садо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да саду. Садовая агароджа. □ [Алёша] чуў.. частыя таропкія крокі [Рэні] па садовай сцежцы. Лынькоў. // Прызначаны для догляду саду. Садовы нож. Садовая піла.
2. Які расце ў садзе; культурны. Садовыя дрэвы. □ Садовых кветак, красак з поля Ахапкі! Поўныя збаны! Пакой у гэтакім убранні — Замры! Рукамі развядзі... Бялевіч. // Які знаходзіцца ў садзе. Садовая лаўка.
3. Які мае адносіны да садаводства, звязаны з ім. Садовы раён. Садовыя насаджэнні. Садовай справе вучыцца.
•••
Садовая галава гл. галава.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ця́глы, ‑ая, ‑ае.
1. Гіст. Абкладзены цяглом. Акрамя цяглых, службовых і рамесных сялян, сельскую мясцовасць Вялікага княства Літоўскага насялялі іншыя групы сялянства. Булыка.
2. Гіст. Звязаны з адбываннем паншчыны коньмі, жывёлай. Больш чым у палавіне маёнткаў сяляне працавалі на памешчыка па З дні цяглых і па З дні пешых у тыдзень. Лушчыцкі.
3. Разм. Стромкі, высокі (пра дрэвы). Я свой парус узняў, і знікае За ўспененай хваляй сівой Цаласа галькі берагавая, Дзе стаіш ты пад цяглай сасной. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Глады́ш ’крынка, збанок без ручкі’ (БРС, Касп., Шат., Сл. паўн.-зах.), «обгладившийся, замасленный горшок, особенно употребляемый для молока» (Нас.), ’збан’ (Сцяшк. МГ), таксама гладышка (Сл. паўн.-зах.). Рус. гладыш ’тс’ (паводле СРНГ, 6, 182, зах. і паўн.-зах.), гладышка ’тс’ (паўд., Даль), укр. глади́шка ’тс’ (таксама гладу́ш, гладу́щик). Гэтыя словы фармальна звязаны са слав. *glad‑ кладкі’ (+ суф. *‑yšь, ‑yšь‑ka). Такое паходжанне названых лексем можна абгрунтаваць і семантычна. Але Трубачоў (Рамесл. терм., 219–220) мяркуе, што формы з глад‑ не спрадвечныя, а другасныя. Зыходным ён лічыць рэканструяваную прасл. аснову *latū̆‑, *latĭ‑, сувязі якой за межамі слав. моў няясныя. Мяркуем, што няма падстаў адмаўляцца ад простай і зразумелай этымалогіі: глады́ш < *glad‑yšь (да *gladъ‑kъ ’гладкі’). Адсюль і гладышыкі, ’жоўтыя гарлачыкі’ (Сл. паўн.-зах.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Ке́лзаць ’кілзаць, вуздаць’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Гарэц., Яруш., Бяльк.). З польск. kielzač ’тс’ (Слаўскі, 3, 148–149, Кюнэ, Poln., 64). Але польск. kielzač само не мае задавальняючага этымалагічнага тлумачэння. Слаўскі (2, 149) спрабуе звязаць яго з укр. ховстати ’тс’, аднак надзейных паралелей да гэтага ўкраінскага слова ў іншых славянскіх мовах ён не знаходзіць. Існуе іншая версія, згодна з якой келзаць (гл. таксама гелзаць і гельзаць) балтыйскага паходжання. Крыніцай магло быць слова geležunes ’конская хвароба, залазаванне’. Цікава, што другая літоўская назва залазавання pažandės узыходзіць да zäslai ’цуглі’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 102–103). Такім чынам, не выключана, што заходнебалтыйскае слова тыпу *ge/’z было крыніцай беларускіх і польскіх слоў. Трэба адзначыць, што балтыйскія формы насуперак Лаўчутэ (там жа, 103) не звязаны з балтыйскімі назвамі жалеза.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Страпкі ‘завязкі ў фартуху’ (малар., Помнікі гіст. і культ., 1971, 3, 42), стрэпкі́ ‘махры’, ‘ніткі, пакінутыя на канцы палатна пры датыканні’ (ТС). Параўн. укр. стрі́пки ‘махры’, стра́пки ‘лахманы, рыззё’, польск. strzępek ‘махор; нітка, што тырчыць з тканіны’, дыял. strzępki ‘фрэнзлі; канцы паяска ў фартушку для завязвання ззаду’, чэш. střap ‘акравак’, славац. strapec ‘кутас’, strapák ‘кудлач, растропа’, што несумненна звязаны з *trepati (гл. трапаць, стрэпкі). Цяжкасці, што ўзнікаюць пры рэканструкцыі зыходнай формы, вырашаюцца ўзвядзеннем да варыянтнага кораня *strap‑/*strʼap‑ ‘растрэпваць, расцёпкваць’ з рэфлексамі і.-е. s‑mobile (Варбат, Этимология–1985, 24–27), параўн. трапкач ‘рушнік з махрамі’ (гл.). Інакш ЕСУМ, 5, 433 (звязваецца з прасл. *tręp‑/*stręp‑ ‘кутас, махор; ануча, рызман’). Сувязь з рус. стряпать ‘гатаваць, варыць ежу’ (Брукнер, 522–523) падаецца менш верагоднай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Талма́ч ’перакладчык’ (Некр. і Байк., Варл., Скарбы), то́лмач ’тс’ (Янк. 1), ст.-бел. толмачъ ’перакладчык, тлумачальнік’ (Ст.-бел. лексікон); сюды ж талма́чыцъ ’перакладаць’ (Варл.), ’тлумачыць’ (Ян.), толмачыць ’тс’ (ТС). Укр. товма́ч, толма́ч, рус. толма́ч, польск. tłumacz, в.-луж. tołmač, чэш. tlumač, славац. tlmač, славен. tolmá, серб.-харв. ту́ма̑ч, балг. тълма́ч, макед. толмач ’перакладчык, тлумачальнік’. Старажытнае запазычанне, мяркуецца прасл. *tъlmačь, з цюркскіх моў, найбольш блізкімі да славянскіх формаў з’яўляецца палавец. і караім. tolmač ’перакладчык, тлумач’ (Булыка, БЛ, 23, 67), параўн. таксама кыпч. tylmač, казах. tilmäč, тур. dilmač, ст.-цюрк. tïlmači ’тс’, што звязаны з цюрк. til ’мова’ (ЕСУМ, 5, 588; Фасмер, 4, 72; Брукнер, 572). Паводле Глухака (643), вандроўны тэрмін, які ў цюркскіх мовах зблізіўся з dyl, dil ’мова’ і мае аналагічныя семантычныя адпаведнікі ў іншых мовах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
адзіно́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які робіцца, адбываецца асобна, адасоблена ад іншых падобных; адзінкавы. Адзіночны стрэл. // Які не мае побач падобных сабе, размешчаны па адным, асобна. [Іван:] — Будзем біць адзіночныя, пераважна легкавыя [машыны]. Новікаў. Па тратуары аддаваліся гулка крокі адзіночнага чалавека. Бядуля.
2. Такі, які выконваецца, ажыццяўляецца сіламі аднаго, без удзелу, без дапамогі другіх. Адзіночны промысел.
3. Прызначаны для аднаго, разлічаны на аднаго. Адзіночная камера. // Звязаны са знаходжаннем у адзіноцтве, у ізаляванні ад іншых. Адзіночнае зняволенне.
•••
Адзіночны лік гл. лік (у 6 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́цькаўскі, ‑ая, ‑ае, н.
1. Які належыць бацьку. Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца, Як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца. Купала. // Уласцівы бацьку. Паглядзіць на свайго сына Сцяпан, і напоўняцца яго вочы вялікай бацькаўскай радасцю. Кулакоўскі. // Набыты, спраўлены бацькам. [Ганцы] было вельмі прыемна выводзіць з аглабель за повад уласнага бацькаўскага каня. Чорны.
2. Звязаны з бацькаўшчынай, радзімай. Клічуць дарогі ў бясконцыя далі... Самы ты вольны, край бацькаўскі наш! Кірэенка. На ім [гербе] — каронай залатой — Спляліся спелыя калоссі Бязмежных бацькаўскіх раўнін. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бацько́ўскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з бацькоў. Бацькоўскі камітэт. Бацькоўскі сход. // Які зыходзіць ад бацькоў. Бацькоўская воля, ласка. Бацькоўскае благаславенне. // Які належыць бацькам. І што б я быў для чалавецтва, Калі б не гэтая дарога, Якая ў свет шырокі ўецца Адсюль — з бацькоўскага парога. Лойка. // Які звязаны з бацькамі, бацькоўствам. Дагледзець бацькоўскую старасць.
2. перан. Клапатлівы, дбайны, ласкавы ў адносінах да каго‑н. Бацькоўскімі клопатамі акружаюць савецкіх дзяцей наша партыя і ўрад. □ Незнаёмы паглядзеў на мяне цёплымі, бацькоўскімі вачамі. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нацыяна́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да нацыі, нацыянальнасці, звязаны з іх грамадскім жыццём. Нацыянальны рух. Нацыянальнае пытанне. □ Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі беларускі народ атрымаў магчымасць авалодваць невычарпальнымі скарбніцамі агульначалавечай культуры і адкрыў шлях да развіцця сваёй творчасці, нацыянальнай па форме і сацыялістычнай па зместу. «Беларусь».
2. Які ўласцівы данай нацыі, які выражае яе характар. Нацыянальная культура. Нацыянальная мова.
3. Які належыць данай краіне; дзяржаўны. Нацыянальны рынак. Нацыянальны даход. Нацыянальны гімн.
•••
Нацыянальная меншасць гл. меншасць.
Нацыянальны канвент гл. канвент.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)