усто́йлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны цвёрда стаяць, трымацца, не хістаючыся, не падаючы. Напэўна, у нашым выратаванні немалая заслуга і лодкі, вельмі пад’ёмістай і ўстойлівай на вадзе. Кірэенка. Цягуча, нудна скрыпіць пад нагамі верхняя ступенька канторскага ганка, і я хутчэй ступаю на ніжнюю, больш устойлівую. Палтаран. Вось нарэшце зямля — цвёрдая і ўстойлівая. Мележ.
2. Які не паддаецца зменам, хістанням; пастаянны. Устойлівыя цэны. Устойлівая валюта. Устойлівы характар. □ Перадавыя раёны і гаспадаркі абавязаліся дасягнуць высокіх, устойлівых ураджаяў сельскагаспадарчых культур. «Звязда». // Замацаваны традыцыяй. Устойлівы звычай.
3. перан. Які не паддаецца пабочнаму ўплыву, змяненню; стойкі. Устойлівыя погляды.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.
1. Цягнучы, падняць наверх або з цяжкасцю ўзнесці, узвезці на што‑н. высокае. Матросы доўгімі вяроўкамі ўсцягнулі трап на ніжнюю палубу. Савіцкі. Коннік нагнуўся, схапіў Міхася пад пахі і ўсцягнуў у сядло. Машара. Худыя коні не маглі усцягнуць конку на пагорак. П. Ткачоў.
2. Разм. Надзець, апрануць з цяжкасцю што‑н. Карніцкі.. спрабаваў усцягнуць на нагу бот і не мог. Паслядовіч. // Накрыцца чым‑н.; нацягнуць на сябе што‑н. Вецер быў неспакойны, халодны, як крынічнай вадою абліваў шыю — прыйшлося ўсцягнуць на сябе посцілку. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Паглыбіцца, улезці ў глыб, унутр чаго‑н., куды‑н. Здавалася, што зараз на галаву ўпадзе міна. Хацелася ўціснуцца глыбей у зямлю, каб ніякі асколак не зачапіў. Мележ.
2. З цяжкасцю ўвайсці, пранікнуць у што‑н. цеснае, запоўненае; ушыцца. Нарэшце падышоў аўтобус. Ён быў перапоўнены, аднак мы ўсё ж сяк-так уціснуліся ў заднія дзверцы і пакацілі ў напрамку вакзала. Шыловіч.
3. Разм. Цесна абвязаць сябе чым‑н. Уціснуцца папружкай.
4. перан. Разм. Якім‑н. чынам уладкавацца куды‑н. Сяк-так уціснуўся ў кулінарны тэхнікум.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уціхамі́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
1. Прымусіць супакоіцца, суняцца. [Васіль:] — Прымай, Янук, гасцей ды ўціхамір свайго барбоса! Зайсці трэба! Шашкоў. // Аслабіць, зменшыць сілу праяўлення чаго‑н. Цяпер яму [Кліму] захацелася ўціхамірыць гэтую злосць на Сідары. Галавач. У выканкоме вырашылі падзяліць [кватэры] загадзя, каб уціхамірыць непакой і хваляванне. Мележ.
2. Сілай супакоіць каго‑н.; задушыць (бунт, паўстанне і пад.). [Гена:] — Няхай пан не хвалюецца, мы ўціхамірым бунтаўшчыкоў. Жычка.
3. Падпарадкаваць сваёй волі; утаймаваць. Тры дні змагаліся геолагі і нафтавікі, каб уціхамірыць стыхію. В. Вольскі. Грознага [быка] ўсё-такі ўціхамірылі і зноў навязалі на ланцуг. Дайліда.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ушанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.
1. Выказаць чым‑н. пашану, павагу каму‑, чаму‑н. Мы ж памяць героя ўшануем І справай, і песняй, сябры, І помнік яму пабудуем З гранітнай уральскай гары. Куляшоў. Малашкін заклікаў усіх устаць і ўшанаваць мінутным маўчаннем верных савецкіх людзей, што загінулі ад рукі ворага. Пестрак.
2. Урачыста павіншаваць каго‑н. у сувязі з чым‑н. [Язва:] Сёння .. [Жлукта] будзе ўшанаваны як мае быць. Крапіва.
3. Удастоіць сваёй прысутнасцю. [Стрыбульскі:] Святы божа! Ці бачыш ты, якія госці ўшанавалі наш куток!.. Мележ. Мядзведзь падлізу Ліса ўшанаваў, — Згадзіўся да яго прыйсці на імяніны. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ціка́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які імкнецца ўсё ўведаць, убачыць ва ўсіх падрабязнасцях. [Стрэлачнік] быў чалавек цікаўны і вельмі любіў прачуць сёе-тое. Колас. Цікаўныя суседкі адна за адной падбягалі зірнуць на Сташэвічаў лён. Чарнышэвіч. / у знач. наз. ціка́ўны, ‑ага, м.; ціка́ўная, ‑ай, ж. Вакол напіралі цікаўныя, падскаквалі, каб убачыць, каго злавілі. Хомчанка. Сабраліся члены прафкома, прафоргі і так цікаўныя. Карпюк. // Які выяўляе жаданне ўсё ўведаць, убачыць. [Раман] нават не заўважыў цікаўных і не вельмі спагадлівых позіркаў сваіх таварышаў па рабоце. Чарнышэвіч.
2. Які пашырае свой кругагляд, папаўняе веды; дапытлівы. Многаму навучыла яго [Тураўца] — уважлівага, цікаўнага — партыйная работа. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
часі́на, ‑ы, ж.
1. Час, пара, момант. Хвала табе, слаўная часіна наваселля, часіна спадзяванняў і мар!.. Мележ. Настала часіна, калі кожнаму захацелася пабыць з самім сабою. Скрыган.
2. Высок. Прамежак часу, які вызначаецца чым‑н. важным, адметным. Я рад, што нарадзіўся ў бурлівую часіну грамадзянскай вайны і рэвалюцыі. Грамовіч. Светлай прыждалі часіны. Пілы, сякеры бяры, На папялішчах-руінах Новыя ўстануць муры. А. Александровіч.
3. Кароткі адрэзак часу. [Стары] падумаў нават, што няблага было б прылегчы на часіну адпачыць... Брыль. Пагуляць — смела адкладай, а зрабіць — і на часіну не адкладай. З нар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чупры́на, ‑ы, ж.
Пасма валасоў, якая спадае на лоб або ўзнімаецца над ілбом (у мужчын); чуб. Мая чупрына расла ўніз і звісала над вачыма так, як звісае са страхі старая салома, калі яе вецер павырывае. Карпюк. У хлопца чупрына спаўзла на бачок, Над скрыпкай засноўдалі рукі. Калачынскі. // Валасы наогул. І кучаравы [хлопец] быў, чупрына — як лаза густая! Мележ. Толькі ў чорнай чупрыне гусцей і бялей Пракідаюцца пасмы сівыя. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Векавыя дубы, клёны паднімаліся сваімі магутнымі чупрынамі ў самае неба. Новікаў. Недалёка стукаў чорны дзяцел (жаўна) з чырвонай чупрынай. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Вестка, паведамленне. [Кандрат:] — А ад Барташэвіча чутак няма? — [Домна:] — ..Чаму няма? Напісаў, што скора прыйдзе. Лобан. Чуткі з вайны трохі-трохі даходзілі да горада, надта далёка была яна адгэтуль. Мурашка. І вось гэтай вясною маланкай абляцела ўсе вёскі чутка: да Першага мая шахцёры абяцаюць даць калійную соль. Кулакоўскі. // звычайна мн. (чу́ткі, ‑так). Звесткі (звычайна няпэўныя, недакладныя); пагалоска. Справы ў яго доўга не ладзіліся, і да Зыбіна даходзілі чуткі, што яго вось-вось здымуць з пасады. Мележ. Хадзілі чуткі, што ніякі.. [Мінін] не слесар, а жандар коннай петраградскай паліцыі. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шарэ́ць, ‑эе; незак.
1. Станавіцца шэрым. Твар у .. [Севы] шарэў, калі ў такія хвіліны даводзілася гаварыць з бацькам. Карпаў. Неба шарэла. Было вельмі холадна. Мележ.
2. Выдзяляцца сваім шэрым колерам, віднецца. Пераезд у нізіне ўжо ледзь шарэў у вячэрнім паўзмроку. Быкаў. Зрабілася яшчэ больш цёмна, толькі шарэлі ў цемры шыбы вокнаў. Асіпенка.
3. безас. Світаць або змяркацца. Бярэцца на досвітак. Прыкметна шарэе, але хмары густа зацягваюць і без таго хмурнае неба, — мусіць, будзе мяцеліца. Сачанка. Унізе, ля зямлі, шарэла: надыходзіў вечар — хутка, па-зімоваму, адразу ж пасля паўдня. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)