паве́тра, ‑а, н.
1. Сумесь газаў, галоўным чынам азоту і кіслароду, якія акружаюць зямлю і складаюць яе атмасферу. Чыстае паветра. Свежае паветра. Вільготнае паветра. □ Паветра было, як шкло, празрыстае і звонкае. Шамякін. Пахі тысяч кветак перамяшаліся ў гарачым паветры. Шашкоў.
2. Свабодная прастора над зямлёй. Срабрыстыя ніці павуціння насіліся ў паветры. С. Александровіч.
•••
Альвеалярнае паветра — паветра, якое астаецца ў лёгачных альвеолах пасля нармальнага выдыху.
Вісець у паветры гл. вісець.
Насіцца ў паветры гл. насіцца.
Павіснуць у паветры гл. павіснуць.
Узляцець у паветра гл. узляцець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нама́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак.
1. каго-што. Пакрыць слоем чаго‑н. ліпучага, вадкага, густога. Намазаць хлеб маслам. □ Алік намазаў мёдам лусту хлеба, узяў касу і кошык і выйшаў са двара. Шашкоў. Увечары [Іван] намазаў дзёгцем юхт[о]выя боты, апрануў паддзёўку і пайшоў. Быкаў.
2. каго-што. Разм. Пакрыць слоем касметычных сродкаў. Намазаць губы. Намазаць шчокі.
3. Разм. Напэцкаць на чым‑н. Намазаць на стале.
4. што і без дап. Разм. Дрэнна, няўмела напісаць, намаляваць і пад.
5. што. Падмазаць чым‑н. Тлуста, не шкадуючы, [Рахмілька] намазаў калёсы. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць цвёрдым як камень; ператварыцца ў камень. На тым узгорку, за дарогаю Руды пясок акамянеў. Камейша. // Стаць цвёрдым, сухім ад працяглага ляжання.
2. перан. Стаць нерухомым, замерці; застыць, аслупянець. Стафанковіч спачатку пацягнуў к сабе футра, пасля адхапіў ад яго рукі, як ад агню, і акамянеў у маўклівай позе. Чорны.
3. перан. Страціць здольнасць выяўляць якія‑н. пачуцці (ад вялікага гора, хвалявання), стаць абыякавым да ўсяго. [Луізе] хацелася плакаць, крычаць, кудысьці бегчы, але сэрца акамянела ад крыўды, ногі не слухаліся. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́яць, ‑вею, ‑вееш, ‑вее; зак., што.
Разнесці ў розныя бакі (ветрам); пусціць па ветры. Ветрык развеяў туман, перастала імжыць. П. Ткачоў. Каля плёсу віхор падхапіў шматкі сухога сена, падняў іх угару і развеяў. Федасеенка. // перан. Рассеяць, знішчыць, разагнаць. Развеяць трывогу. □ Пачуўся ўсплёск, успыхнула злосць у душы рыбака, а злосць гэтую развеяў звонкі дзявочы смех. Брыль. Каб як-небудзь развеяць сумны настрой, Максім спытаў у Сяргея: — Як табе тут жывецца ў горадзе? Машара. Нясмелы агеньчык развеяў паўзмрок, і хата зноў стала пустой і ціхай. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рай, ‑ю, м.
Паводле рэлігійна-містычных уяўленняў — месца, дзе знаходзяць шчаслівае існаванне душы праведнікаў пасля іх смерці. Рад бы ў рай, ды грахі не пускаюць. Прымаўка. // перан. Пра прыгожую мясцовасць; пра месца, дае можна шчасліва і прывольна жыць; пра добрыя жыццёвыя ўмовы наогул. — Рай! Зялёны рай! — захапляўся Мікалай Мікалавеіч, азіраючыся па баках. Шашкоў. З мілым па душы — рай і ў шалашы. Прымаўка.
•••
Рай адамкнуўся каму — адкрылася добрае жыццё, насталі добрыя ўмовы.
Рай зямны — незвычайна прыгожае месца, дзе ўсяго многа і дзе можна шчасліва і бесклапотна жыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. Дайсці да гатоўнасці ў выніку парання. Буракі добра ўпарыліся. □ Выме [баба] чыгунок цёплай вады з печы, укіне пучок травы, пакрые чыгунок зверху скавародкай, каб лепш упарылася тое зелле. Паўлаў.
2. Спацець ад напружанай дзейнасці, цяжкай працы; вельмі стаміцца. Пакуль выкінулі гной з кароўніка ды пакідалі вазы, — упарыліся. Ермаловіч. — А няхай ты скісні! Замарыў мяне, аж лабаціна ўпарылася, — гаворыць Янка і выцірае хустачкаю лоб. Колас. [Ігнат Пятровіч:] — Не крой душы, Вася.. Дапамажы перанесці ў машыну рэчы. Упарыўся адзін... Шашкоў. // Узмыліцца. Упарыліся коні ад шпаркага бегу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкра́са, ‑ы, ж.
1. часцей мн. (прыкра́сы, ‑рас). Аздоба, упрыгожанне. У архітэктуры будынкаў, што ўзведзены каля станцыі, нам падабаецца прастата, — ніякіх непатрэбных прыкрас. Мележ. Яны [старэйшыя] за працай грамадзянскай самі, Яны ўмеюць бачыць не прыкрасы, А прыгажосць сапраўднейшую часу. Лось. // перан. Перабольшанне, выдумка ў апавяданні, пераказванні. [Косцік] расказваў без лішняй прыкрасы, Як мост узрывалі яны, Як з копкаю разам прыпасы Стаўлялі на плыт патайны. Колас. — Пра бізун я так, для прыкрасы, — кінуў Збан. Шашкоў.
2. Тое, што дабаўляецца ў ежу для каларыйнасці або смаку (мяса, тлушч, пахучыя прыправы і пад.); закраса.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пані́зіць, ‑ніжу, ‑нізіш, ‑нізіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць больш нізкім, меншым па вышыні. Панізіць ўзровень вады.
2. Паменшыць ступень, узровень, інтэнсіўнасць і пад. чаго‑н. Панізіць ціск. Панізіць цэны. // Пагоршыць, аслабіць. Панізіць якасць прадукцыі.
3. Зрабіць больш ціхім (голас, гук і пад.). Лясніцкі памаўчаў, аглянуўся навокал і панізіў голас. Шамякін. // Набыць больш нізкае гучанне. Вось гармонік панізіў тон, і ў марозную цішыню ўрэзаўся тонкі дзявочы голас. Шашкоў.
4. Перавесці на больш нізкую пасаду. Аднаго і другога [афіцэраў] панізілі на рабоце. М. Ткачоў. — На той час мяне, праўда, трошкі панізілі. На райпрамкамбінат кінулі. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бац 1, выкл.
Разм.
1. Ужываецца для перадачы рэзкага адрывістага гуку. Тут адзін з рыбакоў размахнуўся і — бац! — абухом па лёдзе. Ігнаценка.
2. у знач. вык. Ужываецца для перадачы раптоўнасці, нечаканасці дзеяння. [Клест:] — І пацяклі на рахунак тысячы. А я тут бац, памесячнае авансаванне ўвёў, па тры рублі на працадзень. Шашкоў. [Зося:] — Толькі, ведаеш, мы скончылі абедаць і яшчэ я не паспела вылезці з-за стала, як бац — хто ж ты думаеш? — Васіль у хату. Гартны.
бац 2, баца, м.
Абл. Пацук. Збудаваў я палац, Многа фабрык, мастоў. Сам жа голы, як бац, — Пары дзве рызманоў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лаза́, ‑ы; мн. лозы, лоз і лозаў; ж.
1. Кусты некаторых парод вярбы, вінаграду. Вінаградная лаза. □ Астраўкі параслі кучаравай лазой і здалёк нагадвалі копы сена. Шашкоў.
2. Галлё вінаграду, вярбовых кустоў; матэрыял з лазовай драўніны ці кары. Вязаць лазою венікі. □ Дзеці, падлеткі неслі пучкі лазы, вербалозніку. Бялевіч. Сярод пастушкоў ваколіцы мае складаныя ножыкі карысталіся вялікай славай.. За гэтыя ножыкі пастухі вучылі мяне плесці кашы з лазы, лапці. Бядуля. // толькі адз. Дубец як прадмет пакарання; розга. А чарвячок грызе сумленне — Прадвеснік лазні і лазы. Колас.
•••
Даць лазы гл. даць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)