няўда́ліца, ‑ы, м. і ж.

Разм. Такі, якому нічога не ўдаецца; няўмелы, няўклюдны чалавек. Няўдаліца Сцяпан і тут не выкіраваў як трэба — утулкаю кола зачапіў за .. шула. Мележ. Яўсей толькі скоса пазіраў на сына і моўчкі сабе думаў: якая няўдаліца гэты яго меншы. Сабаленка. // Што‑н. дрэнна зробленае. [Воз] быў няўдаліца: крывабокі, завалены ўправа. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касаві́ца, ‑ы, ж.

Час касьбы. За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку. Колас. У самую касавіцу выдалася добрае надвор’е, што рэдка бывае, бо звычайна дождж ідзе не тады, як просяць, а як косяць. Якімовіч. // Кашэнне траў, збажыны. Час такі, што жыта красуе, а касавіцу пачынаць ранавата. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бра́згат, ‑у, М ‑гаце, м.

Гук, які ўтвараецца металічнымі прадметамі пры ўдары адзін аб другі або аб што‑н. цвёрдае. Гаспадыня тым часам клала ў ляжанку сухія, тонкія паленцы, а бразгат скаварады сведчыў аб тым, што будзе пачастунак. Колас. [Антон] быў такі насцярожаны, што ўздрыгануўся, як ад раптоўнага грому, ад ціхага бразгату сенечнай клямкі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зглумі́цца, зглуміцца; зак.

Разм. Папсавацца, страціцца без карысці. Язэп асцярожна падышоў да жыта, сарваў колас. Ён не ўмясціўся на далоні, такі быў доўгі. І зерне ў ім было буйное, жоўтае. Колькі ж хлеба зглуміцца тут, калі не сажнеш жыта! Асіпенка. Зразумела, не кажу Пра сваё тут гора, Што мука мая ў дзяжы Зглуміцца, вядома... Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пастарэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Які пастарэў, састарэў. У Дашынай хаце .. [Пятра] ніхто не пазнаў. Даведаўшыся, хто ён такі, пастарэлая гаспадыня, вохкаючы і божкаючы, замітусілася па хаце, пачала збіраць пачастунак. Ракітны. Жвіровая ўезджаная дарожка неўзабаве вывела на падворак школы — наперадзе высіўся пышны, у два паверхі, але ўжо пастарэлы і запушчаны, з трэснутай па фасадзе сцяною старасвецкі палац. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пастры́гчыся, ‑стрыгуся, ‑стрыжэшся, ‑стрыжэцца; ‑стрыжомся, ‑стрыжацеся, ‑стрыгуцца; пр. пастрыгся, ‑лася; заг. пастрыжыся; зак.

1. Пастрыгчы сабе валасы, даць сябе пастрыгчы. Няма і такога прыкметнага хвалістага чуба Зайцава: як і палітрук, усё-такі ён змог неяк пастрыгчыся. Даніленка.

2. Прыняць пострыг; стаць, зрабіцца манахам (манашкай). Пражыла .. [Ксенія] разгульнае жыццё, а пад старасць пастрыглася ў манаткі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пісані́на, ‑ы, ж.

Разм. пагард. Тое, што напісана. Трэба, аднак, узяць у рукі гэтых газетных пісак, якія так недарэчы выступаюць са сваёй пісанінай. Лынькоў. Кастусь не пайшоў бы да Кудрынскага: няёмка ісці на кватэру і боязна паказваць сваю пісаніну. С. Александровіч. Зноў жа такі, седзячы крукам на праўцы чужой пісаніны, нічога свайго не напішаш. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пісклі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі тонкі, вісклівы (пра голас, гукі). Тоненькім, пісклівым, як у птушкі, галаском .. [дзед Мірон] апавядаў майму бацьку былі. Бядуля. // Аб тым, хто мае такі голас. Пісклівы чалавек. // Які пішчыць (аб прадметах).

2. Які многа пішчыць, схільны да піску. — [Малыя] ўсе такія пісклівыя. Карпюк. Хто гнёзды ўе, хто ловіць мошак, — Сваіх пісклівых корміць крошак. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праткну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Пракалоць чым‑н. наскрозь. Гэты [зубр], здаецца, немалады. Але рогі па-маладому вострыя. Такі рог праткне наскрозь. Шамякін. Знятую трубку кары Коля перагнуў на сярэдзіне, зверху праткнуў пруцікам. Жычка.

•••

Пальца не праткнуць — пра вялікі, цесны натоўп. У магазіне было бітком пабіта людзей — пальца не праткнеш. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распане́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Разгультаіцца, распусціцца; стаць пераборлівым. [Шаройка:] — Проста распанеў народ: да васьмі спяць, да дзесяці снедаюць. Шамякін. — Распанелі мы, Жэнька, — павярнуўся .. [Эдуард] да мяне. — Сёмгу ў краме шукаем, ласасіну... А селядца з печанай бульбай не хочаш? Рамановіч. — Мышэй дык не хочаш лавіць, лодар такі, а на мяса дык, бач, які ласы.., распанеў. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)