пля́га, ‑і, ДМ плязе, ж.

Разм.

1. Дажджлівае надвор’е, слота. [Ціток:] — Бывала, дождж ці якая пляга, то я толькі і думаю што пра цябе: дзе гэты бедны Амеля, думаю, ноч сваю каратае? Лобан.

2. Няшчасце, бяда. [Сымон:] — На печ залез я не на век І не зраблю вам ліха, плягі, Бо не такі я чалавек. Колас. // Пра што‑н. прыкрае, непрыемнае, назойлівае. [Бабка:] — Не дзеці, а пляга нейкая на маю галаву! Усё вышнараць, да ўсяго далезуць! Каліна. Вочы заплюшчаны, вушы зрэдку варушацца, а вакол галавы незлічоным роем кружацца камары, мушкі, авадні, слепні. Ад гэтай плягі лось і схаваўся ў пратоцы. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адгало́сак, ‑ску, м.

1. Рэха, водгулле. Ад песень ад гулкіх плывуць адгалоскі Па шумных дубровах і нівах. Купала. // чаго. Аслаблены адлегласцю гук чаго‑н. Неба на ўсходзе палыхала частымі знічкамі, і адтуль даляталі зрэдку далёкія адгалоскі грому. Лынькоў.

2. перан.; чаго. Тое, у чым выяўляюцца сляды ўплыву, уздзеяння чаго‑н.; рэшткі, вынік чаго‑н. З’явіўшыся яркім адгалоскам нарастаючага вызваленчага руху сялянства, адлюстраваўшы яго класавы пратэст супраць памешчыкаў і царызму, увабраўшы ў сябе нацыянальна-вызваленчыя імкненні шырокіх народных маc, .. [творчасць Багушэвіча] стала значнай літаратурна-грамадскай з’явай Беларусі напярэдадні рэвалюцыі 1905 г. Івашын. Як адгалосак, як цень свайго мужа, .. [Аўдоцця] жыла яго жыццём. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утвараць рык, рыканне (пра хатніх і лясных жывёл). На дварэ працяжна рыкала карова, чуўся клапатлівы гаспадынін голас. Мележ. Чуваць было, як у суседняй вёсцы рыкаў бугай. Дайліда. І хадзіў, хадзіў, каламі хадзіў вакол лясной хаткі леапард. Зрэдку рыкаў. Караткевіч. // перан. Утвараць моцныя, адрывістыя гукі, якія нагадваюць рык жывёл. А гром рыкаў ужо раз’юшана За кожнай елкай і сасной. Панчанка.

2. Разм. Груба, раздражнёна і адрывіста крычаць на каго‑н. — Ну, ты памалу, не рыкай, — бурчыць спакойна Іван. Лынькоў. — Не рыкаць на мяне! — яшчэ больш, гнеўна скарагаворкай агрызнуўся Вілюевіч. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нае́зд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. наязджаць (гл. наехаць у 1 знач.). Наезд машыны на чалавека.

2. Прыезд каго‑н. куды‑н. на нейкі час. З сваіх нядоўгіх наездаў у родную вёску я ведаў, што суседзі-гусараўцы жывуць самі сабе, ні багата і ні бедна. Ракітны. // у знач. прысл. нае́здам, нае́здамі. Прыязджаючы зрэдку і ненадоўга. Гаспадаркай.. [пан] цікавіўся мала, жыў у Мінску і бываў у маёнтках толькі наездам. С. Александровіч.

3. Раптоўны набег, напад вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. Кандрат Вус, зачуўшы наезд польскай конніцы, .. кінуўся на задворкі, каб драпануць адтуль у лес. Колас. Не задаволіліся карнікі адным наездам, дзён праз два паведаліся яшчэ раз. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгажу́ня, ‑і, ж.

1. Прыгожая жанчына. Сама Таня, стройная прыгажуня, сядзела за сваім сталом, бразгаючы лічыльнікамі і зрэдку прыслухоўваючыся да размоў. Лупсякоў. Насця Рагіна карысталася славай прыгажуні на ўвесь сельсавет. Шамякін. // Разм. У звароце да жанчыны або дзяўчыны. Сядзіць у малым пакойчыку дзяўчына з русымі косамі. Загледзеўся Іван на яе. — Хто ты будзеш, прыгажуня? — пытаецца. Якімовіч.

2. Аб кім‑, чым‑н. прыгожым. Пад паплаўком, у тым таямнічым падводным царстве, куды патанула прынада, прачнулася ўжо далікатная прыгажуня плотка. Брыль. Я спяваў аб роднай пушчы, Аб ялінах-прыгажунях, А згадаў ён пальмаў засень, Сцежкі тыгравыя ў джунглях. Гілевіч.

•••

Пісаная прыгажуня — вельмі прыгожая, такая, як на малюнку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкасі́ць, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., каго-што.

1. Падрэзаць (касой, касілкай і пад.).

2. перан. Зваліць, збіць з ног. Трапны Цішкаў стрэл падкасіў драпежніка. Пальчэўскі. — Здарылася няшчасце. Выпадковая куля, як кажуць, шалёная куля падкасіла партызана, калі ён адыходзіў з лагера. Ваданосаў. // Адняць сілы, здароўе, бадзёрасць і пад. Падкасіла старога настаўніка хвароба пасля смерці жонкі, з якой ён прайшоў усё сваё доўгае жыццё. Шамякін. Была ціхая хвіліна, калі ўсе думалі пра нягаданае гора, што прыйшло ў Анэціну хату і падкасіла жанчыну. Пташнікаў. / Пра ногі, калені. Слабасць падкасіла ногі. / у безас. ужыв. Старавойтава нібы падкасіла, ён пахіснуўся, ухапіўся за нары і цяжка асеў. Гурскі.

3. і чаго. Накасіць у дадатак да накошанага; укасіць. Зрэдку наведваўся ў вёску да старой Сяргей Кірылавіч першыя гады. Сена падкосіць, дроў наколе. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бе́здань, ‑і, ж.

1. Бяздонная прорва, невымерная глыбіня. Вузкая дарога пятляла сярод гор і раптам кідалася ўніз, нібы спяшаючыся на Чортаў мост, каб абысці багну і бездань. Мяжэвіч. Як жа добра цяпер апусціць у самую глыбіню студні дзюбу старога «жураўля», дастаць з цёмнай, страшнаватай бездані цяжкае драўлянае вядро, расплёскаць на босыя ногі сцюдзёную ваду, прыпасці сухімі губамі да мокрай сасновай клёпкі!.. Брыль. // Бязмежная прастора (марская, нябесная). З цёмнай бездані неба зрэдку далятаў ледзь чутны рокат матора. Лынькоў.

2. перан. Вялікая колькасць чаго‑н., што нельга палічыць; безліч, процьма. Бездань найтанчэйшых пачуццяў.

3. перан. Тое, што раздзяляе, раз’ядноўвае каго‑н. з кім‑н.; прынцыповыя разыходжанні паміж кім‑н. у чым‑н. Ад’язджаючы, пятнаццацігадовая дзяўчынка не ведала, якой безданню ляжа паміж ёю і яе названым братам граніца. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зблі́зіцца, збліжуся, зблізішся, зблізіцца; зак.

1. Перамясціцца на больш блізкую адлегласць, наблізіцца адзін да аднаго. Машыны зблізіліся. Касмічны карабель зблізіўся з арбітальнай станцыяй.

2. Уступіць у блізкія (сяброўскія, інтымныя і пад.) адносіны з кім‑н.; стаць блізкім адзін другому. Калі дзядзька стаў калгасным пастухом, .. Алесь яшчэ больш зблізіўся з ім. Сіняўскі. Хіма, якая доўга жыла нелюдзем, пакрысе зблізілася з суседзямі, зрэдку заходзіла і да Дашынай маці. Ракітны. // перан. Блізка пазнаёміцца з чым‑н., заняцца чым‑н. Там ён яшчэ больш зблізіўся з тэхнікай і пасля дэмабілізацыі, ужо сталым камсамольцам, адразу ж падаўся вучыцца ў Магілёўскую школу механікаў МТС. «Звязда».

3. Стаць падобнымі, выявіць падабенства. Словы зблізіліся па значэнню. □ Пасля вызвалення ад польска-шляхецкага прыгнёту шляхі ўкраінскага і беларускага народаў не разышліся, а яшчэ больш зблізіліся. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́пліка, ‑і, ДМ ‑ліцы, ж.

1. Кароткі адказ, заўвага аднаго субяседніка на словы другога. Рабочыя працавалі моўчкі, зрэдку перакідваючыся скупымі рэплікамі. Лынькоў. // Заўвага, пярэчанне, выкрык з месца на сходзе і пад. Сышліся тут розныя групы настаўнікаў. Старэйшыя вялі рэй, а маладыя толькі прыслухоўваліся ды надавалі рэплікі. Колас. — Вы лепей пра кароў скажыце, — кінула рэпліку Вера. Асіпенка. За рэплікі ў бяссільнай злосці старшыня суда загадваў двойчы вывесці Тарашкевіча з судовай залы. Ліс.

2. Элемент сцэнічнага дыялога — адказ дзеючай асобы на словы партнёра, а таксама канец фразы, апошнія словы аднаго персанажа, пасля якіх гаворыць другі. [Настачка], успомніўшы якую-небудзь рэпліку ці жэст артыста, ціха смяялася. Ракітны.

3. Пярэчанне стараны на судовым працэсе. Права апошняй рэплікі заўсёды належыць адказчыку і яго прадстаўніку. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР.

[Фр. réplique.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

часам, часамі, падчас, парой, момантамі, нячаста, рэдка, зрэдку, выпадкам, сяды-тады, калі-нікалі; зрэдчас, зрэдзь (абл.) □ час ад часу, мала калі, іншы раз, іншым разам, другі раз, іншы дзень, гады ў рады

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)