го́рдасць, ‑і, ж.
1. Пачуццё ўласнай годнасці, павагі да сябе. — Г-э-э-э, панічок: з-пад самага Пінска прыходзяць і прыязджаюць да старой Мар’і, — з гордасцю прамовіла бабка. Колас. // Пачуццё задавальнення ад сваіх або чыіх‑н. поспехаў. Юрка адчуваў даверлівую Лёдзіну адданасць і поўніўся.. гордасцю за сябе. Карпаў.
2. Тое, чым (або той, кім) ганарацца. Гордасць і слава зямлі нашай — Простыя людзі. Куляшоў. Родная партыя — наша сумленне, Нашая гордасць і наша любоў. Бачыла.
3. Ганарыстасць, напышлівасць, фанабэрыстасць. Гордасці многа, а розуму не хапае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гак 1, ‑а, м.
1. Востры металічны выступ на чым‑н. (напрыклад, крук у багры, шып у падкове). [Конь] .. быў падкуты на перад, і гакі ў падковах былі не кавальскай работы, а купленыя. Крапіва.
2. Абл. Участак зямлі, які вострым клінам удаецца ў што‑н. Хвалі без ахвоты Абмываюць з гака жвір. Астрэйка.
•••
З гакам — з лішнім, з лішкам.
гак 2, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца ў значэнні дзеяслова гакнуць, гакнуцца. Ляціць звер проста, а з-за дрэва Выскачыў Мядзведзіч — гак у лоб! Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абша́р, ‑у, м.
Неабсяжная прастора, разлегласць. А мароз трашчыць сіберны, Пухам крые, пухам сцеле Увесь абшар зямлі нязмерны, Нібы мяккую пасцелю. Гурло. Ад белай пены.. мора здавалася бяскрайнім зімовым абшарам, на якім лютуе завіруха, варочаючы і рассыпаючы высокія снежныя сувеі. Дуброўскі. // Участак вялікіх памераў. Абшары балот. □ І што за Ліпава такое? А гэта — поле маладое Сярод лясоў, як скінуць вокам; На тым абшары, на шырокім, Раскошна нівы красавалі. Колас. [Алёша] глядзеў на поле ў залатых хвалях паспелага жыта ці пшаніцы і адчуваў сябе гаспадаром усяго гэтага абшару. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
набе́г, ‑у, м.
1. Раптоўны напад, уварванне на якую‑н. тэрыторыю і спусташэнне яе. Набег татарскай арды. □ І здаецца, што гэта не семінарысты спяваюць ля печкі ў вагоне, а гуляе запарожская сеч пасля буйнага набегу дзесьці ў стэпе ля вогнішчаў. Сяргейчык. // перан. Уварванне з карыслівымі мэтамі ў чужы сад, агарод і пад. [Бушыла:] — Я сам некалі ў свой час на сады і гароды набегі рабіў. Шамякін.
2. Раптоўны павеў ветру, прыліў вады і пад. Нібы шротам налітыя,.. [каласы] ад лёгкага набегу ветру прыпадаюць да самай зямлі, просячы сярпа... Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
курга́н, ‑а́ і ‑а; мн. курганы́, ‑о́ў і курга́ны, ‑аў; м.
Высокі старадаўні магільны насып. Скіфскі курган. □ Паміж пустак, балот Беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт ўцяклі. — Удзірванелы курган векавечны. Купала. Каля вёскі Ствольная ўзвышаецца сярод поля даволі вялікая група старадаўніх курганоў. В. Вольскі. // Горка, узгорак. Шкода светлай ручаінкі У берагах пясчаных, Што, як срэбра, мкне-бруіцца Паміж гор, курганаў. Колас.
•••
Курган Славы — конусападобны земляны насып з мемарыяльнымі архітэктурнымі надбудовамі для ўвекавечвання подзвігу савецкага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нашча́дак, ‑дка, м.
1. Чалавек у адносінах да продкаў. Нашчадак старадаўняга роду. □ Я — сын зямлі, нашчадак хлебаробаў. Барадулін.
2. толькі мн. (нашча́дкі, ‑аў). Людзі будучых пакаленняў. Нашчадкамі героі не забыты: На плошчах манументы ім стаяць. Жычка.
3. Разм. Сын, наследнік або наогул сваё дзіця. [Гукан:] — Ала?! Як вы там? Добра? Ведаеш што... Зрабі ты маме навагодні падарунак. Які? Бяры нашчадка, сядай у поезд — і да нас пад Новы год. Шамякін. Канечн[е], і дачка ў сям’і — добра, але ж сын — нашчадак, ён панясе прозвішча ў будучыню. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паблука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Пахадзіць без мэты, гуляючы. Я схадзіў у Зазер’е і на адзіноце паблукаў па асеннім лесе. Краўчанка. Сон.. не ішоў, і заставалася толькі пакінуць цеснаватую хату і паблукаць па вечаровай вуліцы. Шахавец.
2. Пахадзіць у пошуках чаго‑н. Нямала .. [Пеця] яшчэ паблукаў, пакуль знайшоў патрэбную дарогу. Сіняўскі. Варта было яшчэ паблукаць па кніжных магазінах, перакусіць, а потым зашыцца куды-небудзь у парк. Навуменка.
3. Разм. Павандраваць, пахадзіць. Калі нельга многа — хоць бы трохі Паблукаць бы мне па ўсёй зямлі. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
назіра́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які прызначаны для назірання. Назіральны пункт. Назіральная вышка. □ Партызаны спрабавалі пайсці ў атаку, але частыя кулямётныя чэргі прыціскалі іх да зямлі. З супрацьтанкавага ружжа білі ўвесь час па назіральнай шчыліне, і нарэшце бранявік застыў на месцы. Шахавец.
2. Той, хто валодае назіральнасцю, умее назіраць (у 1 знач.). Назіральны чалавек. Назіральны мастак. □ Назіральны заўсёды, а цяпер асабліва, .. [Аляксей] адчуваў нядобрае. Мележ. Каб Адам быў больш назіральны, то ён бы ўбачыў у затуманеным позірку прыгожых жончыных вачэй нешта падобнае на вінаватасць і папрок. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пані́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Схілены, прыгнуты. Высокія травы, звялыя і паніклыя ўдзень ад гарачыні, цяпер узнімаліся ў вільготным дыханні.. зямлі. Самуйлёнак. Спякота... І пад сонцам залатым Паніклыя, задумлівыя лозы Яшчэ ніжэй прыпалі да вады. Чарняўскі.
2. перан. Прыгнечаны, засмучаны; разбіты духоўна. Адчуў бяду. Стаяў паніклы: Даруе мілая ці не? Бялевіч. Вочы дзяўчыны радасна смяяліся, хоць выгляд у яе быў паніклы і разгублены. Ракітны.
3. Абл. Падслепаваты. Пасля таго як Шэмета не ўзялі на вайну, Халуста інакш не зваў яго, як паніклы або сляпы чорт. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парале́ль, ‑і, ж.
1. Паралельная лінія. Правесці паралель.
2. Умоўная лінія, праведзеная па зямной паверхні паралельна экватару, усе пункты якой маюць аднолькавую геаграфічную шырату. Змыкайце рады Камінтэрна На ўсіх паралелях зямлі. Глебка.
3. перан. З’ява, якая можа параўноўвацца з іншай, аналагічнай з’явай. Канкрэтнасць гістарычнай паралелі, такім чынам, выпраўляла лінію абстрактных разваг героя, не даючы яму збіцца з пазіцый рэалізму. Лойка. // Параўнанне, супастаўленне. У шматлікіх работах аб творчасці Коласа робяцца паралелі паміж «Казкамі жыцця» і байкамі Крылова, алегорыямі Салтыкова-Шчадрына, Горкага і г. д. Навуменка.
[Ад грэч. parállēlos — які знаходзіцца, праходзіць побач.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)