праваля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Разм.

1. Правесці некаторы час лежачы, валяючыся. Непаваротлівы і ляны,.. [Алесь] цэлы дзень можа праваляцца на мурагу ў цяні. Ваданосаў. // Праляжаць некаторы час хворым. Тыдні два праваляўся ў пасцелі Васіль Бусыга пасля с[у]тычкі з Саўкам Мільгуном. Колас.

2. Праляжаць некаторы час забытага, непатрэбным. Капуста правалялася на базе, мусіць, месяцы са два. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахварэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.; на што і без дап.

1. Перанесці якую‑н. хваробу. Перахварэўшы ў маленстве на адзёр,.. [Галена] пасля нават і не кашлянула ніколі. Чорны. Не будучы на моры, я перахварэў на марскую хваробу. Дуброўскі. [Маша:] — Няўжо і сёння Маруся не прыедзе? Мусіць, сесію здае. Перахварэла, адстала з вучобай. Мыслівец.

2. Адхварэць — пра ўсіх, многіх. Перахварэлі ўсе дзеці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

балабо́н, ‑а, м.

Разм.

1. Кругленькі званочак у выглядзе шарыка. Аднекуль здалёк прыляталі глухія гукі балабонаў — відаць, пасвіліся на балоце коні. Лынькоў. Адна, мусіць, самая збродлівая [карова], з балабонам: нагне галаву, каб да травіны дастаць, — балабон звініць. Сіпакоў.

2. перан. Балбатун, пустаслоў. Не, ён не з тых, хто менціць языком, у балабонаў рукі такімі мазолістымі не бываюць. Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́вад, ‑у, М ‑дзе, м.

Думка, меркаванне, факт, якія сведчаць пра што‑н., даказваюць што‑н.; доказ. Ніякія довады Лабановіча за тое, што ён мусіць паехаць да сябра, Бабініч не браў пад увагу. Колас. Вокны друкарні напоўнены яркім святлом. Яны будуць свяціць усю ноч, быццам у довад, што гэты вялізны гмах заўсёды бадзёра стаіць на варце народнай культуры. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адмя́кнуць, ‑не; пр. адмяк, ‑ла; зак.

Зрабіцца мякчэйшым ад вільгаці; адсырэць, размякнуць. Гразь на штанах, мусіць, яшчэ з Карчаватак. Падсохла на сонцы за дзень, пасля зноў адмякла ў рацэ, калі цягалі калёсы. Пташнікаў. // Аслабнуць, адваліцца (пра мароз, холад). Удзень было сонечна, марозна і ціха, а перад захадам сонца неба пачало хмурыцца, адмяк мароз і з усходу павеяў вецер. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́дзыў, ‑зыву, м.

1. Думка, меркаванне з ацэнкай каго‑, чаго‑н. Несцяровіч быў энергічным. Гэта відаць з водзываў аб ім розных дзеючых асоб у творы. Барсток. // на што. Рэцэнзія. [Гарлахвацкі:] (Узяўшы чарговы канверт, чытае ўслых:) «Аляксандру Пятровічу Чарнавусу...» З Масквы... Мусіць, водзыў на яго працу... Крапіва.

2. Сакрэтнае ўмоўнае слова, якое з’яўляецца адказам па пароль. Сістэма паролей і водзываў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падма́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падмазаць (у 1 знач.).

2. Тое, чым падмазваюць што‑н. Влінец быў халодны, ранішні, але Міця, мусіць, не да такіх прывык ў час валацужніцтва. Нават і падмазку з’еў, што трапілася з блінцом. Арочка. А то другі раз аладкі возьмецца [жонка] пячы... Скаварада нагрэлася, сіпіць на ўсю хату, а яна яе падмазкай мазь, мазь. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмацу́нак, ‑нку, м.

Разм. Тое, што падмацоўвае сілы, надае бадзёрасці. Пасілкаваўшыся і расплаціўшыся за падмацунак, Андрэй павольна падыбаў у суд. Колас. [Піліп Антонавіч:] — Ты вось, кабеціна, наконт падмацунку паклапаціся, а то ж чалавек з дарогі, прагаладаўся, мусіць, а потым ужо разбяромся, чыя праўда. Ляўданскі. Гаспадыня ж за сталом нічога не гаварыла, але пасля снедання і абеду прыносіла нам у гумно падмацунак. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атлёт, ‑а, М ‑лёце, м.

Разм. Быстры, рашучы, лоўкі, адчайны малады чалавек. Дзеўка яна [Ганна] не цаца была, а Ванька — атлёт. Век бы ён Ганны не ўзяў, каб на Грыбава дабро не пагнаўся. Брыль. [Мітрафан:] — Слаўны, братка, у цябе сувязны. Атлёт! Бажко. У гэтым стомленым, азызлым і, мусіць, маральна зламаным чалавеку цяжка было пазнаць былога віленскага фарсуна, атлёта і бадзёрага прыгажуна-мужчыну. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адды́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Перайсці да спакойнага роўнага дыхання (пасля бегу, рэзкіх рухаў і пад.); перавесці дух. [Маці] трымае хустку ў руцэ, прыціснула руку да грудзей, мусіць, задыхалася вельмі, спатыкаецца ад стомы і страху, падае, узнімаецца, сцішае на хвіліну крокі, каб аддыхацца, ізноў ідзе подбежкам. Галавач. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плоту, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)