец. Велічыні, якія вызначаюць месцазнаходжанне пункта на плоскасці або ў прасторы. Сістэма каардынат. Геаграфічныя каардынаты. □ Паведамлялася, што эсмінец вядзе цяжкі бой з варожымі самалётамі.. Шыфрам вызначаліся каардынаты. Кулакоўскі.
2. перан. Разм. Адрас, месцапражыванне ці месцазнаходжанне каго‑н. Засталося толькі выйсці на край лесу, вызначыць свае каардынаты ці можа нават так пазнаць мясцовасць і потым смела ісці ў родную вёску. Шамякін.
[Ад лац. co — разам і ordinatus — упарадкаваны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замата́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Закруціцца, абматацца вакол чаго‑н. Пуга заматалася за аглоблю.
2. Абкруціць, абматаць сябе чым‑н. Заматацца шалікам.
3. перан. Разм. Стаміцца, знясілець ад рознай работы, клопатаў. — Так, цяжка табе, Савасцян Змітравіч, даводзіцца, — паспачуваў Асот. — Такіх спецыялістаў у раёне не густа — не дзіва, што заматаешся. Аношкін.
замата́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Пачаць матацца 1 (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ілжы́вы і лжы́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны да хлусні, падману; непраўдзівы, хлуслівы. Ілжывы чалавек. □ Але што .. [ксяндза і яго сястру] прымушае быць такімі лжывымі, ліслівымі, так прыкідвацца! Чарнышэвіч.
2. Які змяшчае ў сабе хлусню, падман, няпраўду; наўмысна скажоны. Ілжывыя словы. Ілжывыя звесткі. Ілжывыя паказанні. // Прытворны, фальшывы. Ілжывы пафас. Ілжывая сціпласць. □ Творы пісьменніка палемічна завостраны супраць ілжывай «экзотыкі» буржуазна-прыгодніцкіх раманаў. Гіст. бел. сав. літ.
3. Які не адпавядае сапраўднасці, рэчаіснасць памылковы. Ілжывыя вывады. Ілжывае вучэнне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
буга́й, ‑я, м.
1. Самец буйной рагатай жывёлы; бык. Хутка займеў Мікіта пару коней, ды ажно шэсць штук кароў і свайго бугая. Галавач.
2. Начная балотная птушка сямейства чапляў, празваная так за тое, што вясной самец яе, апусціўшы дзюбу ў ваду, утварае вельмі гучныя гукі, падобныя да рову бугая. У зацішку на лужынах тужліва кумкалі зялёныя жабы, а далей у балотах, між лесу, пераклікаліся бугаі, бухаючы, як у пустыя кадушкі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ліха́ч, ‑а, м.
1. Неадабр. Вадзіцель машыны, які з-за самахвальства грэбуе правіламі бяспекі язды. Шафёр [цяпер] вёў машыну з асцярожнасцю вучня: куды знік той ліхач, які ляцеў па лясной дарозе з хуткасцю ветру. Шамякін.
2. Уст. Фурман экіпажа, запрэжанага добрым жвавым канём, а таксама экіпаж з такім канём. Я пагнаў сані пад самы флігель, адгарнуў футравую папаху. Так рабілі тыя ліхачы, што аднаго разу прывозілі паноў у нашу карчму. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Знікнуць, прапасці. Дзень няма козліка, другі няма, цэлы тыдзень няма. Мы ўжо так і падумалі, што ён згінуў назаўсёды. Брыль. // Перастаць існаваць у выніку разбурэння, знішчэння. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі, — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. // Загінуць, памерці. Лепей згінуць у змаганні за сваю волю, за права будаваць сваё жыццё па-свойму, чым прызнаць панскую ўладу і панскую волю. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
махры́сты, ‑ая, ‑ае.
1. З махрамі. Карычневы шалік з .. какетлівай вясёлкай на махрыстых капцах атуляў .. [Людзін] твар. Брыль.
2. Падобны на шматкі, касмылі па краях чаго‑н. Снарады падалі ў Прыпяць па адзін і па другі бок пераправы, уздымаючы высокія махрыстыя фантаны. Колас.
3. З вялікай колькасцю пялёсткаў. Кветка была вялікая, махрыстая. Тамары здавалася, што і пахне яна не так, як іншыя. Сіняўскі. // З вялікай колькасцю тонкіх карэньчыкаў. Махрысты корань.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дарэ́мшчына, ‑ы, ж.
Разм.
1. Што‑н. дармавое, бясплатнае. Нельга квапіцца на дарэмшчыну. □ — А пан няхай скіне жупан ды сам вядзе саху! — жартавалі мужчыны. Нябось, думалі яны, каб пан меў права ні прыгон, то так лёгка не адрокся б ад дарэмшчыны! Якімовіч.
2. Несправядлівае абвінавачанне; нагавор, паклёп. — Не кажы глупства, — ужо са злосцю паглядзеў на Ягора Чубар, якому вельмі не хацелася, каб узводзілася дарэмшчына на групу палкавога камісара. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
до́пыт, ‑у, М ‑пыце, м.
Апытанне падследнага, сведкі і пад. для высвятлення чаго‑н., атрымання патрэбных звестак аб кім‑, чым‑н. Выклікаць на допыт. □ Допыт вёў Гнядкоў і рабіў гэта паважна, па ўсіх правілах. Шамякін. Немцы і пасаджаныя ў вёску паліцаі цягалі на допыт жонку Міхала і яго суседзяў. Васілевіч. // Разм. Настойлівае падрабязнае распытванне. Тут, вядома, пачаліся допыты: як і што, дзе быў, чаму загуляўся так позна? Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)