пло́скі, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае ўпадзін і ўзвышшаў; з роўнай паверхняй. Направа — плоскія ўзгор’і, адзінокія скалы, яры між імі. Самуйлёнак. Наперадзе паказаліся будынкі з плоскімі дахамі, белыя, вясёлыя. Алешка. // Без звычайнай выпукласці, пляскаты. Нядобрая ўсмешка ўсё не сыходзіла з плоскага, пакляванага Міканоравага твару. Мележ. // Не круглы, сплюшчаны. Арцём, адпачыўшы, бярэцца за работу. Аполак у яго ўжо гатовы. Плоскім цяслярным алоўкам ён размячае яго на кавалкі. Ракітны.
2. Пазбаўлены арыгінальнасці; банальны, пошлы. Плоскія жарты. □ Гутарка, зразумела, ідзе не пра той абавязковы, наперад зададзены «казённы» аптымізм «бурапены» ці плоскай і павярхоўнай адналінейнасці. Бугаёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пракрыча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Абазвацца крыкам. Пракрычала дзіця. □ У лесе спрасонку пракрычала нейкая птушка і сціхла. Мележ. Непадалёку ў чыімсьці хляве пракрычаў сонны певень. Сяркоў.
2. што і без дап. Закрычаць, гучна сказаць што‑н. Пракрычаць «ура». □ — Здарова, братва! — спыніўшыся каля парога,.. пракрычаў Кандрат. Лобан. Пятая ноч пасля расстрэлу рабочых у Вільні. А Алаіза не можа спаць.. Точыць неабходнасць выплеснуць свой боль, пракрычаць пракляцце забойцам. Арабей.
3. што і без дап. Крычаць некаторы час. Пракрычаць усю ноч.
•••
Пракрычаць вушы каму — тое, што і пратрубіць вушы (гл. пратрубіць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што і чаго.
1. Прапусціць праз сіта, рэшата і пад. для ачысткі ад пабочных прымесей. Старая Лукашыха, Аўгеня, прыйшла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Колас. Нідзе, здаецца, няма столькі пяску, як на гэтай дарозе. Белы, чысты, сыпучы, як прысак. Яго нібы прасеялі праз сіта. Ракітны. / у перан. ужыв. Час потым прасеяў усё, паставіў усё на сваё месца. Мележ. Паэту не заўсёды ўдавалася так прасеяць моўны матэрыял, каб ачысціць яго ад слоў вузкаабласной лексікі, русізмаў, паланізмаў. Ярош.
2. і без дап. Сеяць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкра́са, ‑ы, ж.
1. часцей мн. (прыкра́сы, ‑рас). Аздоба, упрыгожанне. У архітэктуры будынкаў, што ўзведзены каля станцыі, нам падабаецца прастата, — ніякіх непатрэбных прыкрас. Мележ. Яны [старэйшыя] за працай грамадзянскай самі, Яны ўмеюць бачыць не прыкрасы, А прыгажосць сапраўднейшую часу. Лось. // перан. Перабольшанне, выдумка ў апавяданні, пераказванні. [Косцік] расказваў без лішняй прыкрасы, Як мост узрывалі яны, Як з копкаю разам прыпасы Стаўлялі на плыт патайны. Колас. — Пра бізун я так, для прыкрасы, — кінуў Збан. Шашкоў.
2. Тое, што дабаўляецца ў ежу для каларыйнасці або смаку (мяса, тлушч, пахучыя прыправы і пад.); закраса.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рабаці́нне, ‑я, н.
1. зб. Разм. Вяснушкі. — А, Хадзюля! Канаплянка! — прамовіў .. [Яўхім] весела, падсмейваючыся з яе твару, абсеянага, як канапляным насеннем, рабаціннем. Мележ. // Ямкі, шчарбіны на скуры пасля воспы. Грубаваты, пабіты рабаціннем твар [Рогача], асветлены натхненнем, цяпер прыгожы. Савіцкі. // Аб рабой афарбоўцы чаго‑н. На дне гнязда ляжала пяць блакітных яечак, абсыпаных рабаціннем. Капыловіч. [Петрык] шпарка камячыў у нецярплівых руках стужку [тэлеграмы], быццам злізваючы з яе рабацінне літар. Шынклер.
2. Рабізна на паверхні вады. Вада нібы ўскіпвала і яе чыстая, як люстра, паверхня пакрывалася частым-частым рабаціннем. Лынькоў. Падзьмуў ветрык, пусціў па вадзяному люстэрку рабацінне. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. разведаць (у 1 знач.).
2. Дзеянне паводле дзеясл. разведаць (у 2 знач.); абследаванне з мэтай збору спецыяльных звестак, даных. Разведка карысных выкапняў.
3. Вайсковая група, падраздзяленне і пад., якім даручаецца збор звестак аб праціўніку. Разведка і сапёры прабраліся ў размяшчэнне праціўніка ўдала, без аднаго стрэлу. Мележ. Разведка данесла, што ў вёску.. прыбылі немцы. Брыль.
4. Здабыванне звестак аб эканамічным і палітычным становішчы іншых дзяржаў і аб стане іх узброеных сіл; арганізацыя, група асоб, занятая здабываннем такіх звестак. Агентурная разведка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разрадзі́ць, ‑раджу, ‑радзіш, ‑радзіць; зак., што.
1. Выняць зарад (з агнястрэльнай зброі). Загадаўшы малому адысці ,.. [бацька] асцярожна разрадзіў .. [гранату], разабраў на дробныя часткі, а запал закапаў у зямлю. Мележ. Бомба не ўварвалася. Праз гадзіну яе разрадзілі сапёры, якіх выклікалі з горада. Шамякін. // Вызваліць зброю ад зарада, патрона і пад., стрэліўшы з яе. [Сяргей] толькі памятаў, што амаль увесь дыск свайго аўтамата разрадзіў у легкавую машыну, і яна загарэлася высокім полымем. Шахавец.
2. Пазбавіць электрычнага зараду (якое‑н. цела, прыбор). Разрадзіць акумулятар.
3. перан. Ліквідаваць напружанасць, аслабіць сілу дзеяння, праяўлення чаго‑н. Разрадзіць міжнародную напружанасць. Разрадзіць атмасферу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расстро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак., каго-што.
1. Парушыць строй, парадак чаго‑н. Расстроіць рады праціўніка. // Вывесці са стану раўнавагі, гатоўнасці. — Класавы вораг выкарыстоўвае любыя метады, каб расстроіць шчыльныя шэрагі бальшавіцкай моладзі. Мележ.
2. Парушыць строй, лад (музычнага інструмента). Расстроіць піяніна.
3. Перашкодзіць ажыццяўленню чаго‑н.; разладзіць. Расстроіць бяседу. Расстроіць вяселле. Расстроіць планы.
4. Прычыніць вялікую шкоду, прывесці ў заняпад. Расстроіць гаспадарку.
5. Давесці да ненармальнага стану, хваробы. Расстроіць страваванне.
6. Пазбавіць добрага настрою, засмуціць. Расстроіць непрыемнай весткай. □ — Ну, вядома, і яна плача. Адну парадаваў, другую расстроіў. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак.
1. Адступіўшы ў бакі, даць свабоднае месца, праход. Малодшыя вучні расступіліся і далі Міколу дарогу. Скрыпка. Натоўп раптам расступіўся, і да Колышава піхнулі .. чалавека. Мележ. // Аказацца размешчаным па баках. Апошні раз расступіўся лес, і перад вачамі настаўніка раскрылася шырокая круглая палянка, вясёлая і прыветная. Колас.
2. Шырока раскрыцца, разысціся ў бакі (пра зямлю, ваду і пад.). Пані Свідэрскай здалося, што пад ёю расступілася зямля і яна правальваецца ў бездань. Паслядовіч. Нёман злёгку здрыгануўся, вада расступілася і дала няшчаснаму хлопчыку месца ў халодных сваіх нетрах. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́цыя 1, ‑і, ж.
Радыёстанцыя, звычайна перастаўная ці пераносная. Камбрыг Ермакоў звязаўся са штабам па рацыі, адтуль перадалі, што там усе гэтыя дні таксама ідуць безупынныя. Мележ.
[Скарачэнне, утворанае з пачатку і канца слоў радыё і станцыя.]
ра́цыя 2, ‑і, ж.
Падстава, сэнс, аснова. [Следчы:] — Пан Галезнік, мы ўсё ведаем, вам няма рацыі гуляць з намі ў хованкі. Сабаленка. [Мікола:] — Ці ж нам рацыя згадзіцца сваю Зосю за.. [Рыгора] аддаваць? Гартны. Распытваць у каго-небудзь пра машыну не было ніякай рацыі. Мы ж не ведалі ніводнай яе прыкметы. Лынькоў. // Слушнасць. Пасля некаторай дыскусіі, разваг і меркаванняў я прызнаў рацыю Яўмена Іванавіча. Ермаловіч.
•••
Мець рацыю гл. мець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)