це́ла, -а, мн. -ы, цел, н.

1. Матэрыя, рэчыва, што так ці інакш абмежавана ў прасторы; асобны прадмет у прасторы.

Цвёрдае ц.

Газападобнае ц.

Геаметрычнае ц.

2. Арганізм чалавека або жывёлы ў яго знешніх, фізічных формах.

Часткі цела.

3. Тулава, корпус чалавека, жывёлы, птушкі.

Ц. ў сіняках.

4. Асноўная частка, корпус чаго-н. (спец.).

Ц. гарматы.

(Быць) у целе (разм.) — быць поўным, укормленым, сытым.

Спасці з цела (разм.) — схуднець.

Трымаць у чорным целе каго (разм.) — сурова, строга абыходзіцца з кім-н.

|| памянш. це́льца, -а, мн. -ы, -аў, н. (да 2 знач.).

|| прым. цяле́сны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Цялесныя ўласцівасці шара.

Духоўныя і цялесныя сілы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

бразго́тка, ‑і. ДМ ‑тцы; Р мн.так; ж.

Разм.

1. Дзіцячая цацка, пры ўзмахванні якой утвараецца бразгат, шум. Дзікавіцкі, чакаючы абеду, сядзеў на рагу стала з ўнукам на каленях, які прытанцоўваў і стукаў бразготкай то аб стол, то па галаве дзеду. Дуброўскі.

2. толькі мн. (бразго́ткі, так). Бомы, званочкі. Чуецца ржанне коней, звон бразготак і музыка. Козел. Не відаць было зухаватых «братоў», пралятаючых з форсам, з бразготкамі на падбадзёраным цуглямі і пугай кані. Крапіва.

3. Невялікі прадмет, які з’яўляецца аздобай. Пецька — піжон. Тыдзень есці не будзе, а бразготку ўпадабаную купіць. Мехаў. [Галя:] — А што гэта такое? Бразготкі нейкія? [Міход:] — Добрыя бразготкі. Гэта ж золата... Сабаленка.

4. Спецыяльная прылада для ўтварэння гукаў, падобных на трэск; трашчотка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уцягну́цца, уцягнуся, уцягнешся, уцягнецца; зак.

1. Прасунуцца ў вузкую адтуліну. Нітка ўцягнулася ў іголку.

2. Прыняць удзел у чым‑н. [Сымон] пакрысе ўцягнуўся ў гаворку і нарэшце сам пачаў гаварыць гладка і цікава. Чорны. Вера шмыгнула да сваіх кароў. Не хацелася ёй адказваць на кпіны, каб не ўцягнуцца ў пустую балбатню. Гаўрылкін.

3. перан. Паступова прывыкнуць, прызвычаіцца да чаго‑н.; асвоіцца з чым‑н. Уцягнуцца ў работу. □ [Павел Іванавіч:] — Канешне, на першых часах нялёгка будзе, але пачнеш вучыцца, уцягнешся, і ўсё стане на сваё месяца. Кулакоўскі. Часам.. бывае так, што от чалавек нясе ношку, і хоць яна нялёгкая, аднак уцягнецца і нясе. Сабаленка.

4. перан. Прыахвоціцца да чаго‑н. Так уцягнуўся Анціп у гарэлку — рады няма, — казаў Архіп Архіпавіч. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цалкі́, ‑оў; адз. няма.

Абл.

1. Яечня, у якой жаўткі не змешваюцца з бялкамі. Тарэсяй звалась цётка гэта. Яна так ветла сустракала І надта ж добра частавала: Спячэ «цалкоў» на скавародцы, І так, бывала, наясіся, Што хоць на пупіку круціся. Колас. Неўзабаве мы сядзелі за круглым сталом — яна глядзела на мяне сваімі мр[о]йнымі вачамі і карміла: падала яешню з цалкоў, тварог на сподку і шклянку салодкага малака. Чыгрынаў.

2. Цэлая бульба, вараная ў лупінах. Ціт наліў пляменніку кубак першаку і паказаў на закусь, якую тут жа разгарнуў на складзеным у некалькі столак абрусе. То былі хлеб, сала цыбуля, бульбяныя, яшчэ цёплыя, цалкі. Кавалёў.

3. Зерні канапель, якія застаюцца цэлымі нястоўчанымі. Канапляныя цалкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяпле́ць, ‑ее; незак.

1. Станавіцца, рабіцца цёплым, больш цёплым. Ападаў ветравы холад і цяплела надвор’е. Чорны. Як дзьмухне [хлопчык] некалькі разоў на рукі, дык адразу ажываюць пальцы, цяплеюць далоні. Бядуля. // перан. Станавіцца дабрэйшым, лагаднейшым; ласкавець. — Вы бачылі Леніна?.. — Ціха ў хаце. У дзеда цяплеюць і вочы, і сэрца. Арочка. Па меры таго, як .. [Гендарсан] чытаў, твар яго праясняўся, цяплеў і святлеў. Чарнышэвіч. // безас. Пра адчуванне душэўнай цеплыні, ласкавасці, якое агортвае каго‑н. Смяялася .. [Галіна] так залівіста, так прыемна звінеў яе .. галасок, што ў хлопца цяплела на душы. Навуменка. У Паўла цяплела на сэрцы ад Машынага спачування. Гроднеў.

2. безас. Пра наступленне цёплага, больш цёплага надвор’я. Днём хоць і цяплела, аднак тэмпература вышэй чым мінус дваццаць — васемнаццаць не падымалася. Ігнаценка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разварушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; зак., каго-што.

1. Варушачы, раскінуць што‑н. складзенае, сабранае. Сцёпка разварушыў вогнішча і прыгарнуў бульбу вуголлем. М. Ткачоў. Васіль падышоў да брычкі, адвязаў лейцы, разварушыў свежае сена на сядзенні. Савіцкі. А вецер раптам друз разварушыў І разгарнуў стары вучнёўскі сшытак. Бураўкін. // Прывесці ў рух, прымусіць варушыцца. Язэпка падняўся, разварушыў сяк-так ногі і пайшоў, кульгаючы, па ржэўніку. Якімовіч. — Прачнуўся раз пад раніцу — не магу паварушыцца, зусім закалеў. Сяк-так устаў, разварушыў косці. Дамашэвіч.

2. (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Паварушыўшы што‑н., раздражніўшы каго‑н., выклікаць хаатычны рух; вывесці са стану спакою. Разварушыць звера ў бярлозе. □ Мне шкада было бачыць, як разварушаныя чмялі сіратліва кружацца над сваёй разбуранай хатай. Грамовіч. [Салдаты] беглі і паўзлі, нібы з разварушанага мурашніка, залягалі і падымаліся зноў. Грахоўскі.

3. перан. Разм. Вывесці са стану апатыі, абыякавасці; ажывіць. Часамі ўдавалася .. [Тукалу] разварушыць, і тады ён рабіўся вясёлым, жартлівым, здольным усіх захапіць сваімі жартамі і смяяўся такім заразлівым смехам, што нельга было не паддацца яму. Колас. Вікторыя і так і гэтак загаворвала з .. [Генадзем], але не дала ніяк рады яго разварушыць. Сабаленка. // Выклікаць жаданне дзейнічаць, займацца чым‑н. Шмат папрацавалі Аня і яе сябры-актывісты, пакуль разварушылі вясковую моладзь, зацікавіла яе камсамольскімі справамі. Кухараў.

4. перан. Разм. Прабудзіць, выклікаць, узмацніць (якія‑н. думкі, пачуцці і пад.). Бабуля нешта думае. Казка, відаць, разварушыла ўспаміны. Брыль. // Расхваляваць, пазбавіць спакою. Разварушыць душу. □ Палонны пайшоў на кватэру засмучоны, пануры. Усё гэта, гэтае спатканне і гаворка, разварушылі яму сэрца. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згуртава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

1. Аб’яднаць у гурт, наблізіўшы аднаго да другога. Ды і ўсе армейскія коні, відаць, такія. Прывыкаюць да гурту, адзін да аднаго. Магчыма, баі і страхі іх так згуртавалі. Няхай.

2. перан. Аб’яднаць; зрабіць узгодненымі, аднадушнымі чые‑н. дзеянні. Верны, светлы праклала нам партыя шлях, Згуртавала, з’яднала нас воляй адзінай. Танк. Сам таго не заўважыўшы, .. [Мікалай] згуртаваў вакол сябе моладзь. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змясці́цца, змяшчуся, змесцішся, змесціцца; зак.

1. Знайсці сабе дастаткова месца; умясціцца. Для правядзення свята быў выбраны самы вялікі клас, але людзей было так многа, што ўсе не маглі змясціцца. Залескі. — Я, хлопцы, у вас пераначую... Вось хаця б да цябе, Віктар. Ты хлопец шчуплы, як-небудзь змесцімся... Сачанка.

2. Разм. Размясціцца, пасяліцца дзе‑н. Адзін з прыяцеляў прапанаваў .. [прафесару] часова змясціцца з сям’ёй у сваім доме. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. З шумам удараць, біць па чым‑н. мяккім або чым‑н. мяккім; шлёпаць; ляпаць. Мокрыя сінія штаны лёпалі па нагах так гучна, нібы хто-небудзь біў па голым целе далон[ню]. Навуменка. Босыя ногі мякка лёпаюць па вільготнай зямлі. Мурашка.

2. перан. Груб. Гаварыць што‑н. недарэчнае, нетактычнае. [Міхал:] — Маўчаў бы лепш ды хоць шалопаў Ды менш губою гэтай лёпаў... Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзядзі́нец, ‑нца, м.

1. Агароджаны пляц, двор пры якой‑н. вялікай пабудове (гаспадарчай, жылой і пад.). Месцам для сходу быў выбраны дзядзінец былой старыцкай царквы. Хадкевіч. За горкай панская пасада, Як у вяночку, каля саду У глыбі прасторнага дзядзінца Стаяла збоку ад гасцінца. Колас.

2. Тое, што і дзяцінец ​1. Галоўнай часткай [старажытнага горада] быў ўмацаваны цэнтр, так званы дзядзінец. Звычайна ён размяшчаўся на ўзвышаным месцы. Штыхаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)