адлюстрава́цца, ‑руецца; зак.
1. Адбіцца ад гладкай бліскучай паверхні, узяць адваротны напрамак (пра светлавыя прамені).
2. Даць свой адбітак, малюнак на люстранай паверхні. Вада сцякла ў нізкія месцы і стаяла там, і ў ёй адлюстравалася хмарыстае неба. Чорны. // Адбіцца ў свядомасці чалавека ў форме вобразаў і паняццяў (пра з’явы аб’ектыўнай рэальнасці).
3. Знайсці выяўленне, увасобіцца ў мастацкіх вобразах. // Выявіць свае найбольш істотныя рысы, якасці, асаблівасці; праявіцца. У той ці іншай меры грамадска-палітычная тэрміналогія адлюстравалася ў старабеларускіх помніках розных жанраў. Булыка.
4. Выявіцца, атрымаць знешняе праяўленне. Рыгор завярнуў каня, спыніў яго і спакойнымі вачыма, у якіх адлюстравалася трошачкі іранічная ўсмешка, паглядаў на брата. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзённік, ‑а, м.
1. Храналагічны запіс падзей, у якіх сам аўтар удзельнічаў ці быў іх сведкам. Дарожны дзённік. Дзённік з’езда. □ У блакнот свой заношу пачатак Вандроўнага дзённіка, Дзень уч[а]рашні, вечар, Ноч і сённяшні досвітак шэры, Усе ростані і сустрэчы Пішу на паперы. Куляшоў.
2. Кніга, сшытак і пад. з такімі запісамі. Марына сядзела за сталом у Валі Арэшкі, калі Собіч праглядаў яе касавыя дзённікі. Скрыган. Яшчэ перад ад’ездам у пушчу дзед Рыгор перадаў .. [Архіпу Паўлавічу] рукапісы і дзённік Васіля Крамнёва. Шашкоў. // Вучнёўскі сшытак для запісу зададзеных урокаў і выстаўлення ацэнак. Пятро Захаравіч нечакана пацікавіўся Рыгоркавым школьным дзённікам. Краўчанка. [Галя] несла абгорнуты чыстай сіняй паперай дзённік з аднымі круглымі пяцёркамі на пераводнай старонцы. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зза́ду, прысл. і прыназ.
1. прысл. З тыльнага боку, з-за спіны, за спіной; проціл. спераду. — Ці не гэты самы ты кажух шыў? Ззаду ўточка з жаўцейшай аўчыны. Чорны. [Галя] адчула, як нехта раптам тузануў яе ззаду за касу. Арабей. — Надзька, ідзі, калі клічуць, — чуліся галасы ззаду. Гроднеў. // На некаторай адлегласці за кім‑, чым‑н.; услед. Я ішоў на крок ззаду за сваім бацькам. Колас.
2. прысл. У мінулым. Самыя горшыя дні засталіся ззаду... Маўр.
3. прыназ. з Р. За кім‑, чым‑н. — Рыгор, на хвілінку, — пачуў ён ззаду сябе. Гартны. Ззаду.. [дома] рос малады садок, абсаджаны кустамі парэчак, агрэсту і маліны. Чарнышэвіч.
•••
Застацца ззаду гл. застацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прылучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.
1. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. Прылучыцца да кампаніі. □ Завод, на якім працаваў Рыгор, прылучыўся да забастоўкі трэцім. Гартны. Пакуль ураднік збіраўся, падышоў дзяк. Да іх яшчэ прылучыўся дыякан з фельчарам. Колас. // Стаць на чый‑н. бок, згадзіцца з кім‑н. Прылучыцца да прапановы.
2. Пазнаёміцца з чым‑н., уключыцца ў якую‑н. дзейнасць. Будзе працаваць [Віктар] нароўні з усімі. Зноў прылучыцца да нялёгкай, але знаёмай сялянскай працы. Паўлаў.
3. Разм. Здарыцца, стацца. [Алеся] перадумала ўсе няшчасці і здарэнні, якія маглі прылучыцца з Васілём. Колас. [Марыля:] Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, з Зоськай такое няшчасце прылучылася, а ён — на табе! На скрыпцы выігрывае. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.
Агаляць, паказваць зубы (звычайна пра жывёлу). Сытыя коні то нагінаюцца раз-поразу да высокай травы, то гуляць вушы, скаляць зубы і паіўкваюць адзін па аднаго. Брыль. Падаляка качаргою падварушваў дровы ў печцы і скаліў зубы, крывячыся ад гарачыні. Пестрак.
•••
Скаліць (шчэрыць) зубы — смяяцца, рагатаць; насміхацца. Хлопцы пырснулі ад смеху. [Інструктар райкома:] — Ну, хопіць... Справа сур’ёзная, а вы зубы скаліце. Новікаў. Усе засмяяліся, а Рыгор зазлаваў: — Я сур’ёзна кажу, а ты зубы скаліш! Шашкоў. [Леснічыха:] Ат, што мне зубы з табой скаліць! Няма ў мяне часу на гэта. Козел. [Левановіч:] — Ну, ты, Фарафонаў, з мяне зубы не скаль. Я старэй за цябе... Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узды́х, ‑у, м.
Узмоцненае ўдыханне і выдыханне паветра. Грудзі .. [чалавека] хадзілі ўбакі, здавалася, ён прысядаў пры кожным сваім выдыху і ўздыху. Чорны. З горла .. [дзяўчыны] вырваўся ўздых, затым вада. Маўр. // Глыбокі ўдых і выдых як выраз смутку, развагі і пад. пачуццяў. Ганька з уздыхам успамінае маму: вось у яе ўжо была чысціня дык чысціня... Васілевіч. Рыгор так і не разабраўся, што азначаў гэты .. ўздых [Валі]: ці згоду з ім, ці адказ на нейкую сваю думку. Арабей. / у перан. ужыв. Наводшыбе непрыязна цямнеў лес, маўкліва і насцярожана глядзелі на .. [Лену] расчыненыя вокны хат, а здалёк даносіліся цяжкія ўздыхі возера. Ваданосаў.
•••
Да апошняга ўздыху — да самай смерці, да канца жыцця.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узлажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак.
1. каго-што. Палажыць на што‑н., паверх, на верх чаго‑н.; ускласці. Узлажыць бервяно па сані. □ Кастусь памог узлажыць мяхі па воз. С. Александровіч. Толькі што .. [Мікола] нукнуў на каня — шусь ячмень з воза. Мікола закіпеў, узлажыў другі раз. Колас.
2. перан.; што. Даручыць каму‑н. які‑н. абавязак. Узлажыць адказнасць на брыгадзіраў.
3. што. Абл. Надзець. Асцярожна, каб не пабудзіць жонкі, злез Рыгор з пасцелі, узлажыў порткі, апрануў бравэрку і ціхенька выйшаў. Крапіва.
•••
Узлажыць што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (гл. скласці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спуд 1, ‑у, М ‑дзе, м.
Спалох. Ад спуду, ўроку, ад зрушэння Мне памагаў часінай той Не мудрагелістых жэньшэняў, А беларускіх траў настой... Ляпёшкін. — Рыгор, сынок мой, з кім жа я застануся? — схамянулася як ад спуду Стэпа. Гартны. Ледзь закінеш толькі вуду — не зявай браток: на вадзе, нібы са спуду, дрогне паплавок. Вялюгін.
спуд 2, ‑у, М ‑дзе, м.
Толькі ў выразах: пад спудам — а) у схове, у патаемным месцы. Недзе ж пляснее ў скрынях пад спудам Хараство — ўзоры слуцкай зямлі. Калачынскі; б) перан. пад цяжарам, прыгнётам чаго‑н. Пад спудам царкоўнага засілля; з-пад спуду — а) з патаемнага месца; б) перан. з забыцця. З-пад спуду вырваўшыся, следам Выходзіць праўда на прастор. Аўрамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стано́ўчы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выражае адабрэнне. Станоўчы водзыў. Станоўчая характарыстыка. // Які выражае згоду. Станоўчы адказ.
2. Які мае дадатныя ўласцівасці, якасці; які заслугоўвае адабрэння. Станоўчы прыклад. Станоўчыя вынікі. □ Граматыка В. А. Тарашкевіча адыграла станоўчую ролю ў пашырэнні пачатковых ведаў па роднай мове і доўгі час служыла падставай для ўкладальнікаў пазнейшых школьных граматык. Суднік. Моўныя з’явы запазычваюцца ў выніку ўзрастаючых патрабаванняў да мовы, што з’яўляецца станоўчым фактам прагрэсіўнага развіцця. Жураўскі.
3. Які характарызуецца дадатнымі якасцямі. Станоўчы вобраз аповесці. □ Сам Лукаш быў чалавек станоўчы. Не курыў, піў у меру і пры выпадку. Чарнышэвіч. Пры ўсіх сваіх недахопах Рыгор Карпавіч меў адну вельмі станоўчую рысу: ніколі не хлусіў самому сабе, заўсёды дашукваўся прычыны сваіх паводзін. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ачу́цца, ачуюся, ачуешся, ачуецца; зак.
1. Прыйсці да памяці, ачнуцца; акрыяць. Колькі ехала і як ехала, [Зося] не ведала. Ачулася толькі, калі конь сам на двор узышоў. Крапіва. Праз хвіліну яна ачулася, акрыяла, разгарнула крылцы і фуркнула з рукі настаўніка ў свежае веснавое паветра. Колас.
2. Падаць голас, стаць чутным; пачуцца. Першай ачулася Рагіна і выбегла з-за перагародкі. Адамчык. Рыгор пачуў стук крокаў, якія раптам ачуліся ззаду і хутка набліжаліся да іх. Гартны. Каб у нас мядзведзі вяліся. Не-е... А вось ачуліся. Пташнікаў.
3. Прачнуцца, праявіцца. [Вера:] — Шанавала я свае пачуцці да вас, таму маўчала, чакала, можа, бацькоўскае сэрца ачуецца. Дуброўскі.
4. Апынуцца. Карцела жаданне як найхутчэй кончыць дарогу, выйсці з цеснага душнага вагона і ачуцца на вуліцы Рыгі. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)