дапя́ць, ‑пну, ‑пнеш, ‑пне; ‑пнём, ‑пняце; зак.

Разм.

1. Дайсці, дабрацца куды‑н. І куды толькі .. [Пятро] не кідаўся, куды не ездзіў шукаць якой рады ад страшэннай хваробы: дапяў да Кіева, аж некуды на цёплыя воды. Сабаленка. Не магла [Вера] дачакацца, пакуль вернецца Пятро з работы, спытала ў людзей, дзе носяць, і дапяла на сенажаць. Пальчэўскі.

2. Дамагчыся, дасягнуць чаго‑н. [Марыля:] Не такой падатлівай натуры.. [Сымон] у мяне ўдаўся. Хоць галавой наложыць, а свайго мусіць дапяць. Купала.

3. Зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. Кляпнёў зразумеў, што яго далікатна просяць вымесціся з кабінета, толькі не адразу дапяў — завошта? Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзіно́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, размяшчаецца адасоблена ад іншых прадметаў. Люблю сум дзічкі адзінокай, Забытай ў полі пастушкамі. Лойка. Над адзінокім ціхім стогам Дыміцца сіняя імгла. Танк.

2. Які не мае сям’і, сваякоў, блізкіх. Гэй, сустрэнь, любы, Прыгарні, любы, Мяне маладую, Бо ніхто ж мяне, Адзінокую, Не шкадуе. Глебка. Адзінокі лось пазнаў тады, Што з людзьмі карысць яму дружыць. Бялевіч. // Які адчувае сябе чужым сярод людзей, далёкім ад іх. Пракоп адчуў сябе пабітым і адзінокім. Колас. // Не характэрны для пэўных умоў, рэдкі. Адзінокія крокі.

3. Які праходзіць, адбываецца ва ўмовах адзіноты. Адзінокая старасць.

•••

Адзін-адзінокі гл. адзін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адста́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які астаўся ззаду пры перамяшчэнне руху. Адсталая ад выраю птушка.

2. Які адстаў у эканамічным развіцці. [Максіманаў:] — Наш раён па сярэдніх паказчыках не лічыцца адсталым. Шахавец. З кабінета першага сакратара выляталі па адным чырвоныя і мокрыя ад поту старшыні адсталых калгасаў. Шамякін.

3. Які знаходзіцца на нізкім узроўні развіцця ў параўнанні з іншымі. Адсталая народнасць. Адсталая тэхніка. □ Думкі нават самых адсталых, цёмных, несвядомых людзей за апошнія гады пайшлі ў іншы бок. Чорны. // у знач. наз. адста́лы, ‑ага, м.; адста́лая, ‑ай, ж. Выйсці з ліку адсталых. // Які не адпавядае патрабаванням часу, устарэлы. Адсталыя погляды. Адсталая тэорыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вучо́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які набыў спецыяльную падрыхтоўку ў галіне якіх‑н. ведаў. Вучоны садавод. // Разм. Пісьменны, адукаваны. Вучоны чалавек. □ [Тата:] — Тут, у школе, народ вучоны, займаецца сур’ёзнай справай. Брыль. // Разм. Дрэсіраваны (пра жывёл). Вучоны мядзведзь. □ Вучоны сабака, які быў у следчых людзей, увесь час нюхаў дарогу ад аграбленага банка. Чорны. // Які атрымаў урок, прыдбаў вопыт у чым‑н.

2. у знач. наз. вучо́ны, ‑ага, м. Кваліфікаваны спецыяліст у якой‑н. галіне навукі; даследчык. Малады вучоны. Выдатны вучоны. □ Міхась Рамановіч скончыў і пажадаў вучоным далейшых поспехаў. Паслядовіч.

3. Які мае адносіны да навукі, звязаны з навукай. Вучонае званне. Вучоная ступень. Вучоны савет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абяздо́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абяздоліць.

2. у знач. прым. Няшчасны, прыгнечаны; пазбаўлены самага неабходнага. Расказваючы гісторыю аднаго з курганоў, Янка Купала малюе вобраз музыкі-гусляра, абаронцы інтарэсаў прыгнечаных і абяздоленых людзей. Шкраба. [Пятрусь:] — Я расказаў табе вельмі не многа з таго, што займала мае думы. Самыя звычайныя рэчы: што ёсць раскоша і беднасць, сіла і бяспраўнасць і што ў той спрадвечная барацьбе класаў ёсць адна найвышэйшая мара: здабыць шчасце для абяздоленага чалавека. Скрыган. / у знач. наз. абяздо́лены, ‑ага, м.; абяздо́леная, ‑ай, ж. Усе сустрэчныя, думалася, пазіраюць на яе [Жарынку], як на няшчасную, абяздоленую. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. кіс, кісла і кіснуў, кіснула; незак.

1. Рабіцца кіслым, псавацца ад браджэння. Малако кісне. Віно кісне.

2. Разм. Мокнуць, набухаць ад вільгаці; раскісаць. У гушчары, у ямінах-лужынах кісне снег, вада пеніцца, як саладуха. Пташнікаў. Вельмі ж бязлітаснай выглядае прырода, калі прымушае мокрых ад балота людзей кіснуць яшчэ і пад дажджамі. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Весці аднастайнае бяздзейнае жыццё. Годзе кіснуць, марнець, Песні смутныя пець. Купала. // Сумаваць, нудзіцца. [Марфа] не кісла, якім бы горкім бокам не паварочвалася да яе жыццё, і другім не давала кіснуць. Васілевіч.

•••

Кіснуць ад смеху — нястрымна нясцішана смяяцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

купа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Апусціўшыся ў ваду, абмывацца, плаваць, асвяжацца. Купацца ў рацэ. □ З тысяч і тысяч людзей на пляжы купаліся толькі рэдкія адзінкі. Лынькоў. // Апускацца ў што‑н. вадкае, сыпкае. Свінні купаюцца ў лужыне. □ Стаяла на пагодзе. Млелі і купаліся ў гарачым пяску куры. Адамчык.

2. перан.; у чым. Мець, скарыстоўваць чаго‑н. залішне многа. У малацэ купаецца. □ — Правільна... Яна вунь у грашах купаецца, не ведае, што на сябе апранаць, — столькі трантаў. Мыслівец. // Цешыцца, мець асалоду ад чаго‑н. Некалькі дзён думкі яе [Зоські] купаюцца ў сонечных хвалях радасці: Сымонка яе не забыў. Бядуля.

•••

Купацца ў крыві — учыняць масавыя забойствы, пакаранні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каляро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Афарбаваны ў які‑н. колер, не чорны і не белы. Каляровае шкло. Каляровыя алоўкі. □ Каляровыя палосы перасякалі неба з захаду на ўсход. На поўдні яны былі яскрава-чырвонымі, над галавою — нейкія жоўтыя. Шамякін. // Рознакаляровы. Каляровы фільм. Каляровая лінагравюра. □ Пярэстая панарама горада, раскінута, як каляровы бухарскі халат. Бядуля. То незвычайную медную гайку прывязе бацька, то фарфоравы ізалятар, .. а то проста, каменьчыкаў розных, каляровых. Лынькоў.

2. Не белы, з чорнай або жоўтай скурай (пра людзей). Каляровае насельніцтва. Каляровыя народы.

3. Які мае адносіны да вытворчасці ўсіх металаў, акрамя жалеза. Каляровая металургія.

•••

Каляровыя металы гл. метал.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каму́на, ‑ы, ж.

1. Калектыў, група людзей, якія аб’ядналіся для супольнага жыцця пры абагуленні працы і ўсіх сродкаў вытворчасці. Працоўная камуна. Уступіць у камуну.

2. Грамадскі лад, заснаваны на прынцыпах камунізма. Мы будуем жыццё, да камуны ідзём. Журба.

3. Тып гарадскога самакіравання ў сярэдневяковай Заходняй Еўропе.

4. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў сучаснай Францыі і некаторых іншых краінах.

•••

Парыжская камуна — рэвалюцыйны ўрад паўстанцкіх працоўных маc у Парыжы ў 1871 г., які з’яўляўся першай спробай устанаўлення дыктатуры пралетарыяту.

Сельскагаспадарчая камуна — у першыя гады Савецкай улады — адна з форм калектыўнай сельскай гаспадаркі з поўным абагуленнем сродкаў вытворчасці, спажывання і бытавога абслугоўвання.

[Ад фр. commune — абшчына.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заклі́каць, ‑клі́чу, ‑клі́чаш, ‑клі́ча; зак., каго-што.

1. Паклікаць, запрасіць прыйсці куды‑н. Заклікаць у госці. □ Алесь, спаткаўшы Алёнку, заклікаў яе ў хату і паказаў ёй Сцёпкаву фатаграфію. Колас.

2. да чаго, на што. Звярнуцца з заклікам да каго‑н., прапанаваць прыняць удзел у якой‑н. важнай справе, зрабіць што‑н. Давераная асоба падрабязна расказала аб жыццёвым шляху кандыдата ў дэпутаты, заклікала ўсіх выбаршчыкаў акругі ў дзень выбараў аднадушна аддаць за яго свае галасы. «Звязда». Хочацца [Сымону] заклікаць людзей на вялікую новую працу. Колас. // Запатрабаваць ад каго‑н. весці сябе належным чынам. Заклікаць да парадку.

закліка́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да заклі́каць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)