дом, а і ‑у; мн. дамы, ‑оў; м.

1. а. Будынак для жылля, размяшчэння устаноў і прадпрыемстваў. Цагляны дом. Будаўніцтва жылых дамоў. □ Дом стаіць воддаль і розніцца ад вясковых хат. Бядуля. Неяк у нядзелю ў Беражках адбылося радаснае гулянне — адразу пятнаццаць калгасных сем’яў спраўлялі ўваходзіны ў новыя дамы. Краўчанка. // перан. Пра ўсё, што можа служыць прытулкам, сховішчам для каго‑, чаго‑н. Гэта звычайная сям’я ў звычайных умовах. Нікуды яны не спяшаюцца: яны ў сваім доме — на лодцы. Маўр.

2. ‑у. Чыё‑н. жылое памяшканне разам з гаспадаркай. Бацькоўскі дом. □ Хто яна і адкуль, Таня сама не ведала. Падабралі яе малую чужыя людзі на вялікай дарозе і далі прытулак у сваім доме. Новікаў. Змарылася... Цяжка старой Тупаць дзень каля дому. Гілевіч. Не спала маці, крактаў на печы бацька. Увесь клопат па дому лёг на яго. Паўлаў. // Сям’я; людзі, якія жывуць у адным памяшканні. Выйсці на суботнік усім домам. □ Пасля такой доўгай разлукі з домам Аленка адчувала сябе шчаслівай. Колас. // перан. Родныя мясціны, родны край. І успомнім былое Народа-героя, Што ў бітвах суровых уславіў свой дом. Колас.

3. а; каго-чаго або які. Як назва дзяржаўнай, грамадскай, культурнай установы, а таксама памяшкання, дзе яна знаходзіцца. Дом калгасніка. Дом мадэлей. Дом культуры. Гандлёвы дом.

4. ‑у. Дынастыя, род. Дом Раманавых.

•••

Дзіцячы дом — вучэбна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей, якія не маюць бацькоў.

Жоўты дом (уст.) — бальніца для душэўнахворых.

Заезны дом — тое, што і заезны двор (гл. двор ​1).

Казённы дом (уст.) — а) афіцыйная дзяржаўная ўстанова або служба ў ёй; б) турма.

Публічны дом — у капіталістычным грамадстве: памяшканне, у якім жывуць і прымаюць наведвальнікаў прастытуткі.

Выносіць смецце з дому гл. выносіць.

На дом — дамоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Зрабіць знак на чым‑н. з мэтай паказаць на што‑н.; абазначыць. Адзначыць у плане выкананыя мерапрыемствы. Адзначыць камандзіроўку. □ Мы набліжаліся да крыніц. Праклятых, іх нават не адзначылі на самых падрабязных вайсковых картах-кіламетроўках. Карпюк. // Будучы знакам, абазначыць, вылучыць. — Вяху!.. Вяху садзі!.. — крычыць здалёку Жэнька. — Вяху... Яна ля зломанай бярозы. Вяхой адзнач! Пташнікаў.

2. Запісаць, паставіць адзнаку для ўліку, для рэгістрацыі. — О, значыць, вы халасцяк! — нібы ўзрадаваўшыся нечаму, усклікнула.. [Раіса Пятроўна]. — А чаму вы пра гэта ў дамавой кнізе не адзначылі? Ракітны.

3. перан. Звярнуць увагу на каго‑, што‑н.; заўважыць, прыкмеціць. «Значыць, ужо не Дануся, а Данута!» — адзначыў я сабе. Карпюк. // Звярнуць увагу на што‑н.; зазначыць. І яшчэ, што можна адзначыць з мінулага дзеда Талаша, дык гэта тое, што ў яго бацькі было дванаццаць дзяцей. Колас.

4. Вылучыць сярод іншых за якія‑н. заслугі (падзякай, узнагародай і пад.). Адзначылі іх усенародна, І іх так узрушыў той стан: Была ім [майстрам] прысвоена годнасць Пачэсных байцоў-партызан. Колас. Таму было б варта райкому На дошцы на мемарыяльнай Адзначыць удзельнікаў гэтай Будоўлі, патрэбнай і слаўнай. Танк.

5. Ушанаваць чым‑н. якую‑н. дату, падзею. Адзначыць свята поспехамі ў працы. □ Партызанскі атрад вырашыў адзначыць свята Кастрычніка разгромам нямецкага гарнізона. Васілеўская.

6. Вызначыць, выявіць. І трудна было адзначыць колер гэтых вачэй, што свяціліся, як дзве роўныя, прадаўгавата-круглыя ялінкі. Колас.

•••

Нельга не адзначыць — нельга не звярнуць увагі, нельга не нагадаць.

Трэба адзначыць — трэба звярнуць увагу, трэба нагадаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каро́на, ‑ы, ж.

1. Галаўны ўбор з каштоўнымі ўпрыгожаннямі, які з’яўляецца знакам улады манарха. Царская карона. □ Жыў ды быў найлюты цар, Той краіны ўладар. У залатой сваёй кароне Ён сядзеў сабе на троне. Якімовіч. // Адбітак, малюнак падобнага прадмета па гербах, ордэнах і пад. Усе леснікі былі ўжо ў зборы, У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі, На шапках «Н» было з каронай. Колас. Эмблемай, адметным знакам царскай юстыцыі была карона на падстаўцы з надпісам «Закон». Г. Кісялёў. // перан.; чаго. Аб прадмеце падобнай формы, падобнага выгляду. Калі хто-небудзь сцішыць мог Той боль, што я з тугою нёс, Дык гэта ты — зямны мой бог З каронай сонечнаю кос. Кірэенка. / у знач. прысл. каро́най. Дзяўчына паправіла рукой тугія бялявыя косы, што каронай ляжалі на галаве. Васілёнак.

2. перан. Улада манарха. Адрачыся ад кароны. Прыняць карону. // Дзяржаўная ўлада ў манархічнай краіне. Ходзіць май па свеце, Сцяг яго чырвоны Патрасае грозна Троны і кароны. Купала. Тут пад ярмом кароны жыў, Цярпеў галечу, крыўду, здзек І чалавекам век не быў Забіты горам чалавек. А. Александровіч.

3. Тое, што і крона ​1. Пад каронай — Парасонам Ліпы пышнай і зялёнай — Адзінокі колас жыта Рос замкнёна і забыта. Колас. Уверсе ж кароны старых хвой, сходзячыся з двух бакоў сценкі, спляталі жывы полаг. Гартны.

4. Светлы арэол вакол Сонца, бачны ў час сонечнага зацьмення. Сонечная карона.

•••

Карона з галавы не зваліцца (не спадзе) — гонар не будзе закрануты, аўтарытэт не паменшае.

[Ад лац. corona — вянок.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́рдасць, ‑і, ж.

1. Пачуццё ўласнай годнасці, павагі да сябе. — Г-э-э-э, панічок: з-пад самага Пінска прыходзяць і прыязджаюць да старой Мар’і, — з гордасцю прамовіла бабка. Колас. // Пачуццё задавальнення ад сваіх або чыіх‑н. поспехаў. Юрка адчуваў даверлівую Лёдзіну адданасць і поўніўся.. гордасцю за сябе. Карпаў.

2. Тое, чым (або той, кім) ганарацца. Гордасць і слава зямлі нашай — Простыя людзі. Куляшоў. Родная партыя — наша сумленне, Нашая гордасць і наша любоў. Бачыла.

3. Ганарыстасць, напышлівасць, фанабэрыстасць. Гордасці многа, а розуму не хапае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

багаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Станавіцца багатым, багацейшым. Панская пільня! Яна належала пану, а трымаў яе ад пана і багацеў з яе нейкі падпанак з гарадка. Чорны. Цяжка было жыць пасля вайны. Але год за годам калгас багацеў, больш важкім рабіўся працадзень. Гроднеў. // Абзаводзіцца чым‑н., разжывацца на што‑н. Краіна пасля вайны багацела на самую дасканалую тэхніку. Паслядовіч. // Станавіцца паўнейшым, павялічвацца. Гумно паўнела з колевым годам, І багацеў хлявец прыплодам. Колас. // Набываць якасна новыя рысы. Багацець духоўна. // Развівацца, удасканальвацца. Багацее мова, узнімаецца яе культура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бара́нчык, а, м.

1. Маленькі баран, ягня.

2. Разм. Тое, што і бакас. І моўкнуць птушкі ў цёмным лесе; Баранчык божы ў паднябессі Бляе маркотна над балотам. Колас. Ведаеш, што гэта за птушка? Баранчык — бакасова мянушка. Лужанін.

3. толькі мн. (бара́нчыкі, ‑аў). Невялікія пеністыя хвалі на вадзе. Праз паўгадзіны ўжо не было сумнення, што будзе бура. Трывожна забегалі баранчыкі, вецер зрабіўся парывісты і ўвесь час змяняўся. Маўр. // толькі мн. (бара́нчыкі, ‑аў). Невялікія кучаравыя воблакі. Па небе плылі баранчыкі.

4. Гайка з двума вушкамі, якую закручваюць рукамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ахрысці́ць, ахрышчу, ахрысціш, ахрысціць; зак., каго-што.

1. Выканаць абрад хрышчэння над кім‑н.

2. Перажагнаць каго‑, што‑н., зрабіць знак крыжа над кім‑, чым‑н. Зірні на луг прад навальніцай, Калі крыжастай бліскавіцай У страсе твар ахрысціць хмара... Колас.

3. перан.; кім-чым. Разм. Даць каму‑, чаму‑н. імя, назву, мянушку. «Кацюша» — так ахрысцілі дапоўненую цвіком і лапаткай гарматку. Брыль. — Якіх толькі прозвішчаў на свеце не бывае, а вось Плаксаў не чуў. Чаму ж гэта так вёску ахрысцілі і людзей Плаксамі празвалі? — пацікавіўся Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́думка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Тое, што прыдумана, вынайдзена. У Сашы заняло дух .. ад гэтай новай выдумкі і прапановы. Шамякін. // Вымысел, фантазія. Паэтычная выдумка. □ Сон пераблытаў усё: праўду з выдумкай, мінулае шчасце з сучасным. Васілевіч.

2. Здольнасць выдумляць. А ты з выдумкай, стары, з гумарам! Лынькоў.

3. Тое, што не адпавядае рэчаіснасці; хлусня; плётка. Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве. Колас. [Туляга:] Усё гэта выдумка ад пачатку да канца. Я палкоўнікам ніколі не быў. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́трасці, ‑трасу, ‑трасеш, ‑трасе; пр. вытрас, ‑сла; зак., што.

1. Трасучы, высылаць, выкінуць што‑н. Вытрасці траву з мяшка. □ Развязан куль. Тут гоман, смех, І рыбу вытраслі на снег. Колас. // Згубіць. [Марынчук:] — Кісет з махоркай прапаў. Ці я вытрас яго ўчора, ці ўкраў хто... С. Александровіч.

2. Трасучы, ачысціць ад чаго‑н. Вытрасці пыл з коўдры. Вытрасці дыван. / у перан. ужыв. [Каваль:] — Мы з табой заўтра пагаворым? Я з цябе гэтую чумакоўшчыну вытрасу! Савіцкі.

•••

Вытрасці душу (дух)а) змучыць дарогай; б) надакучыць каму‑н. кпінамі, сваркай, скаргамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абвінава́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што ў чым і без дап. Лічыць каго‑н. вінаватым у чым‑н. А супярэчыў.. [Сцяпан Варанец], так сказаць, прынцыпова: не можна, бачыце, абвінавачваць чалавека, калі добра не ведаеш. Крапіва. // Устанаўліваць віну каго‑н. у судовым парадку; лічачы вінаватым у чым‑н., прыцягваць да судовага разбору. Думкі перабіў ураднік. — У чым жа вас абвінавачваюць? — запытаў ён. — За што судзяць? Колас. // Папракаць, асуджаць за што‑н. Абвінавачваць у неаб’ектыўнасці.

2. без дап. Выступаць у якасці судовага абвінаваўцы, пракурора. Малады пракурор абвінавачваў упершыню.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)