імпэ́т, ‑у, М ‑пэце, м.
1. Разгон, парывістасць, імклівасць. [Калёсы] коцяцца самі пасля вялікага разгону, і імпэт іх слабее з кожнай хвіляй. Бядуля. — Зірні на ручайкі — з якім імпэтам Яны свідруюць снег, туманах сточаны! Гілевіч. // Гарачы парыў, запал. Працоўны імпэт. □ [Таможнік і жандар] завіхаліся сярод багажу з такой рашучасцю, з такім імпэтам, што нам аж шкада стала: трэба ж нарабіць такога клопату людзям. Лынькоў.
2. Абл. Пах, дух. Калі дзьмуў вецер з поўначы, тут заўсёды пахла смалою, ішоў здаровы лясны імпэт. Чорны. Па хаце расплыўся цяжкі ўдушлівы імпэт атрутлівага самасею. Гартны.
[Ад лац. impetus — парыў, разбег, напор.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кандыдату́ра, ‑ы, ж.
1. чыя. Магчымасць ці права каго‑н. выступаць у ролі кандыдата (у 1 знач.). Васіль Бусыга быў кандыдат у валасныя старшыні, але рэвалюцыя і ўсе далейшыя падзеі адвялі яго кандыдатуру. Колас. // Чыя‑н. асоба ў ролі кандыдата. Шаманскі назваў кандыдатуру Паўла Дэшкі. Дуброўскі. Каржакевічаву кандыдатуру .. выставілі на перавыбарах. Крапіва.
2. Тое, што і кандыдат (у 1 знач.). — Была ў нас затрымка з начальнікам штаба, не было добрай кандыдатуры. Лынькоў. Парторг паведаміў, колькі камуністаў прысутнічае, прапанаваў вылучыць кандыдатуры для рабочага прэзідыума. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заня́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад заняць.
2. у знач. прым. Які займаецца чым‑н. у даны момант; несвабодны. Дні са тры Макар быў вельмі заняты на рабоце, і мне прыйшлося хадзіць на раку аднаму. Ляўданскі. Мама і тата вельмі занятыя, з работы позна прыходзяць. Юрэвіч.
3. у знач. прым. У якім знаходзіцца хто‑, што‑н., на якім размясціўся хто‑н.; несвабодны. Умацавацца на занятых пазіцыях. □ Школьны зал заняты — ёлку рыхтуюць. Якімовіч. Амаль палавіна рачной плыні.. была занята плытамі. Лынькоў. // Напоўнены, непарожні. Заняты кошык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лісцвяны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да лісця. Лісцвяны гушчар. Лісцвяны шолах. // Які складаецца, ўтвараецца з лісця; накрыты, усланы лісцем. Лісцвяны подсціл. □ І часта, па начах, калі праз лісцвяны дах хаціны паблісквалі буйныя паўднёвыя зоры, ..лорд думаў пра жыццё, пра яго недарэчнасць. Лынькоў.
2. Які мае лісце, з лістамі; лісцевы. Пышнае ўбранне лісцвяных дрэў, асабліва бяроз, сям-там пачынае жаўцець. Паслядовіч. // Які складаецца з дрэў з лісцем. Вецер .. абтрасаў бярозы над шляхам, церабіў лісцвяны маладняк. Быкаў. [Вялічка:] — Направа будзе лісцвяны лясок. За ім вёска. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
любава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; заг. любуйся; незак., кім-чым і на каго-што.
Разглядваць каго‑, што‑н. з захапленнем, задавальненнем. Маша часта ў апошні час любавалася .. [Алесяй] і думала: «Якая яна раптам стала прыгожая!». Шамякін. Мы часта любуемся Месяцам, падоўгу ў ясныя ночы назіраем за ім. Гамолка. // Адчуваць задавальненне, захапленне, наглядаючы чыю‑н. дзейнасць, учынкі. І каб толькі не ворагі — жыць бы нам ды пажываць, на працу сваю любавацца. Лынькоў. Я захапляўся спрытнымі людзьмі, якія баранілі слабых, любаваўся мужчынскай сілай, адвагай і сумленнасцю людзей прэрый. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
матэрыя́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да матэрыі (у 1, 2 знач.); рэчыўны, рэальны. Матэрыяльны свет.
2. Які мае адносіны да матэрыялу (у 1 знач.). [Вагуцкі] зайшоў на матэрыяльны склад. Ля стэлажоў корпаўся Чычын. Лынькоў.
3. Звязаны з валоданнем маёмасцю, сродкамі для існавання, даходамі, грашамі. Матэрыяльнае становішча. Матэрыяльная дапамога. □ Чалавек адмаўляецца ад павышэння, ад значна большага заробку і іншых матэрыяльных выгод, ад пераезду ў горад, каб працаваць у далёкім раёне, у гушчы народа, — што ж можна сказаць пра яго, акрамя пахвалы? Шамякін.
•••
Матэрыяльная забяспечанасць гл. забяспечанасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. меркнуў, ‑нула і мерк, ‑ла; незак.
1. Траціць паступова яснасць; цямнець. У прагаліне паміж дрэў відно было неба. Яно меркла і з кожнай секундай здавалася глыбейшым. Чорны. Водбліскі ад агню то ўспыхвалі, то раптам мерклі, знікалі, праглынутыя цемрай ночы. Лынькоў.
2. перан. Траціць сілу, значэнне; слабець. Мінаюць гады, а веліч нашай рэвалюцыі не меркне. «ЛіМ». У яго [Стафанковіча] душы меркла і траціла сэнс усё іншае, што жыло ў людзях і не належала да тых спраў, якія поўнілі ўсю яго істоту. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даро́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да дарогі (у 1 знач.). Дарожнае палатно. Дарожнае будаўніцтва. □ Працэджваючыся праз дарожны пясок, ручаёк са звонам уліваўся ў вузенькую рачулку. Бядуля. Недзе дарожныя вербы сівыя шумяць... Танк.
2. Звязаны з дарогай, падарожжам. Дарожнае жыццё. Дарожнае знаёмства. Дарожныя запісы. // Прызначаны для дарогі, падарожжа, паездкі. Дарожны плашч. □ Міколка таропка злазіць з ложка і бяжыць да бацькавай дарожкай скрынкі. Лынькоў.
3. у знач. наз. даро́жны, ‑ага, м. Разм. Падарожны. Мароз дарожным падпявае. Колас.
•••
Дарожны майстар гл. майстар (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дасту́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Стукаючы, дабіцца адказу. Дастукацца ў хату. Дастукацца да суседзяў. □ [Штанюк] рэдка калі высоўваецца на вуліцу, і ў двор да яго не так лёгка дастукацца. Сабаленка. // Разм. Дасягнуць свайго настойлівымі намаганнямі. Мікалай Камароўскі два разы ездзіў у раён.., а нічога адразу дастукацца не мог. Чорны.
2. Разм. Адмоўнымі паводзінамі наклікаць на сябе бяду, непрыемнасці. — Эх, Андрэй, Андрэй, да чаго ж ты дажыў, да чаго ж дастукаўся: ні раздолля табе, ні жазлоў, ні пуцёвак. Стой, гібей са сваёй кукушкай-свістушкай! Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зага́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Кароткае іншасказальнае апісанне якога‑н. прадмета, з’явы, якія трэба пазнаць, адгадаць. Адгадаць загадку. □ Нам Пятро спачатку Загадаў загадку: Мой кравец заўсёды колкі, Бо на ім тырчаць іголкі. Грахоўскі.
2. перан. Пра што‑н. складанае, заблытанае, незразумелае, што патрабуе разгадкі, тлумачэння. [Багуцкі] заставаўся загадкай для камісара гестапа. Лынькоў. Чулася людзям загадка, якая не адзін дзень, не адзін тыдзень вісела над імі, над усім сялом, невядома што зычыла. Мележ. Жыццёвы і творчы шлях Баршчэўскага поўны супярэчнасцей і загадак. Мальдзіс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)