памі́лаваць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго-што.
1. Дараваць каму‑н. віну; пашкадаваць каго‑н. [Талаш:] — Це памілуе вас пан, прыпомніць кожны дубок, высечаны ў лесе, рагач, што выкапалі вы для сахі. Колас. У Колі ўжо так павялося: нашкодзіў — прасі прабачэння, памілавалі — пачынай зноў! Карпюк. Ты нёс праз гром і ўсе нягоды У цыраваным ранцы мір. І лёс памілаваў — з паходу Прыйшоў, не лёгшы дзесьці ў жвір. Бялевіч.
2. Адмяніць або змякчыць пакаранне асуджанаму. «Прашэнне, Сашанька, падай і цар памілуе... пішы...» — У ціхім голасе адчай, мальба збалелае душы. Вялюгін.
памілава́ць, ‑лу́ю, ‑лу́еш, ‑лу́е; зак., каго-што.
Мілаваць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
1. Нанесці каму‑н. рану, раніць каго‑, што‑н. Параніць руку. □ Партызаны стралялі так, каб не параніць Міколку і дзеда. Лынькоў. [Федзя:] — Дапытваліся, хто параніў таго лася... Ваданосаў. / у безас. ужыв. Сяргея Мажэйку параніла недалёка ад Берліна. Шахавец.
2. перан. Прычыніць каму‑н. душэўны боль, пакуты. Няхай Альбіна многа болю прынесла ёй, няхай параніла яе маладое сэрца, усё роўна Галя не таіла на яе ніякай злосці. Сабаленка. Хай на тварах не абсохнуць слёзы, Што душу паранілі ў дарозе. Броўка.
3. Зраніць усіх, многіх; нанесці раны каму‑н. у многіх месцах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прычы́на, ‑ы, ж.
1. З’ява, акалічнасць, якая служыць падставай чаго‑н., выклікае або абумоўлівае другую з’яву. Прычына хваробы. Прычына звальнення з работы. □ Ці наверадзіў яе, .. ці якая другая прычына, але нага забалела так, што Цімошку прыйшлося застацца дома і легчы ў пасцельку. Колас.
2. Падстава, зачэпка для якіх‑н. дзеянняў, учынкаў. [Сімон] любіў смяяцца, і для гэтага яму не трэба было шукаць асаблівай прычыны. Самуйлёнак. Сымоніха з Лявоніхай маюць вялікі спрыт прыдумваць на кожны раз новыя прычыны, за што цалавацца і за што біцца. Бядуля.
•••
Без дай прычыны гл. даць.
З прычыны чаго — у выніку чаго‑н., з-за чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. развёўся, ‑вялася, ‑лося; зак.
1. з кім і без дап. Скасаваць шлюб. [Максім Сцяпанавіч] знаў, што .. [Вера Антонаўка] з год як развялася з архітэктарам Юркевічам і жыве ў Маскве з сынам. Карпаў.
2. Напладзіцца ў вялікай колькасці. — Колькі тут за вайну развялося ўсялякай дзічы! Гурскі. [Ціток:] — У адным месцы, кажуць, так развялося гэтых мышэй, што яны лаваю пайшлі на горад. Лобан. // Разм. Узнікнуць, з’явіцца ў вялікай колькасці. [Сцёпка:] — Яшчэ трэба сказаць табе, што паэтаў цяпер развялося, як камароў у балоце. Колас. Развялося шмат цяпер машын, — Аж да бурапеннага Байкала Паляцеў на самалёце сын. Кусянкоў.
3. Паддацца развядзенню, утварыць раствор. Сінька добра развялася.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расплаці́цца, ‑плачуся, ‑плацішся, ‑плаціцца; зак.
1. Заплаціць грошы каму‑н. за што‑н., разлічыцца за паслугі. [Лабановіч] даволі шчодра расплаціўся з бабкаю Параскаю за паслугі. Колас. Рыгор расплаціўся з вазніцаю і на параконцы вярнуўся з Лібаю ў мястэчка. Гартны.
2. перан. Адпомсціць, разлічыцца за прычыненую крыўду. [Бацька:] — Так, я зараз памру з вялікім неспакоем, што не магу ўстаць і расплаціцца з Гальвасам. Чорны.
3. перан. Панесці пакаранне, кару за што‑н. Час міне, і Лёня расплаціцца за сваё заблуджэнне цяжкімі маральнымі пакутамі. Майхровіч. Мы адказалі: «Віта! Пад Растовам і пад Масквой...» Цяпер мы прымусім бандыта Расплаціцца сваёй галавой. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свярбе́ць, ‑біць; незак.
1. Выклікаць адчуванне казытлівага болю. Я помню, як яна [крапіва] апякае рукі: як агнём, на целе потым чырванеюць пухіры, яны пякуць і свярбяць, іх потым раздзіраеш да крыві і слініш — робіцца трохі лягчэй. Адамчык. // Адчуваць казытлівы боль (пра цела і яго часткі). Цела так свярбела ад поту і тырсы, што хацелася драць абедзвюма рукамі. Місько. Узмакрэла ад поту шыя, правае вока, быццам што трапіла туды, непрыемна свярбела. Савіцкі.
2. безас. перан. Разм. Пра неадольнае жаданне зрабіць што‑н. — Ну ж і свярбела стрэльнуць, — прызнаўся Амяллян. Грахоўскі.
•••
Рукі свярбяць у каго гл. рука.
Скура свярбіць гл. скура.
Язык свярбіць гл. язык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.
Спачуваннем, угаворамі аблягчыць чыё‑н. гора, перажыванне. Суседзі, знаёмыя прыйшлі выказаць сваё спачуванне, суцешыць у горы. Лынькоў. Хлопец плакаў. □ Міця нічым, не мог яго суцешыць. Навуменка. Чым сірату суцешу, што ёй, маўклівай, скажу?.. Макарэвіч. // Прынесці каму‑н. супакаенне, палёгку; заспакоіць. Ніхто так не ўмеў зразумець, падтрымаць і суцешыць хворага. Грахоўскі. Ты яшчэ, Люба, маладзец, — старалася суцешыць .. [Юля] Любу. Васілевіч. // Абрадаваць, перадаваць каго‑н. [Алесь:] — Гэта, брат, яшчэ большая радасць... Гэта ўжо не мы адны, а саюз. Сапраўды суцешыў, брат. Караткевіч. // у безас. ужыв. [Пятра] суцешыла крыху і ўзрадавала, калі ён убачыў, што вочы .. [Сашы] поўныя слёз. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
халту́ра, ‑ы, ж.
Разм. зневаж.
1. Пабочны, звычайна лёгкі заработак звыш асноўнага. У людзей як у людзей — ва ўсіх па два выхадных ужо, а ў .. [Аўсяніка] вечна гэта «налева», вечна халтура... Васілевіч.
2. Нядобрасумленная, неахайная, выкапаная без ведання справы работа. [Мікола:] — Халтура хутчэй за ўсё, а не вецер... Калі б мы так будавалі, што вецер, няхай і штармавы, у дзевяць балаў, можа бурыць, — грош нам цана была б. Хадкевіч. // Тое, што зроблена такім чынам, прадукт такой работы. Хаджу, разглядаю скульптуры. Мастак быў праўдзівы, Ні спешкі нідзе, ні халтуры! Гілевіч. «Бо пішаш, — заявіў Сівы, — халтуру. Што толку з колькасці, браток, Калі слабы любы радок». Корбан.
[Ад лац. chartularium — спіс нябожчыкаў, які чытаўся свяшчэннікам на дзень памінання памёршых.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няха́й, часц. і злуч.
1. часц. Утварае загадны лад дзеяслова са знач. загаду, неабходнасці, заахвочвання.
Н. працуюць.
Н. звіняць з расою косы.
2. часц. У спалучэнні з часціцай «бы» выражае дапушчэнне з адценнем пажадання магчымасці дзеяння, якое не адбылося.
Н. бы самі так папрацавалі.
3. часц. У сказах з дзеясловамі загаднага ладу ўзмацняе пажаданне (разм.).
Н. ты згары!
4. злуч. уступальны. Хоць; нягледзячы на тое, што.
Задача н. цяжкая, але выканальная.
◊
Няхай бог крые (мінуе, ратуе, бароніць) (разм.) — ужыв. як пажаданне пазбаўлення ад чаго-н. непрыемнага.
Няхай яго (яе, іх, цябе, вас) немач (разм.) — праклён са знач. «чорт яго (яе, іх, цябе, вас) бяры».
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ты, цябе́, табе́, цябе́, табо́й і -о́ю, аб табе́; займ. асаб. 2 ас. адз.
1. Ужыв. пры звароце да блізкай, знаёмай асобы або пры грубым, фамільярным звароце.
Куды ты паедзеш?
2. Выкарыстоўваецца для абагульненага абазначэння чалавека наогул (разм.).
Калі ты гаспадар, то глядзі гаспадарку.
3. у знач. часц. табе́. Выкарыстоўваецца для выказвання прыкрасці, расчаравання, пагрозы і пад.
Гэта табе так не пройдзе.
4. У спалучэнні з выклічнікамі ўжыв. для ўзмацнення экспрэсіўнасці выказвання.
Ах ты, дурань!
◊
А што ты думаеш (разм.) — а чаму б і не зрабіць.
На ты з кім — (быць) у такіх адносінах, калі пры звароце адзін да аднаго гавораць «ты».
Ух ты! — выкарыстоўваецца пры выказванні здзіўлення, захаплення і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)